(Працяг. Пачатак у №№ 31 — 33.)
Не ведаю, што такое “дынаміка гульні колеравых плям”, “шчыльнасць жывапісу”, “увагнутая кампазіцыя пейзажа”, “падмалёўкі і градацыі”, але ў дадзеным выпадку гэтага і не патрабавалася. Як не патрэбен курс анатоміі, калі ты закахаўся ў жанчыну. Так, мусіць, было і ў яго: Фарнарына — удых, Мадонна — выдых. Зрэшты, ці ён адзін сышоў у мастацтва ад жанчыны і — вярнуўся да яе?
Легіён — такое ім імя. Але паколькі гаворка ідзе пра генія, дык скажам: “малы легіён”. У запіс пра “тэхнічныя” дэталі просіцца і такая, ужо зусім не тэхнічнага кшталту, развага. Гаворачы пра Рафаэля, згадваць пра яго майстэрства — значыць апускацца ніжэй за гэтую размову. Аб ягоным майстэрстве можна гаварыць толькі ў тым сэнсе, як яно выкарыстана: для чаго, што абазначае “прадмет” яго малявання. Пра тое, каб зразумець, ЯК, — не можа быць і гаворкі. (“Калі вы хочаце разбурыць твор мастацтва, паспрабуйце яго патлумачыць”, — сказаў Барыс Пакроўскі.) Добра было б зразумець — ШТО. Калі пашанцуе, дык хоць нейкім чынам наблізімся да разумення.
Карціна сама спрабуе нам дапамагчы… Здагадваешся пра гэта, адчуваючы “канцэнтрычнасць” уражання, што аказваецца на цябе: аблічча… аблічча… аблічча… вочы… вочы… вочы… — на што і колькі б ты ні глядзеў. Яна “дастае” да тваёй душы і ўздымае “на вяршыню” лепшае, што ў табе ёсць. Разам са сваімі “сёстрамі” гэтая карціна рыхтавала прыход на зямлю такога чалавечага адчуваннясвядомасці, якое ў эвалюцыйнай узыходнай можна было б назваць Розумам Захопленым.
Крый Божа пісаць ТАКОЕ розумам. Пачуццё ўратавала для нас мастака і ягонае стварэнне. Вось такія нетэхнічныя дэталі ў “тэхнічным” раздзеле.
У прысутнасці Мадонны
Згадаем і тое, што яна — самая позняя карціна з цыкла мадоннаў “Боскага Санцыо”, як называлі мастака землякі. Ён быў архітэктарам і манументалістам, майстрам партрэта і дэкаратарам, але праславіўся як стваральнік “мадоннаў”.
Першай стала невялічкая “Мадонна Канстабіле”. У сферы карціны — паўсфера прасторы, а ў ім — натуральнае адзінства адухоўленых форм, што “кругляцца”. Міжволі прыгадаеш куды больш “юную” рублёўскую “Троіцу” і апошнюю Вялікую Мадонну таго ж Рафаэля “ўнутры” накідкішаліка-прасторы, што літаральна абвалакваюць. Першую сваю мадонну ён пісаў у юнацтве, і яна, таксама юная, на стагоддзі стала выражэн нем гэтай пары жыцця чалавека і чалавецтва. Пісаў юнак, але ўжо тады — геній. Яшчэ адна жанчына гэтага ж шэрагу — “Мадонна са шчыглянём” — спыняе нас і выклікае пачуцці, што дасягаюць найвышэйшага пункта пры сустрэчы з “Сіксцінскай Мадоннай”, якая маладзейшая за сваю юную канстабіленскую сястру на пятнаццаць гадоў.
Як жа добра, што першае дзіця Рафаэля жыве ў Эрмітажы, і мы можам таксама пабачыць гэтае амаль мініяцюрнае тонда, устаўленае ў масіўную залатую раму, бы каштоўны зіхоткі камень у багатую аправу. Яна адкрывае парад рафаэлеўскіх мадоннаў, які ў спакойнай велічы сваёй місіі завяршае, як сказаў Гейнэ, “першая карціна зямлі” — “Сіксцінская Мадонна”. Рафаэль пісаў яе ў пярэдадзень свайго трыццацігоддзя. Факты супастаўляюцца самі, мімаволі.
Тры імені часоў Высокага Рэнесанса — Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль. Тры асобы, што найбольш ярка выразілі сутнасць гэтага кароткага — усяго трыццаць гадоў, — але такога сонечнага перыяду зямной культуры, галоўныя рысы якога — інтэлект, гармонія, магутнасць. Нават сучаснікі ўспрымалі гэтых трох мастакоў як паўбагоў. (Такой адоранасці і сілы духу, фантастычнай працаздольнасці, такіх адносін да свету і жанчыны, прасвятлення і пранікнення ў таямніцы чалавечага быцця… Ці толькі Зямля была ім Радзімай? Мусіць, і Неба…)
Калі першы ўраўнаважыў у сабе генія, другі быў апантаны гэтым цяжкім дарам, дык у трэцім — чалавек “перамагае” генія, і гэта стала перамогай яго мастацтва. Ён падарыў свету самыя цёплыя карціны Зямлі, і сярод іх — “Сіксцінская Мадонна”. Пер шыя двое “іншапланецян” дажылі да глыбокай старасці, і не ўсе свае пачынанні д а в я л і да канца. Рафаэль жа, які памёр у 37 “пушкінскіх” гадоў, ажыццявіў амаль усё, што быў распачаў. (Няўжо так: калі Боская надзея табой апраўдалася, дык і выжыў ты свой тэрмін? Дакранаючыся да вялікага, яшчэ і не такое перадумаеш…) І як добра, што нічый пэндзаль, апроч Рафаэлевага, не кранаў палатна “Сіксцінскай Мадонны”. (Штрых: тады пісалі на дошках. “Сіксцінская…” напісана на палатне. Чаму? Хто ведае… Мо ўжо тады прадбачанне сказала яму, што праз пяць стагоддзяў у сырых штольнях і шахтах першымі пакрыюцца цвіллю карціны, напісаныя на дошках…)
Да таго часу ён ужо рэдка сам маляваў усю карціну. Пасля таго, калі станавілася зразумела, чаго і як хоча майстар, яе дапісвалі вучні. Рафаэль мог пасля іх нешта паправіць. “Мадонну” ж нарадзіў толькі ягоны пэндзаль. Гэтая карціна адразу стала для мастака улюбёнай, каханай. Дзяліць яе з кімсьці было б святатацтвам.
Мне падаецца, што ў час працы над гэтай карцінай Рафаэль часта прыпыняўся, быццам прыслухоўваючыся да чагосьці. Гэта быў голас ягонага сэрца. Ён і вызначыў тое, што мы сёння называем стварэннем генія, якое сімвалізуе майстэрства ўвогуле. І што такое мастацтва, як не трансфармацыя “немагчымых” пачуццяў у музыку, слова, карціну? Не здзейсніўшы гэты пераход, творца, чалавек, народжаны для мастацтва, — загіне, не вызваліўшыся ад пачуццёвай крытычнай масы. Загіне ён, па меншай меры, як мастак.
Рафаэль, — я амаль ведаю гэта, — верыў у бязмежныя магчымасці захаплення, закладзеныя ў нас Небам. Пасля кахання захапленне — самае чалавечае пачуццё, і гэтак жа, як і каханне, стваральнае…
Любая з’ява становіцца сабой толькі ў параўнанні з падобнай. Веліч “Сіксцінскай Мадонны”, яе спакойнае першынство становіцца відавочным, калі прадставіць сябе наведвальнікам няіснага музея незлічоных мадоннаў, напісаных у эпоху Адраджэння. Яна, каханая Рафаэля, бліжэйшая і больш зразумелая нам: яна з нашага жыцця. Час Рафаэля, Высокі Рэнесанс, — гэта час, калі мерай усіх рэчаў у мастацтве (што так цяжка ажыццяўляецца ў жыцці) становіцца чалавек. І зусім не проста так вы адчуваеце ў ягонай Мадонне абсалютна зямную жанчыну. У яе крывяносных сасудах, як і ў нашых, цячэ чырвоная кроў.
Праўда і тое, што попыт на мадоннаў сёння страціўся. Мо і так, але кошт усё той жа — бясцэнныя! Як у мастацтве, так і ў жыцці. Дарэчы, задайце мне і галоўнае пытанне: чаму з’явілася “Сіксцінская Мадонна”? Замова? Слава? Грошы? Зайздрасць? Не-е! Каханне і Захапленне. Толькі яны.
Найвышэйшая праява гэтага дыялога са знешнім светам, які сканцэнтраваўся для яго ў гэтай дзяўчыне, — захапленне і каханне. Можа, ён упершыню і адзіны раз так поўна пісаў “сябе” — свой свет. А тое, што паказана нам, як можа выглядаць каханая жанчына і — Багіня, дык тое — ужо “ў дадатак”.
М а г ч ы м а , знаходзячыся ў полі прыцягнення Мадонны цягам доўгага часу працы над гэтымі нататкамі, я стаў “лёгкай” ахвярай надзеі, мары і містыкі, ды мне падалося, паверылася, што калі ёсць на зямлі “цудоўныя месцы”, пэўныя кропкі адліку, адкуль людзі могуць пачаць шлях да ўсёчалавечага адзінства, то адна з іх — гэта некалькі квадратных метраў у зале Дрэздэнскай галерэі перад “Сіксцінскай Мадоннай”.
Рафаэль з Урбіна
Мастак ідэальных твораў, ён не быў чалавекам з ідэальным характарам, як можа было б меркаваць, знаёмячыся з ягонымі палотнамі. Часцяком учынкі яго не былі лагічнымі, ды і не апраўданымі. Побыт з’яўляўся толькі фонам ягонага жыцця.
Пра характар яго сабрата Мікеланджэла сведчыць вядомы выпадак, калі ён, працуючы над роспісам купала Сіксцінскай капэлы па замове Папы Юлія ІІ, забараніў усім заходзіць у капэлу. Гадзінамі лежачы на памосце на вялікай вышыні, ён ствараў геніяльную фрэску, якая і сёння выклікае здзіўленне і захапленне.
Папа вырашыў, што забарона на наведванне не распаўсюджваецца на яго, і накіраваўся паглядзець, як ідзе праца. Ледзь ён пераступіў парог капэлы, як пачуў грубую лаянку, а побач з ім упала дошка, скінутая з вышыні Мікеланджэла. “Ты звар’яцеў?! — крыкнуў Юлій ІІ. — Гэта ж я!” “Ідзіце адсюль, Ваша Праасвяшчэнства, пакуль я вас не забіў!” — закрычаў мастак. І Пантыфік вымушаны быў паспешліва знікнуць. Калі ж Рафаэль, выконваючы папскую замову, маляваў ягоны партрэт, той панура — характар жа таксама — не цукар! — адмовіўся прыняць позу, патрэбную мастаку: маўляў, і так намалюе. Рафаэль толькі паглядзеў на ўладара паўсвету… І што гэта быў за погляд, калі “жалезны” Папа, прамовіўшы: “Ну, ну… Калі ты лічыш…”, — сеў так, як прасіў яго Рафаэль. Але асобу Рафаэля ўраўнаважвала старонняе неразуменне. Ён апраўдваў сабой любыя праявы парадаксальных паводзін. Ён, падавалася б, звяраў і падпарадкоўваў не толькі ўчынкі, але і жыццё сваё з нейкім толькі яму вядомым законам быцця. Быццам судзіў яго толькі Божы суд (зноўку Пушкін…), даверыўшы яму залаты пэндзаль.
…Рафаэль нарадзіўся ў 1483 годзе. Тры месцы ў Італіі былі ягонымі творчымі універсітэтамі: Рым, дзе ён вучыўся ў Перуджына, Фларэнцыя з вялікімі настаўнікамі Мікеланджэла і Леанарда да Вінчы і Ватыкан, у якім яму спрыяў сам Папа. Энергічны і неўтаймаваны, горды і незалежны характар Рафаэля, высокая і таямнічая прыналежнасць да пасвячоных, пра якую ён сам мог толькі цьмяна здагадвацца, дазволілі яму вырвацца з цэхавай традыцыі мастакоў-рамеснікаў, што нівелявала здольнасці членаў гільдыі. Рафаэль быў пасланнікам. А як інакш магла нарадзіцца “нечуванай прастаты” “Сіксцінская Мадонна”?! Тут для хаця б нейкага тлумачэння падыходзіць думка Мікеланджэла: мастак, што б ён ні маляваў, “выяўляе больш сябе самога, чым прадмет, які ўзнаўляе”.
Гэтую карціну называюць марай Рэнесанса. Рафаэлю, калі ён яе намаляваў, ішоў трыццаты год, а ён ужо быў “адной з трох вяршыняў Высокага Адраджэння”.
Наватар! О, наватар! Ах, наватар! Что новага можна было “прыдумаць”, калі ты літаральна акружаны геніямі? Новае можна толькі адчуць! Таму ён і стаў Рафаэлем, што пісаў пачуццём, а не розумам. Ён любіў тое, што маляваў. І калі, хаця б для аматарскага разумення творчага “базісу”, параўноўваць Рафаэля з кімсьці, то для большай уцямнасці мне хочацца, не проціпастаўляючы, супаставіць яго з Рэмбрантам, чые карціны жывуць у прыцемках. Творы ж Рафаэлевы — пры залатым святле дня, і самі выпраменьваюць святло. І — з Леанарда да Вінчы: “Джаконда” апошняга — загадка не толькі ва ўсмешцы, але і ў “прыцемках” за спінай жанчыны… У нашай жа “Мадонны” — яшчэ і ў цёплым святле за плячыма…
(Заканчэнне будзе.)