Намеснік дырэктара выдавецтва “Беларусь” Вольга Ваніна распавяла аб выдавецкіх праектах, звязаных з тэматыкай гістарычнай памяці. Працягваецца выпуск выданняў у серыі “Беларусь памятае. У імя жыцця і міру”, якая распавядае аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і ахвярах масавых забойстваў, здзейсненых акупантамі і іх памагатымі, аб месцах масавай гібелі і пахавання, гета і канцлагерах. На чарзе выданні аб такіх мясцінах у Віцебскай і Магілёўскай абласцях, аб мінскім і брэсцкім гета. Удзел беларусаў у Вялікай Айчыннай і войнах іншых стагоддзяў у даступнай і папулярнай форме раскрываецца таксама ў кнігах серыі “Гісторыя для школьнікаў”, якія выходзяць як на беларускай, так і на рускай мовах.
Таксама сёлета выдавецтва ў супрацоўніцтве з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і Нацыянальным архівам плануе выдаць кнігу, прысвечаную дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, многія з якіх удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, загінулі падчас яе альбо ўдзельнічалі ў пасляваенным аднаўленні краіны. Акрамя гэтага, у планах выдавецтва на найбліжэйшы час — выданні, прысвечаныя народнаму календару, вадзяным млынам Беларусі, а таксама беларускаму бортніцтву — традыцыйнаму промыслу, які ў 2020 годзе быў уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.
БЕЗ ТЭРМІНУ ДАЎНІНЫ
Загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Святаслаў Кулінок падкрэсліў асаблівую важнасць архіваў у пытанні захавання гістарычнай спадчыны краіны. Але, разам з тым, не менш важнай задачай з’яўляецца таксама папулярызацыя і ўвядзенне архіўных крыніц у навуковы абарот. Сёлета адзначаецца не толькі 100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, як ужо згадвалася вышэй, але і 100-годдзе архіўнай галіны Беларусі ды 95-годдзе Нацыянальнага архіва.
З мінулага года архіў працуе над шасцітамовым выданнем “Без тэрміну даўніны. Беларусь”, прысвечаным злачынствам нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на тэрыторыі нашай краіны. На гэты момант пабачылі свет ужо чатыры кнігі гэтай серыі, якія распавядаюць аб падзеях на тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, цяпер плануецца выпуск тамоў, прысвечаных Брэсцкай і Мінскай абласцям. Акрамя таго, падрыхтаваны рукапіс кнігі аб масавым знішчэнні яўрэяў на тэрыторыі Беларусі ў гады нацысцкай акупацыі, рыхтуецца выданне, якое распавядзе аб аднаўленні сельскай гаспадаркі Беларусі ў 1946-1950 гг., а таксама альбом “Выяўленчая творчасць партызан”, у якім будуць апублікаваныя шматлікія малюнкі, выкананыя народнымі мсціўцамі ў гады вайны.
У супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай анансуецца выпуск серыі электронных мультымедыйных выданняў “НЭП у БССР” і “Перасяленцы з БССР” — апошняя прысвечаная ўдзелу беларусаў у міграцыйных працэсах на тэрыторыі СССР у пасляваенны час, у тым ліку ў асваенні цалінных земляў Казахстана, перасяленні ў Карэла-Фінскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, Калінінградскую вобласць і іншыя рэгіёны Савецкага Саюза.
АДНАЎЛЕННЕ І ВЯРТАННЕ
Сёлета Нацыянальная бібліятэка адзначае 100-годдзе з дня свайго заснавання. Зусім нядаўна колькасць дакументаў у калекцыях бібліятэкі дасягнула дзесяці мільёнаў. Тут захоўваюцца арыгінальныя архіўныя дакументы, рукапісныя і друкаваныя кнігі за многія стагоддзі беларускай гісторыі, газеты, фотаздымкі, афішы, плакаты, якія з’яўляюцца каштоўнымі сведчаннямі аб нашай мінуўшчыне.
Трагічныя гістарычныя падзеі розных стагоддзяў прывялі да таго, што далёка не ўсе такія крыніцы і артэфакты ўдалося зберагчы — так, напрыклад, яшчэ перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў фондах Дзяржаўнай бібліятэкі БССР налічвалася каля двух мільёнаў дакументаў, з якіх пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў захавалася, на жаль, толькі каля трохсот дваццаці тысяч — не
больш за шаснаццаць працэнтаў ад даваеннай колькасці. Астатняе было знішчана альбо вывезена гітлераўцамі. Таму сёння адной з галоўных задач Нацыянальнай бібліятэкі з’яўляецца не толькі захаванне, але і аднаўленне ды вяртанне страчанай спадчыны.
РАССАКРЭЧАНЫЯ СТАРОНКІ
У межах адзначэння Года гістарычнай памяці Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ладзіцца цыкл лекцый “Крыніцы гістарычнай памяці”, у рамках якога найлепшыя эксперты па гісторыі Беларусі раскрываюць тыя ці іншыя тэмы з нашай мінуўшчыны. Сустрэчы ладзяцца як ужывую, так і ў анлайн-фармаце, таму прыцягваюць увагу соцень і тысяч гледачоў, бо відэазапісы лекцый застаюцца даступнымі на відэаканале бібліятэкі. Так, ужо адбыліся сустрэчы, прысвечаныя разнастайным відам крыніц ведаў аб мінулым, такім як летапісы, старадаўняя мастацкая літаратура, карты, эпіграфіка і тапаніміка.
Чарговая лекцыя, якая адбылася 23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны, невыпадкова была прысвечаная такому цікаваму віду крыніц па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, як аператыўныя і разведвальныя зводкі Беларускага штаба партызанскага руху. Як распавёў дакладчык, загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Святаслаў Кулінок, яшчэ на пачатку 2000-х гадоў гэты масіў крыніц знаходзіўся пад грыфам “Зусім сакрэтна” і быў недасяжны для шырокага кола даследчыкаў. Для параўнання — у Расійскай Федэрацыі, напрыклад, частка аналагічных дакументаў застаецца засакрэчанай дагэтуль.
Беларускі штаб партызанскага руху быў створаны 9 верасня 1942 года, і ўжо неўзабаве быў вызначаны прыкладны спіс звестак, якія мусілі быць адлюстраваныя ў яго разведвальных зводках: звесткі аб планаваных карных аперацыях акупантаў супраць партызан, аб дыслакацыі гарнізонаў, карных атрадаў і паліцэйскіх частак, размяшчэнне штабоў і камендатур, аэрадромаў, складоў, баз, вайсковай тэхнікі, абарончых збудаванняў, прамысловых прадпрыемстваў, радыёстанцый і вузлоў сувязі, лагераў ваеннапалонных, аб’ектаў супрацьпаветранай абароны, школ для падрыхтоўкі агентаў нямецкіх спецслужб.
Таксама цікавілі партызанскае кіраўніцтва рэжым руху па дарогах і інфармацыя аб дакументах, якія выкарыстоўваліся для ідэнтыфікацыі асобы на акупаваных тэрыторыях. У зводках раскрываліся і такія малавядомыя трагічныя старонкі вайны, як дзейнасць разведвальных школ, у якіх акупанты рыхтавалі агентаў з ліку дзяцей і падлеткаў, альбо мерапрыемствы так званай “Акцыі 1005”, у рамках якой нацысты імкнуліся зацерці сляды сваіх злачынстваў, эксгумуючы і знішчаючы целы ахвяр у месцах масавага знішчэння мірнага жыхарства.
Дзейнасць па зберажэнні і папулярызацыі гістарычных крыніц з’яўляецца асновай захавання памяці аб мінулым. З цікаўнасці да іх, з іх уважлівага і ўдумлівага вывучэння, супастаўлення розных крыніц, крытычнага стаўлення да іх пачынаецца сапраўдная любоў да гісторыі сваіх зямлі і народа, фарміруецца пашана да продкаў і іх здзяйсненняў. А маючы моцныя карані ў мінулым, намнога лягчэй упэўнена адчуваць сябе ў сучаснасці і глядзець у будучыню.