Частка І
Малодшанькая
Мусіць, мала хто з нас бачыў балота ў квецені. Я ўбачыў гэты майскі цуд, калі напрыканцы шасцідзесятых у складзе групы журналістаў ажыццяўляў, як сёння кажуць, інфармацыйнае забеспячэнне выязнога пасяджэння Вярхоўнага суда БССР. Яно павінна было адбыцца ў невялікай вёсцы балотнага палескага краю, куды мы з Мінска дабіраліся ў тры этапы: самалётам — да Пінска, пасля машынамі— да дрыгвы, а потым коньмі па балотных кладках да сяла. Тады і ўбачыў я балота ў квецені… Рознакаляровы дыван прыроды… Сустрэча, якая адбылася ў тым сяле, вунь калі адгукнулася ў маім жыцці, і яшчэ раз пацвердзіла словы Юрыя Гагарына пра тое, што Зямля з вышыні вельмі прыгожая і, аказваецца, такая маленькая. На жаль, ні назвы паселішча, ні прозвішча гаспадара хаты, дзе нас размясцілі, я прыгадаць не змог: дзённікаў не пісаў, архіваў не заводзіў, а памяць, аказалася, — рэч ненадзейная… Ды і часу прамінула багата… “Вярхоўныя” суддзі рэдка выязджаюць працаваць па-за Мінскам. Але той выпадак быў на той час асаблівы: і страшны, і рэдкі, і масавы. Прыехала ў тое сяло па накіраванні пасля заканчэння педінстытута маладзенькая настаўніца. Мясцовыя ўлады пасялілі яе ў спусцелай хаце, і яна стала выкладаць у беднай школцы амаль усе прадметы. Не ведала дзяўчына, што сярод вяскоўцаў было нямала пяцідзесятнікаў, і пастаянна здзіўлялася нізкай наведвальнасці. Настаўнічка тая, душою чыстае дзіця, хадзіла па хатах, упрошвала бацькоў не замінаць родным дзецям спасцігаць разумнае, добрае, вечнае… Яе аднойчы папярэдзілі: з’язджай, міленькая, выходзь замуж, дзетак нараджай ды вучы іх колькі хочаш, а нашым, маўляў, такое — без патрэбы… А яна зноў за сваё: мяне, кажа, дзяржава выправіла несці асвету, таму не чыніце перашкод! Яе і ў другі раз папрасілі, па-добраму. А на трэці — падперлі дзверы калом ды падпалілі хату. Дзякуй Богу, паспела дзяўчына ў акно скочыць. Вось па гэтым выпадку і выехалі вярхоўныя суддзі на месца злачынства, каб паказальна судзіць секту пры мясцовым народзе, каб, урэшце, навука ўсім сектам была.
Гасцініцы, зразумела, у сяле не было. Суддзяў размясцілі па дамах мясцовага кіраўніцтва, а нас— у хату адзінокага палешука. Пакуль з ім дамаўляліся, павяла нас тая самая настаўніца на экскурсію. “У нас няма чаго глядзець, акром балота вясной і старой малой цэркаўкі. Стараверы ўзвялі сабе малельню дзвесце гадоў таму. І што я вам пакажу…”, — таямніча сказала дзяўчына. Суровая цэркаўка была зрублена на стагоддзі, хаця ў такім клімаце дрэва стаіць блага. Цёмна было ўнутры і таксама сурова. Бачылася, што сёння тут мала хто моліцца. Самотная свечка гарэла ля іконы ў прыцемках. Калі мы разгледзелі яе, аказалася: тая, наіўна напісаная самавукам, карціна была… “Сіксцінскай Мадоннай”.
“Гаспадар хаты, куды вас паселяць, прынёс”, — сказала дзяўчына. “А хто свечку паставіў?” “Я стаўлю і змяняю, — яна азірнулася, калі мы выходзілі да святла, і дадала: — Толькі свечкі цяпер цяжка адшукаць. Мне маці прывозіць, калі наведвае”. Гаспадар наш быў маўклівы і хмурны, ды ўсё ж бачылася: ён рады рэдкай у сваім жыцці падзеі — “наяўнасці гасцей”. “Старая памерла гадоў з дзесятак, а мне цяпер няньчыцца з вамі”,— бурчэў ён, гатуючы ў печы яечню з салам. Дальняя ад печы сцяна аказалася ўсцяж завешанай самаробнымі карцінамі: пейзажамі (у тым ліку — балота ў квецені), партрэтамі якіхсьці людзей, прычым амаль усе яны апрануты ў целагрэйкі… Рэйхстаг у дыме… І некалькі жаночых абліччаў… Яны мне падаліся знаёмымі…
Як і ў любой вясковай хаце, меўся ў нашага гаспадара “іканастас” — збор шматлікіх фотаздымкаў у вялікай драўлянай раме. Шмат там было выяў яго самога, саракагадовага, у ордэнах і медалях. З прыгожай жонкай і дзецьмі. І ля рэйхстага — два сяржанты: на памяць пра Перамогу. Стары пракаменціраваў: “Мы з сябрам, ён таксама з Пінска, распісаліся на тым рэйхстагу… Усе распісваюцца, а мы што — горш?! Ну, і напісалі: “Здесь были два белоруса с Полесья. Можете жалуваться”. Сярод фатаграфій сям’і і радні была невялікая выява “Сіксцінскай Мадонны”. І побач з “іканастасам”, ужо за рамкай, — яшчэ адна вялікая рэпрадукцыя шэдэўра Рафаэля. Мы пацікавіліся. Дзед з ахвотай распавёў, што іх, зводную роту мінёраў, накіравалі шукаць схаваныя немцамі скрыні з рознымі музейнымі “цацкамі”. Пару сутак давялося папалазіць пад зямлёй у шахтах і штольнях, у сутарэннях. Мін жа — бы гуркоў на добрым гародзе! Ды скрыні ўсё ж знайшлі. А ён, як убачыў адну карціну — маладзенькая матка з дзіцем, — яе разам з іншымі прыгожымі карцінамі сушыцца паставілі ў адным замку, дзе сапёры адпачывалі,— як убачыў, ужо і спаць не мог: “Дужа падобная на маю малодшанькую… І тады я ўзяў аўтамат і стаў тую карціну ахоўваць”.
Такая вось, “дрэздэнская”, побытавая замалёўка ваеннага часу. Я тады ўжо быў перапоўнены і не такімі “замалёўкамі” з жыцця беларускіх партызан і падпольшчыкаў: трагедыі адна за другую страшнейшыя… А секту тую асудзілі, мы напісалі пра працэс у сваіх газетах, праславілі настаўніцу, пайшлі далей жыць і працаваць. Дзед з яго карцінамі і рэпрадукцыямі “Сіксцінскай Мадонны”, дзе маладая маці была падобная да ягонай малодшай дачкі, забыліся. Ці ж мог я ведаць, што калі-небудзь яшчэ сустрэнуся з імі?..
Драждзяны на Эльбе
Мы едзем па горадзе, які “варты таго”, каб па ім вадзілі і вазілі экскурсіі. У маім выпадку праўда ў тым, што не ўся экскурсія з’яўляецца героем (гераіняй?) маіх нататак, але не сказаць пра горад увогуле — несправядліва. Дрэздэну — 800 гадоў, першая пісьмовая згадка — 1206 год. Я быў нямала здзіўлены, даведаўшыся, што гэты нямецкі горад на беразе Эльбы паўстаў на месцы вёскі з беларускай назвай Драждзяны. Праз 300 гадоў вёска гэтая стала сталіцай Саксонскага каралеўства. Калі ты “ўнутры” гэтай легенды Сярэднявечча і барока, ніяк не ўсвядоміш, што перад вачыма — цуд, узноўлены, як кажуць будаўнікі, “з нулявога цыкла”. Амаль так. Пра горад, што паўстаў з попелу, пераканаўча распавядае панарама, якая адкрываецца з берагоў Эльбы. Яе на сваёй карціне адлюстраваў мастак Каналета: мост Аўгуста, Георгіеўская брама, Дом саслоўяў, Акадэмія мастацтваў, Альбертынум. Адсюль добра бачная тэраса, якую Гётэ называў “балконам Еўропы”, Тэатральная плошча з коннай статуяй караля Ёгана, велічны сабор Святой Троіцы, а насупраць яго — Опера, чыя акустыка пераўзыходзіць нават міланскі Ла Скала. А самая вялікая ў Германіі пратэстанцкая царква Дзевы Марыі была адноўлена з фундамента... Цуды непераможнага жыцця, а ў жыцці — неўміручага мастацтва, Дрэздэн прадстаўляе літаральна на кожным кроку. Перадапошні “прыпынак” перад Цвінгерам, колішняй каралеўскай рэзідэнцыяй, і “Старадаўнімі майстрамі”— Дрэздэнскай галерэяй — Альбертынум. Я не мог не “вярнуцца” сюды на некалькі хвілін: колькі слоў толькі пра два экспанаты федэральнай скарбніцы, што вырасла са старадаўняй кунсткамеры.
На месцы былога арсенала ХVI стагоддзя кароль Альберт у ХІХ стагоддзі загадаў пабудаваць службовае памяшканне. Яно служыць і па сёння, толькі не чыноўнікі ў ім размясціліся, а тры вядомыя ў свеце музеі: “Новыя майстры”, “Зялёныя зводы” і Музей нумізматыкі і скульптуры. Наша шумная экскурсійная група маўкліва стаіць перад “Зялёнымі зводамі”, чыю гісторыю распачаў Аўгуст Моцны ў ХVIІ стагоддзі, а ягоны сын— Аўгуст ІІІ— страсна прадоўжыў справу бацькі. Срэбра, бурштын, слановая костка, разьба па камені, дрэздэнскае барока і ювелірныя вырабы… Вось і “Залаты кафейны сервіз”, а тут самы знакаміты экспанат — “Двор вялікага магола ў Дэлі”: 137 залатых фігур, пакрытых эмаллю і 5 тысячамі брыльянтаў, рубінаў, самацветаў і перлін. Гэты твор Аўгуст набыў сабе за 60 тысяч талераў. Дарэчы, ягоны паляўнічы палац каштаваў не менш. У “…Зводах” захоўваецца і унікальная мазаіка “Шэсце каралёў”: тысячагадовая гісторыя дынастыі Ветынгаў. Гэта конны парад 35 маркграфаў з пазнакамі тытулаў і мянушак: Моцны, Багаты, Ваяўнічы… Між імі— герольды, варта, сцяганосцы, вучоныя, мастакі, паэты, слугі, маўры, дзеці. І такім чынам — 102 метры і 24 тысячы плітак майсенскай парцаляны. Жанчын жа ў мазаіцы няма: тысячагадовы патрыярхат. Мусіць, падарунак лёсу, што ў жахлівай бамбардзіроўцы 13 — 14 лютага гіганцкае крохкае пано не атрымала пашкоджанняў. Новая гісторыя Дрэздэна простая, як і любая трагедыя. Каб зразумець, да якой ступені ён быў разбураны, прыгадаем Мінск і Сталінград. У ноч з 13 на 14 лютага 1945 года ў выніку бамбардзіровак англа-амерыканскай авіяцыі Цвінгер ператвораны ў будаўнічы друз. Горад палаў 5 дзён. Загінула больш за 35 тысяч мірных жыхароў, згарэла каля 200 шэдэўраў знакамітай галерэі, якія фашысты не паспелі своечасова вывезці.
Так, парадаксальна, але факт: менавіта яны выратавалі галерэю, схаваўшы экспанаты, няхай і ў сырых, шахтах і штольнях. Праўда, горшых месцаў для іх захавання не знайсці, але ж— вайна… Ведалі ці не ведалі саюзнікі пра тое, што ў музеі амаль няма карцін? Дакументы сведчаць, што не ведалі. І— усё ж такі разбамбілі. Ці была ваенная неабходнасць? Цвінгер жа не быў ні ваенным заводам, ні казармай. Але быў зніштожаны. У тую ноч магло здарыцца так, што пасляваенны свет не пабачыў бы ніколі карцін з Дрэздэнскай галерэі. І— “Сіксцінскую Мадонну”. Ніколі. 8 мая 1945 года горад быў заняты нашымі войскамі, пасля ён стаў абласным горадам ГДР. Сёння гэта горад з магутнай прамысловасцю, фестывалямі, выстаўкамі, святамі і кірмашамі. Галоўныя словы ў Дрэздэне, як паведаміла экскурсавод,— гэта “Цвінгер” і “Дрэздэнская галерэя”.
“За гарадскім умацаваннем…”
Старадаўні і сучасны, барочны, чароўны, рэальны— Цвінгер, чыя назва абазначае “той, што знаходзіцца за гарадскім умацаваннем”. У 1680-м пачалося будаўніцтва гэтага палацавага ансамбля — рэзідэнцыі саксонскіх курфюрстаў, які ўзводзілі лепшыя майстры Еўропы на чале з таленавітымі архітэктарамі Дэплатам, Пёпельманам, Пермозерам, Зэмперам. Памятаеце радок з песні Марка Бернеса: “А без меня тут ничего бы не стояло…”? Пабачыўшы Цвінгер, разумееш: колькі б грошай ні ўклаў Аўгуст ІІ у гэты ансамбль — без выбітных кампазітараў “застылай музыкі” і тысяч умелых рук нічога гэтага магло б і не быць. Зрэшты, цяжка выказаць у словах зачараванасць гэтым месцам, таму паспрабую пабудаваць толькі ілюзорную бачнасць…
(Працяг будзе.)