Канцэрты на колах
Месяц таму я пісаў пра новыя формы прэзентацыі мастацтва, якія паўсталі ў сувязі з распаўсюдам пандэміі. Тады ж
памеркаваў, што адным анлайн-мастацтвам тэндэнцыя напэўна не абмяжуецца і мы зробімся сведкамі такіх прэзентацыйных з’яў, пра якія нават не здагадваемся. Жыццё пацвердзіла тыя меркаванні. Ужо звычайнай рэччу зрабіліся не толь-
кі анлайн-канцэрты музыкантаў розных стыляў ды жанраў, але і фестывалі і нават міжнародныя туры. Нікога, відаць, не здзіўляюць і музычныя марафоны дабрачыннага характару кшталту айчыннага «Live Aid: COVID-19» для збору сродкаў на дапамогу беларускім медыкам. З гэтай мэтай у Сеціве нават паўстаў адмысловы рэсурс Artist.gives. Мы хутка прызвычаіліся да анлайн-экскурсій па музеях, супольнага выканання музыкі артыстамі, што знаходзяцца ў розных краінах.
Аўтакіназаламі сёння нікога не здзівіш: традыцыя глядзець кіно на адкрытых пляцоўках, не пакідаючы ўласнага аўто, існуе дастаткова даўно. Але вось канцэрты для слухачоў, якія знаходзяцца перад сцэнай у аўтамабілях, — нешта зусім новае. Пры гэтым гук транслюецца непасрэдна на наяўную ў аўто апаратуру, а замест апладысментаў гучаць клаксоны. І музыкантам тое, мне думаецца, падабаецца. Усё ж лепш іграць для канкрэтнай публікі, няхай яна і знаходзіцца за шклом, чым проста працаваць у прасторы інтэрнэту, не ведаючы, хто цябе слухае. Таму многія артысты пагаджаюцца на такі спосаб паказу сваёй творчасці, хоць, зразумела, вельмі заклапочаныя тым, што даводзіцца часова ўстрымлівацца ад класічных канцэртных форм.
І яшчэ літаральна на днях выпадкова натрапіў на сайт patreon.com. Рэсурс гэты не новы, ён запрацаваў сем гадоў таму. Не сакрэт, што дабрачыннасць — гэта адно, але ж і на жыццё ва ўмовах ізаляцыі трэба неяк зарабляць. Найперш артыстам, якія не дасягнулі статусу зорак. Дык вось, сайт задуманы ў дапамогу прадстаўнікам мастацтва розных відаў і іншых прафесій. Кожны можа тут зарэгістравацца і ў любую хвіліну камунікаваць са сваімі прыхільнікамі. Кошт сяброўства вагаецца ад 5 да 25 даляраў штомесяц, грошы паступаюць на рахунак зарэгістраваных на сайце аўтараў. Варта адзначыць, што з пачаткам пандэміі актыўнасць на сайце істотна ўзрасла.
Дастаткова азірнуцца толькі на мінулы месяц, каб пераканацца ў тым, наколькі імкліва насоўваецца новае, тое, чаго мы яшчэ не ведалі.
Няхай так будзе!
23 мая 1970 года ў продажы з’явіўся трынаццаты і апошні альбом The Beatles пад назваю «Let It Be», які стаў найбольш загадкавай плыткай ва ўсёй дыскаграфіі квартэта. Насамрэч гэта была па сутнасці дванаццатая па ліку праграма, таму што большасць песень была запісана нават раней за творы да папярэдняга альбома «Abbey Road». Змест «Let It Be» можна назваць вельмі стракатым, калі наогул не хаатычным, хоць плытка і падаравала публіцы шэраг вельмі ўдалых кампазіцый: загалоўная песня, а таксама «The Long and Winding Road», «Get Back», «Across the Universe», «I Me Mine». Прадзюсарам альбома выступіў знаны спец Філ Спектар, які істотна перапрацаваў старыя фанаграмы ажно да таго, што Пол Макартні ўсчаў скандал, незадаволены творчымі ідэямі амерыканца. Праз трыццаць з лішкам гадоў ён наняў гукарэжысёраў, якія перапрацавалі фанаграмы з «Let It Be» згодна з ягонымі задумамі, і неўзабаве свет убачыла новая версія альбома пад назвай «Let It Be… Naked».
Пры ўсім пры гэтым «Let It Be» мае вялікую папулярнасць і сярод музыкантаў, многія з іх (прыкладам, Джорж Бэнсан, Laibach) запісалі ўласныя версіі гэтай праграмы, творы з якой і цяпер гучаць са сцэн і ў эфірах.
Універсальны спявак
Сярод маіх улюбёных песень ёсць і такія, што крочаць поруч ці не праз усё маё свядомае жыццё. Адна з іх — «Delilah» — упершыню прагучала ў 1968-м у выкананні англійскага спевака Тома Джонса. Гэтая кампазіцыя імгненна зрабілася надзвычай папулярным шлягерам. І як я даведаўся пазней, ансамбль «Песняры», тады яшчэ пад назвай «Лявоны», вельмі хутка ўключыў тую песню ў рэпертуар з рускамоўным тэкстам.
Але мяне ўразіла не толькі сама «Delilah», але й выканаўца. Томас Джонс Вудвард прыйшоў на свет 7 чэрвеня 1940-га. Багаты, насычаны голас дазволіў яму ўжо ў сярэдзіне 60-х увайсці ў першыя шэрагі папулярных выканаўцаў свету. Безумоўны шлягер таго часу — «Green Green Grass of Home». У канцы 80-х на ягоным рахунку было ўжо звыш 100 мільёнаў прададзеных плытак, у пачатку 2000-х каралева ўзнагародзіла яго Ордэнам Брытанскай імперыі. Варта згадаць і іншыя песні, якія гучалі паўсюль: «She's a Lady» (1971), «Sex Bomb» (1999).
Тома Джонса нездарма называюць ці не найбольш універсальным спеваком ва ўсёй гісторыі папулярнай музыкі. Ужо хоць бы таму, што ён аднолькава паспяхова засведчыў сябе ў выкананні твораў самай рознай стылістыкі, уключна з джазавай, рытм-энд-блюзавай і нават тэхна. Пры гэтым ахвотна запісваў дуэты з самымі рознымі артыстамі. Дый сёння 80-гадовы майстар не саромеецца выйсці на сцэну і прадэманстраваць, што ягоны шыкоўны голас па-ранейшаму можа зачараваць кожнага, хто здольны імгненна адчуць сапраўднае майстэрства…