Адной з першых адгукнулася на надзвычайнае здарэнне газета “Культура” (гл. № 20, 2021). У каментарыі нашаму журналісту Ільі Свірыну начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір распавяла пра вынікі свайго візіту ў Будслаў і размовы з прадстаўнікамі Каталіцкага касцёла ў Беларусі: “Той эпітэт (Нотр-Дам), які так часта ўжываецца ў СМІ , лічу цалкам дапушчальным: гэта сапраўды трагедыя для нашай спадчыны. Без сумневу, “беларускі Нотр-Дам” трэба аднавіць у самы кароткі тэрмін з максімальнай якасцю. І першая задача — гэта, вядома, накрыць яго дахам, каб атмасферныя ападкі не знішчылі каштоўны дэкор. Важна зрабіць гэта літаральна ў найбліжэйшы час, яшчэ да наступлення халадоў”.
Менавіта тады, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі касцёла, было прынята рашэнне не абмяжоўвацца часовай кансервацыяй даху, а рабіць паўнавартасную рэстаўрацыю з рэканструкцыяй усёй дахавай сістэмы. Таксама быў выказаны спадзеў, што гэтыя працы стануць пачаткам паэтапнай рэстаўрацыі ўсяго касцёла. Бо, што называецца, час наспеў. За апошнія 30 год уласнікі касцёла (Каталіцкі касцёл) абмяжоўваліся толькі нязначным касметычным рамонтам, прычым без удзелу сур’ёзных спецыялістаў. Таму “стан гэтай каштоўнасці і да пажару пакідаў жадаць лепшага”. Што да таго, якую ролю ў аднаўленні касцёла мусіла б адыгрываць дзяржава, Наталля Хвір сказала так: “Па маім меркаванні, цалкам дарэчы была б наўпроставая фінансавая дапамога з боку дзяржавы. Святыня ў Будславе з’яўляецца культурнай каштоўнасцю міжнароднага маштабу. Да ўсяго, архітэктурны помнік непарыўна звязаны з элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які мае сусветнае прызнанне, — Будслаўскі фэст уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. І таму справа аднаўлення помніка архітэктуры павінна быць агульнай для нашага народа”.
У ліпені мы яшчэ раз звярнуліся да гэтай тэмы (гл. “К” № 32, 2021). Журналіст “Культуры” Павел Салаўёў на падставе каментарыя пробашча касцёла ксяндза Дзмітрыя Дубовіка распавёў пра першыя вынікі рэстаўрацыі. Высветлілася, што адразу пасля пажару была створана камісія па ліквідацыі яго наступстваў, якую ачоліў біскуп Аляксандр Яшэўскі і якая шчыльна супрацоўнічае з Міністэрствам культуры. Пачалася распрацоўка праектнай дакументацыі і атрыманне ўсіх дазволаў. Аказалася, што літаральна за месяц (а грошы на аднаўленне касцёла пачалі збіраць ужо ў дзень пажару) быў сабраны 1 мільён рублёў ахвяраванняў. Праўда, тады ксёндз Дубовік паведаміў, што сабранага ледзь хопіць для пабудовы часовага даху. Тэрмін заканчэння гэтага этапу прац быў прызначаны на 30 верасня. Каб паспець у час, вахтавым метадам адказнай працай заняліся 18 чалавек з філіяла ААТ “Прамтэхмантаж” МК №2 пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера Аляксандра Кукарэкі. Намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Іна Барыева ў сваім каментарыі выказала спадзеў, што агульнымі намаганнямі ўлады і грамады касцёл будзе адноўлены. Што ж датычыцца фінансавання такіх бліжэйшых аспектаў рэстаўрацыі, як інжынерыя, мантаж купала і аднаўленне фрэсак, то, паводле слоў спадарыні Барыевай, “яны павінны будуць быць аплачаны агульна з дапамогай дзяржаўнага бюджэту”. Сапраўды, калі гаворка вядзецца пра паўнавартасную рэстаўрацыю ўсяго аб’екта, то без дапамогі дзяржавы не абысціся.
ПЕРШЫ РУБЕЖ УЗЯТЫ
Прыйшоў час падвесці вынікі першага этапу рэстаўрацыі, распавесці, што за гэтыя месяцы было зроблена, а таксама што ў планах рэстаўратараў на 2023—2024 гады.
2 верасня ў Мінску прайшло 81-е пазачарговае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Падчас сустрэчы была агучана справаздача старшыні камісіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі па справах ліквідацыі наступстваў пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай біскупа Аляксандра Яшэўскага, які паведаміў, што агульная сума ахвяраванняў фізічных і юрыдычных асоб склала 1 029 979 рублёў. Сродкі былі выкарыстаны на аплату рамонтна-будаўнічых работ у касцёле, авансы падрадчыкам, экспертызы, закупку матэрыялаў і іншыя мэтавыя патрэбы. Праўда, было адзначана, што для завяршэння этапу ўступнай кансервацыі, якая папярэднічае працы па грунтоўнай рэстаўрацыі, не хапае яшчэ каля 400 000 рублёў (дарэчы, кожны можа зрабіць свой унёсак у аднаўленне касцёла, пералічыўшы грошы на адпаведны рахунак). А ўсяго для аднаўлення даху спатрэбіцца 2 200 000 рублёў. Біскуп Яшэўскі паведаміў, што дзейнічае і дзяржаўная камісія па ліквідацыі наступстваў пажару, у склад якой уваходзяць таксама і прадстаўнікі Касцёла.
Мы пацікавіліся ў пробашча касцёла, ксяндза Дзмітрыя Дубовіка самымі апошнімі навінамі.
— На сённяшні дзень часовы дах з металапрофілю ўсталяваны. У будучыні, згодна з праектам, металаканструкцыі, якімі замянілі драўляную канструкцыю даха, застануцца, але пакрыццё з металапрофілю з бляхі будзе заменена на меднае, якое было да пажару. Таксама была зроблена страхоўка пад купалам, бо яго вельмі сур’ёзны стан выклікаў заклапочанасць у інжынераў. На жаль, з-за надвор’я не паспелі завяршыць працы з купалам. Плануем зрабіць тое вясной. Але для таго, каб іх завяршыць, спатрэбяцца даволі значныя сродкі. На дадзены момант рыхтуемся падаць заяўку на распрацоўку інжынернага праекта. У яго будуць уваходзіць умацаванне і гідраізаляцыя падмуркаў касцёла, умацаванне цокальнага паверха, пракладка дрэнажнай сістэмы, умацаванне і іншыя працы, звязаныя са шчылінамі ў мурах. Нас вельмі турбуе правы неф, дзе можа абваліцца частка падпружнай аркі. Будзем займацца не толькі тым дахам, які згарэў, але і ацалелай часткай. Думаем, што праектаванне завершыцца ў сярэдзіне 2022 года. А яго рэалізацыя павінна будзе прайсці ў 2023—2024 гадах. На наступны год у нас запланавана завяршыць усе працы, звязаныя з купалам, яго ўмацаванне. А яшчэ плануем раскрыць жывапіс, які ёсць у купальнай частцы. Гэтаму вельмі дапаможа той навес, які ўжо зроблены. Вельмі добра, што знайшліся спонсары і для правядзення прац у базіліцы. У наступным годзе будуць асобна праводзіцца работы ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі, то-бок у “старым касцёле”. Там таксама даволі вялікі аб’ём прац. Перадусім гэта рэстаўрацыя алтара, які быў пабудаваны ў 1649 годзе. Зараз ідзе распрацоўка інжынернага праекта.
На завяршэнне нашага апавядання засталося распавесці пра іншыя “будслаўскія цікавосткі”.
БУДСЛАЎСКІЯ КУРАНТЫ
Не так даўно ў Сеціве з’явілася інфармацыя, што нядаўна была завершана рэстаўрацыя старажытнага гадзінніка, які знаходзіцца ў касцельнай вежы на вышыні каля 50 метраў. Рэстаўрацыю, якая доўжылася два гады, праводзілі прафесійныя майстры Аляксандр Петракоў, Аляксандр Лагуновіч-Чарапко і Аляксандр Лабус. Цяпер кожную раніцу ксёндз-пробашч заводзіць гадзіннікавы механізм адмысловымі прыладамі, пасля чаго куранты адлічваюць боем кожную чвэрць часу.
“АДБУДУЕМ БУДСЛАЎ РАЗАМ”
Дабрачынны марафон пад такой назвай, які стартаваў 23 кастрычніка, завяршыўся 21 лістапада канцэртам духоўнай музыкі ў выкананні музыкантаў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой горцы ў Мінску. Марафон, які меў на мэце збор сродкаў на аднаўленне пашкоджанага пажарам Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, праходзіў у розных мясцінах Беларусі, у ліку і ў Лідзе, дзе можна было паслухаць нядаўна адноўлены арган у касцёле Узвышэння Святога Крыжа.
АРХІЎНЫ КІРУНАК
Як паведамляецца на сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, 13 верасня ў выніку працы па выяўленні дакументаў у архівах культавых устаноў супрацоўнікамі архіва — намеснікам дырэктара Дзянісам Лісейчыкавым і загадчыкам аддзела інфармацыйна-пошуковых сістэм Марынай Скіданавай — быў апісаны архіў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Будслаў, у якім утрымліваюцца дакументы з 1731 па 1930-я гады. З ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам была заключана дамова аб вырабе лічбавых копій метрычных кніг і спавядальных ведамасцей і перадачы іх у архіў. У размове з намі Дзмітрый Дубовік выказаў спадзеў, што гэтыя дакументы пасля ўрэгулявання юрыдычных пытанняў з’явяцца ў адкрытым доступе і стануць дасяжнымі тым, хто займаецца пошукам інфармацыі аб сваіх продках.
Фота ўзята з партала budslau.by