Напярэдадні ўрачыстасцей карэспандэнт "К" сустрэўся з настаяцелем храма, старшынёй Каардынацыйнага савета знешніх сувязей Беларускага Экзархату, протаіерэем Фёдарам ПОЎНЫМ, каб даведацца аб падрабязнасцях падзеі і гісторыі храма. Між іншым, айцец Фёдар, які ў свой час скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральнамастацкі інстытут, з'яўляецца аўтарам канцэпцыі крыпты і адным з архітэктараў усяго велічнага збудавання разам з Львом Пагарэлавым.
- Урачыстае асвячэнне закладнога каменю храма, у якім прымаў удзел Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ, адбылося 4 ліпеня 1991-га - пад час яго першага афіцыйнага візіту ў Беларусь. А праз пяць гадоў пры ўдзеле Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта была закладзена капсула з памятнай граматай у аснову падмурка храма-помніка.
А ў верасні 2006-га адбылося асвячэнне трох званоў храма. Найвялікшы з іх быў перададзены храму ў якасці падарунка ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Два астатнія - дар Патрыярха Алексія ІІ і Мітрапаліта Філарэта.
- Для мемарыяла, дзе будуць пахаваны астанкі беларускіх герояў, было абрана менавіта падземнае памяшканне...
- Традыцыя пахаванняў пад храмамі, у крыпце, сягае сваімі каранямі ў глыбокую даўніну і прасочваецца ўжо з першых часоў хрысціянства. У той час, калі адбываліся ганенні на Царкву, свяшчэнныя набажэнствы праходзілі ў пячорах, там жа адбываліся і пахаванні, у тым ліку - першых пакутнікаў за веру. Паводле нашай задумы, крыпта не павінна сімвалізаваць жалобу, змрочны стан душы. Хутчэй, наадварот: чалавек, увайшоўшы сюды, можа спрычыніцца да мінулага нашага краю і пры гэтым не адчуваць прыгнечанасці. -
Крыпта мусіць стаць сакральным месцам літаральна для ўсяго беларускага народа. За кошт чаго атрымалася гэта ажыццявіць?
- Мы імкнуліся максімальна насыціць сімваламі і артэфактамі ўсю гэтую прастору. Пры распрацоўцы ідэі былі вылучаны тры асноўныя акцэнты. Акрамя пахаванняў воінаў, выбітных дзеячаў беларускага краю, у нішах крыпты, аздобленых оніксам, будуць захоўвацца хрустальныя сасуды з зямлёй, прывезенай з месцаў гістарычных бітваў і значных падзей, звязаных з нашым народам. Усяго прадугледжана запоўніць 504 такія нішы. У цэнтры ж памяшкання размясцілася нязгасная лампада, у якой будзе пастаянна гарэць агонь, прывезены ад Труны Гасподняй. Ад яе кожны зможа запаліць свечку ў памяць і пра свой род. Такім чынам даецца магчымасць чалавечай душы, так бы мовіць, адчуць неба, дакрануцца да вечнасці. Гэта сімвал вечнага агню, што напаўняецца трохі іншым сэнсавым зместам: мы не проста ўшаноўваем памяць продкаў, але і звязваем сваю асабістую памяць з усяленскай, напаўняем нашу памяць малітоўным зместам.
Сімвалічна і тое, што кожны год, а 4-й гадзіне раніцы, 22 чэрвеня, у крыпце будзе адбывацца Літургія - малітоўнае памінанне ўсіх, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, як памяць пра пачатак вайны. Гэтак сама, як і 9 мая.
Зрэшты, крыпта - гэта не толькі вобразы і сімвалы, але і гістарычныя старонкі мінуўшчыны: пахаванні рэальных людзей, зямля з палітых крывёю пакутнікаў месцаў... Менавіта гэта і павінна спрыяць, вучыць цаніць сваю гісторыю, правільна арыентавацца ў сённяшнім дні і бачыць правільны шлях у будучыню.
Да таго ж, у нас будзе прадстаўлена не проста зямля, але і інфармацыя пра яе і пра тое, якое дачыненне да яе маюць беларусы. Ужо збіраецца матэрыял для архіва. Іншая справа - для таго, каб ён стаў паўнавартасным, неабходны прафесійны падрыхтоўчы перыяд, бо ўсё ствараецца літаральна з нуля. Тым не менш, мы ўжо маем прозвішчы ўсіх, хто загінуў у канцлагеры пад Мюнхенам у Дахау, шэраг іншых фактаў.
Самае галоўнае - сабраць у гэтым месцы ўсю гістарычную памяць, звязаную з нашай краінай. І гэта не проста прыгожая ідэя. Наша задача - у тым, каб дапамагчы аб'ектыўна адлюстроўваць старонкі айчыннай гісторыі: ці то гэта будуць Асвенцым, Трасцянец, Курапаты, ці то Няміга, Грунвальд. Таму не адмаўляемся і ад дапамогі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрстваў абароны, культуры, адукацыі нашай краіны: працуем разам і імкнёмся знайсці тыя мадэлі ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва, якія прынеслі б у выніку максімальны эфект.
- Цяпер у крыпце будуць пахаваны тры невядомыя ўдзельнікі буйных войнаў апошніх двух стагоддзяў: 1812 года, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай. Ці мяркуецца перапахаваць у гэтым месцы астанкі канкрэтных гістарычных постацей?
- Канкрэтыкі хапае і цяпер. Ідэнтыфікацыю і аналіз астанкаў загінулых воінаў праводзіў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Ды і самі знаходкі адлюстроўваюць розныя рэгіёны Беларусі. Так, у раёне Віцебска былі знойдзены рэшткі ўдзельніка вайны 1812 года, пад Гродна - Першай сусветнай, а каля Лоева, на месцы фарсіравання Дняпра,- Вялікай Айчыннай вайны.
Што да гістарычных асоб, то ўжо прапрацоўваецца пытанне па вяртанні з Ялты астанкаў класіка нашай літаратуры Максіма Багдановіча. Чаму б не падумаць і пра князёў Слуцкіх - Алелькавічаў? Таксама, магчыма, у крыпце насупраць месца пахаванняў будуць прадстаўлены часцінкі мошчаў беларускіх святых. Гэткім чынам крыпта дае магчымасць рэальна зразумець і асэнсаваць, адказаць на пытанне, хто мы ёсць... Адначасова і архітэктурнае напаўненне міжволі прыводзіць нас да 2000-гадовай гісторыі Царквы, а таксама мінуўшчыны нашай зямлі.
- Але, каб гэта зразумець кожнаму, відаць, не дастаткова проста завітаць у крыпту - неабходны індывідуальны падыход да чалавека рознага ўзросту, падрыхтоўкі. Ці стане мемарыял своеасаблівым цэнтрам асветы?
- Бясспрэчна: у бліжэйшай перспектыве разглядаецца магчымасць працы з турыстычнымі групамі. Нашы экскурсаводы як у крыпце, так і ў выставачнай зале, музейнай экспазіцыі мусяць даступна данесці да кожнага цэласную і аб'ектыўную інфармацыю, растлумачыць тыя або іншыя гістарычныя факты, у выніку чаго наша грамадства, і найперш - моладзь, павінна яшчэ раз пераканацца ў тым, што мы маем багатую гісторыю. Такім чынам адбываецца фарміраванне духоўнага стрыжня нацыі, нацыянальнай ідэі, гістарычнай памяці.
Я не маю права вырашаць за ваенных, але, на маю думку, за гонар павінна лічыцца прыняцце прысягі ў такім месцы або атрымання тут афіцэрскіх пагонаў. Тады воін, які становіцца на абарону сваёй Айчыны, разумее, дзеля чаго ён служыць сёння, а таксама бачыць і асэнсоўвае, што знаходзіцца за яго плячыма і да чаго гэта абавязвае.
Задумак - вельмі шмат, і якія з іх рэалізуюцца, вядома, пакажа час. Але відавочна, што крыпта можа стаць месцам Гонару, Доблесці і Славы.
- Трапляючы ў крыпту, нельга не адзначыць яе адметную стылістыку. Што дазволіла з падземнага памяшкання зрабіць такі ўрачысты мемарыяльны комплекс?
- Праектаванне крыпты было зроблена за два гады, і ўсяго сем месяцаў у нас было на рэалізацыю ідэі. Усё было прадумана да дробязей. Так, толькі для падбору каменю давялося двойчы наведаць Верону. Нельга не адзначыць і беларускіх майстроў, якія дапамагалі нам у стварэнні адметнага інтэр'ера.
У крыпце выкарыстоўваецца сем колераў: сем - свяшчэнная лічба. Намі быў падабраны мармур, граніт, кварцыт. У колеравай гаме мы паспрабавалі зрабіць так, каб наша беларуская тэма таксама прысутнічала, у тым ліку праз элементы стылізаванага арнаменту. Што і казаць, нават падлога падкрэслівае веліч інтэр'ера і, у той жа час, абсалютна не перашкаджае агульнаму ўспрыняццю прасторы. У кампазіцыйным спалучэнні люстры павінны быць урачыстымі і нагадваць лампады, а рознакаляровая падсветка цэнтральнай лампады, у сваю чаргу, - ствараць пачуццё іррэальнасці каменю.
- Але не толькі крыпта мае адметнае мастацкае вырашэнне. Наколькі мне вядома, сам храм-помнік у гонар Усіх Святых будзе мець незвычайныя роспісы...
- Сапраўды, сёння рэдка хто звяртаецца да традыцыі размяшчэння выяў святых на знешняй сцяне царквы. Большасць сучасных храмаў усе свае роспісы маюць унутры збудавання. Але, акрамя вонкавых роспісаў, яшчэ адной адметнасцю храма-помніка стануць і шыльдачкі на яго сценах з імёнамі тых, хто загінуў пад час ваенных дзеянняў.
Фота Юрыя ІВАНОВА