На факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый рыхтуюць бібліятэкараў-бібліёграфаў (плюс — менеджар альбо метадыст) і менеджараў па культурнай спадчыне і турызме.
Падчас прэзентацыі спецыяльнасцей “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць” і “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” адразу заўважыла, што зацікаўленасць у культурных прафесіях ёсць не толькі ў дзяўчат: амаль палова прысутных у аўдыторыі — юнакі. А дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Алена Паўлава дадала статыстычны паказчык: “Цягам некалькіх гадоў працэнт юнакоў на факультэце (а гэта — блізу 30 %) не змяняецца”. Дык хто сказаў, што ўсе хлопцы збеглі ў сферу ІТ-тэхналогій?
Цікава, што за кожнай кафедрай факультэта замацаваны пэўныя рэгіёны краіны і раёны Мінска. Таму нядаўна з прафарыентацыйнай мэтай (з падрыхтоўкай адпаведнай праграмы, якая ўключае ў тым ліку гульні і квэсты) выкладчыкі са студэнтамі наведалі адну з бібліятэк Дзяржынска і магілёўскую гімназію. Плануюць паехаць бліжэйшым часам яшчэ і ў Асіповічы.
Чым прываблівае абітурыентаў факультэт, дэвізам якога можа стаць знакамітае выслоўе “Хто валодае інфармацыяй — той валодае светам”? Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Ала Фядорына адзначыла, што той чалавек, які ўмее знаходзіць, збіраць, апрацоўваць і прадстаўляць інфармацыю, заўсёды будзе запатрабаваны на рынку працы. У гэтым кантэксце старшы выкладчык кафедры менеджменту інфармацыйна-дакументнай сферы Юлія Галкоўская падрабязна апавяла аб працэсе навучання на спецыяльнасці “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць”. Будучых студэнтаў чакаюць праектная праца, семінары ў форме гульні, падрыхтоўка мерапрыемстваў для ўніверсітэта і бібліятэк…
Але ўсё ж такі большая частка абітурыентаў, як было пазначана ў спісах удзельнікаў Дня адкрытых дзвярэй, жадала даведацца пра спецыяльнасць “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны”. Па інфармацыю з’ехаліся з Барысаўшчыны, райцэнтраў (скажам, Баранавічаў, Іўя), з абласных гарадоў — Брэста і Віцебска. Яшчэ на пачатку “прадстаўлення” спецыяльнасці Алена Паўлава паабяцала, што на факультэце навучаць размаўляць па-беларуску — у якасці “бонусу” да профільнай адукацыі. Вучэбны ж працэс уключае, сярод іншых цікавостак, і наведванне рэгіянальных музеяў краіны, двойчы на год ладзяцца выезды ў нашы славутыя замкавыя комплексы, а пасля першага курса будучых музеязнаўцаў чакае практыка па археалогіі. Дарэчы, свае праекты многія студэнты робяць не толькі па-беларуску, але і на англійскай або нямецкай мовах, існуе беларуска-літоўская праграма па папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, а летась прайшоў беларуска-германскі семінар.
Былі патлумачаны і некаторыя тонкасці. Не сакрэт, што многія з абітурыентаў мараць працаваць экскурсаводамі. Але перад тым суіскальнікам такой працы давядзецца здаць экзамен на адпаведны сертыфікат. Хвалявала моладзь і “вострае” пытанне — размеркаванне студэнтаў. Як высветлілася, сярод прапаноў ад факультэта адзначыліся Смаргонь, Рагачоў, Ушачы, Гродна, Бабруйск... Дарэчы, крыху распавялі і пра лепшых выпускнікоў, якія зараз працуюць у Гомельскім абласным музеі ваеннай славы, Вілейскім раённым краязнаўчым музеі, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, у Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы… Асабліва адзначылі Дзіяну Шантар (яна родам з Шаркаўшчынскага раёна Віцебшчыны), якая некалькі гадоў у Нацыянальным мастацкім была куратарам акцыі “Ноч музеяў”.
Пасля прэзентацыі спыталася ў абітурыентаў, чаму яны бачаць менавіта музейную справу ў якасці будучай прафесіі. Чым спадабалася спецыяльнасць, тым больш заробкі — не самыя высокія?.. Больш упэўненыя адказалі, што любяць экскурсіі і мастацтва. Размову падхапіў студэнт І курса ўніверсітэта Дзяніс Хварастоў: “У мяне з’явілася цікавасць да нацыянальнай беларускай культуры. Ва ўніверсітэце я зразумеў: наша краіна мае патрэбу ў вялікім культурным уздыме”. Да ўсяго, Дзяніс упэўнены: на культуры можна зарабіць грошы, калі аднесціся да гэтай справы сур’ёзна.
Дадам, што наступным разам Дзень адкрытых дзвярэй на факультэце пройдзе 16 красавіка. А пакуль будучыя бібліятэкары-бібліёграфы ды менеджары могуць падумаць над рознага кшталту пытаннямі, бо калі ў аўдыторыі пануе цішыня падчас такіх сустрэч, становіцца неяк няёмка… І думаеш: дык чаго ж жадаюць будучыя студэнты?
Фота аўтара