Рымскі-Корсакаў — кампазітар вялікі і нават геніяльны. Але яго партытуры ўвасабляюцца на сцэне радзей, чым, напрыклад, творы Чайкоўскага. Прычыны? Оперы-казкі («Снягурка», «Садко», «Залаты пеўнік») патрабуюць багатага выяўленчага шэрагу. Эпічныя палотны («Баярыня Вера Шалога», «Пскавіцянка», «Сказ пра нябачны град Кіцеж...») адлюстроўваюць рускую гісторыю і ментальнасць, а таму цікавыя найперш рускамоўнай публіцы. Варта згадаць і адметную мову, рытміку, складаную для вакалістаў. Таксама сур’ёзная праблема — працягласць опер. Чатыры дзеі, як у «Царскай нявесце», мала хто з сучасных гледачоў здольны вытрымаць. Тэмп жыцця сёння іншы. Тым не менш на нашай сцэне цяпер жывуць чатыры творы кампазітара — «Снягурка» і «Царская», якія сам Рымскі-Корсакаў вельмі любіў, а таксама «Кашчэй Бессмяротны» і «Моцарт і Сальеры».
Падчас падрыхтоўкі «Царскай нявесты» купюры ў партытуры былі нязначныя. Дынамічнасць новай пастаноўкі (тры гадзіны з антрактам) дасягнута тым, што кожная дзея зрабілася карцінай. Іх дзве ў першай палове, дзве ў другой. Дынамічнасці спрыяе і сцэнаграфія Аляксандра Касцючэнкі, прадуманая ды вельмі кампактная. Паваротнае кола змяшчае некалькі фрагментаў інтэр’ера. Акрамя таго, вуліцу побач з царквой, дзе Малюта ды Грозны бачаць Марфу. А яшчэ высокі плот ля дома Сабакіных, дзе Марфа спявае пра «златыя вянцы», а Любаша сустракаецца з Бамеліем.
У гістарычным спектаклі ці не самае цікавае — рэжысёрскае бачанне сюжэта, канфлікту, эпохі. Тут Міхаіл Панджавідзэ выказаўся пэўна: «На сцэне разгортваецца грандыёзная інтрыга, перадзел сфер уплыву паміж прыспешнікамі цара — Лыкавым, Гразным і Малютай. Марфа — сваячка Малюты, і ён, натуральна, хоча ўбачыць яе царыцай, бо здолее яшчэ больш наблізіцца да манарха. Гэта адна лінія. Другая — два маладыя жыцці, скалечаныя ў працэсе кулуарных гульняў». Размах новай пастаноўкі пераконвае: «Царскую» немагчыма ўвасабляць толькі як асабістую драму герояў, якая разгортваецца на гістарычным фоне.
Узаемаадносіны асобы і бяздушнай дзяржаўнай машыны адлюстраваны і ў папярэдніх работах Панджавідзэ. У операх «Набука» і «Тоска», у «Аідзе» і «Турандот». Так, улада, якой не хапае моцы, — нібыта і не ўлада. Але штораз аказваецца: каб захаваць сябе, уладзе трэба знішчыць іншадумцаў або іншаверцаў. Адправіць на пагібель, як у «Набука». Расстраляць, як у оперы «Тоска». Замураваць, як у «Аідзе». Ссекчы галовы, як у «Турандот».
Дзеянне «Царскай» адбываецца ў Маскве, у 1572 годзе. Што робіцца ў свеце? Памірае Жыгімонт Аўгуст, апошні з Ягелонаў. У Парыжы святкуюць вяселле Маргарыты Валуа і Генрыха Наварскага. Услед забіваюць адмірала Каліньі, здараецца Варфаламееўская ноч, у выніку якой зарэзаны, знішчаны, пакараны смерцю амаль 30 тысяч гугенотаў. 1572-гі — час сканчэння апрычніны. У беларусаў свае адносіны да цара Івана IV. Для рускіх ён — Грозны, у нашай гісторыі набыў больш трапнае вызначэнне — Жахлівы. Варта згадаць: у 1562 годзе 80-тысячнае войска на чале з Грозным уварвалася на тэрыторыю сучаснай Беларусі. Полацк, да прыкладу, быў цалкам спалены. У «Царскай» Грозны не мае рэплік, ён з’яўляецца на сцэне двойчы, але яго прысутнасць і ўчынкі мяняюць лёс персанажаў.
У новай версіі оперы эмацыйнае і сэнсавае напружанне ствараецца і музыкай, і драматургіяй. Інтрыгу падмацоўваюць любоўныя трохкутнікі (Любаша — Гразной — Марфа і Гразной — Марфа — Лыкаў). Найбольш яркімі і маштабнымі аказаліся вобразы Гразнога і Любашы.
Опера пачынаецца сцэнай у палатах Гразнога (Станіслаў Трыфанаў). Пасля папойкі спяць упокат яго дружбакі. У знакамітай арыі «Куда ты, удаль прежняя, девалась?» вабіць моцны, прыгожы голас спевака, паўнагучнасць і насычанасць тэмбру. Трыфанаў цікавы і ў камедыйных партыях. Але прырода драматычнага і трагедыйнага выяўляецца ў яго індывідуальнасці больш рэльефна і пераканаўча. У героях Трыфанава заўжды ёсць нервовасць, «расхрыстанасць», стан эмацыйнага «раздраю». Артыст умее перадаць — у спевах, паводзінах, позірку — барацьбу святла і цемры, дабра і зла, пакуты, ваганні, тое, што схавана ў глыбіні душы. Мо ў гэтым крыецца рэдкая сёння здольнасць да пераўвасаблення?
Роля Гразнога прадумана і зроблена дакладна — па мізансцэнах і самаадчуванні. Так, ён нягоднік. Доўгі нож, які Гразной круціць у руках у 1-й сцэне, знойдзе сваіх ахвяр. Ажно дваіх — Лыкава і Любашу. Перад намі будучы забойца. Але ж Гразной нечакана аказваецца і ахвярай уласных пачуццяў. Яны выяўляюцца ў дзікунскай форме, але не перастаюць быць пачуццямі! Марфа (Таццяна Гаўрылава) — прыгажуня. І ўвасабленне свету, які для апрычніка бязмежна далёкі. Свету летуценняў, узнёслай радасці і чуласці. Тое, што акаянец імкнецца да такой асобы, нібы і ўпрыгожвае яго. Але да мэты ён ідзе праз злачынства.
Любаша (Аксана Волкава) — таксама значны і моцны вобраз. Прачытваецца перадгісторыя яе адносін з Гразным. Перад намі прыгожая, статная дзяўчына, у багата аздобленым адзенні. Але сацыяльны статус каханкі няпэўны і хісткі: законнай жонкай яна мо і не стане. Некалі выкрадзеная з дому, дзяўчына адмовілася ад сям’і, бацькоў, роду. Усё забыла — дзеля кахання да Гразнога. Таму назад ёй ходу няма... Калі Любаша спускаецца па лесвіцы, з якой невымоўнай пагардай глядзіць яна на атачэнне Гразнога і яго п’яных сябрукоў! З якой невыказнай тугой гучыць яе арыя «Снаряжай скорей, матушка...»! Акапэльны спеў у оперы — магутны сродак уздзеяння. Вакальна і па мізансцэнах дуэты Гразнога і Любашы пабудаваны тонка, за развіццём іх адносін напружана сочыш. Кантрастуе яе гатоўнасць зрабіць усё, што ён хоча, — і яго глухая туга, немагчымасць наўпрост сказаць, што яна яму больш нецікавая. Гераіня Волкавай — ахвяра Гразнога, але будзе катам Марфы.
Апрычнік і Любаша адпавядаюць адно аднаму: па моцы пачуццяў, тэмпераменту, імкненню не змірыцца, але дасягнуць мэты. У разгорнутай сцэне Любашы з Бамеліем (Аляксандр Жукаў) выразна адлюстроўваюцца барацьба ў яе душы агіды да лекара, рэўнасці, нянавісці, жадання адпомсціць. Нарэшце, гатоўнасці ахвяраваць гонарам, але вярнуць страчанае каханне, у якім сэнс жыцця. Моцны характар! Нездарма дзяўчына кажа Бамелію: «Под пыткой я тебя не выдам». І сапраўды, у фінале яна ратуе лекара ад расправы і смерці.
Лірычныя вобразы Марфы і Лыкава (Віктар Мендзелеў) малююцца пяшчотнымі, далікатна-акварэльнымі фарбамі. Амаль ідылічныя знакамітая арыя пра «златыя вянцы», дуэтныя сцэны з Дуняшай, Іванам, бацькам... Партыя Марфы вакальна складаная, у ёй вельмі высокая тэсітура. У дадатак у гэтым вобразе мала кантрастаў. Тым не менш Гаўрылава стварае сваю гераіню наіўнай і ўзнёслай, нібы і не з гэтага, дзікага, свету.
Успрыманне сапернікаў — Гразнога і Лыкава — будуецца на супастаўленні. Апрычнік далёкі ад ідэалу, але ўпэўнены ў сабе. Ён нахабны і адчувае сябе гаспадаром. Лыкаў, даверлівы і бясхітрасна-летуценны, выглядае падлеткам, якога Гразной не лічыць за годнага праціўніка. Яго не шкада падмануць, прыйшоўшы дружкай на вяселле, не шкада забіць.
Сэнсавы кантраст двух розных светаў падкрэслены і колерам адзення (касцюмы Ніны Гурло). Марфа, Дуняша, жаночы хор, госці на вяселлі апрануты ў светлае. А вось апрычнікі — у чорным, як драпежныя каршакі. Відавочна, што замілаваныя галубкі не ацалеюць сярод змрочнай, бязлітаснай зграі. Ці не галоўным інтрыганам паўстае Малюта Скуратаў (Алег Мельнікаў). У многіх героях спевака, нават калі яны не маюць разгорнутага вакальнага матэрыялу, прысутнічае інфернальны пачатак.
Шмат моцных і выразных мізансцэн у другой палове оперы. На свяце заручын Марфы і Лыкава з’яўляюцца апрычнікі з царскім словам. І аб’яўляюць Марфу нявестай Грознага. Ад нечаканасці і таго, што ў момант руйнуецца жыццё, знішчаны мары, блізка вяселле, дзяўчына ледзь не падае. Ёй млосна. Яна шукае падтрымкі ў блізкіх, бацькі ці жаніха. Але раптам апрычнікі падаюць на калені. Затым Лыкаў, які разумее: ягонае шчасце пайшло дымам і згінула. Затым Гразной, які ўсведамляе: яго намаганні зачараваць Марфу марныя. Яна — будучая царыца! А яны — толькі рабы і чэлядзь...
Самыя моцныя — фінальныя эпізоды і сцэна вар’яцтва Марфы, віртуозна ўвасобленая Гаўрылавай. Нечаканае прызнанне Гразнога (данос на Лыкава лжывы і апрычнік вінаваты ў хваробе царскай абранніцы) справакавана нават не пакутамі гераіні, а яе прарочым сном, які дакладна аднаўляе паслядоўнасць падзей; іх дзяўчына не магла бачыць, але інтуітыўна адчула. Заключная рэпліка «Приди же завтра, Ваня...» звернута нават не да Гразнога, якога Марфа прымае за жаніха, а да цара, які неспадзявана з’яўляецца на падворку. Народ зноў падае на калені і застывае ў здранцвенні…
Новая «Царская нявеста» — не столькі пра сутыкненне азіяцкай і еўрапейскай цывілізацый, колькі пра адлучанасць ад цывілізацыі як такой. Перад намі маштабная, эпічная фрэска з рускага жыцця ХVІ стагоддзя. Яна нараджае розныя пачуцці. Спачуванне героям, уцягнутым проці волі ў вір трагічных падзей. Агіду да гвалту і азіятчыны. Але і адчуванне няспыннага, перманентнага трагізму расійскай гісторыі і рэальнасці. На жаль ці на шчасце, але гісторыя нашай краіны трывала звязана з ёй на працягу не аднаго стагоддзя.