Усе знакамітыя пастаноўшчыкі постсавецкай прасторы лічылі абавязковым удзел у віцебскім конкурсе. Пластычнае мысленне ахоплівала вобразы, рытмы і формы — ад брутальна-настойлівых (у пастаноўках Таццяны Баганавай) да абстрактна-геаметрычных («Графічны балет» Генадзя Пясчанава), ад лірыка-драматычных наратываў (тэатр «Балет Яўгена Панфілава») да рытмічнага закляцця першабытнага хаосу (тэатр «Балет Масква» з пастаноўкай «Вясна свяшчэнная» Рэхіса Абадзіа). Усе значныя беларускія харэографы пачыналі тут, хутка праходзілі «курс маладога байца».
Сёлета ў фестывальным конкурсе бралі ўдзел 22 беларускія калектывы, акрамя таго, гледачы мелі магчымасць убачыць спектаклі танцавальных кампаній Італіі, Мексікі, Польшчы, Расіі, ЗША, Швейцарыі і Швецыі. Вечарына адкрыцця фэсту была прысвечана памяці Яўгена Панфілава. У 2015-м знакамітаму расійскаму харэографу споўнілася б 60 год. Імпульс Панфілава быў магутным — для яго тэатра, для фестывалю, і энергія пермскага майстра засталася ў Віцебску на доўгі і прыгожы час.
Першую прэмію за мініяцюру «Сам-насам з надзеяй» атрымала Сабіна Мунасыпава, студэнтка кафедры харэаграфіі Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. А спецыяльная прэмія імя Яўгена Панфілава лепшаму харэографу — у Ганны Сачыўка з танцавальнай кампаніі «Ніці» (Віцебск) за мініяцюру «Самотныя разам». З поўным спісам пераможцаў можна азнаёміцца на любым партале, а мне б хацелася засяродзіць увагу на творах, якія засталіся ў памяці...
У мініяцюры «Паглынанне» Ганны Сачыўка наратыў знікаў у беспрадметнасці, абстрактнасці, у чыстай форме, па-за вобразамі і сэнсамі. Чорная стужка, што апаясвала і звязвала групу танцоўшчыкаў у белым, напачатку чыталася як мяжа магчымасцей, што не дае выбіцца з натоўпу. Напрыканцы стужка ператварылася ў чорную лінію, чорную на белым, і група страціла цялеснаць і фігуратыўнасць — яна зрабілася формай. Пляма і лінія — графіка ў прасторы.
Многія аматары сучаснай харэаграфіі схільныя перабольшваць значэнне сюжэтнага пластычнага спектакля з яго звыклай сістэмай вобразаў, даступнай музыкай і г.д. Аднак актуальнае мастацтва імкнецца да выяўлення, адлюстравання, адэкватнасці свету падсвядомага, да архетыпаў, дзе няма канкрэтыкі, а ёсць нешта, успрымальнае імгненным пачуццём, і нават больш — інтэлектуальным парывам і напругай. У гэтай прасторы на IFMC-2015 зацікавіла «Зерне» Сяргея Паяркава ў выкананні Ігара Нічыпарука (Мінск) пад музыку «Deathprod», гукі адкрытага космасу і пераўтвораныя ў гук электрамагнітныя вібрацыі. «Зерне» выглядала аднастайным па рухах, з паўтаральным рытмам, з традыцыйнай ужо пачатковай відэапраекцыяй, з лакальным святлом. Аднак... малады чалавек на сцэне, двайнік таго, які быў зняты на відэа ў метро, доўга круціў у пальцах маленькі чырвоны шарык, потым на адлегласці выцягнутай рукі абмацваў паветра вакол сябе, шукаючы мяжу асабістай прасторы, траціў адчуванне часу, нібыта спыняўся ў самым яго цэнтры, затым, круцячыся, асаблівай танцавальнасцю заварочваў прастору-час сваім целам і вакол свайго цела, пасля спыняўся і пачынаў усё спачатку. Ён уцягваў гледачоў у гэтае сваё кола, ствараў медытатыўны настрой і стан. Нарэшце, знікаў у левай кулісе, прападаў у доўгім ніжнім промені святла, і адтуль па промні выкочваліся і выкочваліся бясконцыя чырвоныя шарыкі... У кожнага, хто чытае гэты тэкст, хто бачыў «Зерне», узнікаюць свае сэнсы. Але аб’ядноўваць іх будзе разуменне экзістэнцыі, выяўленай рытмам, колерам, мінімалістычнай пластыкай.
Таццяна КАТОВІЧ