Юлій ІІ быў чалавекам змрочным, тым, каго адольвалі жарсці. І з тым жа няпростым характарам - магутным апекуном мастацтваў і мецэнатам. Як склаўся б творчы лёс Рафаэля, каб Юлій ІІ не прыняў у ім самы жывы ўдзел, прапанаваўшы ў 1508 годзе мастаку працу ў Ватыкане?.. Партрэт свайго апекуна Рафаэль напісаў у 1511 годзе, і выява гэтая захавалася. Таму мы і можам сцвярджаць пра падабенства Сікста на карціне з Юліем у жыцці. А падстава для мянушкі "Сікст" у народа, у адносінах да Папы, была: шасціпальцая рука пантыфіка.
Рафаэль, мусіць, з'яўляўся адным з найлепшых і пладавітых партрэтыстаў свайго часу. Ды каго б ён ні пісаў - каханую, Папу або сябе, - ён не пераступаў рысу, за якой чалавек можа казацца "голым". Творца вытрымліваў "нейкую пачцівую і ветлівую дыстанцыю паміж сабой і мадэллю". Нават па партрэце Юлія ІІ мы можам у тым пераканацца: перад намі- Папа, ахоплены цяжкімі думамі, але ягоны ўнутраны свет закрыты мастаком. Рафаэль робіць нас сведкамі, але не суддзямі.
Так, несумненна, аблічча Сікста- гэта аблічча Папы. Удзячны Рафаэль хацеў пакінуць яго выяву для нашчадкаў менавіта ў такой "светлай ролі". А калі нехта будзе сумнявацца, дык вось вам і тыяра, якую Сікст зняў перад Мадоннай. І ўпрыгожаны названы прадмет жолудам- як і адзін з элементаў герба Юлія ІІ. Ды святая Варвара, што палягчае пакуты памерлых, з'явілася Сіксту разам з Мадоннай. Сіксту - Юлію.
Вялікая карціна была напісана, аднак вялікае рэдка ўшаноўваецца сучаснікамі: родныя пантыфіка ўсталявалі на ягонай магіле мікеланджэлаўскага "Маісея". Дзякуй лёсу, што генія змянілі на генія. А карціну Рафаэля перадалі ў манастыр Святога Сікста ў П'ячэнцэ. Ёсць і дзве версіі даты яе стварэння. Паводле першай, гэта работа трыццацігадовага мастака, паводле другой - крыху больш сталага, напісаная як вынік творчасці.
Напісаць так, каб...
Часта даводзілася чуць чытацкія меркаванні: маўляў, аўтар - гаспадар свайго твора. І памылка тут - самае малое - напалову. З пэўнага моманту героі пачынаюць жыць "сваім" жыццём, і аўтару даводзіцца следаваць за імі. У маіх нататках пра "Мадонну" Рафаэля я ўсё яшчэ маю права выказваць сваю думку. Мне ж па душы (і па логіцы інстынкту) наступная гісторыя стварэння гэтага дзіўнага палатна.
...Дэлегацыя манахаў з далёкага П'ячэнцэ з'явілася да вялікага майстра на наступны дзень пасля таго, як Рафаэлю ўдалося набыць у бацькі і жаніха Фарнарыны права пісаць ейны партрэт. Адсюль і "мой" час напісання: трыццацігоддзе мастака. Ён і грошай узяў з манахаў столькі, колькі яны маглі заплаціць. Усё зыходзіла з галоўнай падзеі ў жыцці Рафаэля: ён пакахаў сваю жанчыну. Гэтая версія бліжэй да ісціны яшчэ хаця б таму, што такі "трацейскі суддзя", як Гётэ, заўважыў: каб Рафаэль "не напісаў нічога больш, яна адна забяспечыла б яму бессмяротнасць". А напісаў ён яе так толькі таму, што самааддана кахаў. Гэта і быў перыяд пасля першай сустрэчы з Фарнарынай.
Шляхамі гісторыі
Гэтая вечна юная жанчына была ў сваім доўгім жыцці і рабой, і царыцай, неаднойчы ўзносілася яна над уладай, неаднойчы яе чакала небяспека, але ні разу яе не маглі пазбавіць вышыні, прыгажосці, святла. Яе набывалі, кралі, хавалі, а яна глядзела на "цудоўны і люты" свет людзей, а ў ейным спакойным поглядзе зіхцелі вера, надзея, любоў. Душа яе была чыстай.
Рэальная гісторыя карціны-легенды - гэта гісторыя падзення і адраджэння пакаленняў, дзяржаў і асобных людзей, гэта вайна і мір, гэта гады, людзі, жыццё - жыццё і лёс... "Кароткі курс" гэтай гісторыі такі.
У 1754 годзе кароль Саксоніі Аўгуст ІІ набыў "Сіксцінскую Мадонну" ў п'ячэнцкага манастыра за 20 тысяч дукатаў- неверагодную па тых часах суму. Параўнайма: сярэдні кошт адной карціны ў галерэі складаў 165 дукатаў. Унесці "Сіксцінскую Мадонну" ў залу перашкаджаў каралеўскі трон. Са словамі "Трэба даць дарогу вялікаму!" Аўгуст стаў дапамагаць гвардзейцам перасоўваць трон. А вось Фрыдрых ІІ: "Характер твёрдый, нордический". А глянь ты - такі факт. У 1756 годзе ён пачынае Сямігадовую вайну. 29 жніўня прусы ўступаюць у Саксонію, а 9 верасня ўжо займаюць Дрэздэн. На наступны дзень Стары Фрыц будзе аглядаць галерэю "Старыя майстры"... На той час у горадзе былі разрабаваны арсеналы, банкі, майсенскія парцэлярныя мануфактуры, дамы бюргераў... Імператар загадаў свіце выйсці, зняў лёгкі шлем і ў адзіноце пайшоў па залах музея. Галоўны захавальнік Ёган Рыдэль ішоў за ім, але Фрыдрых не патрабаваў удакладненняў, моўчкі разглядаючы карціны і скульптуры. Ля "Сіксцінскай Мадонны" спыніўся і доўга стаяў. У захавальніка ўпала сэрца. Люты вораг саксонцаў, граза Еўропы, Фрыдрых уздыхнуў і... "Як вас завуць?.. Вы шчаслівы чалавек, гер Рыдэль... Вы можаце любавацца гэтым кожны дзень. Я буду вам удзячны, калі вы дапаможаце зняць копіі з некаторых вашых карцін". Ёган амаль знепрытомнеў ад радаснага стрэсу... У час акупацыі Дрэздэна прускімі войскамі ніводная з карцін не была ўзята з галерэі, ніводнай не нанеслі ўрону. Паўстагоддзя былі спакойныя.
Францыя набыла Напалеона - імператара нежартоўнай волі, моцы і таленту. У той жа час французскія асветнікі на чале з Вальтэрам і Дзідро стварылі знакамітую "Энцыклапедыю", а цяпер ужо думалі пра завяршэнне праекта: нараджэнне ў Парыжы першага публічнага супермузея - "Энцыклапедыя мастацтваў". Гэта было і марай Напалеона, абуджанай энцыклапедыстамі. І тут ніяк не абысціся без Дрэздэнскай галерэі, што сабрала найлепшую ў свеце калекцыю жывапісу.
Праўда, саксонцы з'яўляліся саюзнікамі французаў. Праўда і тое, што апошнія вярнулі ім каралеўскую карону: у Саксоніі зноўку свой кароль. Але за ўсё патрэбна плаціць, сказаў Банапарт, які нічога ніколі не казаў дарма. І ён нацэліўся на Дрэздэнскую галерэю. І зноўку невытлумачальны "зігзаг гісторыі". Ва ўрадзе Францыі міністрам замежных спраў быў самы вытанчаны дыпламат "усіх часоў і народаў" Талейран. Уся Еўропа ведала, што ягоныя паслугі каштуюць дужа дорага. Даведаўшыся пра памкненні венцаноснага "сябра Банапарта", саксонскі кароль выправіўся на тэрміновую сустрэчу з Талейранам. Ніхто не ведае, пра што міністр гутарыў з імператарам пасля размовы з саксонцам. Вядома толькі, што дрэздэнскі музей застаўся ў Дрэздэне, а Талейран пабагацеў на мільён залатых франкаў.
Былі прэцэдэнты і ў новы час. У каго з'явілася тая ідэя - невядома, але абмяркоўвалася яна абсалютна сур'ёзна: у час рэвалюцыі 1848 года, калі каралеўскія гвардзейцы абстрэльвалі паўстанцаў, было прапанавана выставіць "Сіксцінскую Мадонну" на барыкады і тым паспрабаваць спыніць агонь: "Не будуць жа яны цэліць у Мадонну!".
Пройдзе амаль сто гадоў, і Гітлер задумае ажыццявіць ідэю Напалеона пра Сусветны музей, але ўжо ў Лінцы. Не паспее...
Калі савецкія войскі падышлі да Дрэздэна, фашысты ўжо эвакуіравалі галерэю. Вялізную сусветную калекцыю замуравалі ў шахтах, штольнях, падвалах... 8 мая 1945-га нашы салдаты ўвайшлі ў горад. І адразу пачаліся работы па пошуку карцін. Абставіны і ўмовы цяжка нават і ўявіць. Ды тым вышэйшы подзвіг (слова гэтае тут на месцы) салдат батальёна маёра Перавознікава, сапёраў лейтэнанта Рабіновіча і некалькіх мясцовых жыхароў: яны знайшлі і расшыфравалі схему сарака пяці тайнікоў, куды былі схаваны карціны галерэі. Бо кожны "схоў" быў замаскіраваны, забетанаваны і замініраваны. І тут праявіла сябе яшчэ адна містычная акалічнасць: ніхто і ўявіць не мог, што "Сіксцінская Мадонна" знаходзіцца непадалёк ад гарадка Пірнэ, у глухім тунелі старой каменяломні, у абадраным таварным вагоне.
Маладзенькі аўтаматчык паклікаў лейтэнанта да вагона і паказаў яму плоскія драўляныя скрыні. Іх было трынаццаць. Самую вялікую дасталі і раскрылі: карціна. Калі яе асвятлілі ліхтарыкамі, цішыня застыла ў падзямеллі. На салдат глядзела цудоўная маладая жанчына з дзіцем на руках. Такой прыгажосці гэтыя людзі не бачылі. Такой незямной прыгажосці... У астатніх скрынях былі творы Рэмбранта, Джарджонэ, Ціцыяна, Вато, Ван-Дэйка...
Як атрымалася, што сярод сарака пяці тайнікоў ледзь не першай выпала знайсці яе? Шукаць тлумачэнні і не хочацца. Хочацца ж, падпарадкоўваючыся ўнутранаму пачуццю - яно рэдка падманвае, - сказаць: "Так і павінна было здзейсніцца! Яна не магла знікнуць". А колькі разоў магло здарыцца непапраўнае... Бомбы, пажары, міны, смяротна небяспечныя ўмовы захавання: сырасць, цвіль, уздуцце фарбавага слою. Служкі орднунга мусілі яшчэ ў 1937-м, на выпадак вайны, забяспечыць захаванне скарбаў Дрэздэнскай галерэі, але да канца рэйха так і не зрабілі таго. Вось радкі з даклада прафесара-мастацтвазнаўцы Фоса вярхоўнаму кіраўніцтву ў 1943 годзе: "...Умовы захавання самай знакамітай і каштоўнай карціны не толькі Дрэздэна і Германіі, але і ўсяго свету- "Сіксцінскай Мадонны" Рафаэля, - выклікаюць вялікі непакой". І гэта пра апошні "надзейны" тайнік "Т" каля вёскі Грос-Кота непадалёк ад Пірнэ ў старой каменяломні.
Непапраўнае магло здарыцца і тады - нават пасля выратавання карцін, - калі яны былі адпраўлены ў СССР для рэстаўрацыі. І праз паўстагоддзя, у 2002-м, калі Эльба выйшла з берагоў. Настолькі імклівага наступлення ракі на горад не было з дня яго нараджэння. Вада ўварвалася ў Цвінгер і стала затапляць падвалы галерэі. Найбольш каштоўныя асобнікі "перасялілі" на другі паверх. Быў дадзены адпаведны загад паліцыі і арміі, верталёты стаялі ў гатоўнасці нумар адзін... 17 жніўня вада паднялася да ўзроўню 9 метраў 39 сантыметраў. Уся Германія з трывогай сачыла за гэтай пакуль толькі драмай і з палёгкай уздыхнула, калі Эльба стала адступаць.
...А са сваёй сцяны ў сваёй жа зале гэтак жа, як і шмат гадоў таму, спакойна і ясна, глядзела на нас юная жанчына, даверліва і ўпэўнена ўручаючы чалавецтву яго будучыню. Як было рацэ не адступіць...
"Тэхнічныя" дэталі
Эстэтычныя якасці гэтага шэдэўра- па-за абмеркаваннямі. А вось тое, што карціна гэтая невычэрпна энергетычная, - гэта скажа вам кожны, хто пабываў з ёй побач. Праз некаторы час знаходжання каля яе ты ўжо адчуваеш мяккае ўздзеянне, нейкі нябачны павеў дабрадатнага ветру. У тыя хвіліны, як я быў у галерэі Дрэздэна, мне падалося, не - адчулася, што ў карціне жыве душа Рафаэля. Можна верыць або не, ды - пастарайцеся пабываць на спатканні з Ёй. Магчыма, і ў вас з'явяцца недаверлівыя суразмоўцы.
Падрыхтаваны да спаткання з "Мадоннай" шматгадовым сузіраннем яе рэпрадукцый, я чакаў сустрэчы з больш яркай карцінай. Яна ўбачылася мне ў ледзь заўважнай дымцы і, хутчэй, шэражоўтай, чым шматкаляровай. На жаль, гэта не памылка майго зроку, а факт. "Мадонна", дарэчы, як і "Мона Ліза", губляе колер. Яна стала, калі можна так сказаць, больш манахромная за сябе саму, што нарадзілася пяцьсот гадоў таму. На тое маецца і навуковае тлумачэнне. Са з'яўленнем палатна кожны з мастакоў таго часу сам рабіў фарбу, эксперыментуючы і штораз дадаючы новыя кампаненты для ўмацавання яркасці напісанага. Больш за тое: грунтоўка ў кожнага была - індывідуальная. Склады яе не заўжды маглі быць атрыманы нават тытанамі Адраджэння. Сёння навукоўцы пры дапамозе запісаў Леанарда да Вінчы (ён адзіны сістэмна іх вёў), вывучыўшы склад тагачаснага алею (вядома ж, і рафаэлеўскага), прадказваюць паступовае "ўміранне" карцін таго часу...
Фрэскі і скульптуры будуць стаяць: матэрыялы для іх правераны прыродай, а вось карціны - старэюць. Пра гэта лепш і не згадваць. Надзея - толькі на вучоных. Магчымая надзея. Так што першапачатковыя фарбы "Сіксцінскай Мадонны" мы ніколі не ўбачым. Мае інстынктыўныя адчуванні першых хвілін спаткання з ёй, як ні сумна, аказаліся дакладнымі.
Гэта была карціна, якая пастарэла, але Мадонна засталася такой жа юнай, як яе ўбачыў Рафаэль. І гэта была мая Мадонна.
(Працяг будзе.)
На здымках:
Такі надпіс, пакінуты савецкімі воінамі, застаўся на адной са сцен Цвінгера.
Дрэздэн пасля бамбардзіроўкі. 1945 г.