Разархіваваць, перамясціць, выдаліць, капіяваць, перайменаваць — найбольш ужываныя мастаком опцыі ў працы з «архівам», якія выкарыстоўваюцца для выяўлення нейкай «ісціны субмедыяльнага» (Барыс Гройс). Пад іх уздзеяннем абсыпаныя знакамі «медыяльныя паверхні» выбухаюць, мікшыруюцца, перабудоўваюцца і руйнуюцца, выяўляюць праз сябе нешта новае.
Канечнасць любога архіва, яго далікатнасць, тленнасць як сумная тэма memento mori становяцца лейтматывам аўтарскага праекта Настассі Колас у галерэі «Ў». Выстава-інсталяцыя ў фармаце site specific складаецца з серыі арт-аб’ектаў і відэа ды інтанацыяй карэлюе з далёкімі галандскімі vanitas, але калі тыя ў сваёй завершанасці канстатуюць безвыходную фінальнасць, то ў гэтым праекце даследуецца сама працэсуальнасць пераходу з аднаго стану ў іншы, нібы спыненая ў часе.
Зыходным пунктам нараджэння задумы стала знаходжанне старых плёнак дакументальных фільмаў «Забытыя паркі» і «Вітанне, чалавек» Алены Колас — бабулі Настассі (сямейны архіў), амаль безнадзейна пашкоджаных. Гэтае прамое сведчанне страты носьбітаў памяці (як радавой, так і культурнай), пахаваных пад пластом іржы, наштурхнула аўтарку на роздум пра «тэмпаральнасць, пра спецыфіку гісторыі, якая можа быць сцёртая або змененая тэхналогіямі ці суб’ектыўнай інтэрпрэтацыяй» (з эксплікацыі Настассі Колас да выставы).
Злучаючы ў адзіную кампазіцыю рухомыя вобразы і статычныя скульптурныя аб’екты, мастачка выбудоўвае для гледача асаблівы тэмпарытм быцця ўнутры — ад пульсацыі (відэапраекцыі) да паўзы ў выглядзе застылай матэрыі арт-аб’ектаў, — нібы агаляе стадыяльнасць пераходу.
Знаходжанне ў зоне «паміж», у моманце спыненага часу — матыў, які рэалізуецца праз вобраз зламанага сонечнага гадзінніка ў цэнтры ўсёй кампазіцыі. Яго падтрымліваюць і іншыя пластычныя прыёмы: закальцаванасць відэавыявы, паўтаральнасць фрагментаў — эфект зжаванага аўдыязапісу, статычнасць дамінантных ва ўсіх аб’ектах прастакутных формаў, што прыцягвае да зямлі. Выкарыстоўваючы рэмікс у якасці галоўнай методыкі працы з выявамі, у гэтым скульптурным аб’екце аўтарка гуляе падвойным візуальным кодам: зламаны сонечны гадзіннік і рухомы цень у ім замяняюць лічбавыя абстракцыі, што ўспрымаецца як працяты стралой экран. Вось яна кропка сыходжання датэхнічнага мінулага і ультрасучаснасці.
Першую стадыю пераходу ўмоўна можна было б назваць «знясіленне». У відэаінсталяцыі, створанай на аснове фільма «Забытыя паркі», сляды эрозіі праяўляюць сябе праз расслаенне малюнка, візуальныя шумы, страчаныя фрагменты. Нягледзячы на выразны традыцыйны матыў memento mori — чэрап, што праступае ў адным з эпізодаў, і манатоннае пазяханне (мінулае як старасць), — уключаныя ў адзіны калаж вобразы сучаснасці зноў прапаноўваюць надзею на працяг.
Яшчэ большыя сляды распаду адчувальныя на стадыі «распылення», калі матэрыяльнасць у працэсе разбурэння становіцца падобнай да абстракцыі. Відэавыява (на аснове фільма «Вітанне, чалавек») практычна непазнавальная, нечытэльная, а самі «асыпкі» зафіксаваныя амаль як у лабараторыі — адзін з арт-аб’ектаў уяўляе з сябе замкнутую ў сіліконе іржу металічных скрынак знойдзеных кінафільмаў.
Стадыя «новай матэрыяльнасці» рэпрэзентавана Настассяй знарочыста немудрагелістымі сродкамі: як рэчавыя доказы ў вакуумных запакоўках, прылепленыя скотчам да сцяны яшчэ аморфныя ўзоры біяпластыку, створанага з малака жанчыны. Гэта вобраз метафарычны, што раскрывае мэту рэмікса.
«Натуральныя прычыны» — мастацкае даследаванне як суб’ектыўных адчуванняў праз сутыкненне з уласнай памяццю, так і погляд на сябе ў мінулым, — і ў гэтым сэнсе праект мае культуралагічную каштоўнасць. Настасся Колас працуе ў інтэрдысцыплінарных напрамках і для аналізу гэтых з’яў прыцягвае новыя медыя, задаючы вострыя пытанні. На што здольныя новыя тэхналогіі ў справе архівавання памяці? Магчыма, яны абяцаюць існаванне жыцця пасля?
Але пакуль мы можам канстатаваць: natura разбурэння металічнай скрынкі з кінастужкай — кісларод. Бурбалкі паветра, застылыя разам з іржой у сіліконе, — адначасова і прычына, і следства. Тое, чым мы дыхаем, тое, чым дыхае творца.
Кацярына КАЛЯНКЕВІЧ