Першае ваша знаёмства з фартэпіяна. Гэта вы пайшлі яму насустрач ці інструмент сам прапанаваў пазнаёміцца з ім?
— Ад самага пачатку мне вельмі спадабаліся клавішы. Фартэпіяна з’явілася ў нашым доме дзякуючы нейкаму шчасліваму збегу абставін, і я пачаў праводзіць каля яго настолькі шмат часу, што бацькі аплацілі ўрокі на інструменце, калі мне споўнілася пяць гадоў. Ну а пасля ўжо па чарзе: музычная школа, першыя заробкі і працы ці то арганістам у касцёле, ці то акампаніятарам у тэатры. І ўсё крочыла наперад, я так думаю, добра, а таму, калі я ўжо быў падлеткам, бацькі набылі мне фартэпіяна. Развіваўся я пакутліва і не без праблем, але неўзабаве ў мяне такі атрымалася выйсці на прафесійны ўзровень. Мне ў гэтым дапамагала ўся наша сям’я: бацька, маці, сястра, бабуля. Вось чаму думаю так: гэта не ты выбіраеш музыку, гэта музыка выбірае цябе.
Цалкам выпадкова я паглядзеў фільм «Піянабіяграфія», які распавядае пра вашу працу над спектаклем «Сон у летнюю ноч» у музычным тэатры Гдыні (рэжысёр Войцех Касцельняк). Мяне вельмі ўзрушыла сцэна вашай сустрэчы з бабуляй. Я нават падазраю, што гэта менавіта яна ў найбольшай меры правяла вас да музыкі.
— Бабуля любіла мяне апантана, і, у прынцыпе, ёй было ўсё роўна, чым я там займаюся. Гэта была надзвычай мудрая жанчына. Цяпер я ведаю, што дзякуючы тым кароткім хвілінам, калі я адчуваў сябе адназначна любімым дзіцем, у мяне з’яўляліся сілы дзеля таго, каб крочыць наперад. У тыя гады я адначасова выступаў у складзе ажно трох калектываў: у квартэце Збышка Намыслоўскага, у гурце Milosc; і ў Quintessence Эрыка Кульма. І яшчэ вучыўся па класе фартэпіяна ў гданьскай Акадэміі музыкі.
А што вам дала праца ў складзе Milosсi?
— Яна прынесла вызваленне ад калектыўных перакананняў чалавека, які выходзіць на шлях асабістага развіцця. У гурце Milosc; я мог крочыць супраць плыні, я адчуў смак супраціўляцца існуючаму парадку рэчаў. І гэта быў неверагодна выдатны досвед! Думаю, што выкананне музыкі фры павінна быць абавязковым для кожнага музыканта, яно прыносіць вельмі карысныя ўменні. Галоўным жа інструментам музыканта, які грае фры-джаз, з’яўляецца вера. А гэтаму цябе не навучыць аніякая школа!
Як вы думаеце: вучоба ў Акадэміі музыкі абавязковая для музыканта, які марыць выконваць сучасны аўтарскі джаз?
— Нічога няма абавязковага. Акадэмія музыкі дала мне прафесійныя здольнасці, імі я карыстаюся ўвесь час. Дзякуючы ім я магу ўтрымліваць сябе як музыкант, таму што ведаю ноты і аднолькава добра арыентуюся ў свеце як класічнай музыкі, так і папулярнай. І ўсё гэта мне цяпер вельмі дапамагае.
Калі і чаму вы адчулі ў сабе патрэбу выконваць джазавую музыку?
— Мне было тады васямнаццаць гадоў. Дагэтуль мяне выхоўвалі ў кірунку выканання класічнай музыкі, аднак толькі джаз прапанаваў мне магчымасці ў поўнай ступені рэалізаваць уласнае эга. Эга — гэта выдатны інструмент, без яго ўсё развіццё спынілася б. Разам з дасягненнем вышэйшых узроўняў свядомасці эга прыкметна заціхае, але ніколі не знікае.
У Польшчы шмат цікавых джазавых піяністаў. Хто з прадстаўнікоў старэйшай генерацыі паўплываў на вас?
— Перадусім Адам Маковіч. У мяне таксама быў непрацяглы перыяд захаплення Мечыславам Кошам, але з той прычыны, што ён пакінуў па сабе няшмат запісаў, тое захапленне не развілася. Такім чынам, Маковіч, Кош, Адзік Сэндэцкі, Влодэк Паўлік, Януш Скоўран. У гэтых людзей я найперш і вучыўся.
Некалькі польскіх джазавых піяністаў запісвалі імправізацыі твораў Шапэна. Першым альбомам, які вы запісалі ў 1994 годзе, была праграма «Шапэн-імпрэсіі». Што прыцягнула вас да наробку гэтага кампазітара і да якой ступені можна называць Шапэна аўтарам музыкі, што можа быць імправізаванай?
— Проста сам Шапэн быў імправізатарам. Тая музыка, якую ён пакінуў па сабе, надзвычай моцна арганізаваная. Ён прысвяціў шмат часу і энергіі на даследаванне ўласнай фантазіі і быў вельмі скрупулёзны. Пра гэта можа сведчыць хоць бы той факт, што ён пакінуў па сабе не так і шмат — усяго толькі каля 20 гадзін музыкі. Аднак гэта тая музыка, якая выдатна распланаваная і вельмі падрабязна апісаная. Абапіраючыся на такі матэрыял, імправізаваць няпроста, бо гэта немагчыма рабіць без парушэння ягонай унутранай кансістэнцыі. Я вырашыўся на гэта толькі таму, што атрымаў на тое замову, а маё эга ў той час было галоднае на працу і поспех.
Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодна: выступаючы сола ці разам з калегамі (прыкладам, з Ларсам Даніэльсам і Зохарам Фрэска)? Як наогул нарадзіўся саюз трох музыкантаў з трох розных краін?
— Свабода ў музыцы — гэта свайго роду рамантычны міф. Пра свабоду ў музыцы шмат разважаюць маладыя, не вельмі спрактыкаваныя артысты, што прагнуць адчування той прыгажосці, якую яны толькі вывучаюць. З цягам часу я зразумеў: калі жывеш у фізічным целе, ты трапляеш у палон неверагоднай колькасці абмежаванняў. Трыа Можджэр—Даніэльсан—Фрэска абапіраецца на зграбнасць, добразычлівасць, узаемнае супадзенне, сінхранізацыю і павагу. Свабода без такіх якасцяў прыводзіць толькі да балагану і выклікае мноства праблем.
Вы выступалі з многімі зоркамі джазу. А ці ёсць такія музыкі, з якімі вы марыце выступіць ці запісацца?
— Бадай што не. Я не павінен выступаць з зоркамі. Лічу за лепшае іграць з прыемнымі людзьмі з вялікімі здольнасцямі.
Апрача выканання джазу, вы пішаце шмат музыкі для тэатра і кіно. Які спектакль альбо фільм вы лічыце найлепшым творчым дасягненнем? Магчыма, гэта музыка Яна Качмарка да фільма «Finding Neverland», адзначаная «Оскарам», у запісе якой вы паўдзельнічалі?
— Да гэтага часу найбольш працы я меў у дачыненні да фільма «Ікар — легенда Метка Коша» ў рэжысуры Мацея Пепшыца. Там я насамрэч мог выказацца напоўніцу. Працы была цяжкая, але я вельмі задаволены вынікам. Акрамя таго, гэта наогул добрая стужка. Таксама люблю музыку да «Коткі на гарачым бляшаным даху» ў рэжысуры Храпкевіча і музыку да балета «Windows» Ізадоры Вайс. Не ведаю, наколькі ўсё гэта можна назваць незвычайнымі творчымі дасягненнямі, аднак мне гэта прыемна слухаць. Магчыма, галоўным чынам таму, што сам я граю там няшмат, а таму амаль не маю да чаго чапляцца.
Апошнім часам рэгулярна чытаю вашу аўтарскую калонку на старонках часопіса Jazz Forum, дзе вы выступаеце як публіцыст. А што дае вам занятак журналістыкай?
— Ды я сам не ведаю! Я проста аднойчы вырашыў падзяліцца ўласнымі думкамі, якіх у мяне шмат, бо працую на сцэне ад сёмага года жыцця. Я стараюся быць карысным. Галоўны рэдактар часопіса Jazz Forum Павел Брадоўскі вырашыў, што ў мяне маецца патэнцыял публіцыста, і прапанаваў мне супрацоўніцтва. І я раблю гэта не таму, каб нешта ўзяць для сябе, а толькі для таго, каб нешта сваё аддаць.
А ці праўда гэта, што вы, як у свой час Уладзімір Горавіц, выязджаеце на выступленне з уласным канцэртным раялем?
— Так, я дажыў да тых гадоў, калі езджу на канцэрты з уласным інструментам. Але не заўсёды і не абавязкова. Часам такое рашэнне з’яўляецца больш выгадным. Як для арганізатараў канцэрта, так і для мяне.
Вось ужо некалькі гадоў вы таксама выконваеце функцыі артыстычнага дырэктара «Enter Music Festival» у Познані. Ці ёсць у беларускіх музыкаў шанцы выступіць на ягонай сцэне?
— О, гэта выдатная ідэя! І чаму я пра гэта не падумаў раней?! Магчыма, з-за таго, што нацыянальнасць чалавека не мае для мяне аніякага значэння.
Падчас вашага апошняга візіту ў Мінск вы зайгралі на двух раялях разам з беларускім піяністам Кірылам Кедукам. А імправізацыю на тэму народнай мелодыі «Купалінка» вы падрыхтавалі загадзя альбо выканалі яе спантанна? Што вам запомнілася пасля канцэртаў у Мінску? І мяне цікавіць ваша думка, наколькі ўплывае на джаз фальклор, не толькі славянскі?
— Перад канцэртам Кірыл напеў мне ў гардэробе гэтую мелодыю, я ўзяў асадку і хуценька накідаў аранжаванне для аркестра. Атрымалася гэтак жа хутка размножыць ноты на ксераксе, і мы гэтую тэму выканалі на «біс». Надзвычай прыгожая мелодыя! Што да фальклору, дык ён мае на джаз вырашальны ўплыў хоць бы таму, што ўся музыка выводзіцца з законаў прыроды, а людзі на вёсцы ведаюць пра прыроду куды больш, чым жыхары гарадоў. Мы цяпер жывём у захапляльныя часіны, калі мусім абавязкова зразумець: гаспадарка — гэта частка культуры, а культура, у сваю чаргу, — частка прыроды.