Зразумела: публіка, якая свядома абірае менавіта гэтую тэатральную пляцоўку, у большасці прыходзіць найперш па рэлакс і лёгкі адпачынак. У аўдыторыі Музычнага, заўважаю не першы раз, пераважаюць жанчыны сярэдняга і старэйшага веку. Аматары эксперыментаў і незвычайных трактовак гэты тэатр з незразумелых прычын абмінаюць. Наведнікі Музычнага шануюць традыцыю (якая можа існаваць як традыцыя, а можа ператварацца і ў махровы штамп). Яны зазвычай не шукаюць драматычнага напружання і рэжысёрскіх вынаходніцтваў. Калі праблемы і ўзнікаюць у першай дзеі, дык у другой павінны вырашыцца. Настрой мусіць быць лёгкім і радасным, сцэнічныя строі — ззяць і пералівацца. Усё так, але як адшукаць для новых пастановак назвы і герояў, далёкіх ад аперэтачных штампаў?
Адзін з такіх варыянтаў тэатр прапанаваў, запрасіўшы на прэм’еру мюзікла Веніяміна Баснера «Яўрэйскае шчасце». Для меламана імя кампазітара асацыюецца найперш з песенным жанрам. Менавіта Баснер — аўтар мегапапулярных песень «С чего начинается Родина?», «На безымянной высоте», «Березовый сок», «На всю оставшуюся жизнь». Дзякуючы эмацыйнай шчырасці, пранікнёнаму меладызму, адзінству лірыкі і драматызму гэтыя творы ўспрымаюцца як музычныя помнікі пэўнай эпохі.
Сюжэтнай асновай спектакля «Яўрэйскае шчасце» зрабіўся раман Давіда Фрыдмана «Мендэль Маранц». Ён пра эмігрантаў першай хвалі, якія з’ехалі за акіян у 20-я гады мінулага стагоддзя. Але тэма эміграцыі (як і пошукаў лепшай долі) застаецца, на жаль, актуальнай для нашага грамадства. У 1994-м Баснер увасобіў даўнюю мару — стварыў у тагачасным Ленінградзе яўрэйскі тэатр пад назвай «Сімха» («Радасць»). Там і адбылася прэм’ера мюзікла «Яўрэйскае шчасце». Праз нейкі час кампазітар памёр, а тэатр перастаў існаваць.
Прывабнасць мінскай прэм’еры ў тым, што перад намі не перанос і не паўтор, а самастойная і арыгінальная версія. Тое, як клавір твора трапіў у Мінск, — амаль дэтэктыўная гісторыя. Аркестроўку музыкі спектакля зрабіў дырыжор Юрый Галяс.
Пэўны ажыятаж, што назіраўся на прэм’еры, квіткі, раскупленыя на паказы ў наступныя месяцы, сведчаць: пастановачная брыгада на чале з рэжысёрам Міхаілам Кавальчыкам здолела стварыць спектакль, запатрабаваны публікай і надалей.
Мяркую, відавочных прычын глядацкай запатрабаванасці некалькі. Першая: сто гадоў таму менавіта яўрэі складалі пераважаную частку насельніцтва Мінска. Другая: у яўрэйскім музычным фальклоры заўжды прысутнічае адметны каларыт і невынішчальны аптымізм. Магчыма, таму «Яўрэйскае шчасце» — спектакль лёгкі, светлы, радасны. Як быццам ён і не прэтэндуе на нешта глабальнае, на неверагодныя адкрыцці. Але адносіны дзяцей і бацькоў, атмасфера ў сям’і, пошукі шчасця — насамрэч тое, што цікавіць і хвалюе кожнага.
Пастаноўка не раздражняе зацягнутасцю ці грувасткасцю, як тое часам можна назіраць на спектаклях Музычнага. Яна лёгка коціцца па рэйках сюжэта, вабіць мелодыямі, прасякнутымі яўрэйскім меласам. Захапляе жыццярадаснымі і імклівымі сцэнамі, дзе яднаюцца спевы і танец (балетмайстарка Юлія Міхайлава, вакальная кіраўніца Святлана Пятрова). Аздобленая гумарам, але не прымітыўным, а дасціпным і досыць часта інтэлектуальным, на які непасрэдна адгукаецца зала. Напэўна, асноўная крыніца досціпаў — галоўны герой, Мендэль Маранц (Віктар Цыркуновіч). Артысту відавочна імпануе ягоны герой. Ён з радасцю паглыбляецца ў ягоны характар эмігранта-вынаходцы, адначасова і філосафа, чалавека назіральнага і добразычлівага. Няпроста ўявіць, што Цыркуновіч гэтак жа пераканаўча выконвае камедыйна-характарныя ролі ў аперэтах і ўвасабляе вобраз Купалы ў адной з нядаўніх пастановак.
Да бясспрэчных плюсаў мюзікла варта аднесці наяўнасць акцёрскага ансамбля, калі ўсе выканаўцы існуюць у стылі адной пастаноўкі, але, тым не менш, кожны стварае каларытны вобраз. Радуюся, што разгорнутую і адметную ролю Зельды ўвасобіла шматгранная Кацярына Дзегцярова (на маю думку, пакуль не ацэненая як след салістка, якая часцей раскрываецца ў спектаклях «Тэрыторыі мюзікла» і арыгінальных філарманічных праектах). Радуюся, што Дзянісу Нямцову (ён выконвае ролю музыканта і апавядальніка) не даручылі ўвасабляць чарговага крыважэрнага нягодніка. Яўген Ермакоў, які ў аперэтах выступае пераважна ў ролях рамантычных, тут стварае сатырычны вобраз сквапнага Бернарда, брата Зельды.
Калі сутыкаешся са спектаклем не надта ўдалым, ён раздражняе, у выніку пачынаеш шукаць відавочныя ці прыхаваныя прычыны творчай няўдачы ці ўдачы адноснай. Калі на пастаноўцы забываеш, што прыйшла, каб напісаць рэцэнзію, атрымліваеш глядацкае задавальненне, радуешся лёгкасці сцэнічнага існавання герояў, — гэта нараджае лёгкі і аптымістычны настрой. І адначасова сведчыць пра ўзровень спектакля. Калі будзе вольны час (і квіткі), пацікаўцеся рэцэптамі шчасця, пра якія гаворка ў мюзікле. Тым больш яны ўсеагульныя.