Паводле трапных словаў Марэка Радзівона, даследчыка жыцця і творчасці Станіслава Ігнацыя Віткевіча, «гэта быў чалавек пастаяннага хэпенінгу, чалавек, які сам сябе руйнаваў і кожны раз адраджаўся». Многія захапленні, якія сёння прынята ўважаць сапраўдным мастацтвам, сам мастак лічыў вельмі асабістымі. Віткевіч ніколі не ўспрымаў сябе фатографам, хоць і фатаграфаваў цягам усяго жыцця, а свае эксперыменты не паказваў публічна. Увазе шырокай грамадскасці гэты бок талента жывапісца, драматурга і пісьменніка адкрыўся досыць позна, пасля трагічнай смерці майстра.
На невялікай плошчы малога зала музея было змешчана больш за 30 лепшых (з тых, што захаваліся) фотаздымкаў Віткацы (псеўданім творцы з 1925 года), зробленых ім у першыя тры дзесяцігоддзі жыцця (да cмерці бацькі, які адыгрываў у жыцці майстра вельмі важную ролю), а таксама фатаграфіі перыяду міжваеннага дваццацігоддзя, калі Віткевіч ствараў свае асноўныя літаратурныя, драматургічныя, філасофскія і жывапісныя працы. Зробленыя да 1914 года фотаздымкі — гэта найперш аўтапартрэты, партрэты блізкіх і сяброў.
Фатаграфіі Віткевіча ў цэлым вылучае не толькі наватарскі стыль, але і асаблівы выраз твару мадэляў. Трэба адзначыць: фірмовы кадр пераважнай большасці фотапартрэтаў Віткацы — «close-up» (буйным планам) — выкарыстоўваецца ў кінематографе. У сваёй кароткай лекцыі аб асноўных аспектах творчасці майстра, што папярэднічала адкрыццю выставы, яе куратарка, вядомая польская фатографка і выкладчыца Катажына Сагатоўска звярнула ўвагу на гэтую акалічнасць: «Ніхто тады не здымаў у такім набліжэнні. Сёння гэта робіцца даволі часта, але тады гэта было вельмі незвычайна і нечувана. У сваіх партрэтах ён нібы хацеў захапіць душы, псіхалогію асобы людзей, якія фатаграфуюцца».
Здольнасць разумення метафізічных пачуццяў заўсёды была для Віткевіча паказчыкам чалавечнасці. Праявы гэтых пачуццяў ён, напэўна, і хацеў фіксаваць. Лічыцца, што таямнічая нерухомасць, якая так інтрыгуе ў фатаграфічных партрэтах Віткевіча, мае як мінімум дзве прычыны. Першая — мастацкая: партрэтаваныя, згодна з канцэпцыяй аўтара, былі зняты ў асаблівай сітуацыі — пагружэнне ў сузіранне прасторы. Другая — тэхнічная, суаднесеная з першай: доўгі працэс экспазіцыі святла праз нізкую адчувальнасць негатываў таго часу, што часам стварала цікавы эфект руху вачэй. Аўтапартрэты мастака адлюстроўваюць душэўны стан майстра і, магчыма, вострае адчуванне ім дзівацтва і недасканаласці свету — менавіта ў такія хвіліны ў адзіноце і роспачы ён звяртаўся да фотаапарата.
Лейтматывам выставы, своеасаблівым памежным знакам, які сімвалічна падзяліў прастору залы на два сегменты-перыяды творчасці майстра, выступіў шматкротны партрэт Віткевіча 1916 года — найбольш вядомы з усіх яго фотаздымкаў. Аўтапартрэт уяўляе з сябе пяць вобразаў аднаго і таго ж чалавека ў ваенным мундзіры перад люстэркамі, ён стварае ў гледача зусім галавакружнае, сюррэалістычнае, нейкае неверагоднае ўражанне. «Мы ўсе памятаем, як выглядалі фатаграфіі таго перыяду: постаці былі жорстка зафіксаваны ў сядзячай позе, з рукамі на каленях, твар — амаль анёльскі. А ў гэтым фотаздымку мы бачым адкрытага чалавека з ярка выяўленай індывідуальнасцю. Мы бачым у Віткацы падыходы да фатаграфіі, якая толькі нядаўна пачала развівацца», — так на адкрыцці выставы выказаўся і пра гэтую працу, і пра творчы метад Віткевіча ў цэлым вядомы беларускі даследчык фатаграфіі Юрый Васільеў.
Другая палова экспазіцыі прапанавала гледачам шэраг экспрэсіўных групавых фотакампазіцый з дваццатых-трыццатых гадоў XX стагоддзя — самага напружанага перыяду мастацкага жыцця майстра, калі Віткевіч ажыццяўляў свае мімічныя сесіі і перформансы, а яго сябры прымалі ў іх
удзел, прыстасоўваючыся да ўмоў у прапанаваных ім сітуацыях. Стварэнне так званых паратэатральных формаў, імправізацыя і гульня ў іх з наступнай фотафіксацыяй працэсу — своеасаблівае проціяддзе тым сур’ёзным экзістэнцыяльным праблемам і дэпрэсіям, якія пераследавалі Віткевіча амаль усё яго яркае і незвычайнае жыццё.
Андрэй ЯНКОЎСКІ