Гэта сапраўды так. Кніга, выпушчаная выдавецтвам "Чатыры чвэрці", прысвечана яскраваму перыяду мастацкага жыцця Парыжа пачатку ХХ стагоддзя, у якім асабістую старонку займаюць выдатныя мастакі - выхадцы з Беларусі - Марк Шагал, Хаім Суцін, Павел Крэмень, Міхаіл Кікоін, Осіп Цадкін, Аскар Мешчанінаў, Якаў Балглей, Яўген Зак, Осіп Любіч, Ізраіль Левін, Якаў Мілкін, Сэм Царфін, а таксама іхні выдатны сучаснік - "парыжанін" Леў Бакст... Імёны гэтыя і вядомыя, і не вельмі. Але ўсе яны так ці інакш звязаны з дзвюма "дзяржавамі-саперніцамі" (А.Маруа) - Манмартрам і Манпарнасам.
Для сучаснага чалавека, які не быў у Парыжы, гэтыя "дзяржавы" - неразрыўныя, як блізняты-браты, хаця і знаходзяцца ў розных канцах горада. І, па праўдзе кажучы, яны ніколі і не сапернічалі між сабой, а проста "рабілі" адну агульную справу: будавалі цудоўны фундамент найноўшага мастацтва ХХ стагоддзя. І ў гэтым будаўніцтве ролю мастакоў - нашых суайчыннікаў пераацаніць цяжка.
Аб гэтым - кніга, у якой, акрамя ўласна эсэ, прадстаўлены біяграфіі вышэйзгаданых майстроў і даведнік мемарыяльных мясцін, якія непасрэдна звязаны з жыццём і творчасцю герояў кнігі. Аўтар так і назваў гэтую частку: "Падарожжа па слядах вялікай эпохі". Гэта кафэ Манпарнаса і "Данцыг". Гэта знакаміты "Вулей", музей Манпарнаса, музеі О.Цадкіна і Бурдэля, цудоўны музей "Аранжарэя", легендарны дом № 3 на вуліцы Жозэф-Бара, Люксембургскі сад і г. д.
Уладзімір Шчасны ведае ўсё гэта не па чутках, не па альбомах і Інтэрнеце: ён ведае мастацкі Парыж, як сваю радзіму - Беларусь; ён мог непасрэдна бачыць і арыгіналы твораў сваіх "персанажаў" (у Беларусі, на жаль, акрамя тыражнай графікі Шагала, няма работ нашых землякоў), і сустракацца з людзьмі, якія ведалі тых мастакоў, не кажучы пра архівы і музеі, што наведаў. Да таго ж, літаратурнага вопыту аўтару не займаць.
Акрамя таго, што У.Шчасны вось ужо 27 гадоў - на дыпламатычнай працы, ён з'яўляецца аўтарам шэрагу артыкулаў па пытаннях культуры, п'ес пра Х.Суціна і А.Мадзільяні, Ю.Пэна і М.К. Агінскага, якія былі пастаўлены ў беларускіх тэатрах; ён таксама быў адным з галоўных ініцыятараў арганізацыі Музея Х.Суціна на яго радзіме - у Смілавічах.
Кніга "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі", безумоўна, стане цудоўным падарункам не толькі для мастацтвазнаўцаў, мастакоў і культуролагаў, але для ўсіх тых, хто цікавіцца тым вялікім "залатым" перыядам "буры і націску" ў мастацкім жыцці Еўропы, у якой самы непасрэдны ўдзел у першай чвэрці ХХ ст. прымалі нашы землякі. Прыйшоў час вяртаць іх імёны на радзіму...
Думаю, што гэтае выданне, добра ілюстраванае каляровымі рэпрадукцыямі (іх каля 40) і чорна-белымі дакументальнымі фотаздымкамі тых часоў (да 100), хутка стане бібліяграфічнай рэдкасцю, бо тыраж у 1000 экземпляраў, на мой погляд, вельмі сціплы.
Б.К.