Разам з творамі, якія прыцягвалі цікавасць гледача тэхнічным выкананнем або вобразам, былі і дастаткова банальныя па мастацкім вырашэнні, але прафесійна вартыя, відавочны кітч на гэты раз адсутнічаў. Ва ўмовах дэфіцыту часу і велізарнай колькасці і разнапланавасці экспанатаў арганізатары зрабілі ўсё, што змаглі. Прагляд экспазіцыі не выклікаў нудоты і візуальнай стомы, хоць і не пакідаў з першага прагляду цэльнага ўражання, у асноўным з прычыны складанай траекторыі руху гледача і мноства перагародак. Пазаконкурснай часткай трыенале можна лічыць юбілейную выставу вядомага майстра гладкага ткацтва Уладзіміра Лісавенкі, чыім фірмовым стылем з’яўляецца выкарыстанне ў габелене джынсавай тканіны, і Міжнародны праект міні-тэкстылю (сумесна з украінскімі мастакамі і пад куратарствам Вольгі Рэднікінай).
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва цалкам заняло прастору Палаца мастацтва, адпаведна было прадстаўлена вельмі рэпрэзентатыўна. Былі паказаны практычна ўсе яго віды і творчасць розных пакаленняў — ад прызнаных майстроў да студэнтаў.
Сёлета колькасць намінацый і лаўрэатаў павялічылася: «Гран-пры», «Захаванне традыцый» і «Наватарства» (у розных матэрыялах), «Інсталяцыя». Выбар журы практычна не выклікаў ніякіх пытанняў. З’яўленне апошняй намінацыі было заканамерным, бо паняцце «мастацкі аб’ект», якое нарадзілася ў авангардным мастацтве XX стагоддзя, стала ў наш час настолькі ўніверсальным і ўсёабдымным, што дазволіла прымяняць яго і ў сферы дэкаратыўных мастацтваў.
Традыцыі і наватарства ў ДПМ на працягу ўсяго яго шматвяковага развіцця — гэта цесна ўзаемазвязаныя, супадпарадкаваныя паняцці. Суадносіны традыцыйных і актуальных творчых практык, пошук новых эфектыўных спосабаў рэпрэзентацыі нацыянальнай спадчыны, ператварэнне яго ў вобразы, зразумелыя любому гледачу, — гэта пытанні, якія не першы год стаяць перад сучаснымі мастакамі-прыкладнікамі, і не толькі беларускімі. Сёння менавіта ДПМ, папярэднік і выток усяго выяўленчага мастацтва, як і раней, застаецца своеасаблівым сховішчам гістарычнай памяці народа — і ў гэтай якасці ўсё часцей з’яўляецца асновай для пошуку этнічнай самаідэнтыфікацыі ў перыяд інтэрнацыяналізацыі сусветнай культуры. Пры гэтым стварэнне арыгінальнага аб’екта не мае на ўвазе тыражаванне нейкіх трывалых прыёмаў і вобразаў, а наватарства — наўпроставае запазычванне трэндавых геакультурных узораў. Асаблівае месца ў сучасным ДПМ набывае сінтэз розных матэрыялаў, а таксама выкарыстанне новых тэндэнцый формаўтварэння і тэхналогій (арт-аб’екты, відэа-тэхналогіі, інсталяцыі, энвайранмент). Самыя ўдалыя творы апошняга трыенале атрымаліся там, дзе традыцыя стала канцэптуальнай асновай наватарства, а таксама тыя, у якіх свабодна выкарыстоўваліся нечаканыя кантрасныя супастаўленні матэрыялаў і фактур, зробленыя на стыку розных відаў мастацтва.
Гэтыя працэсы сталі нарэшце прыкметнымі ў мастацкім тэкстылі, які моцна крытыкаваўся за кансерватызм і стэрэатыпнасць на першых двух трыенале і які раптам, пасля многіх гадоў застою, абудзіўся ад спячкі. На цяперашнім конкурсе ён быў прадстаўлены вельмі шматстайна як па форме, так і па змесце, адарваўся ад сцяны ў аб’ёмна-прасторавых аб’ектах з ужываннем розных матэрыялаў і змешаных тэхнік і парадаваў крэатыўным падыходам да выбару і спалучэння матэрыялаў. Нароўні з класічным гладкім ткацтвам была шырока прадстаўлена тэкстыльная мазаіка, злучэнне ткацтва і пляцення, натуральных і сінтэтычных матэрыялаў, працы з лямцу і нават канцэптуальны праект з ужываннем паперы ў якасці матэрыялу для ткацтва. Гладкі габелен быў вельмі разнапланавым па стылі і змесце: ад невялікіх работ Людмілы Пятруль, падобных да яркай абстрактнай графікі, — да габеленаў Галіны Крываблоцкай з тонкай маляўнічай нюансіроўкай (2-е месца ў намінацыі «Захаванне традыцый»), ад тэкстыльных «карцін» Ларысы Густавай, Людмілы Пуцейка, Раісы Галаватай да дэкаратыўных графічных арнаментальных работ Алы Непачаловіч, пабудаваных на характэрным для народнага рамізнага ткацтва колеравым і лінейным руху рытмаў, аднак у сучасным прачытанні і аўтарскай тэхніцы (1-е месца ў намінацыі «Захаванне традыцый»).
У традыцыйнай манументальна-дэкаратыўнай эстэтыцы, але ў яе камернай версіі працягваюць працаваць Ніна Пілюзіна, Валянціна Бартлава, Наталля Сухаверхава, Таццяна Белавусава-Пятроўская і шэраг іншых, у тым ліку маладых, аўтараў і аўтарак.
У параўнанні з папярэднімі гадамі, у прафесійным мастацтве больш інтэнсіўна развіваецца такі кірунак, як валянне лямцам (фелцінг), што перажывае сёння сапраўдны бум у аматараў. У гэтым матэрыяле пачала цікава працаваць Анастасія Арайс (3-е месца ў намінацыі «Наватарства»), якая злучае лямец з ручным ткацтвам і звяртаецца да разнастайнай тэматыкі: ад станковага лірычнага сюжэту («Пакроў») да невялікіх аб’ектаў — «знакаў» электроннай эпохі («Лінк», «Мэсэдж»). Вольга Рэднікіна (1-я прэмія ў намінацыі «Наватарства»), выкарыстоўваючы гэтую тэхніку, стварыла серыю невялікіх манахромных работ, што аб’ядналі тэкстыль, графіку і скульптурную форму. Наталля Лісоўская (3-е месца ў намінацыі «Захаванне традыцыі») выкарыстоўвае спалучэнне лямцу з іншымі матэрыяламі («Чатыры сезоны»), злучае ткацтва і лічбавы друк («Родны дом»), Ніна Сакалова-Кубай («Адлюстраванне») і Святлана Амельчанка («Фактуры-натуры») — разнастайныя фактурныя магчымасці лямцу і разрэджанасць палатна. У галіне тэкстыльнай скульптуры відовішчныя творы прадставілі Алена Обадава, якая ўжо даўно працуе ў гэтым кірунку (2-е месца ў намінацыі «Наватарства»), і Хрысціна Высоцкая (3-е месца ў намінацыі «Інсталяцыя»). На жаль, і на гэтай выставе самым стэрэатыпным і з вобразнага боку малацікавым застаецца батык, хоць ён і амаль цалкам губляўся на фоне іншых відаў тэкстылю.
Асноўная праблема айчыннага ДПМ апошняга дзесяцігоддзя — гэта тое, што маштабныя творы і буйныя заказы перасталі быць рухавіком яго паступальнага развіцця. Сёння немагчыма ўявіць і ажыццявіць грандыёзныя праекты, параўнальныя з «Габеленам стагоддзя» Аляксандра Кішчанкі, яны вельмі затратныя і пры гэтым не запатрабаваныя. Адбываецца адначасовая станкавізацыя і канцэптуалізацыя ДПМ, прычым працэс гэта не рознаскіраваны. Адсутнасць заказаў і адпаведнай тэхнічнай базы для іх рэалізацыі пераарыентоўвае мастакоў у вобласць «чыстага мастацтва», выставачных аб’ектаў і экспазіцыйных праектаў. Форма вольнай творчасці, з аднаго боку, дае магчымасць для больш шырокіх эксперыментаў не толькі з натуральнай сыравінай, а з сінтэтыкай, поліэтыленам і поліпрапіленам, дротам, дэкаратыўнымі валокнамі (Наталля Лісоўская, Антаніна Гуршанкова, Наталля Кімстач, Таццяна Козік і іншыя). Многія выкарыстоўваюць выразныя магчымасці, характэрныя для электроннай эпохі, як вобразныя, так і тэхнічныя (відэа, лічбавы друк). З іншага боку, гэта спалучаецца з матэрыяльнымі цяжкасцямі і абмежаваннямі тэхнічнага характару, што часам не лепшым чынам адбіваецца на якасным узроўні выканання (і датычыць гэта не толькі тэкстылю). Шэраг маладых мастакоў, магчыма, у пошуках больш даступных тэхнічных рашэнняў звярнуўся да тэкстыльнай мазаікі, якая выглядала занадта кансерватыўна (Ніколь Задора, Віялета Несцярук, Уладзіслаў Уласік, Алена Тарасевіч), і аплікацыі, значна больш сучаснай па стылістыцы, але выкананне відавочна не дацягвала да задумкі (Марыя Лось, Алена Швайбовіч, яе «Маё плато», тым не менш, было адзначана спецыяльным дыпломам).
Там, дзе мастаку ўдалося прымірыць не толькі традыцыі і наватарства, але і эстэтыку з эканомікай, узнікалі цікавыя, вельмі вынаходлівыя творы: напрыклад, кампазіцыі Хрысціны Высоцкай з ужываннем магнітнай стужкі і пластыку, Марыі Барысенка, якая прадставіла працу на стыку ДПМ і жывапісу («Мне сніўся Піцер...»), спалучэнне роспісу і вузялковага пляцення ў Таццяны Фаміной («Месяцовы шлях»), Таццяны Козік, чыя інсталяцыя аб’ектаў з металічнай сеткі «Мяжа часу» атрымала 1-е месца ў адпаведнай намінацыі. Крыху незразумелым засталося ўзнагароджанне Мікалая Кузьміча, аднаго з нямногіх майстроў, што працуюць з металам, за наватарства, бо, пры ўсіх бездакорных прафесійных якасцях, яго твор быў літаральна традыцыйны як па форме, так і па змесце.
Гран-пры заслужана атрымаў філасофска-алегарычны праект Святланы Баранкоўскай і Таццяны Макляцовай-Якаўлевай «Белы шум»: гэта група тэкстыльных палотнаў розных прапорцый, структуры і тэкстуры, выкананых з сеткі і выкарыстанай капіявальнай паперы, рукапісных і газетных старонак, што былі свабодна падвешаны каскадам у прасторы і прасвечвалі адзін скрозь адзін. Тэма праекта — пошук самаідэнтыфікацыі ў cусвеце залішняй віртуальнай інфармацыі праз зварот да старажытнага мастацтва ткацтва, супрацьпастаўленне вечнага і імгненнага. Гэта прыклад выключна прадуманага і канцэптуальнага прымянення змястоўных і тэхнічных характарыстык матэрыялу як структурнай асновы мастацкага вобраза. І акрамя таго, гэта безумоўна эстэтычная і тэхнічна бездакорна выкананая праца.
У мастацтве керамікі на выставе пераважалі аб’екты, якія ўмоўна можна аднесці да «скульптуры» малой формы. Разам са складанымі, падкрэслена рукатворнымі кампазіцыямі Валянціны Іваньковай і Ліліі Нішчык, Ірыны Фінклер, Валерыя Калтыгіна, што злучаюць фігуратыўную пластыку з мовай абстрактнага мастацтва, самае шырокае распаўсюджванне атрымалі спрошчаныя маналітныя формы, якія прэтэндавалі на нейкае семантычнае напаўненне вобраза і яго знакавасць, лаканічныя па дэкоры — у духу крыху безаблічнага абстрактнага дызайну (Андрэй Княжэвіч, Вікторыя Ермаковіч, Вольга Колесава і інш.). На гэтым фоне справядліва былі адзначаны лаканічныя і гарманічныя па сродках творы керамістаў старэйшага пакалення — Фаіны Хаменіч (3-е месца ў намінацыі «Традыцыя») і Таццяны Курачыцкай (спецыяльны дыплом). Дастаткова цікава былі прадстаўлены розныя віды надглазурнага і падглазурнага роспісу (Эмілія Фокіна, Алег Барычэўскі (спецыяльная прэмія), Вольга Угрыновіч і інш.).
У адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі, беларускіх мастакоў хвалююць праблемы сінтэзу керамікі з іншымі матэрыяламі, што ажыццяўляецца па-рознаму. У намінацыі «Захаванне традыцыі» першае месца было аддадзена выразным кампазіцыям Тамары Васюк у змешанай тэхніцы, вырашанай на кантрасце неапрацаваных полых спілаў дрэва і гліняных фігур, дэкараваных аксідамі («Жыццё сусвету»). Вылучаліся стылістычнай тонкасцю і незвычайным спалучэннем «карункавай» фактуры шкла і грубаватай паверхні шамоту паэтычныя работы Наталлі Яўглеўскай. Таццяна Малышава таксама прадставіла дэкаратыўныя талеркі, у якіх злучае шкло і кераміку («Трансфармацыя лета»).
Вельмі цікава назіраць за развіццём беларускага аўтарскага шкла. Яно мае ў аснове інтэрнацыянальныя вытокі і становіцца ўсё больш канцэптуальным і дынамічным відам творчасці. У пошуках новай эстэтыкі шкла ў айчыннай практыцы прыкметныя тэндэнцыі, што характарызуюць і сусветны працэс у цэлым: свабоднае стаўленне да матэрыялу, сінтэтычнасць мыслення, стварэнне арт-аб’ектаў на стыку розных відаў мастацтва. Папулярным, як і ў кераміцы, становіцца скульптурны прынцып, унутры якога перавага аддаецца ў першую чаргу бясколернаму шклу: яно ўжываецца ў адпаведнасці з аўтарскай задумай у зусім рознай якасці. Гэта можа быць цякучы матэрыял матавай фактуры для геаметрызаваных аб’ёмна-пластычных рашэнняў (Ірына Перкусава) або плоскія ліставыя пласціны, з якіх ствараюцца скульптурныя аб’екты (Жанна Марозава, 3-е месца ў намінацыі «Наватарства»). Па-рознаму абыгрываюцца простыя формы пляшкі, сабраныя ў прасторавыя антыўтылітарныя кампазіцыі. Таццяна Малышава (2-е месца ў намінацыі «Захаванне традыцыі») выкарыстоўвае іх для супастаўлення вывераных па прапорцыях і колеру лаканічных сілуэтаў («Уся зеляніна лета»). Вольга Сазыкіна (2-е месца ў намінацыі «Наватарства») ігнаруе дэкаратыўны пачатак шкла, выкарыстоўваючы адсутнасць колеру як інтэлектуальную метафару, камбінуе бясколернае шкло з металам («Кісларод», «Пасланні», «Іншаземныя госці»). Алена Чэпелева супрацьпастаўляе пластычнасць шкла і статычнасць грубага шамоту («Адносіны»). Ірына Кузняцова суправаджае кампазіцыю з празрыстых сасудаў відэа аб працэсе іх стварэння («Імкненне», 2-е месца ў намінацыі «Інсталяцыя»). Спецыяльны прыз Данілу Граковічу за працу з каляровым шклом у тэхніцы ф’юзінгу («Гадзіннік "Кандзінскі"») стаў, хутчэй за ўсё, заахвочваннем для далейшага развіцця ў гэтым напрамку, бо самастойнага стылю мастак пакуль не напрацаваў.
Падводзячы вынік усяму вышэйсказанаму, можна канстатаваць, што дзесяцігоддзе паміж першай і апошняй трыенале стала перыядам адноснага накаплення сіл, ідэй, навыкаў для тых творцаў, хто насуперак усяму застаўся верны свайму не занадта прыбытковаму, але фізічна і фінансава затратнаму мастацтву. На сучасным этапе форма маштабнай выставы-конкурсу застаецца для іх амаль адзіным творчым стымулам, аднак багатыя магчымасці гэтага віду выставачнай дзейнасці ў чарговы раз не былі выкарыстаныя. Аб неабходнасці грунтоўнай падрыхтоўкі, яснай канцэптуальнай і праектнай ідэі, праграмы, інфармацыйнага асвятлення, якія суправаджаюць трыенале як асаблівы від экспазіцыйнай практыкі, гаворыцца з моманту першага такога мерапрыемства. На жаль, да гэтага часу яшчэ ніхто не захацеў — або не змог — нават крыху папрацаваць у патрэбным кірунку. І пакуль гэтая задача не будзе хоць бы часткова вырашана, беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва не зможа стаць у поўнай меры канкурэнтаздольным у сусветнай арт-прасторы, працягваючы нявызначана доўга таптацца ў звыклай забалочанай прасторы пашыранай справаздачнай выставы некалькіх секцый Беларускага саюза мастакоў.
Марына Эрэнбург