…Ёсць у Коласавым садзе невялікі астравок, імя якому — Памяць. Сярод чатырох дубоў, пасаджаных працавітымі рукамі Песняра, расце дрэва ў гонар сярэдняга сына Юркі, які гераічна абараняў Радзіму ў 1941 годзе, але, на вялікі жаль, так і не вярнуўся з ратных палёў — знік без вестак у першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны.
Мне боль пякучы сэрца гложа,
І сына ўспомню я свайго.
А дзе магіланька яго,
Мне адказаць ніхто не можа.
Пісаў няўцешны бацька ў паэме “Рыбакова хата”. Бясконцая колькасць лістоў, напісаных Юрку, засталася без адказу. Да каго толькі не звяртаўся Канстанцін Міхайлавіч з просьбай дапамагчы ў пошуках сына! Нават выступаў у 1942 годзе па радыё са зваротам да яго: “Каждый день вспоминаем тебя, милый, вместе с матерью и твоими братьями. Ты живешь в наших сердцах”. Але, на жаль, усе высілкі былі марнымі.
КАБ СЯМ’Я ЗЛУЧЫЛАСЯ…
Якуб Колас балюча перажываў, што няма той мясціны на зямлі, куды можна прыйсці, праліць шчырую бацькоўскую слязу і ўшанаваць памяць аб любімым сыне. Сімвалічна, што сёлета — у Год гістарычнай памяці і напярэдадні Дня Незалежнасці — дзякуючы намаганням Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа на Вайсковых могілках Мінска побач з помнікамі Якубу Коласу і яго родным з’явілася памятная дошка ў гонар Юрыя (Георгія) Міцкевіча.
Памятная дошка ў гонар Георгія (Юрыя) Міцкевіча побач з помнікам Якубу Коласу на Вайсковых могілках
“1 мая 2022 года споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння Юркі Міцкевіча. І вось я гляджу на гэты мемарыяльны комплекс і бачу Якуба Коласа, які праз 11 гадоў пасля смерці жонкі прыйшоў да сваёй любай Марусі. У 1996 годзе знайшоў тут спачын іх старэйшы сын Даніла Канстанцінавіч. Два гады таму — малодшы Міхась. І цяпер дошка ў гонар Юркі сведчыць, што ўся сям’я злучылася, і яны ўсе разам ляцяць да зор”, — такія пранізлівыя словы сказала ўнучка Якуба Коласа Вера Даніілаўна Міцкевіч на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця памятнай дошкі, калі раптам адгукнуліся званы Царквы Святога Благавернага Князя Аляксандра Неўскага.
Куратар праекта — галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучка Песняра Васіліна Валер’еўна Міцкевіч — у прамове для “К” адзначыла: “Юрый Міцкевіч быў адным з многіх, хто не вярнуўся, чыё жыццё адабрала бязлітасная вайна. Сюды, на Вайсковыя могілкі горада Мінска, прыходзяць, каб аддаць даніну памяці вайскоўцам, якія змагаліся за незалежнасць нашай краіны. Цяпер, дзякуючы памятнаму знаку, ёсць месца, дзе можна ўзгадаць і мужнага сына Песняра, расказаць пра трагічную старонку жыцця сям’і класіка. Боль аб Юрку, аб жонцы, якая “згарэла” ў перажываннях за сына і лёс роднай зямлі (спадарожніцы паэта не стала 21 мая 1945 года), Якуб Колас насіў у сэрцы да апошніх дзён свайго жыцця”.
ФІЛАСОФСКІ СЭНС МАКСІМА ПЕТРУЛЯ
Аўтар мастацкага рашэння дошкі — вядомы беларускі скульптар, член Беларускага Саюза мастакоў Максім Пятруль. Скульптурныя кампазіцыі Максіма Міхайлавіча добра ведаюць мінчане і госці беларускай сталіцы, а таксама жыхары Кітая і Швейцарыі. Ён аўтар мемарыяла ў памяць Мінскага гета “Разбіты агмень”, створанага ў 2008 годзе сумесна з архітэктарам Леанідам Левіным, фантана ў парку Перамогі, скульптуры “Папараць-кветка” ў парку 900-годдзя Мінска. Жыццё і творчасць Максіма Міхайлавіча цесна звязаны з беларускай літаратурай. Яго нават назвалі ў гонар Максіма Багдановіча. Можа, таму ён стаў адным з аўтараў помніка “Дом Максіма Багдановіча” ў цэнтры сталіцы. У творчай скарбонцы скульптара ёсць і праца, прысвечаная беларускаму грамадскаму дзеячу і паэту Ф. Багушэвічу, якая ўпрыгожвае станцыю мінскага метрапалітэна.
Цікава, што ў пачатку 2000-х гадоў маці Максіма Міхайлавіча, вядомая беларуская мастачка Людміла Іванаўна Пятруль, напісала серыю графічных работ да філасофскіх “Казак жыцця” Якуба Коласа. Дзякуючы Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь гэтая серыя нядаўна была закупленая для фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Кожная кампазіцыя Максіма Петруля мае асаблівы філасофскі сэнс. Памятная дошка ў гонар Юрыя Міцкевіча нагадвае той самы абгарэлы ліст з 1941-га, на якім почыркам Якуба Коласа напісаны словы аб любімым сыне.
НЕ ЦЯРПЕЎ ХЛУСНІ І ФАЛЬШУ
Юрка — так звалі яго родныя і сябры, хаця па метрычным запісе ён быў Георгіем, — быў любячым сынам, верным і надзейным таварышам, не цярпеў хлусні і фальшу. Яго любілі і паважалі. Найлепшымі рысамі характару Юркі былі прага да справядлівасці, гатоўнасць падзяліцца апошнім з блізкімі, любоў да родных і Бацькаўшчыны, стойкасць, бясстрашша, спрыт. Цяжкасці хлопец пераносіў лягчэй за іншых, бо дапамагалі загартоўка на паляваннях, склад і рэжым жыцця — з ранняй вясны да пачатку зімы спаў на верандзе, якая не ацяплялася, да таго ж вельмі добра плаваў і мог гадзінамі трымацца на вадзе, улёгкую пераплываў трохкіламетровы ліман Паўднёвага Буга.
Юрка і Міхась на даваеннай сядзібе, 1941 год
Юрка быў трапным стралком. Часта прымаў удзел у спаборніцтвах па стэндавай стральбе. Якраз для удзелу ў чарговых ён і быў камандзіраваны ў Мінск на пачатку чэрвеня 1941 года. Юрый выступаў цудоўна — у пыл разбіваліся талерачкі пры кожным стрэле. Але раптоўна пачалася Вялікая Айчынная вайна, і спаборніцтвы заўчасна скончыліся. “У мяне і цяпер перад вачыма падзеі таго дня, — пісаў, звяртаючыся ва ўспамінах да свайго брата, Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. — Перад адыходам у камендатуру ты сядзеў каля паветкі на козлах задуменны-задуменны… Ты тады сказаў мне: “Міхась, захавай мае стрэльбы. Скончыцца вайна, будзем разам хадзіць на паляванне”. Стрэльбы я захаваў, а ты не вярнуўся”… Унучка Якуба Коласа, дачка Міхася Канстанцінавіча Марыя Міцкевіч расказвае, што яе бацька вельмі любіў брата і хацеў быць да яго падобным: дабіўся значных поспехаў у стэндавай стральбе, стаў выдатным фотамайстрам, працягваючы захапленні брата і як бы пражываючы сваё жыццё за дваіх. “Прайшло столькі гадоў, а ты для мяне застаешся такім жа блізкім, такім жа дарагім, дужым, стройным, непахісным”, так звяртаўся Міхась да брата ў сваім “Лісце наў-
здагон” — пасланні, напісаным спецыяльна для кнігі “Апалены золак. Слова пра Юрку, Коласава сына”. Адрасат ужо ніколі не атрымае гэты ліст, але ён захаваўся на памяць для нашчадкаў.
НЯБАЧНЫЯ НІЦІ МІНУЛАГА
“Вось ужо два тыдні, як я знаходжуся ў неперапынных баях. За гэты час звыкся з вайной. І не адну фашысцкую галаву разнесла мая батарэя, галаву подлых забойц, спаліўшых наш горад, расстрэльваўшых мірнае насельніцтва. Гэта — наша помста, і помсціць мы будзем жорстка”, — пісаў Юрка бацьку з фронту.
Канверт ліста Юркі
Пакаленне хлопцаў і дзяўчат, народжаных на пачатку мінулага стагоддзя, вынесла на сваіх плячах увесь цяжар вайны і выпрабаванняў пасляваенных гадоў. А шмат з іх аддалі за Радзіму самае дарагое — сваё жыццё.
Як і Юрка, не вярнуўся з фронту і яго сябар Ігар Малочнікаў. Разам яны былі ў камандзіроўцы ў Мінску, дзе 17 чэрвеня 1941 года пачаліся рэспубліканскія спаборніцтвы па стэндавай стральбе. З пачаткам вайны шляхі сяброў разышліся. “Вельмі сімвалічна тонкая нябачная сувязь маёй сям’і і сям’і Якуба Коласа, — адзначае ўнучатая пляменніца Ігара Малочнікава архітэктар Галіна Леанідаўна Левіна, дачка заслужанага архітэктара Рэспублікі Беларусь Леаніда Левіна, які разам з Заірам Азгурам працаваў над помнікам Якубу Коласу. — Я ўяўляю цудоўных юнакоў, якія да вайны сябравалі і хадзілі адзін да аднаго ў госці. Бабуля расказвала, як яны пілі ў яе гарбату, а яна апавядала аб сваіх калекцыях. Нядаўна я ў чарговы раз перачытвала лісты бабулі да Якуба Коласа, дзе яна з эвакуацыі звяртаецца да яго з просьбай адаслаць ёй выклік у Мінск, бо з родных там нікога не засталося”.
Традыцыя вяртання блізкіх тых, хто знік без вестак у іншых землях ці пахаваны ў брацкіх магілах, існуе ў беларусаў здаўна. Магілы родных пераносяцца на Радзіму як сімвал памяці менавіта пра дух, а не пра цела.
Як трапна заўважае даследчыца Коласавай спадчыны, доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Канстанцінаўна Мароз, у народзе нездарма кажуць: “Хораша гэта месца на сваёй зямлі”, бо чалавек, які жыве ў сваёй Бацькаўшчыне, злучаны з ёй — абаронены. Гэта пачуццё абароненасці праяўляецца і ў нашчадкаў, якія далучаюць да сваіх вечных памятных месцаў дух сваіх родзічаў.
Лёс Юрыя Міцкевіча — гэта лёс чалавека, які прагнуў жыцця, усімі сваімі паводзінамі, учынкамі пераконваючы навакольных у неўміручасці дабрыні, справядлівасці, святла, і які паклаў сваё жыццё на алтар агульнанароднай барацьбы. …Да памятнай дошкі ў гонар Юрыя Міцкевіча людзі нясуць васількі як сімвал таленту і значнасці кожнага чалавека на зямлі.
Вольга НАВАЖЫЛАВА,
загадчык навукова-асветніцкага аддзела
Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага
музея Якуба Коласа