(Працяг. Пачатак у № 31.)
Аўтобус едзе па палацавай частцы горада, побач — Цвінгер. Аглядавая пляцоўка — на беразе Эльбы. І зноўку адкрываецца незабыўная “двухбярэжная” панарама прыгажосці, ансамблевай завершанасці і велічы. Старая частка горада, “галоўная”, невялікая. Палацавы комплекс, пры ўсёй ягонай параўнальнай мініяцюрнасці, — неверагодна ўрачысты. Я бачыў Версаль, палацы Вены, іншыя еўрапейскія “цвінгеры”, ды дрэздэнскі па шчыльнасці і рацыянальнасці архітэктурнай раскошы “на квадратны метр” не мае сабе роўных. І ўражвае сучаснага чалавека. За агульную схему ансамбля была ўзята самая рацыянальная і зразумелая чалавеку пасля круга геаметрычная фігура — чатырохвугольнік. Але дзіўныя выгіны фасадаў двухпавярховых галерэй па яго перыметры і фігурных клумб унутранай прасторы саду гэтага “двара”, яго ніжні ўзровень — грот, фантаны, скульптуры элінскага стылю, — чалавечы талент ператварыў прастату схемы ва ўрачыстасць архітэктуры. Менавіта гэты комплекс “стоял перед взором” Пятра І, калі ён, амаль праз сто гадоў, будаваў свае пецярбургскія ансамблі. Мо таму і не ўспрымаюцца як накатаныя словы экскурсаводаў: “Хто не бачыў Цвінгера і “Сіксцінскай Мадонны”, той у Дрэздэне не быў”. Гэта — праўда.
Па-каралеўску
…Сын курфюрста Аўгуста Моцнага, пачынальніка Дрэздэнскай галерэі, Аўгуст ІІІ, страсны калекцыянер жывапісу, сабраў больш за тры тысячы карцін і зрабіў з кунсткамеры бацькі, захавальнікам якой быў прыдворны мастак Лукас Кранах, знакамітую галерэю “Старыя майстры”. Калі Цвінгер пабудавалі, курфюрст загадаў перанесці яе туды. У хуткім часе яна атрымала назву Дрэздэнскай. Усё пачыналася з кунсткамеры. Яна “збіралася” з 1560 года і была забавай уладара. Бы ў крамцы старызніка, усё тут было незвычайным і адметным, пачынаючы ад сценабітных машын і заканчваючы рогам адзінарога і чарапахавым яйкам неверагоднай велічыні. Былі і карціны. Няшмат. Адна з іх — “першая Марыя” будучай Дрэздэнскай галерэі. Гаворка — пра “Маці Божую з немаўлём” Альбрэхта Дзюрэра. Асновы знакамітай галерэі былі закладзены ў 1722 годзе, калі з кунсткамеры ў будынак, што меў назву “Канюшні”, перадалі 284 карціны. Праз дваццаць гадоў іх стала ўжо дзве тысячы, а ўсіх, разам з захаванымі ў замках Аўгуста, — каля чатырох тысяч. Як вызначылі спецыялісты таго часу: “3110 карцін — каштоўныя, 1598 — менш каштоўныя”. Ранні росквіт галерэі, канешне ж, прыпаў на часы праўлення Аўгуста ІІІ.
Як прадаць “Мадонну Сан-Сіста”?
Адзін з галоўных, па маім разуменні, эпізодаў у гісторыі “Старых майстроў”.
…Да 1754 года манастыр у невялікім італьянскім гарадку П’ячэнцэ апынуўся ў пазыковай яме. “Зношаныя” манахі звярнуліся да Папы па дазвол на продаж “Мадонны Сан-Сіста” (так тады называлася “Сіксцінская Мадонна”) і — атрымалі такую паперу. Гэтай здзелкай з карціннай галерэяй Дрэздэна манастыр на доўгі час вырашыў свае фінансавыя справы. А горад і галерэя атрымалі карціну “на ўсе часы”. Цяпер у Цвінгеры, акрамя “Старых майстроў”, працуюць яшчэ некалькі музеяў. Тут месціцца адна з найлепшых у свеце калекцый парцэляны. Дрэздэн — яе радзіма, а сакрэт некалі адкрыў алхімік Бётгер.
У Майсене, у замку Альбрэхтсбург, была пабудавана першая на кантыненце парцэлярная мануфактура. Яе вырабы, а таксама найрэдкія экспанаты з Усходу і Азіі, Кітая і Японіі, уражваюць наведвальнікаў… Жывая праўдзівая гісторыя пра тое, як Аўгуст аддаў Фрыдрыху Вялікаму некалькі майсенскіх ваз, атрымаўшы ўзамен шэсцьсот драгунаў. Вазы тыя і сёння маюць найменне драгунскіх. А тут жа ёсць і асобны павільён майсенскіх званочкаў… Музей вымяральных прыбораў. Салон фізікі і матэматыкі, унікальны збор старадаўніх прадметаў, глобусаў зямлі і неба, калекцыя гадзіннікаў… Музей зброі і першы меч, што выкаваны ў Дрэздэне ў 1425 годзе, турнірнае абмундзіраванне саксонскіх князёў, раскошныя латы курфюрста…
Усё гэта цікава, але наперадзе чакала Дрэздэнская карцінная галерэя. Яе назва — “Старыя майстры” — больш чым натуральная: апроч шэдэўра № 1, улюбёнай мільёнамі “Сіксцінскай Мадонны”, тут захоўваюцца работы Рэмбранта, Рубенса, Ван Дэйка, Веранэзэ, Ціцыяна, Карэджа, Джардонэ, Цінтарэта, Дэга, Эдуарда Манэ, Клода Манэ, Ван Гога, Дзюрэра, “малых” галандцаў…
Пабачыўшы карціны Дрэздэнскай галерэі, бібліятэкар Вікельман, заснавальнік нямецкай навукі пра мастацтва, сказаў: “Убачыць — можна, апісаць — не!” Як тут не пагадзіцца? А вось і думка Гётэ: “Дрэздэнская галерэя — вечная крыніца праўдзівых ведаў для юнацтва, як умацаванне пачуццяў і сапраўдных асноў для дарослага, і для кожнага, нават выпадковага, наведвальніка, як аздараўленне, паколькі ўздзейнічае яно не толькі на пасвячоных”. Тут і жыве тая, дзякуючы якой я і наважыўся на эсэ.
Хвала табе, Фарнарына!
Быў такі час у маім жыцці, калі я выкладаў курс “Эстэтычнае выхаванне” ў прафтэхвучылішчы, дзе рыхтавалі кваліфікаваных рабочых для мясакамбінатаў Беларусі. У той шматгадовы перыяд маёй біяграфіі я часта прыгадваў Энгельса, які сказаў, што ўспрымаць мастацтва можа толькі эстэтычна адукаваны чалавек. Мае ж вучні былі вельмі далёкія ад названай сферы. Аднак калі я выставіў перад імі дзесяць рэпрадукцый з выявамі лепшых твораў, дзе адлюстраваны жанчыны (а там былі і Венера, і Незнаёмка, і Наталі Ганчарова, і асляпляльная аголеная сялянка Пластова, што купае дзіця, і жанчыны Рэнуара), і аб’явіў конкурс на права прадстаўляць Зямлю на канферэнцыі народаў Сусвету, — ніводнага промаху! Усе трыццаць дзве рукі класа падняліся за “Сіксцінскую Мадонну”. І гэта “рукі”, якія пад дыктоўку запісвалі “типография Пушкина” замест “биография Пушкина”… Як жа гэтыя дзеці беспамылкова вызначылі ў творы Рафаэля сутнасць зямнога чалавецтва? Мусіць, толькі такім поглядам можна патрапіць у сутнасць.
Вядома ж, ісціна гаворыць вуснамі немаўляці. Але для таго, каб сказацца, патрэбна з’явіцца. Рафаэль быў выбраны знайсці і ўвачавідкі паказаць нам гэтую ісціну. І яе ўспрынялі і Гётэ, і мае вучні. Хто ж стаў мадэллю для карціны-іконы? Хто змог? О, гэта асобная і такая зямная навэла, такая ж простая, як нашыя зямныя жыцці. Тое, што каханыя мастакоў часта становяцца мадэлямі іх “высокіх” карцін і скульптур, — агульнавядома. Але і тут можна сустрэцца з праявамі, якія прымаюцца за містыку.
Для палатна Рубенса “Наведванне святой Лізаветы” мадэллю Маці Божай была яго першая жонка Ізабэла. А містыка ў тым, што праз дваццаць гадоў другой жонкай мастака стала Алена, якая была, бы клон, калі казаць па-сучаснаму, падобная на Ізабэлу — “Маці Божую”… І яна таксама стала “абліччам” ідэала. І тут жа аналогія: Рафаэль таксама ўбачыў у сваёй каханай Марыю. Чаму здзіўляцца, калі зразумела: мастак для таго і прыходзіць у свет, каб давесці ўпартаму чалавецтву, што цела — гэта не мяса, чалавечая прыгажосць — не біялагічны інстынкт, а чалавекам, калі ён ім з’яўляецца, неаспрэчна кіруе дух, што перамагае плоць.
Дык вось, ён сустрэў яе, шпацыруючы ў парку, адпачываючы пасля доўгай працы ў майстэрні, абдумваючы новую сур’ёзную замову. Насустрач ішла… Рафаэль ведаў шмат жанчын, але ўпершыню ўбачыў багіню, якая толькі што выйшла з мора на зямны бераг. Людзі і ў ХХІ стагоддзі не ведаюць нічога, хутчэйшага за святло. Як толькі погляд мастака адлюстраваў гэтую дзяўчыну ў свядомасці, як толькі яна перадала гэты “сігнал” у душу, — Рафаэль, “хутчэй за святло”, закахаўся ў яе назаўсёды. І гэтак жа імгненна яго ахапілі два палкія жаданні: валодаць і намаляваць. Не: намаляваць і пакахаць… Не! Ён і сам не ўсведамляў, што — перш за ўсё. Хутчэй — усё разам. Адначасова. Ён закахаўся. Ён пакахаў. Мусіць, таму яна, такая, і глядзіць на нас праз стагоддзі. Багіня і жанчына… Яна была дачкой булачніка, ёй было шаснаццаць, яе звалі Фарнарына і… у яе ўжо быў жаніх. Гэта толькі шляхі Госпада нявызнаны, а зямныя ёсць зямныя. За вялікія грошы Рафаэль атрымаў згоду сям’і і жаніха, і Фарнарына стала яму пазіраваць: ён ужо ведаў, каго намалюе на замоўленай карціне. І, канешне ж, яна стала яго каханай… І таму такой цнатліва-чыстай, якой ён хацеў яе пабачыць, яна сёння паўстае перад намі. Такімі ён хацеў бачыць жанчын свету, цвёрда ведаючы, што яны — ягонае выратаванне. Легенды таму і з’яўляюцца легендамі, што не заўжды і не ва ўсім праўдзівыя, але — дакладна — велічныя і ўзнёслыя. Гонар і слава абаім: натхняльніцы і сапраўднаму мужчыну. Як шмат гэтая легенда дадае да істоты генія, ператвараючы яго Боскае прызначэнне і ў прызначэнне зямное. Геній быў мужчынам. А Мадонна, да пераўтварэння ў багіню, — прыгожай і моцнай жанчынай.
На сонцы няма плям, кажа народ. Ёсць. Але, у параўнанні з сонцам, — невялікія, як кажуць астраномы. Нам няма справы да таго, якой Фарнарына была ў жыцці, калі яе сустрэў мастак з маленькага гарадка Урбіна. Прыгажосць жыве ў вачах каханага, сказалі англічане, і “трапілі” ў Рафаэля і Мадонну. Яна ачышчае нас крынічнай свежасцю душы і цела, і гэтым сама жыве 557-ы год, кожны з якіх — уваскрашэнне. Яна жыве, адначасова, як “нябесная і зямная грамадзянка”. Мару Гогаля аб адзінстве ў чалавеку нябеснага і зямнога за трыста гадоў да яго нараджэння ажыццявіў Рафаэль. І Пушкіна натхнілі на яго славутую “Мадонну” Творца і Жанчына. Памятаеце:
Тебя мне ниспослал,
тебя, моя Мадонна,
Чистейшей прелести
чистейший образец.
Мадонна
Калі перакласці назву Дрэздэнскай галерэі на мову, зразумелую наведвальнікам сучасных дыскатэк, то гэта будзе сховішча самага вялікага залатога запасу зямлі.
Карціны тут вісяць у два і тры паверхі. Іх шмат, яны шэдэўры, але іх не стамляешся глядзець. “Мадонна” на сваёй сцяне выглядае так, быццам прысутнічаеш на выстаўцы адной карціны. Ніхто не замінае ні ёй, ні табе. Падаецца, што яна гаворыць з табой адным. Хто яе замовіў мастаку? Чаму ён яе напісаў? Да сёння дакладна невядома. Прынята лічыць, што тое быў заказ манахаў бенедыкцінскага манастыра Святога Сікста ў П’ячэнцэ. Хочацца спытаць у тых, хто так лічыць: чаму ж знакаміты Рафаэль, з галавой завалены замовамі каралёў, кардыналаў і знатнага панства, па-за чаргой узяўся за Мадонну для манахаў-правінцыялаў, прычым упершыню пісаў яе сам, без памочнікаў? І ўвогуле, ці для гэтага паклікаў яго Папа ў Ватыкан? Або — каб проста распісаць тамтэйшыя залы?
Частка мастацтвазнаўцаў мяркуюць, што “Мадонна” напісана на замову родных Папы Юлія ІІ для ягонага надмагілля. І не без пэўных падстаў лічаць, што твар Сікста на карціне — гэта аблічча Юлія.
(Працяг будзе.)
На здымках:
Агульны выгляд дрэздэнскага Цвінгера.
Выгляд кароны Цвінгера з даху Музея парцэляны.
Зала, дзе цяпер знаходзіцца “Сіксцінская Мадонна”.