НІКОЛІ НЕ РАЗЛЮБІЎ...
Вядомая трывіяльная фраза: жыццё поўніцца парадоксамі. Але, што тычыцца Вітольда Каэтанавіча, менавіта так і ёсць. Уявіце сабе: з 85 гадоў жыцця мастак пражыў у Расіі больш за сем дзесяцігоддзяў! І, уласна кажучы, толькі да 12 гадоў быў звязаны з беларускай зямлёй, з малой радзімай. Пасля лёс закінуў яго ў Кіеў, у Рысавальную школу Мікалая Мурашкі, потым — у Маскву і Цвершчыну, на знакамітую дачу “Чайка”. А ў фінале жыццёвага шляху ён знайшоў апошняе месца вечнага спачыну на Новадзявочых могілках.
Па сутнасці, менавіта Беларусь зрабіла яго пранікнёным песняром прыроды, якіх у сусветным мастацтве не так шмат. І пра свае раннія гады мастак заўсёды ўспамінаў цёпла: “Я — беларус, — казаў ён. — Я нарадзіўся ў маёнтку каля Бялынічаў, на Магілёўшчыне. Там прайшлі мае дзіцячыя гады. Бацька быў арандатарам, служыў у Дняпроўскім параходстве. Выпраўляючыся ў рэйсы па Дняпры, Прыпяці, Сожы, часта браў мяне з сабою, што было найвялікшым шчасцем і радасцю, бо якраз тады, у тых паездках, я адкрыў ні з чым не параўнальную прыроду роднай Беларусі...” І калі пасля Вялікай Айчыннай упершыню наведаў Беларусь, зноў жа напісаў пра сваю любоў да Бацькаўшчыны: “У кожнага чалавека ёсць радзіма. Яна жыве ў сэрцы, у думках. Можна разлюбіць нявесту, жонку, але разлюбіць радзіму — жахліва, немагчыма… Была вясна. Я хадзіў па роднай беларускай зямлі. Я быў шчаслівы…”
НЕ ЎПІСАЛІСЯ Ў САЦРЭАЛІЗМ
Убачыць незвычайнае ў звычайным — мабыць, галоўная “фішка” пейзажнай творчасці Бялыніцкага-Бірулі. Ну вось хоць бы гэтая “майская” серыя карцін (“Прыцемкі юнага мая”, “Беларусь. Зноў зацвіла вясна”, “Зазелянелі беларускія бярозкі”, “Сад у квецені”, “Блакітнай вясной”, “Красавік. Вясенні лес”, “Сакавіцкая ноч”) ці мінорная барвяная восень з палаючым золатам бярозавай лістоты пад сінім небам (“Задуменныя дні восені” і яшчэ элегічныя “Восень у парку”, “Ціхая восень”) або серабрыста-блакітныя зімы (“Перадвечаровая цішыня”, “Зімовыя карункі”, “Зімовы сон”, “Апошні снег”). Ёсць у яго і матывы летнія (“Беларусь. Пачатак лета”, “Перад навальніцай”), таксама шмат эцюдаў пра мінскія ваколіцы і Белую дачу, дзе мастак гасцяваў у 1947 годзе.
Я ўжо не кажу, колькі ён намаляваў пейзажных карцін і эцюдаў на Цвершчыне, дзе мастак на сваёй дачы “Чайка” пражыў, з перапынкамі на паездкі па краіне, амаль усё творчае жыццё. І калі разглядаеш мастацтва Вітольда Каэтанавіча, так і бачыш: ён заў-
сёды імкнуўся імгненна схапіць і на вякі захаваць прыродную палітру фарбаў усіх чатырох пор года. Асабліва любімую вясну. Маленькі кавалачак вялізнага прыгожага свету, кароткі лірычны верш у жывапісе! Сказана ўсяго некалькі “слоў”, але як сказана — з вельмі цёплым пачуццём, з мяккай задушэўнасцю, непасрэднасцю і чысцінёй светаўспрымання. І як цудоўна выкананы лепшыя творы, з якім вялікім жывапісным майстэрствам і з тонкім адчуваннем каларыту! Так, яго творчасць — гэта гуманізм, з яго высокім натхненнем і чысцінёй душы, з яго чуласцю да дабра і надзеі.
Канешне, з часу заканчэння знакамітага Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства яго творчасць змянялася і тэматычна, асабліва ў паслярэвалюцыйныя гады савецкай улады, і стылістычна. Жывапісец пісаў і пейзажныя “мемарыяльныя” рэчы, звязаныя з месцамі жыцця і дзейнасці У.Леніна, А.Пушкіна, Л.Талстога і П.Чайкоўскага. Ствараў і індустрыяльныя пейзажы, і нават пару фігуратыўных карцін пра Вялікую Айчынную вайну, пра якія сёння мала хто ведае. Строга кажучы, нават такія “ідэйна-тэматычныя палотны”, як, магчыма, ні стараўся мастак (такі быў час), ніяк не змаглі ўпісацца ў канцэпцыю метаду сацрэалізму. Для гэтага ў Бялыніцкага-Бірулі, у адрозненне ад многіх яго ардэнаносных калег, не хапіла “канфармісцкага таленту”. Бо мастакоўская душа менавіта ў сферы лірычнага пейзажа па сваёй дабрыні, шчырасці, чалавечнасці заставалася нязменнай на працягу ўсяго жыцця творцы. У сваіх мемуарах “З запісак мастака”, надрукаваных пасля смерці аўтара ў 1958 годзе, Бялыніцкі-Біруля пісаў: “У аснове талента пейзажыста заўсёды ляжыць сардэчная любоў да прыроды. Зразумець, адчуць прыроду, здолець падслухаць яе гаворку не ўсім дадзена... Прырода будзіць у чалавеку розныя па сваім характары пачуцці і перажыванні. Розны стан захаплення ў жыцці яе па-рознаму адгукаюцца ў душы”.
БОНУСЫ АД СТАЛІНА?
Мне прыходзілася не аднойчы чытаць у СМІ і кніжках розныя цікавыя версіі наведвання Сталіным нейкай мастацкай выставы (яе назва таксама падаецца па-рознаму) у другой палове 1930-х, дзе правадыру быццам бы вельмі спадабаўся пейзаж Бялыніцкага-Бірулі “Горы. Радзіма Іосіфа Сталіна”. І, маўляў, менавіта з таго часу на мастака пасыпаліся розныя ўзнагароды.
Вось адна з версій, у якую я сам раней верыў. Ці хацеў верыць. Іосіф Вісарыёнавіч павольна праходзіў па залах, нідзе не затрымліваючыся. І раптам спыніўся ля пейзажа Вітольда Каэтанавіча, які адлюстроўваў грузінскі горад Горы — радзіму Сталіна. Правадыр доўга моўчкі глядзеў на палатно. Арганізатары выставы і кіраўнікі Саюза мастакоў, якія суправаджалі высокіх гасцей, вельмі захваляваліся. Многіх праняў халодны пот: што зараз будзе? Але Сталін неспадзявана ўсміхнуўся і коратка кінуў: “Вельмі падобна...” Усе з палёгкай уздыхнулі: абышлося!.. І ўжо хутка падпісаў Указ аб прысваенні Бялыніцкаму-Бірулю звання заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР. І яшчэ кажуць, што праз некалькі гадоў, ужо пасля вайны, Сталіну прынеслі спіс творчых дзеячаў на зацвярджэнне іх у розных ганаровых званнях. І быццам бы правадыр у пераліку імёнаў адразу адзначыў імя Вітольда Каэтанавіча: “А-а-а, акын месца нараджэння таварыша Сталіна?! У яго, бадай, дастаткова заслуг перад савецкай культурай...” — і з гэтымі словамі падпісаў прадстаўленне аб прысваенні нашаму земляку звання народнага мастака РСФСР.
Барыс КРЭПАК, заслужаны дзеяч мастацтваў
Беларусі