— Стрыт-арт адназначна самы новы і ўніверсальны від мастацтва для Беларусі. Яшчэ некалькі гадоў таму цяжка было ўявіць, што Мінгарвыканкам можа даць згоду на роспіс сцен жылых дамоў і дзяржаўных устаноў. Паступова прыходзіць разуменне, што стрыт-арт і графіці могуць не толькі шкодзіць, але і дапамагаць. Да прыкладу, вулічнае мастацтва можа выконваць ролю не такога ўжо і дарагога сродку аднавіць лакальную архітэктуру тых жа тыпавых спальных раёнаў, дзе чалавеку заўжды некамфортна знаходзіцца. Часцяком мастакі працуюць не за ганарар, а на валанцёрскіх умовах дзеля самарэалізацыі. Менавіта так мы можам удасканаліць прастору, дзе жывем.
Ад пачатку да развіцця
— Некалі штуршок у кірунку развіцця вулічнага манументальнага мастацтва ў Беларусі дала стрыт-арт-супольнасць “Signal”, і сваім новым праектам “Urban Myths” працягвае рух гэтай з’явы ў прасторы нашай краіны. Работы, створаныя ў рамках гэтага праекта, упрыгожваюць не толькі мінскія вуліцы, але і брэсцкія, віцебскія, баранавіцкія, гомельскія, рагачоўскія і многіх іншых гарадоў. Апроч таго, другі год запар пры падтрымцы Пасольства Бразільскай Рэспублікі ў нашай краіне ладзіцца беларуска-бразільскі стрыт-арт-фестываль “Vulica Brasil”. Фэсты такога кшталту ліквідавалі прагалы паміж уладамі і мастакамі, і гэта вельмі добра. Таксама дзякуючы такім акцыям, фестывалям і добраахвотніцкім ініцыятывам адносіны гараджан да стрыт-арту літаральна за тры гады змяніліся ў бок амаль толькі пазітыўнага стаўлення.
Галоўнае — талент і азарт
— Акрамя беларускіх фэстаў, я ўдзельнічаў у буйных імпрэзах вулічнага мастацтва ў Польшчы, Расіі і Украіне. Магу сказаць, што айчынныя праекты кшталту “MustAct”, “Urban Myths” і “Vulica Brasil” не адрозніваюцца па ўзроўні і арганізацыі ад тых жа польскіх фэстаў, дзе фінансаванне, якасць матэрыялаў значна мацнейшыя, дзе нават можна атрымаць ганарар. Але справа не ў ганарарах, галоўнае тое, што таленавітых асоб у нас такі ж працэнт, як і ў любой іншай краіне: тое бачна па ўзроўні прац беларускіх мастакоў — кожны мае свой адметны стыль і выдатны пошук.
Сёлетнія праекты
— Што да мастакоў арт-студыі “ТакТак”, то для нас стрыт-арт — гэта ўлюбёная справа, на якую мы аддаем ці не ўвесь свой вольны час. Век нашай каманды пакуль невялікі, але кожны з удзельнікаў мае значны досвед як у вулічным мастацтве, так і ў графічным дызайне, ілюстрацыі. Нашы працы зараз упрыгожваюць вуліцы горада, двары і дзіцячыя пляцоўкі.
Апошняя манументальная праца — выява вушастай савы, птушкі 2015 года, на фасаде Гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, створаная пры падтрымцы грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Яшчэ адну птушку, саву-сіпуху, якая з'явілася падчас фестывалю "Vulica Brasil", можна пабачыць на мінскай плошчы Калініна. Таксама летась у рамках мастацкага праекта “Мартовские коты” былі створаны эмацыйныя малюнкі катоў у дварах непадалёк ад парка Горкага.
Часам жыхары дамоў, якія стаміліся чакаць дапамогі ад ЖКГ, па сваёй ініцыятыве запрашаюць нас, каб упрыгожыць тэрыторыю вакол сябе. Так, да прыкладу, было з дзіцячай пляцоўкай у раёне Мінскага трактарнага завода. Але збольшага мы працуем самастойна ці займаемся валанцёрствам. Напрыклад, распісалі сцены на тэрыторыі псіханеўралагічнага дома-інтэрната ды дзіцячага кардыёхірургічнага цэнтра.
Дарэчы, калі працуеш не ў рамках фестывалю ці праекта, узгодненага гарадскімі ўладамі, даводзіцца даведвацца, каму належыць той ці іншы будынак, браць дазвол ад ЖКГ, архітэктара ці таварыства жыхароў. Справа нялёгкая, але магчымая.
Што будзе з працамі?
— Стрыт-арт — незакансерваваны від мастацтва, і можа стацца так, што на наступны дзень працу зафарбуюць, але мастакі не будуць крыўдаваць з гэтай нагоды, бо разумеюць: працавалі для таго, каб хаця б часова наладзіць сувязь з гараджанамі, каб данесці да іх свае думкі. Насамрэч, пасыл ці ідэя ёсць у кожнай нашай працы, але мы лічым за лепшае пакінуць разбірацца ў сэнсах жыхарам Мінска і аматарам таго, чым займаемся. Нас цікавіць удзел менавіта саміх людзей. Зафарбоўваць працу ці пакідаць — гэта таксама іх ініцыятыва. Але ў любым выпадку — ініцыятыва, а не бяздзейнасць. Хай заўтра працы і не будзе, на месцы ранейшай можа паўстаць іншая. Дзеля гэтага руху і існуе стрыт-арт.
Алена МАЧУЛЬСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ