Але Міндаўгас яшчэ і фатограф, які займаецца мастацтвам як аўтар. Цікавы аўтар, са сваімі ідэямі і поглядамі, вопытам і выставамі. Абодва пакліканні патрабуюць актыўнай працы і, напэўна, часам перашкаджаюць, але ў іншых сітуацыях дапаўняюць адзін аднаго. Дуалізм дазваляе бачыць «стан рэчаў» на нашым арт-полі асаблівым чынам. «Дыпламатыя — гэта пра людзей, пра добры густ: ты выбіраеш кірунак, вучышся і выхоўваеш гэты густ. Адукацыя павінна быць вышэйшай, аднак у нас ёсць паэты, а нехта прыйшоў пасля ветэрынарнай акадэміі і стаў дыпламатам. Гэта глабальная прафесія, і яна чалавечая, а не чыноўнічая», — тлумачыць Міндаўгас, і пагадзіцеся, ужо гэта больш чым цікава.
Два пачаткі
Мой «працоўны пачатак» адбыўся пасля заканчэння ўніверсітэта, дзе я атрымаў ступень бакалаўра гісторыі і скончыў магістратуру па міжнародным праве. Гэта быў пачатак 2000-х, калі цяжка было ўладкавацца па прафесіі. Маладыя спецыялісты не маглі знайсці працу, не маючы вопыту, — вось такое замкнёнае кола. Я працаваў у гатэлі, у краме посуду да таго часу, пакуль мне не трапілася аб’ява бюро адвакатаў аб тым, што патрэбны памочнік юрыста. Прыкладна тады ж МЗС абвясціла аб конкурсе на свае вакансіі, адначасова я стаў гуляць у латарэю GreenCard. Вырашыў удзельнічаць ва ўсім, запаўняць усе анкеты — і нечакана ўсюды выйграў. Уключаючы шматступенны конкурс МЗС. Цяпер мне трэба было выбіраць, і гэта было вельмі складана; але мне заўсёды падабалася геаграфія і глабальныя працэсы, таму я выбраў дыпламатычную службу. Гэта быў 2003 год. Я ведаў іспанскую мову, таму праз год пачаў працаваць у Мадрыдзе.
Вось там я і сустрэў фатаграфію. Мастацкае асяроддзе заўсёды было непадалёк: сярод маіх родных ёсць акцёры, а дзед добра спяваў, любіў танцаваць і быў ювелірам-аматарам. Я і сам у дзяцінстве крыху маляваў, і бацькі хацелі падтрымаць мяне, купіўшы фотакамеру — гэта быў стужкавы «Зеніт», якім я тады не зацікавіўся. І раптам у Іспаніі прастора вакол мяне рэзка памянялася: фестывалі, выставы, мноства галерэй і такая разнастайнасць ва ўсім, што я атрымаў сапраўдны культурны шок. Першыя фатографы, якія мяне тады ўразілі, — Isabel Munoz і Sally Mann, потым я адкрыў для сябе Сальгадо. Гэта былі па-вар’яцку моцныя ўражанні — у гэтыя моманты я пачаў разумець, чым хачу займацца. Спачатку — быць падобным да іх, а потым — быць не падобным, пазбавіцца ад іх уплыву, знайсці свой шлях. Я стаў пытацца ў сяброў, якія ў гэтым разбіраліся, пра фотакамеры, пачаў цікавіцца фотасуполкамі ў Літве, пляцоўкамі, дзе выкладаюць і абмяркоўваюць фатаграфіі. Так, паступова, у асноўным у інтэрнэце, я вучыўся. У 2011 годзе адбылася мая першая выстава. Яшчэ праз год ад лічбавай камеры перайшоў да стужкавай, аддаючы перавагу чорна-белай фатаграфіі, манахрому. У нейкім сэнсе пераход быў вельмі сімвалічным: я ўжо працаваў у Нью-Ёрку, і падчас адпачынку ў Пуэрта-Рыка вялікая марская хваля заспела мяне з маімі камерамі знянацку. Лічбавая ўпала ў ваду, а аналагавую я паспеў падхапіць. Праект «Назад у горад» быў ужо цалкам аналагавым і чорна-белым.
Веру ў сучасную культуру
Мая праца — гэта культурны план і яго выкананне, усё цалкам — ад і да. З’яўляецца ідэя, і я імкнуся давесці яе да канца. Не лічыў, колькі за гэтыя гады правёў мерапрыемстваў, але гэта ўсё запісана, калі буду заканчваць кадэнцыю, абавязкова палічу ўсе разам. Бо мне самому цікава, і я веру, што гэта вельмі важна. Веру ў культуру як у тое, што збліжае нашыя народы. Культура не толькі банальна паказвае эстэтычна прыгожы вобраз і канстатуе радасць, хоць і гэта таксама патрэбна. Яна задае пытанні, часам адказвае, сумняваецца і можа запаліць мікраканфлікт — гэта вельмі карысна, бо людзі задумваюцца. Мяркую, гэта тычыцца ўсіх відаў мастацтва — жывапісу, музыкі, фатаграфіі, тэатра...
Цікавы досвед у нас быў, калі мы паказвалі фатаграфіі Віялеты Бубелітэ (выстава «Сваё цела», 2018), якая здымае аголеную натуру. Для мяне было навіной, што праект трэба ўзгадніць і атрымаць дазвол, але ўсё было аформлена і дазволы мы атрымалі.
Вельмі ўдалай лічу выставу Антанаса Суткуса «Людзі Літвы» (2018), яна была асабліва папулярнай. Здаецца, яна не новая; я асабіста ведаю аўтара: пры тым, што ён практычна нікуды не ездзіць, нам удалося прывезці яго ў Мінск. Так, матэрыял быў стары, знаёмы, але гэта была падзея. Было вельмі шмат гледачоў і добрых водгукаў.
Выстава «Шлях да Свабоды. Літва ў 1988—1991 гады» Зянонаса Някрошуса і Віргіліуса Усінавічуса (2019) была прымеркаваная да Дня незалежнасці Літвы. Дакументальны і ўжо архіўны матэрыял, аднак сутнасць яго вельмі важная. Мяркую, для Беларусі таксама. Гэта такі выклік, калі разумееш: абавязкова трэба паказаць усё гэта ў вас. Я наогул зразумеў, што ў Беларусі ўспрымаюць праверанае часам мастацтва лепш, чым маладое. Але з іншага боку, у гэтым ёсць пытанне раскруткі праекта, а за ім стаіць элементарная праблема фінансавання саміх прастор. Акрамя бюджэту, павінна быць зацікаўленасць персаналу галерэі: трэба добра падумаць, як данесці да чалавека нешта новае. Перад Калядамі мы робім для сяброў і партнёраў канцэрты сучаснага джазу — стараемся паказаць не класіку краіны, а нешта незвычайнае, што здзівіць народ.
Шкада, праз сітуацыю з каранавірусам прыйшлося скарэктаваць планы: я адмовіўся ад усіх праектаў на красавік, травень, і чэрвень таксама пад пытаннем. Павінна была адбыцца вялікая прэзентацыя сучаснага літоўскага танца: ужо трупы падрыхтаваліся, і былі фінансы, месца — абсалютна ўсё было гатова, але ўсё змянілася. Прэзентацыя сучаснага літоўскага кіно на фестывалі «Паўночнае ззянне», удзел у фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» — тое ж самае. 2020-ы год у нас абвешчаны годам Віленскага Гаона і гісторыі літоўскіх яўрэяў, мы таксама хацелі паўдзельнічаць: зрабіць канцэрт на яўрэйскую тэму, правесці дыскусію пра культурную спадчыну. На жаль, усё гэта пераносіцца на нявызначаны тэрмін.
Мой «ключ» — гэта мой погляд, мой выбар
Самае цяжкае для мяне пытанне: «Што вы здымаеце?» Я не ведаю, як растлумачыць, таму прапаную паглядзець маю старонку ў сетцы і вызначыць самім, што ж я здымаю.
Усе жанры, мне здаецца, вельмі абмяжоўваюць. Пра сябе я дакладна не магу сказаць, ці я пейзаж здымаю, свой настрой або ўражанне ад убачанага. Класічны партрэт я не люблю і не ўмею фатаграфаваць, класічны пейзаж не люблю. Ніколі не раблю ніякія праекты — не ўмею, і зайздрошчу людзям, у якіх з’яўляецца ідэя, яны працуюць над ёй і даводзяць да выніку. Я проста фатаграфую і ніколі не ведаю, што атрымаецца. І таму, калі адчуваю, што зняў дастаткова, павінен абмеркаваць, як гэта ўсё сабраць у серыю.
Калі я перайшоў да стужкавай фатаграфіі, то стараўся дасягнуць якасці, купіў добры фотаапарат — сярэднефарматную камеру Hasselblad. Імкнуўся здымаць «прыстойна» — па кампазіцыі, з патрэбнай вытрымкай.
Нечакана склаўся цыкл «Назад у горад» (2013—2015). Здарылася так, што тады я фатаграфаваў у Нью-Ёрку і яго наваколлях. Паглядзеў увесь матэрыял — і бачу: каб проста сказаць «гэта пра Нью-Ёрк», яго недастаткова, бо горад занадта розны. Але я зразумеў, што ключ у мяне ўсё ж такі ёсць: гэта мой выбар, мой погляд у горадзе і за яго межамі. У выніку я зрабіў серыю дыптыхаў, з кадрамі ў горадзе і ў прадмесцях, яны звязаны візуальна і эмацыйна, што відавочна для гледача.
Потым у мяне з’явілася жаданне адысці ад традыцыйнай «якасці». Я сам пачаў рабіць камеру і прыдумаў механізм, каб дамагацца розных эфектаў. Камера вельмі вялікая і дзіўная — у Мінску я б не мог з ёй прайсціся, яна выглядае як аўтамат. На будучай выставе прадстаўлю яе як экспанат.
Быў перыяд, калі мне дасталася цэлая скрыня пратэрмінаванай стужкі «Свема». Тады з’явілася мая серыя «Dreamscapes», якая працягваецца і сёння. Праз нейкі час гэтая стужка скончылася. Я стаў думаць пра новую, стаў яе па-рознаму «псаваць» — метадам спроб і памылак. Паспрабаваў вырошчваць на каляровай стужцы цвіль ад хлеба: для гэтага ў цёмным пакоі я заварочваў у стужку хлеб, на якім да таго моманту ўжо была цвіль, — вырасла, калі ён ляжаў на радыятары. Для мяне гэта была наогул першая каляровая серыя. Хачу на выставе паказаць 10 кадраў, знятыя маёй дзіўнай камерай на гэтай сапсаванай стужцы.
А тэрмін dreamscapes пераследуе мяне ўвесь час: гэта заўсёды ландшафт і там заўсёды ёсць чалавечая прысутнасць. Мне добра фатаграфаваць, калі ёсць хтосьці побач, ці гэта нехта чужы, які не заўважае, што яго здымаюць. Люблю працаваць і ў адзіноце, але тады гадзінамі даводзіцца чакаць чалавека: спачатку я выбіраю месца, кампазіцыю і ведаю, дзе ў гэтым месцы ён мне патрэбны. І я чакаю. З птушкамі прасцей, з імі я навучыўся дамаўляцца — у мяне ў кішэні заўсёды ёсць печыва.
Конік дзіўны, але за яго ўсе падпісваюцца
«Конік» — гісторыя абсалютна асобная і розная. Выйшла так, што на дачы ў бацькоў, каля Друскінінкая, я знайшоў яго — нікому не патрэбнага, маленькага, і выглядаў ён вельмі бедна. Спачатку я прымацаваў яго да дрэва. Потым пачаў з ім гуляць — змяшчаць у незвычайныя сітуацыі. Ідэя была ў тым, каб зрабіць усё натуральным чынам, але ў кадры імітаваць фаташоп. Гэта значыць, я купляю самую тонкую рыбалоўную лёску, самыя маленькія гаплікі, сваімі рукамі стаўлю сцэну так, каб усё было незаўважна, — толькі на гэта сыходзіць 2-3 гадзіны працы. Сюжэты падказаныя актуаліямі: напрыклад, калі памёр Мухамед Алі, я пабудаваў рынг, і мой конік быў баксёрам. Згарэў Нотр Дам — я пачынаю канструяваць і стараюся распавесці гісторыю. Ідуць перадвыбарчыя дэбаты, часам выпадкова пралятаюць стракозы або з’яўляецца вірус. Пачаўся грыбны сезон ці вось Купалаўская ноч — абавязкова павінен удзельнічаць конік. Родныя на мяне глядзяць крыху як на вар’ята, але, калі патрэбны іх удзел, усе падпісваюцца — бацькі, сястра. Здымаю гэтую серыю на мабільны тэлефон. Патрошку кадры збіраюцца, і кожны раз паказваю ў подпісе, што гэта не калаж. І яшчэ я вырашыў: трэба дадаткова здымаць, як і з чаго гэта рабілася. Напрыклад, цэлая пустыня, залітая халадніком. Гэта была летняя тэма: я зварыў вядро халадніку, яно прымацаванае так, каб усё вылівалася, плюс кроп, бульбачка, цыбуля — усе інгрэдыенты. У іншым кадры мне спатрэбілася штук 30 яечняў, дзесьці яшчэ пластмасавая птушка. Можна сказаць, гэта глупства ці проста недарэчныя імправізацыі з конікам, ды мне важна, што нерэальныя сітуацыі ствараюцца ручным спосабам.
Можна вучыцца ў класікаў, але немагчыма зыходзіць з кантэксту мінулага
Калі ў Мадрыдзе я знайшоў першых цікавых мне аўтараў, то ў думках павярнуўся назад і адкрыў для сябе літоўскую школу фатаграфіі. Вядома, яна і да гэтага была побач: выходзіў часопіс «Нёман», кожны нумар якога быў напоўнены працамі класікаў. Я больш-менш іх ведаў, аднак усур’ёз не ўспрымаў і не аналізаваў. А калі купіў стужкавы апарат і стаў здымаць на вуліцах, зразумеў, што трэба паглядзець «школу» больш уважліва. Стаў знаёміцца з аўтарамі, хто быў жывы ў тыя гады. З аднаго боку, гэта пазітыўны момант. Але непазбежна адбываецца гераізацыя іх фатаграфіі, і давялося сыходзіць ад іх уплыву, разумеючы: той час скончыўся. Нельга паўтараць тое, што было зроблена 50 гадоў таму.
Я люблю фатаграфаваць вуліцу, шукаю «брэсонаўскі» момант, веру ў яго, і цаню, і радуюся, калі кадр атрымліваецца. Ды нельга зыходзіць з сітуацый таго часу. Таму, напэўна, у класікаў я вучыўся, але сам, а яны пазначылі шлях, якім я захапляюся. Вось глядзіш фотаздымкі Суткуса — і разумееш, што яны не трапляюць пад уплыў часу: ён мяняецца, а ідэі застаюцца.
Тым не менш, павінен прызнаць, я не стаў вялікім аматарам сучаснай фатаграфіі. У сучаснай фатаграфіі мне найчасцей не хапае фатаграфій. Можа, праз гэта мне няпроста знайсці праекты, якія сапраўды цікавяць. Войны, эпідэміі, крызіс міграцыі, гендарныя аспекты і іншыя сацыяльныя тэмы — гэта ўсё важна, але ўжо малацікава. Ужо не хочацца агульнага аналізу сітуацый. Хочацца павольнага, асабістага, шчырага і пачуццёвага падыходу мастака.
Не кіраваць культурай, а падтрымліваць
Непазбежна ЕС адкрывае для культуры новыя далягляды, гэта абсалютна зразумела. І гэта не толькі падарожжа, але магчымасці вучыцца, працаваць, жыць у арт-рэзідэнцыях і г.д.
У Літве — і гэта вельмі добра — нарэшце сфармавалася разуменне таго, што культура — гэта вялікія грошы. Што культура можа быць інвестыцыяй — і тады гэта эканамічнае паняцце. Сфармавалася разуменне, што культура — лепшы амбасадар краіны, што яна ў гэтай якасці бясцэнная і ад яе шмат чаго залежыць.
У Літве створаны Нацыянальны фонд культуры, які займаецца падтрымкай культурных ініцыятыў: двойчы на год ён публікуе спісы прынятых заявак. Такім чынам, дзякуючы фонду мастак атрымлівае фінансавыя сродкі на праект, стыпендыю, грант ці нешта яшчэ. Можна казаць, што гэтага не хапае і трэба больш. Але дзякуючы Нацыянальнаму фонду ў шматлікіх дзеячаў культуры з’явілася магчымасць займацца тэатрам, музыкай і нават цэлымі арт-рухамі.
У той жа час, зразумеўшы, што культуру можна разглядаць з эканамічных пазіцый, некаторыя буйныя бізнэсмены сталі інвеставаць у нацыянальнае сучаснае мастацтва. Напрыклад, Віктарас Буткус адкрыў першы прыватны музей МО, у калекцыю якога ён купляе не толькі вядомых аўтараў, але і зусім маладых мастакоў.
У нас з’явілася разуменне, што для працы на арт-рынку патрэбна адпаведнае навучанне — я вельмі хацеў прывезці ў Мінск добрага эксперта ў рамках адукацыйнай праграмы, але вось цяпер не паспяваю.
Інакш кажучы, і дзяржава, і прыватныя дзеячы зразумелі, што ўкладанні ў развіццё культуры непазбежна вяртаюцца: прытокам турыстаў, тым, што краіна становіцца вядомай у нейкай культурнай вобласці, дзе вучацца і працуюць мастакі добрага ўзроўню. Акадэмія мастацтваў у Літве — адна з самых папулярных.
Сетка літоўскіх аташэ па культуры пашыраецца. У нас у амбасадзе няма культурнага аташэ (гэта павінен быць чалавек з міністэрства культуры), мяне так называюць, але я — звычайны дыпламат, у якога сфера дзейнасці ў Беларусі — толькі культура. У Іспаніі я быў консулам, у Нью-Ёрку працаваў у ААН, так што я ўніверсальны спецыяліст. Але ўсе дзяржаўныя інстытуцыі, ёсць ці няма ў пасольствах аташэ па культуры, павінны вельмі сур’ёзна ў гэтай галіне працаваць. З мастакамі той краіны, якую яны прадстаўляюць. Таму што гэта — самы лёгкі спосаб расказаць пра сябе. Гэта няшмат каштуе, а вынік застаецца надоўга.
А еўрапейскія фонды, яны таксама існуюць, працуюць па сваіх праграмах: людзі едуць на вучобу, у рэзідэнцыі і інш. Але і без еўрапейскіх праграм Нацыянальны фонд культуры працуе паспяхова. Не ўяўляю, як без яго існавалі б многія галерэі. Напрыклад, галерэя Саюза фотамастакоў: у яе ёсць выставачная зала, бібліятэка, архіў. Тут працуюць людзі, і дзверы адчыненыя заўсёды — галерэя атрымлівае грошы з Нацыянальнага фонду, у яе няма неабходнасці браць 2 еўра за ўваход. Вельмі важна, што дзяржава гэта разумее.
Класіка і фальклор — гэта ўсё добра, але трэба звяртаць увагу на тое, што фармуецца ў краіне цяпер, і паказваць у свеце. У гэтым плане вельмі добра працуюць дзяржаўныя нацыянальныя конкурсы — на лепшую кнігу, лепшы спектакль і г.д. Сама прэмія — каля 30 тысяч еўра, гэта вялікі стымул старацца і ўдзельнічаць. Конкурс прэс-фатаграфіі — таксама нацыянальны, і ён вельмі мабілізуе фатографаў. Як і ў вас, гэта прыватная ініцыятыва, аднак ён атрымлівае фінансаванне ад дзяржавы і можа існаваць. Міжнародны арт-кірмаш сучаснага мастацтва «АртВільнюс», Тэатр Оскараса Каршуноваса (OKT / Віленскі гарадскі тэатр) — таксама прыватныя ініцыятывы, і яны атрымліваюць фінансавую падтрымку. Так, гэта не цалкам увесь бюджэт, але дапамога ў іх ёсць. І дзяржава не раіць ім, што рабіць ці не рабіць, у Каршуноваса наогул шмат крытыкі, гэта неканвенцыйны тэатр, але яму дапамагаюць.
Я б хацеў, каб мастакі развіваліся ў Беларусі, а не думалі, куды з’ехаць
Відавочна, Беларусь я недаацаніў. Мне здавалася, тут будуць людзі homo sovieticus з такім жа мысленнем, якое я трываю з цяжкасцю. Меркаваў, буду спакойна працаваць, падарожнічаць і здымаць сваё — зраблю новую серыю. У выніку маё фотажыццё замёрла, я ўвесь час думаў не пра сваё, а пра іншых — як прадставіць праекты музыкаў, мастакоў, акцёраў, але не сябе.
А вакол убачыў я зусім іншых людзей — на сваіх мерапрыемствах і на многіх іншых. Яны сталі мне цікавыя, часам мы разам праводзім вольны час, і я спадзяюся, гэтыя кантакты застануцца. Хоць заўсёды ў такіх адносінах ёсць пытанне: гэта ты такі клёвы ці ў цябе пасада клёвая... З установамі — складаней, людзі там мяняюцца. Хоць мы шмат працавалі з галерэямі «Ў» і ДК, гэтыя кантакты таксама былі і творчымі, і асабістымі. Але час пакажа. Мы ў сваім жыцці сустракаем так мала людзей... Звычайна яны прыходзяць і сыходзяць, а тых, хто застаецца, трэба вельмі берагчы.
Галоўнае, мне хацелася б, каб творчыя людзі маглі расці як прафесіяналы, каб яны не думалі, куды з’язджаць, а мелі магчымасць рэальна вырасці ў сваёй краіне, займаючыся тым, што яны досыць добра робяць. Іх нельга пакідаць без увагі, без дапамогі: не патрэбныя вялікія грошы, каб зрабіць праект, аформіць працы, правесці выставу. Мяркую, ёсць магчымасць кааперацыі інстытуцый з бізнэсам, з творчымі саюзамі — значыць, трэба спрабаваць.
Тры гады, якія я правёў тут, гэта шмат. Не люблю сентыментальны падыход, але я сентыментальны чалавек — у Мадрыд і Нью-Ёрк вяртаюся з задавальненнем. І хоць мы цяпер не ведаем, што і як будзе, спадзяюся, цікавасць да вашай краіны таксама застанецца.