Манументальнае пано Віктара Хацкевіча “Балада пра Бацькаўшчыну”, якое сёння яшчэ знаходзіцца ў інтэр’еры сталічнага аўтавакзала “Маскоўскі”. / Фота Пятра ВАСІЛЕЎСКАГА
На пэўным этапе перамоў з рознымі інстанцыямі паўстала пытанне, колькі будзе каштаваць зняць пано са сцяны, не зрабіўшы шкоды жывапісу. Спецыялісты “Белрэстаўрацыі” склалі каштарыс, паводле якога, у адпаведнасці з дзяржаўнымі расцэнкамі, гэта аперацыя вымагае сумы, эквівалентнай некалькім дзясяткам тысяч долараў. Так узнікла праблема, дзе знайсці спонсара…
Днямі ў пустым будынку аўтавакзала адбылося штосьці накшталт вытворчай нарады. Прадстаўнікі “Мінсктранса”, “Газпрому” (новага ўласніка тэрыторыі, дзе размешчаны аўтавакзал), адміністрацыі Першамайскага раёна і аўтар пано абмяркоўвалі магчымыя захады па захаванні твора мастацтва. Прысутнічаў пры гэтым і карэспандэнт “К”.
Сітуацыя складваецца наступная. Усё, што можа зрабіць “Мінсктранс”, — гэта паставіць будаўнічыя рыштаванні і даць рабочых, каб зняць пано са сцен. Але рабочыя гэтыя такой далікатнай справе не навучаны, таму карысці ад іх у дадзеным выпадку няшмат. Прадстаўнік новага гаспадара будынка і пляцоўкі, на якой аўтавакзал стаіць, нагадаў, што горад атрымаў плату за будынак “Маскоўскага” грашыма. Ну дык няхай бы, маўляў, мясцовыя ўлады з тых грошай і адшкадавалі патрэбную суму, каб аплаціць працу па выратаванні пано…
Прадстаўнік адміністрацыі раёна запэўніў, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб знайсці патрэбныя грошы.
Мастак жа прапанаваў вызначыць месца для пано ў інтэр’ерах шматфункцыянальнага цэнтра, які будзе пабудаваны на месцы аўтавакзала. Хтосьці з названых, як мяркуе спадар Хацкевіч, мог бы аплаціць працу рэстаўратараў, якія далікатна здымуць пано са сцяны і забяспечаць ягоную захаванасць да часу, пакуль яно зноў з’явіцца ў публічнай прасторы. А праз гэта новы ўласнік стане ўладальнікам унікальнага твора мастацтва, які ужо засвяціўся ў гісторыі горада і краіны. Стары роспіс у новым гмаху сімвалізаваў бы культурную пераемнасць і спрыяў станоўчаму іміджу кампаніі. Да таго ж такую развязку складанай сітуацыі з удзячнасцю віталі б мінчане.
Пакуль жа робяцца захады, каб прапанову аўтара пано “Балада пра Бацькаўшчыну” давесці да ведама кіраўніцтва названай вышэй кампаніі.
Каментарыі: