Да нашага аркестра далучыліся і іншыя творчыя калектывы: Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы, з якой мы цесна супрацоўнічаем, аркестр і хор Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Канцэрты падобных з'яднаных складаў на адкрытым паветры ладзяцца ў нас не ўпершыню. Але дадзенае выступленне - папраўдзе асаблівае. І перад намі былі пастаўлены разнастайныя задачы: стварэнне гэткай музычнай інтрадукцыі да ўрачыстай дзеі, потым- непасрэдны ўдзел у цырымоніі і на заканчэнне, нарэшце, асобная канцэртная праграма.
Спыніліся мы, вядома, на рускай і заходнееўрапейскай класіцы, уключыўшы ў праграму самыя разнастайныя творы, што адпавядаюць сітуацыі і паводле свайго зместу, і, зразумела, паводле настрою. Безумоўна, немагчыма было абмінуць Урачыстую ўверцюру Чайкоўскага "1812 год". У канцэртную ж праграму ўвайшоў "Урачысты марш" Чайкоўскага, "Волатаўскія вароты" Мусаргскага, фрагменты з кантаты "Аляксандр Неўскі" і оперы "Вайна і мір" Пракоф'ева. Усё гэта - лепшыя старонкі музычнай патрыётыкі і ўрачыстасці, што абуджаюць у слухачоў гонар за гераічнае мінулае. А тое, што ў некаторых творах да гучання аркестравых званоў далучаліся званы новага храма, сталася цудоўным сімвалам узнёслай духоўнасці і духоўнага ж ачышчэння.