Фабер дзю Фор (1780 — 1857 гг.) прайшоў усю ваенную кампанію ў складзе корпуса маршала Мішэля Нея. Продкі афіцэра — гугеноты, выхадцы з Лангедока. Бацька быў палкоўнікам кавалерыі, а сын спачатку стаў юрыстам, але потым добраахвотна ўступіў пехацінцам у напалеонаўскую армію Вюртэмбергскага каралеўства. У 1812 г. служыў у артылерыйскім палку Вялікай арміі імператара Банапарта. Прайшоў вайну, як кажуць, ад званка да званка, як і яго таварыш па службе Анры Бейль (Стэндаль). Быў адным са ста вюртэмбержцаў, хто пераправіўся праз Бярэзіну і ў снежні 1812-га вярнуўся на Радзіму. Вясной наступнага года быў цяжка паранены ў баі пад Баўцэне, доўга лячыўся, што дало яму магчымасць давесці да ладу тыя малюнкі, якія ён рабіў непасрэдна на палях бітваў і ў ваенным побыце. Даслужыўся да генерал-маёра, у 1851 г. пайшоў у адстаўку. Памёр у Франкфурце-на-Майне. На надмагільным помніку — сімвал арла, г. зн. магіла ў горадзе мае статус ганаровай.
Аднак гэты чалавек увайшоў у гісторыю не як непасрэдны ўдзельнік напалеонаўскай эпапеі, а як таленавіты мастак-графік. Чамусьці яго называюць аматарам, але, разглядваючы на выстаўцы ягоныя літаграфскія кампазіцыі, можна пазайздросціць прафесійнаму майстэрству. У 2001 г. у Лондане была выдадзена серыя малюнкаў у альбоме “З Напалеонам у Расію. Ілюстраваныя мемуары Фабера дзю Фора. 1812”. Упершыню публіка азнаёмілася з яго ўражаннямі пра тую вайну. Брытанскі ваенны гісторык-напалеоназнаўца Дзігбі Сміт, пабачыўшы гравюры мастака, быў “уражаны вялікім драматычным стылем, мастацкім майстэрствам і дакладнасцю адлюстравання аб’ектаў” і параўнаў аўтара з сучасным ваенным карэспандэнтам. Вельмі дакладна!.. Бо гэтыя творы сапраўды можна назваць графічным летапісам ваенных падзей 2-й паловы 1812 года на нашых зямлях.
Прадстаўленая серыя гравюр уключае ў сябе шэсць раздзелаў, кожны з якіх прысвечаны Напалеонаўскай кампаніі — ад яе пачатку і да драматычных старонак гэтай эпапеі, што ганебна скончылася на Бярэзіне. Натуральна, асобую цікавасць уяўляюць тыя кампазіцыі, якія непасрэдна звязаны з Беларуссю. Да прыкладу, сам Фабер, распавядаючы аб прабыванні французскіх салдат пад Бешанковічамі, адзначыў у сваіх каментарыях да аднаго з твораў: “Сярод іншых будынін, што сталі здабычай полымя, была цудоўная драўляная царква, якую мы спрабавалі ўратаваць…”. Цікава, якая ж гэта была царква?..
У 1827 — 1830 гг. цыкл малюнкаў мастака быў гравіраваны і выдадзены аўтарам пад назвай “Аркушы з майго партфеля, замаляваныя на месцы ў час кампаніі ў Расіі”. Перавыданняў гэтага альбома ў рускім перакладзе не было, і ён сёння лічыцца бібліяграфічнай рэдкасцю.