Мемарыяльны комплекс "Дальва". Фрагмент
Жыхары больш як двухсот нашых разбураных у вайну гарадоў і 9097 спаленых вёсак, з якіх 188 — не змаглі наогул адрадзіцца, а больш за пяць тысяч былі знішчаны разам з усімі жыхарамі ці часткай насельніцтва, — маюць што сказаць свету. Не толькі пра той фашызм, супраць якога біліся нашы прадзеды, дзяды і бацькі, але і пра той, які мы ўбачылі б, калі б акупантам і калабарацыяністам удалося дабіцца “канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе”, г.зн. рэалізацыі палітыкі “выпаленай зямлі”.
У мінулым годзе наша газета ўжо расказвала пра некаторыя беларускія мемарыялы, звязаныя з вялікай драмай той страшэннай і бесчалавечнай вайны, уключаючы лёсы вёсак Хатыні, Шунеўкі, Чырвонага Берага, Доры. Зараз раскажам і яшчэ пра адну загінуўшую вёсачку, якая ўсяго за 10 дзён да поўнага вызвалення Лагойшчыны трапіла пад жорсткае кола фашысцкіх варвараў. У тыя часы акупанты ўдзельнічалі ў буйнамаштабнай карнай аперацыі супраць партызан і мірных жыхараў пад кодавай назвай “Баклан” (“Kormoran”). Яна праводзілася з 25 мая па 23 чэрвеня 1944 года, ахопліваючы тэрыторыі Барысаўска-Бягомльскай і Сенненска-Аршанскай партызанскіх зон: гэта ў раёнах Мінскай, Віцебскай і тагачаснай Вілейскай абласцей. І вось зусім непрыкметная, маленькая вёсачка з цудоўнай назвай Дальва якраз і трапіла ў зону ўвагі азлобленага ворага. Здаецца, Дальва стала апошняй беларускай вёскай, “жыўцом” спаленай гітлераўцамі незадоўга да поўнага вызвалення нашай Бацькаўшчыны.
...Лагойшчына. Насупраць вёскі Жардзяжы на 77-м кіламетры аўтатрасы Мінск — Віцебск збочвае асфальтавая дарога, якая праз сасновы бор вядзе ў былую вёску Дальву. Тады яна ўваходзіла у Плешчаніцкі раён Мінскай вобласці (зараз Лагойскі раён). Там, дзе некалі, напэўна, было поле, усюды абапал дарогі ляжаць крушні камення, падобныя да велічэзных бульбін. Дзе-нідзе, на ўзгорках, як па камандзе, замерлі сасоннікі, аброслыя мяккім, сівым лішайнікам. У такім вось часцерніку размяшчаліся хаты і гаспадаркі дальвінскіх сялян.
Вёска Дальва вядома з XVII стагоддзя. Яна і яшчэ дзве бліжэйшых сядзібы, Бытнава і Рубеж, належалі памешчыкам Полевічам. Потым былі і іншыя ўладальнікі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гаспадары эмігрыравалі ў Польшчу, а жыхары, якія ў пачатку 30-х аб’ядналіся з суседзямі ў калгас імя Дзям’яна Беднага, сталі будаваць новае жыццё. Аралі, сеялі, збіралі збожжа, гадавалі свойскую жывёлу і птушку. Калі пачалася Вялікая Айчынная ўсё баяздольнае насельніцтва вёскі пайшло ваяваць, а ў дамах засталіся толькі два пажылыя мужчыны, 13 жанчын і 29 дзяцей, у тым ліку і двое гасцей з суседняй вёскі. Дык вось, калі ў чэрвені 1944-га сюды набліжаўся фронт, фашысцкая блакада была ў самым разгары. Карнікі — эсэсаўцы і паліцаі 26-га паліцэйскага палка, здаецца, на чале з Георгам Вайсігам — увайшлі ў Дальву. Пазаганялі ўсіх жыхароў у дом Васіля Кухаронка, кінулі ў акно гранату і дом падпалілі з агнямётаў. Для фашыстаў — звычайная практыка: за гады вайны яны навучыліся прафесійна знішчаць тысячы мірных беларускіх гарадоў і вёсак.
Захаваўся аповед Мікалая Пятровіча Гірыловіча, адзінага ацалелага жыхара Дальвы, у тыя часы 13-гадовага вясковага хлапчука.
“…Нанач немцы спыняліся, акопваліся, а днём ішлі зноў прачэсваць лес. Раніцаю бацька павёў пасвіць каня, кіламетры два ад вёскі. Маці разбудзіла мяне падмяніць яго, нават і правяла туды. Бацька з маткай пайшлі дамоў. Я пасу каня, а праз некаторы час пачуліся стрэлы і выбухі — там, у вёсцы. Я спярша ўзяўся распутваць каня, ён быў спутаны жалезным путам, — дык правазіўся некаторы час, а потым кінуў і без каня пабег у вёску. I ўбачыў — дагарае дом Васіля Кухаронка. Па жыце пабег у свой дом, а гітлераўцы ўжо садзіліся на машыны і ад’язджалі ў кірунку Жардзяжоў. Я ўбег у хату. Як толькі пераступіў парог — пасцелі раскіданы, лыжкі ляжаць на стале раскладзены… Мне стала страшна. Я падняў крык, стаў клікаць бацьку і маці, але ніхто не адклікаўся. Пабег да таго дома, які гарэў. Агонь перакінуўся ўжо на другія хаты. Я бегаў вакол, крычаў, клікаў на падмогу, але — нідзе нікога. Цішыня. Толькі трэск агню… Тады пабег назад туды, да каня, распутаў яго і прыехаў верхам у вёску. Выгарала амаль уся Дальва, толькі там, дзе стаялі ліпы, упыніўся агонь. ІІаглядзеў — нідзе нікога, і павярнуў у летнюю стаянку, у тую схованку. Там застаў аднаго чалавека з Крутой Гары. Той спалохаўся мяне, але потым я аклікнуў яго, аказваецца, ён з Плешчаніц уцёк ад немцаў. Мы з ім пераначавалі ў зямлянцы, а назаўтра пайшлі ў вёску Становішча. Я знайшоў там сваякоў, і з гэтымі сваякамі мы прыйшлі ў Дальву. Тады я пабачыў, што сапраўды спалілі ўсіх людзей. Пабачыў спаленых…”
Гэта было роўна за дзесяць дзён да вызвалення. Ужо з дапамогай савецкіх салдат жыхары суседніх вёсак раскапалі жахлівае папялішча Кухаронкавай хаты і знайшлі астанкі сарака чатырох жыхароў Дальвы, у тым ліку і старшыні калгаса Петра Гірыловіча з жонкаю — бацькоў ацалелага Мікалая. Брацкую магілу тады наспех абгарадзілі жэрдкамі. Пасля вайны Прусевіцкі сельсавет паставіў жалезную агароджу, а саўгас — сціплы абеліск з пяціканцовай чырвонай зоркай.
А новы мемарыял з’явіўся 15 ліпеня 1973 года. Гэта была дыпломная праца выпускніка Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, скульптара Уладзіміра Церабуна, аднаго з лепшых вучняў народнага мастака БССР, прафесара Андрэя Бембеля. Пазней Церабун стаў заслужаным дзеячам мастацтва і лаўрэатам прэміі камсамола Беларусі. Калі не памыляюся, гэта першы дыплом на скульптурным аддзяленні, які быў з адпаведнай дапрацоўкай цалкам рэалізаваны ў сапраўдны мемарыял. Будаваць помнік дапамагалі многія людзі: супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні, камсамольцы Аколаўскай школы, Лагойскі райкам камсамола, вайскоўцы, жыхары суседніх вёсак і г.д.
У 2013 годзе Уладзімір Церабун распрацаваў і рэалізаваў праект-канцэпцыю паэтапнай реканструкцыі мемарыяла, які пасля доўгага часу свайго існавання ўжо патрабаваў рэстаўрацыі і абнаўлення.
...На шырокай паляне, дзе некалі жыла Дальва, над зялёным, ціхім наваколлем узвышаецца постаць бронзавай журботнай Маці. Менавіта яна, чатырохметровая скульптура жанчыны, да якой у страху і адчаі прытуліўся аголены хлопчык, з’яўляецца дамінантай мемарыяла. За імі з зямлі як бы вырастаюць тры абпаленыя чорныя бэлькі, якія сімвалізуюць рэшткі таго самага дома, у якім былі спалены дальвінцы.
Справа ад скульптурнай кампазіцыі — памятная сцяна з імёнамі ўсіх загінуўшых. Сэрца стыне, калі чытаеш, што толькі з сям’і Гірыловічаў загінулі 17 чалавек, з сям’і Буцвілоўскіх — 12 чалавек! Далей, ледзь у бок, ідзе бетонная дарожка (дзе калісьці была цэнтральная вуліца), уздоўж якой па абодвух баках высаджаны 44 бярозы ў памяць пра загінуўшых. Усяго ў вёсцы было 12 дамоў. На месцы пяці з іх усталяваны бетонныя вянцы зрубаў, а на прыступках ля парогаў раскіданы розныя бытавыя рэчы: цяслярскі інструментарый, школьныя падручнікі і кнігі, скрыпка, дзіцячыя лялькі, клубкі нітак і г.д. Гэта пранізлівая памяць пра тое, што тут калісьці жылі мірныя людзі са сваімі клопатамі, маленькімі радасцямі і вялікімі надзеямі.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №16 за 16 красавіка.