Вялікая Айчынная вайна, разграбленне фондаў Дзяржаўнай карціннай галерэі нямецкімі войскамі, адсутнасць развітога музейнага справаводства абумовілі белыя плямы, якія мы ўжо ў ХХI стагоддзі працягваем даследаваць і вывучаць, паступова сціраючы іх з нашай культурнай карты. На жаль, нягледзячы на значныя намаганні, ад шэрагу аўтараў засталіся толькі імёны, а многія праграмныя творы страчаны назаўжды. Але часам здараюцца цудоўныя адкрыцці. Такім стаў Мікалай Казак — беларуска-амерыканскі мастак, адзін з вядучых прадстаўнікоў геаметрычнай абстракцыі другой паловы ХХ стагоддзя.
На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў супрацоўнікам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі не даваў спакою жывапісны твор з пастаяннай экспазіцыі залы беларускага мастацтва першай паловы ХХ стагоддзя. На ім быў увасоблены малады мужчына, у развароце на тры чвэрці ён накіраваў характэрны для аўтапартрэтаў «насцярожаны касы» позірк на гледачоў, пакідаючы іх у няведанні. На партрэце ўнізе маецца подпіс чырвонай фарбай «Н. Казак. 1940» і крыху правей — жоўта-карычневай «Autopor». На адваротным баку злева ўнізе таксама маецца надпіс: «Пинская обл. Ганцевичский р-н Хатыничи дер. худ. Казак». Твор быў перададзены ў 1960 годзе з музея Вялікай Айчыннай вайны, дзе быў інвентарызаваны ў 1953 годзе (№ 2849) на падставе вопісу 1948 года (№ па вопісе 2399). Гэтыя скупыя звесткі — адзіная інфармацыя, якую мелі музейшчыкі, і здавалася, што ў найбліжэйшай будучыні новыя адкрыцці ў вывучэнні гэтага мужчынскага партрэта малаверагодныя...
Манера пісьма, увага да святлоценявога мадэлявання аб’ёмаў і пераканаўчасць партрэтнай характарыстыкі не пакідалі сумневу: аўтарам з’яўляецца прафесійны мастак, які працаваў у традыцыях рэалістычнага жывапісу. У пытаннях ідэнтыфікацыі імя майстра, пошукаў звестак пра яго паходжанне, адукацыю і творчы шлях загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва Валянціна Вайцэхоўская рабіла захады, што, на жаль, не прынеслі вынікаў.
Сітуацыя кардынальна змянілася 21 красавіка 2016 года. У музей прыйшоў пляменнік увасобленага на партрэце 23-гадовага мастака і прынёс каталог амерыканскага абстракцыяніста Nikolajа Kasaka, выдадзены ў Солт-Лэйк-Сіці ў 1991-м пад аўтарствам вядомага амерыканскага мастацтвазнаўцы, спецыяліста па гісторыі рускага авангарда Джона Боўлта.
Сумненні ў тым, што гаворка ідзе пра аднаго і таго ж творцу, прадстаўленага сваёй адзінай працай у калекцыі музея, напісанай у лепшых традыцыях рэалізму, і вядомага ў ЗША мастака, што працаваў у геаметрычнай абстракцыі, зніклі практычна адразу. Па-першае, у альбоме было шмат фатаграфій, якія пацвярджаюць фізіягнамічнае падабенства з нашым партрэтам, па-другое, размешчаныя ў каталогу біяграфічныя звесткі пра мастака цалкам адпавядалі подпісу на жывапісным партрэце.
Як жа так сталася, што ў гісторыі беларускага мастацтва вядомы авангардыст, прадстаўнік амерыканскай геаметрычнай абстракцыі другой паловы ХХ стагоддзя аказаўся аўтсайдарам, ніяк не ўпісаным у айчынны мастацкі працэс? Як жа так атрымалася, што, набыўшы традыцыйнае акадэмічнае майстэрства, мастак раптоўна адмаўляецца ад рэалістычнага бэкграўнду на карысць квадрата, круга і трохвугольніка, на карысць абстракцыі — таго феномена, які наогул змяніў уяўленне пра мастацтва ў ХХ стагоддзі?
Нічога дзіўнага тут няма. З аднаго боку, драматычныя падзеі аднаго з самых катастрафічных за ўсю гісторыю чалавецтва ХХ стагоддзя, што прымушалі многіх ратавацца, бегчы і пакідаць сваю радзіму, усялякія сувязі з якой аказваліся абарванымі па палітычных прычынах. З другога боку, не менш драматычныя і захапляльныя баі абстрактнага і фігуратыўнага, рэальнага і метафізічнага адбываліся ў тагачасным мастацтве. Уласна кажучы, жыццё і творчасць Мікалая Казака можа разглядацца як яркая ілюстрацыя сацыяльна-грамадскіх і мастацкіх перыпетый мінулага стагоддзя.
Будучы мастак нарадзіўся 24 верасня 1917 года ў шматдзетнай сям’і Максіма і Паўліны Казакоў. У яго аўтабіяграфіі месца нараджэння не пазначана, напісана, што ён нарадзіўся падчас адысеі сям’і паміж усходняй і заходняй часткамі савецкай Расіі. Хрысцілі яго ўжо ў вёсцы Лушча Лунінецкага раёна, а ў далейшым бацькі пражывалі ў палескай вёсцы Хатынічы. У 1935 годзе Мікалай Казак атрымаў стыпендыю і адправіўся вучыцца ў Варшаўскую Акадэмію прыгожых мастацтваў па спецыяльнасці «фрэскавы жывапіс», дзе наведваў клас прафесара Мечыслава Шульца, а ў 1939-м паступіў на курсы сябра Фларэнтыйскай акадэміі мастацтваў, вядомага польскага жывапісца і графіка Тадэвуша Кулісевіча.
Пасля заканчэння навучання, у пачатку 1940-х, Мікалай Казак працаваў у адной са школ Ганцавіцкага раёна асістэнтам, а ў 1942 годзе, падчас вайны, адбылася першая і, хутчэй за ўсё, адзіная яго выстава на беларускай зямлі — у Баранавічах, дзе ён выкладаў жывапіс і малюнак у гарадской мастацкай школе. У гэты ж час ён таксама атрымлівае першы прыз за фрэскавы жывапіс «Араты», а дзве невялікія жывапісныя яго працы набываюцца для калекцыі музея ў Баранавічах. Партрэт з нашай калекцыі адносіцца менавіта да гэтага ранняга рэалістычнага перыяду творчасці, хоць ужо ў 1942—1943 гадах Казак стварае чатыры невялікія, але важныя для далейшага яго развіцця як абстракцыяніста малюнкі пад характэрнымі для беспрадметнага мастацтва назвамі № 1, № 2, № 3, № 4, а таксама абстрактныя жывапісныя работы «Неба ленінградскіх белых начэй», «Этрапійнае бачанне форм і ліній», «Чорнае і Каляровыя плямы», у якіх пачынае развіваць сваю ідэю «Фізічнага мастацтва». Гэта не дзіўна, бо яго настаўнік Мечыслаў Шульц быў членам вядомага польскага авангарднага аб’яднання «Блок», што вызнаваў ідэі кубізму, супрэматызму і канструктывізму. На прыкладзе многіх прац 1940-х Казака можна прасачыць працэс праходжання пэўных этапаў праз розныя «ізмы», разлажэнні фігуратыўнага адлюстравання, калі рэалістычны вобраз робіцца экспрэсіяністычным, кубістычным і далей ператвараецца ў краты. Дрэвы імкнуцца да графічнасці, плоскаснасці, а жаночая постаць становіцца канструкцыяй.
Акалічнасці яго жыцця і лёсу блізкіх у гэты перыяд складваюцца трагічна. Раскулачванне і наступная дэпартацыя бацькоў разам з малодшымі дзецьмі ў Алтайскі край; забойства нямецкімі вайскоўцамі старэйшай сястры, яе мужа і дзіцяці; абвінавачванні ў шпіянажы самога мастака ў выніку авіяналёту на станцыю Лунінец, у якім загінулі трое яго сяброў; расстрэл савецкімі салдатамі брата Івана ў 1944 годзе змушаюць мастака перабрацца ў 1944-м у Вену, а адтуль праз год у Рым.
Гэты перыяд творчасці звязаны толькі з абстрактным мастацтвам, хоць вучоба ў рымскай акадэміі грунтавалася на працы з натурай. Казак развівае сваю канцэпцыю «Фізічнага мастацтва», вывучае работы вядучых еўрапейскіх абстракцыяністаў, заводзіць знаёмства з многімі вядомымі мастакамі, пісьменнікамі і крытыкамі таго часу, уключаючы Дэ Кірыка, Альберта Маравія, П’ера Даразіа і Энрыка Прампаліна — аднаго з самых яркіх прадстаўнікоў італьянскага архітэктурнага футурызму, заснавальніка аэражывапісу і «палірэчыўнай архітэктуры». Менавіта ў Рыме Казак стварае свае першыя 3D-канструкцыі і публікуе кароткае эсэ-маніфест «Фізічнае мастацтва — дзеянне пазітыўнага і негатыўнага».
У чым сутнасць канцэпцыі «Фізічнага мастацтва» паводле Мікалая Казака? Прывядзём толькі яе азначэнне і асноўныя палажэнні яго маніфестаў 1945—1946 гадоў:
«Фізічнае мастацтва — гэта канкрэтнае візуальнае адлюстраванне арыгінальнай ДУМКІ, натхнёнае містычнай, а таксама навуковай філасофскай сістэмай свету... Гэтая канцэпцыя не з’яўляецца выразам нейкага аднаго настрою мастака і не натхнёная модай, але ўяўляе з сябе лагічнае і непазбежнае творчае развіццё сучаснага мастацтва, філасофскага мыслення і навуковых ведаў у цэлым. Гэта арыгінальная творчая спроба супаставіць фундаментальныя характарыстыкі касмічнай арганізацыі і суцэльную прыроду боскай рэальнасці. Гэта спроба ўбачыць, спазнаць і выявіць нябачнае; навучыцца сузіраць свет, пакуль яго мова і знаёмае аблічча не адступяць і ён не паўстане перад унутраным поглядам у сваім першародным адзінстве і творчай непасрэднасці. Такім чынам, гэта мастацтва інтэлектуальна і духоўна прыцягвае як навуковае, так і інтуітыўнае разуменне.
Яго аснову складаюць наступныя тэзісы:
1. Вызваленне ад абмежаванняў традыцыйнага вызначэння твора мастацтва, у прыватнасці — уяўлення аб карціне як аб прамавугольным двухмерным плоскім палатне.
2. Аб’яднанне жывапісу і скульптуры: адмова ад ідэі жывапісу і скульптуры як дзвюх асобных форм сучаснага мастацтва.
3. Выкарыстанне Негатыўнай Прасторы-Энергіі разам са Станоўчай Прасторай-Энергіяй як арганічна структурнага і незаменнага складніка твора мастацтва.
4. Патрабаванне, каб твор мастацтва з’яўляўся самастойнай і актыўнай рэальнасцю сам па сабе, гэта значыць цалкам вынайдзеным фізічным арганізмам, а не апісаннем, перайманнем або дэфармацыяй чаго-небудзь».
З фармальнага пункту гледжання Казак распрацоўвае дынамічную шматмерную 3D-канструкцыю, якая стварае бясконцы цыкл сутыкненняў/трансфармацый. Ён выступае супраць паняцця выніковасці, завершанасці твора мастацтва і імкнецца замяніць сузіральнае мастацтва актыўным і прагрэсіўным. Услед за Уладзімірам Татліным, Лазарам Лісіцкім, Аляксандрам Родчанкам, Навумам Габо, Любоўю Паповай і іншымі ён зрабіў крок ад кампазіцыі да канструкцыі, але ўдасканаліў яе, усталёўваючы электрарухавік або выкарыстоўваючы асвятленне, што дало магчымасць ствараць рух унутры формы, множнасць перспектывы, такім чынам павялічваючы пастаянную няўстойлівасць. Многія яго канструкцыі мяркуюць наяўнасць рухальных частак, як у яго працах «Стварэнне светлага» (1962) і «Самая прыгожая зорка» (1968—1969).
Казак распрацоўвае тэму, актуальную ў асяроддзі рускіх авангардыстаў, — пытанне дынамічнай прыроды новага мастацтва і яго сувязі са светам тэхналогій і праектавання. Таму Мікалая Казака варта лічыць архітэктарам або інжынерам, які ствараў артэфакты.
Магутнымі крыніцамі энергіі для яго з’яўляюцца таксама дыяметральна супрацьлеглыя сілы: чорнае і белае, цяжар і бязважкасць, сіметрыя і асіметрыя, рытм і арытмічнасць, што раскрываюць канцэпт мастака пра пазітыўнае і негатыўнае дзеянні. На думку Казака, сапраўдную эстэтычную падзею, «жывы» твор мастацтва можна зрабіць толькі з выкарыстаннем пазітыўнай і негатыўнай прастораў. «Добрае і дрэннае, чорнае і белае ёсць праявы аднаго прынцыпу, і гэтыя супрацьлегласці на вякі вякоў неаддзельныя адна ад адной. З дапамогай руху яны ператвараюцца ў пункты сілы, генерыруючы асноўны рытм, які падтрымлівае з’яўленне форм. Гэта неад’емны кампанент функцыянавання Боскага творчага працэсу», — піша Мікалай Казак. У філасофскім стаўленні да мастацтва Казак, магчыма, блізкі да Малевіча (бо спрабаваў выйсці за межы канкрэтнай рэальнасці, каб дасягнуць «скрытага», або «сутнасці»), але са сваім практычным канструктыўным падыходам ён бліжэй да Татліна і яго традыцыі контррэльефаў.
На думку многіх даследчыкаў і, у прыватнасці, вышэйзгаданага Джона Боўлта, Казак абагульняе і аб’ядноўвае ў сваёй канцэпцыі вопыт перш за ўсё двух патрыярхаў рускага авангарда — канструктывіста Уладзіміра Татліна і супрэматыста Казіміра Малевіча, а таксама мінімалізму, кінетычнага мастацтва, тэхнічнага дызайну і прынцыпаў касмічнай механікі. Казак — мастак многіх стыляў і многіх прыхільнасцей, але яго працы беспамылкова пазнаюцца як «Казакіян», — адзначае Джон Боўлт. У яго тэорыі і практыцы выразна выявілася ўзаемасувязь паміж старым і новым, еўрапейскім і амерыканскім мастацтвам, мадэрнісцкім і постмадэрнісцкім бачаннем.
Сярод найважнейшых рыс, уласцівых абстрактным палотнам і аб’ектам Казака, можна назваць наступныя: па-першае, вытанчаная культура працы з матэрыялам, пэўны «акадэмічны глянец», высокі ўзровень «зробленага», павышаны «эстэтызм»; па-другое, вельмі часты сінтэз плоскасцевага і аб’ёмнага малюнкаў, ужыванне ў жывапісе нетрадыцыйных матэрыялаў, рэльефу.
Распрацаваная ў перыяд навучання ў Італіі канцэпцыя «Фізічнага мастацтва» знаходзіць сваё актыўнае ўвасабленне ў ЗША, куды творца пераязджае ў 1951 годзе. У Нью-Ёрку — горадзе, які пасля Другой сусветнай вайны становіцца новай сусветнай сталіцай мастацтва, — ён пражыве сорак з лішнім гадоў жыцця, аж да самай смерці ў 1994-м. Мікалай Казак жыў і працаваў у раёне Рывердэйл, у доме з яго ўласным дызайнам. У гэтым горадзе ідэальнай планіроўкі і вуліц, што перасякаліся пад прамым вуглом, Казак, верагодна, убачыў сваю геаметрычную абстракцыю. Сама архітэктура Нью-Ёрка як найлепш адпавядала яго новаму мастацкаму мысленню, адсылала да рэальнасці яго карцін.
Ідэі Казака добра клаліся ў агульную канву: аж да пачатку 1950-х геаметрычная абстракцыя займала адно з прынцыповых месцаў сярод актуальных тэндэнцый амерыканскага жывапісу. У гэтым кірунку працавалі Сцюарт Дэвіс, Ханс Хофман, Джозэф Алберс, Джон Грэхем. У 1955 годзе Казак далучаецца да Асацыяцыі амерыканскіх абстракцыяністаў (ААА) у Нью-Ёрку і пачынае ўдзельнічаць у іх выставах.
Мастак выстаўляўся ў такіх прэстыжных інстытуцыях, як музей Гугенхайма, галерэя Бэці Парсанс, мастацкі музей Х’юстана, музей Вітэ ў Сан-Антоніа; яго працы былі адабраны для ўдзелу ў знакамітай перасоўнай выставе калекцыі МакКроры Карпарэйшн «Канструктывізм і геаметрычная традыцыя»; у ліку патрыярхаў абстракцыі Лісіцкага, Малевіча, Родчанкі, Кандзінскага, Дэлоне і інш. у музеі Нью-Джэрсі ў 1983 годзе ўдзельнічаў у выставе «За самалётам: амерыканскія канструкцыі 1930—1965» і «Жывая традыцыя» ў музеі мастацтваў Бронкса ў Нью-Ёрку.
Акрамя непасрэдна творчай працы ў Нью-Ёрку, Мікалай Казак займаўся тэарэтычнай і асветніцкай дзейнасцю, чытаў лекцыі па мастацтве ў Брукліне, публікаваў артыкулы і эсэ. У 1968 годзе выйшла яго кніга «Art of Kasak», у 1977 ён падрыхтаваў фундаментальнае выданне сваіх філасофскіх ідэй, якія распрацоўваў з пачатку 1940-х «On Art and related Matters», а ў 1991 годзе пабачыла свет яго апошняя кніга «The Action to Dynamic Silence: The Art of Nikolai Kasak».
Дакументы і фатаграфіі Мікалая Казака былі набыты Архівам амерыканскага мастацтва, Смітсанаўскім інстытутам, Музеем сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку і іншымі амерыканскімі і міжнароднымі інстытуцыямі. На сённяшні дзень калекцыяй мастака валодае яго дачка Крысціна-Марыя Казак. У 2005 годзе была арганізавана вялікая пасмяротная выстава яго работ.
Рамкі артыкула дазваляюць толькі дакрануцца да таго новага матэрыялу, якім адарыў даследчыкаў і мастацтвазнаўцаў каталог твораў мастака. Патрэбна вялікая праца па аднаўленні ў нашым мастацтвазнаўчым полі яшчэ вельмі няяснай фігуры Мікалая Казака — беларуса па нацыянальнасці, выхаванца польскай акадэмічнай школы, аднаго з вядомых прадстаўнікоў амерыканскай геаметрычнай абстракцыі другой паловы ХХ стагоддзя. На сённяшні дзень істотна ўжо тое, што неўдакладнёны надпіс на этыкетажы партрэта саступіў месца поўнаму імю ўжо вядомага аўтара.
Кацярына Ізафатава