|
Перад "Джакондай" Леанарда да Вінчы думаеш пра жыццё, перад "Сіксцінскай Мадоннай" Рафаэля - будуеш яго: са сваёй далёкай эпохі Адраджэння яна дапамагае мне жыць сёння. Яна ёсць тое, пра што калісьці, праз сотні абаротаў Зямлі вакол Сонца, у далёкай халоднай краіне скажа адзін чалавек: "Прыгажосць уратуе свет". Сёння гэтыя словы могуць выклікаць усмешку. А яна, як і сотні гадоў таму, верыць і нясе свету сваё дзіця. Магчыма, выратаванне і пачнецца з ацалелых надзеі і веры?.. ...Няма эскізаў і накідаў. Адразу. Бы замова Неба. На руках Мадонны - Хрыстос. Асноўная - устойлівая і "законная" - версія. А мая - прыватная і аматарская - проста сын чалавечы і менавіта таму Боскае дзіця. Як і кожны, хто нарадзіўся ад жанчыны. Заўважце, у дзіцяці - сур'ёзны выгляд мудрага дарослага, нібыта ён бачыць сваю ахвярную будучыню, а ў маці - чысты і даверлівы погляд дзіцяці, якому адкрываецца добры, абавязкова добры, свет. Яна гэтага прагне, яна ў гэта верыць, і такія пачуцці не могуць не быць стваральнымі. Магчыма, тое таксама адна з "загадак" невытлумачальнай уражальнай сілы рафаэлеўскага паслання. Неаспрэчная дасканаласць гэтай карціны, як кажуць спецыялісты, - у дзіўным суіснаванні яе кампанентаў: "пухнатых" аблокаў, тэатральнай заслоны, пухленькіх анёлкаў, самога ўкленчанага Сікста і вытанчанай прыгажуні святой Варвары... Але - і ў гэтым "але" і праяўлены геній - высока адухоўленыя "чалавечыя" маці і дзіця перамагаюць і традыцыі таго часу, і ўвесь падсобны "цырк" (шасціпалы Папа, анёлкі-херувімчыкі, якія размешчаны паперадзе ад Мадонны, ды, тым не менш, неяк бачаць яе!.. А Варвара выглядае такой прыгажуняй, хаця і святая! Мусіць, толькі такія і маглі дапамагчы тым, хто сыходзіў, палягчаючы іх пакуты.). Неверагоднай прыцягальнасці юная маці і ўжо мудрае дзіця перамагаюць сам час і, прыходзячы да нас, прыдуць да нашых унукаў. І, магчыма, ім дапамогуць таксама... Ратавальную місію мастацтва ў лёсах Зямлі- вось што "давёў" Рафаэль у саюзе са сваёй улюбёнкай - "Сіксцінскай Мадоннай". Ці не таму ля гэтага выратаванага палатна стаў на пост ахоўвання ў 1945-м селянін з беларускай вёскі ў пагонах сяржанта?..
Праз 500 гадоў...
Яшчэ школьнікам я ўпершыню ўбачыў гэтыя два дзіцячыя абліччы - маці і немаўляці - на вокладцы альбома "Дрэздэнская галерэя". Першае, што падумалася: такая маладая, а ўжо мама... Пасля, у сталым узросце, прачытаў запамінальную кнігу Леаніда Валынскага пра выратаванне дрэздэнскіх шэдэўраў. У расповедзе пра тое, як шукалі і ратавалі карціны, запомніўся эпізод з "Сіксцінскай Мадоннай". Праз некаторы час я сустрэўся з Валынскім у Маскве, у рэстаране, і ён, ужо "жыўцом", распавёў пра тое... ...1945 год. Некалькі дзён таму скончылася вайна. У Дрэздэне працуе спецыяльна - і тэрмінова - створаная дзяржаўная камісія па ратаванні галерэі. Адным з яе членаў і быў мастацтвазнаўца Леанід Валынскі, што толькі перад ад'ездам з Масквы прымерыў пагоны маёра. Ён удзельнічаў у аперацыі па выцягванні карцін з паўзатопленых і замініраваных штольняў ды вугальных шахт. Скрыні распакоўвалі ў мясцовым замку, расстаўляючы карціны на свабодзе, прыхінуўшы іх да сцен. Спецыялісты правяралі ступень пашкоджанняў шэдэўраў перад адпраўкай у Маскву. Салдаты, якія дапамагалі камісіі, добра натаміліся і атрымалі загад выспацца. Маёр жа, таксама нямала стомлены, адпачыць не мог: хадзіў, глядзеў, не мог наглядзецца... Каля "Сіксцінскай Мадонны" пабачыў пажылога сяржанта, які стаяў ля карціны, бы на варце, з аўтаматам на грудзях. - Ты чаму не адпачываеш? - запытаў у яго мастацтвазнаўца. - Не магу, таварыш маёр. Яна ж нам сваё дзіця даверыла, - ён кіўнуў у бок карціны. - Нельга без аховы. Яшчэ не час. Малы ж зусім... Ды і яна... Як мая малодшанькая... Вы не клапаціцеся, таварыш маёр, захаваю ў найлепшым выглядзе!
"Яна ж нам сваё дзіця даверыла..."
Калі ў мяне нарадзілася дачка, я, як і кожны малады бацька, шмат фатаграфаваў яе. Часта - на руках маці. Аднойчы мяне ўразіла падабенства дарагіх мне абліччаў жонкі і дачкі з тымі- рафаэлеўскімі. Адкрытасць свету, людзям, пяшчотная дабрыня, - дзіцячая даверлівасць маці і дзіця, што не ведае граху, і таму ён і ёсць увесь Сусвет... Чысціня і вера. Ён бачыць тое, што не дадзена нам. Доўга я не мог пазбавіцца ад адчування ажыўшай карціны. Мусіць, тады і ўсвядоміў: мастацтва ёсць формай жыцця. Не ў якасці выніку канструявання, а як народжанае пад рукой мастака нечакана, у час творчасці, як сястра-блізнятка першага жыцця. Абліччы маці-дзіцяці і дзіцяці - сімвала жыцця і яе зямнога працягу - сталі духоўным вынікам разваг Рафаэля пра жыццё ўвогуле, графічным выражэннем нятленнай субстанцыі пад імем Дзіця-Жанчына-Чалавек. Зямным пачаткам яе і завяршэннем, месца якому не на Зямлі. Субстанцыі, якая вярнулася да нас з касмічнай Прапамяці. ...Выратаваныя карціны было вырашана рэстаўраваць у Маскве. І- тэрмінова. Для "Сіксцінскай Мадонны" маршал Конеў, зачараваны гэтай карцінай, доўга сузіраючы яе ў адзіноце, прапанаваў свой самалёт. "Іван Сцяпанавіч, вы што?! - ледзь не абурана сказала немаладая жанчына, кіраўнік камісіі, прафесар. - А раптам самалёт абрынецца долу? Вы разумееце, што можа быць?!" "Мой самалёт - вельмі надзейны, і пілот - дасведчаны. Я часта лятаю на гэтай машыне". "Іван Сцяпанавіч, вы ж маршал, а яна - Мадонна!" - усклікнула жанчына. Маршал усміхнуўся і загадаў рыхтаваць спецсастаў для карцін, для "Мадонны" - асобны вагон. Гэтаму саставу быў дадзены "зялёны калідор". Тым не менш, загадкавых "прыгод" на шляху праз Германію і Польшчу не бракавала, нягледзячы на забеспячаную бяспеку ўрадавага ўзроўню: то буксы ў "галоўнага" вагона сталі грэцца, то ўвесь цягнік раптам адпраўляецца на запасны пуць, а то і наогул - барыкады з рэек і шпал. Добра, што не стралялі. ...Ахматава сказала пра Пастэрнака, што той напоўніў свет новым звонам. Мала каму з людзей тых часоў гэта ўдавалася. Рафаэль, калі перакласці з мовы жывапісу на мову музыкі, напісаўшы сваю Фарнарыну-Мадонну, даў свету "новую фарбу" і магчымасць пачуць крыштальна чысты гук натуральнага стану чалавецтва. Сэнс зразумелы, а загадка нараджэння і ўздзеяння застаецца. Я б тут у трывалай звязцы згадаў яшчэ адну Жанчыну Зямлі- Неферціці. У іх - Мадонне і егіпецкай царыцы - заключана смяротная тайна, якой наканавана быць не разгаданай. І дзякуй Богу. Адсюль - вечнасць шэдэўраў, адсюль - яшчэ і "дадатковая" веліч і без таго дасканалых стварэнняў чалавечага духу. Каб жа яшчэ ў зямным жыцці хаця б наблізіцца да гэтай тайны, адчуць-зразумець удзел гэтай карціны ў нашым жыцці... ...У 1955-м у Маскве, у Пушкінскім музеі, была наладжана развітальная выстаўка выратаваных і адрэстаўраваных шэдэўраў Дрэздэнскай галерэі. Чатыры месяцы не спынялася "ўсесаюзная" чарга: 1 мільён 200 тысяч наведвальнікаў ішлі да скарбаў духу чалавечага. Кажуць, адзін з тых, хто прыйшоў на выстаўку, спыніўшыся каля "Сіксцінскай Мадонны", паразважаў уголас: "Дзіўна... Чаму ўсе так "едуць з глузду"? Што яны ў ёй знаходзяць?" А Фаіна Георгіеўна Ранеўская, што нібыта апынулася побач, пракаменціравала: маўляў, гэтая дама з карціны столькі стагоддзяў захапляла чалавецтва, што цяпер яна сама можа вырашаць, на каго ёй рабіць уражанне, а на каго - не. 27 красавіка ў 13 гадзін 30 хвілін да адноўленага будынка зэмпераўскай галерэі ў яшчэ не ўзведзеным наноў Цвінгеры прыбыў першы транспарт з карцінамі. У "ганаровай варце" наўзбоч дарогі і перад будынкам галерэі стаялі людзі. Калі першую карціну - ёю стала "Сіксцінская Мадонна" - уносілі ў галерэю, пачуліся апладысменты. Пасля 17 гадоў растання Рафаэль, Тыцыян, Рэмбрант, Ліятар, Мантэнья вярталіся дадому... Ахоўваючы, іх нябачна суправаджаў мой даўні знаёмы - беларускі салдат з аўтаматам на грудзях. ...Пераможцы вярталі пераможаным іх нацыянальнае багацце. Такое і ў такім маштабе адбывалася ў гісторыі чалавецтва ўпершыню.
Тайна Рафаэля
Рафаэль. “Аўтапартрэт” |
Што ж, нарэшце, патрэбна, каб наблізіцца да тайны Рафаэля? Па-мойму, зусім няшмат: добразычлівасць. На жаль, гэта не надаецца, а набываецца. У мінулым, калі дзесяткі разоў сустракаўся з рэпрадукцыямі карціны Рафаэля, я не бачыў ні Сікста, ні святой Варвары, ні пару анёлкаў - толькі лік прыгожай маладзенькай зямной жанчыны. Ад сілы - дзесяцікласніцы нашай школы. Нарадзіла дзіцятка - і ў такі час цнатлівага разумення жыцця і шчасця - нарадзіла ад каханага хлопца. І нікога-нікога не баіцца: вось я і маё дзіця! Гляньце, які ён прыгожы! Я нясу яго вам, вы палюбіце яго - і станеце дабрэйшымі, чым раней. Я шмат разоў глядзеў на рэпрадукцыі і бачыў аблічча чароўнага твару маладой жанчыны, мо і маёй сучасніцы. У Дрэздэне, у галерэі, адстаўшы ад "калег" па экскурсіі, я доўга глядзеў на даўно знаёмае, амаль роднае, аблічча... Мне падалося, што я ўсвядоміў галоўную думку мастака: фларэнтыйская шаснаццацігадовая дзяўчына - мадэль ягонай Мадонны - стала сучасніцай усіх зямлян на ўсе часы, бо яна - Маці і Каханая. І, як кажуць рэжысёры, адначасова яна і Дзева Марыя з немаўлём Хрыстом на руках. І нішто ўва мне, пры абсалютна зямным успрыняцці Мадонны, не супраціўляецца гэтаму. Ужо толькі тым, што яна ёсць, "нежывая", Яна прымушае задумацца пыхлівых жыхароў планеты, задумацца пра экзістэнцыйную сутнасць чалавечага жыцця. Сустрэча зямнога і нябеснага, мінулага і будучыні, далёкага і блізкага... Хацеў прадоўжыць яшчэ адным перыядам - "свайго і чужога", - ды раптам зразумеў: сіла гэтага шэдэўра не столькі эстэтычная, хаця і тут яна такая, каб стаць непераўзыдзенай, колькі маральная: кожны час вылучае свае "авангарды". Наш - задыхаецца ад нястачы кіслароду для душы. Усведамляючы гэта, мы інстынктыўна здзяйсняем спробу сысці "за" палатно "Мадонны"... І тады жыватворная іконная сіла яе адкрывае нам наш свет як рэальнасць, дзе няма чужасці, - ён увесь "свой". Рафаэль даверыў нам сваю Мадонну, яна даверыла нам сваё дзіця. Знак Неба. Знак імя Рафаэля... Сяржант-беларус з сямікласнай адукацыяй адчуў, зразумеў і ахоўна ўстаў на Пост. А мы, чалавецтва, як "справіліся" з гэтым даверам? Нехта з крытыкаў сказаў: "Патрабаванне чалавецтва да мастацтва расце". Доўгі час, ведаючы Мадонну і працяглы час "кантактуючы" з ёй, я прачытаў бы тое выказванне з адваротнай дакладнасцю: патрабаванне мастацтва да нас расце. ...Адны творы мастацтва пашыраюць паняцце "свайго" горада, другія- краіны, трэція - Зямлі. Гэта ўжо маштаб. Але ёсць творы, што пашыраюць тваё светасузіранне - бачанне свету- да галактычнага. Яны - як дасканалыя тэлескопы душы: розумам не ахапіць. Такая яна, "Сіксцінская Мадонна". І такі галактычны дар Рафаэля, Рафаэля, які здолеў. Зямлі ж было даручана-даверана (Кім? Чаму? Дзе?) уручыць гэты дар хлапчыне з Урбіна, Рафаэлю Санці. Згадаем, што землякі называлі яго Боскім Санцыа. Яны не памыліліся. "Мадонна" таму парукай. *** ...Я стаю ля найвялікшай карціны Зямлі... Найчысцейшай прыгажосці... Верціцца старая кружэлка, у памяці гучыць няхітрая мелодыя з маёй маладосці:"А у нас во дворе есть девчонка одна... Ничего в ней нет... А я всё гляжу, глаз не отвожу...". Побач са мной - нябачныя, ды такія ўрэчаісненыя бабуля, мама, бацька, каханая, дзеці-ўнукі, сябры... Героі маіх кніг... Ледзь не спаленая ў варварскім агні маладзенькая настаўніца, абліччам падобная да Мадонны... Рафаэль... Сяржант з палескай вёскі... Гэты, сустрэты мной, пастарэлы сяржант да сёння стаіць на сваім пасту, ахоўваючы маці і дзіця. Як толькі Рафаэль скончыў карціну, беларускі селянін стаў на яе ахову, на ахову чыстага свету. Аказваецца, яго можна "заваяваць" не атамнай бомбай, а даверам. Пяцьсот гадоў Рафаэль унушае гэта людзям- не чуюць... Глухія ад нараджэння, або тое - часовае? У адзінстве гэтай карціны - уся шматстайнасць гэтага свету. І акно ў свет будучы.