АДМЕТНАСЦІ СЁЛЕТНЯМУ МУЗЫЧНАМУ СВЯТУ ДАДАЛО І ТОЕ, ШТО ЛЕТАСЬ УЛАДЗІМІР СПІВАКОЎ, СЛАВУТЫ СКРЫПАЧ І ДЫРЫЖОР, АДЗНАЧЫЎ 75-ГОДДЗЕ, А МУЗЫЧНАЯ ГРАМАДСКАСЦЬ ШЫРОКА СВЯТКАВАЛА 40 ГОД СТВОРАНАГА ІМ АРКЕСТРА «ВІРТУОЗЫ МАСКВЫ».
Маэстра Співакоў кажа: «Кожны раз, абдумваючы праграму, мы з Максімам Берыным, прадзюсарам фестывалю і прэзідэнтам холдынгу “Berin Iglesias Art”, вырашаем, чым можам здзівіць гледача».
Чым здзіўлялі сёлета? У фэсце прыняў удзел Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Аркадзя Берына, калі быў прадстаўлены монаспектакль «Яўген Анегін» расійскага артыста Дзмітрыя Дзюжава. Славуты французскі піяніст Люка Дэбарг іграў разам з камерным аркестрам «Крэмерата Балтыка». У гала-канцэрце «Ад класікі да мадэрну» майстэрства прадэманстравалі зоркі сусветнага балета. А юныя таленты, стыпендыяты Міжнароднага дабрачыннага фонду Співакова, паўсталі перад публікай у вялікім гала-канцэрце. Геаграфія фестывалю пашырылася. Аркестр «Віртуозы Масквы» з салістамі — скрыпачом Аляксеем Лундзіным і флейтысткай Кацярынай Карнішынай — далі канцэрты ў Магілёве і Гомелі.
Фестываль урачыста адкрыўся ў Нацыянальным тэатры оперы і балета гала-канцэртам, у якім прынялі ўдзел аркестр «Віртуозы Масквы» і салістка Вялікага тэатра Расіі Ганна Аглатава (сапрана). У канцэрце аркестр бліскуча выканаў уверцюры да опер Моцарта «Вяселле Фігара» і «Севільскі цырульнік» Расіні, а таксама «Дывертысмент» Моцарта і Сімфонію рэ мінор Бакерыні.
Чатыры дзесяцігоддзі таму, калі аркестр «Віртуозы Масквы» толькі ўзнік і Співакоў паўстаў на чале калектыву, яго інтэрпрэтацыі музычных сачыненняў пакідалі ў мяне спрэчныя пачуцці. Класічныя творы, у тым ліку Моцарта, выконваліся празмерна ярка, эмацыйна, у вельмі хуткіх тэмпах. Гэта ішло насуперак звыклым уяўленням пра сачыненні XVIII—XIX стагоддзяў. Тады нават не прыходзіла думка, што дырыжор, апярэджваючы час, трактуе класічную музыку па-сучаснаму.
Пачынаючы працу са сваім аркестрам, Співакоў акрэсліў перад сабой мэту: зрабіць класічнае музычнае мастацтва здабыткам мільёнаў. І з года ў год ён упэўнена рухаўся да яе. Цяпер канцэрты «Віртуозаў…» праходзяць ва ўсіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, пры поўным аншлагу.
Якім чынам у маэстра Співакова атрымліваецца паспяхова папулярызаваць класіку? Дырыжор кажа: «Канцэрт павінен быць святам для публікі. Для кожнага выступлення я старанна выбіраю праграму, уключаю такія сачыненні, якія б стварылі святочную атмасферу і надоўга запомніліся слухачам». Безумоўна, музыка павінна падабацца і яму самому. Маэстра распавядае, што не выконвае, напрыклад, сачыненні Рыхарда Вагнера — гэта проста не яго прастора творчасці. Музыкант працягвае: «Адна справа — выконваць асобныя нумары, а зусім іншая — дырыжыраваць буйнымі палотнамі, напрыклад, операмі. Неяк атрымаў прапанову дырыжыраваць операй Вагнера. Вельмі не хацелася гэта рабіць, настрой сапсаваўся. Дачка спытала, што здарылася. Я распавёў, і яна сказала: “Калі ты не хочаш выконваць музыку Вагнера, не дырыжыруй”. Я адмовіўся ад такой прапановы, прычым назаўжды».
У чым заключаецца менавіта співакоўская манера выканання? Дзякуючы чаму ён здатны ўтрымліваць увагу слухачоў ад першага гуку твора і да апошняга? Вядома, адно з тлумачэнняў — майстэрства дырыжора і артыстаў аркестра, іх высокі прафесіяналізм. Унікальнасць гучання нараджаецца дзякуючы свабоднаму валоданню багатай дынамічнай палітрай. У такой свабодзе ёсць таксама апраўданасць выбару. Співакоў нібы размалёўвае музычную тканіну яркімі фарбамі, ён ужывае сrescendo і diminuendo на невялікіх фразах. Разам з тым усе гэтыя кароткія музычныя сказы аб’ядноўвае шырокім рухам, перадачай цэласнасці ў часе і тэмпарытме, што стварае ўражанне, нібы сачыненне выконваецца на адным дыханні.
Маэстра дакладна ведае, як павінен гучаць кожны твор не толькі ў сэнсе дынамікі, але і зместу, характару і драматургіі. І ўсё гэта перадае сваім музыкантам. Таму калі іх слухаеш і назіраеш за імі, узнікае адчуванне: усе яны адчуваюць сінхронна, думаюць як адна асоба. Маэстра кажа, што вельмі любіць рэпеціраваць. Менавіта падчас рэпетыцый дырыжор старанна прапрацоўвае кожны эпізод і дасягае такога адзінства мыслення. А падчас канцэртнага выканання слухачам здаецца: усё нараджаецца імгненна, тут і цяпер!
Падчас выступу ловіш сябе на думцы, што маэстра Співакоў з вялікай павагай і любоўю ставіцца не толькі да сваіх артыстаў, але і да прысутнай публікі. І гэта насамрэч так. Ён кажа: «Калі я дамаўляюся аб арэндзе залы, заўсёды выступаю з жорсткім патрабаваннем: не выстаўляць на квіткі нашага канцэрта высокі кошт. Хочацца, каб самы шырокі слухач змог дакрануцца да выдатных твораў класікі. І я шчаслівы, што мне гэта ўдаецца рабіць».
Але вярнуся да ўражанняў першага канцэрта. Спявачка Ганна Аглатава ў свой час дэбютавала ў маскоўскім Вялікім тэатры, стаўшы яго самай маладой салісткай. Яна занятая ў многіх пастаноўках калектыву. Вакалістка паспяхова выступала ў Вене, Базелі, Амстэрдаме. Публіку ўразіла не толькі выдатная вакальная школа і тэхнічнае дасканаласць Аглатавай, але і яе артыстызм. Выразна і віртуозна былі выкананы рэчытатыў і арыя Сюзаны з «Вяселля Фігара» Моцарта, «Алелюя» з яго матэта «Exsultate, Jubilate», а таксама дзвюх кавацін — Ф’ёрылы з оперы «Турак у Італіі» і Разіны з «Севільскага цырульніка».
Далей у фестывальнай афішы былі пазначаны два канцэрты аркестра «Віртуозы Масквы» ў Магілёве і Гомелі, дзе Співакоў выступаў не толькі ў якасці дырыжора, але і як саліст. Разам з артыстам аркестра, скрыпачом Аляксеем Лундзіным ён выканаў двайны скрыпічны канцэрт Баха. А флейтыстка Кацярына Карнішына ўвасобіла сапраўдную жамчужыну — Сюіту сі мінор Баха. Кацярына — адна з самых яркіх флейтыстак новага пакалення. З дзесяці гадоў яна пастаянная ўдзельніца міжнародных фестываляў у Францыі, Нарвегіі, Германіі, Ізраілі, Расіі, Грэцыі, Аўстрыі і Італіі. Выступае на адной сцэне з такімі знакамітымі музыкантамі, як Дзяніс Мацуеў, Уладзімір Федасееў. Флейтыстка атрымала выдатную адукацыю ў Маскоўскай кансерваторыі, а цяпер навучаецца ў Школе музыкі каралевы Сафіі ў Мадрыдзе. З Іспаніі яна прыляцела спецыяльна, каб прыняць удзел у канцэртах у Магілёве і Гомелі.
У гала-канцэрце, які ладзіўся ў вялікай зале Беларускай акадэміі музыкі, выступілі юныя таленты з Расіі і Беларусі. Усе яны лаўрэаты прэстыжных музычных конкурсаў і стыпендыяты Міжнароднага дабрачыннага фонду Уладзіміра Співакова. Маладыя музыканты ярка выконвалі творы кампазітараў-класікаў, сучасных аўтараў, а таксама канцэртныя апрацоўкі мелодый народных песень і танцаў. Ім падуладна пачуццё стылю і індывідуальнасці кампазітараў.
Ствараючы ў 1994 годзе Міжнародны дабрачынны фонд, Уладзімір Співакоў ставіў за мэту дапамагаць дзецям, адораным у музыцы і выяўленчым мастацтве, развіваць іх таленты. Уладзімір Тэафілавіч кажа: «Дзеці павінны ведаць, што іх любяць. Я шмат гастраляваў па Расіі, бываў у самых аддаленых кутках і заўжды дзівіўся, як вырастаюць таленавітыя, часам рэдкай адоранасці дзеці, выхаваныя ўмелымі і самаадданымі педагогамі. Мне заўсёды хацелася ім дапамагчы. Якім бы яркім ні быў талент, ён патрабуе ўвагі, клопату і пэўнай матэрыяльнай падтрымкі». Прыемна, што беларускія юныя музыканты Ульяна Астанковіч і Фёдар Громаў таксама зрабіліся стыпендыятамі Фонду Співакова.
У Нацыянальным тэатры оперы і балета адбыўся гала-канцэрт «Зоркі сусветнага балета “Ад класікі да мадэрну”». Гледачам былі прадстаўлены нумары ў выкананні лепшых танцоўшчыкаў вядучых тэатраў Еўропы — Балета Дортмунда (Германія), Нацыянальнага балета Партугаліі, Каралеўскага балета Швецыі (Стакгольм), Галандскага нацыянальнага балета, International Principal Dancers, а таксама нашага тэатра. У праграму ўвайшлі нумары з класічных балетаў, арыгінальныя пастаноўкі, створаныя сучаснымі харэографамі. Танцоўшчыкі прадэманстравалі магчымасці свайго цела і дзівоснае майстэрства харэаграфіі.
Упершыню гала «Зоркі сусветнага балета» з вялікім поспехам прайшло ў Беларусі ў 2013-м. Убачыць танцоўшчыкаў такога ўзроўню на адной сцэне — вялікая рэдкасць і ўдача. Яны занятыя ў сваіх тэатрах, таму сабраць іх разам — праца, якая патрабуе немалых высілкаў. Над канцэпцыяй праекта працаваў Тобіас Эхенгер, ён жа ў канцэрце прадстаўляў усіх артыстаў. На яго рахунку дзясяткі балетных гала ў гарадах Еўропы, у Ганконгу і Нью-Ёрку. Ён не па чутках знаёмы з мастацтвам танца і ведае, чым здзівіць гледача. Пры стварэнні праекта Эхенгер імкнуўся даць публіцы магчымасць прасачыць эвалюцыю танца і зразумець, што ўкладвалі ў свае работы харэографы мінулых стагоддзяў і сучаснасці. Экспрэсія, якая панавала ў той вечар у зале тэатра Беларусі, не пакінула абыякавымі і аматараў класічнага балета, і прыхільнікаў сучаснай харэаграфіі.
На завяршэнне фестывалю ў зале Белдзяржфілармоніі выступіў Камерны аркестр «Крэмерата Балтыка» разам з французскім піяністам і кампазітарам Люка Дэбаргам. Нагадаю: «Крэмерата Балтыка» была заснавана ў 1997-м Гідонам Крэмерам, выдатным скрыпачом сучаснасці. Музыканты замацавалі міжнародную рэпутацыю выступленнямі на вядучых канцэртных пляцоўках свету ў больш чым 50 краінах. Аркестр даў па-над 1000 канцэртаў у Азіі, Аўстраліі, ЗША, Лацінскай Амерыцы, Расіі і Еўропе і запісаў звыш 20 дыскаў. У 2002-м аркестр заваяваў дзве прэміі — «Grammy» і «Echo».
Французскі піяніст Люка Дэбарг зрабіўся адкрыццём ХV Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага (2015). Адразу пасля гэтага поспеху Дэбарга пачалі клікаць выступіць у лепшых залах свету. Піяніст стаў адным з першых сталых запрошаных артыстаў за ўсю гісторыю «Крэмераты». Музыкант далучыўся да калектыву ў 2017-м на святкаванні 20-годдзя аркестра, а у 2018-м браў удзел у гастролях па Кітаі і Японіі.
У сваім канцэрце «Крэмерата Балтыка» прадставіла беларускай публіцы музыку, якая ніколі не выконвалася ў Мінску. Першае аддзяленне адкрылася Чаконай з «Польскага рэквіема» для струннага аркестра славутага Кшыштафа Пэндэрэцкага. Затым быў выкананы Канцэрт №3 для фартэпіяна з аркестрам польскага кампазітара Мілаша Магіна. У свой час Дэбарг рэкамендаваў Крэмеру звярнуць увагу на гэтае сачыненне, яно спадабалася і трывала ўвайшло ў рэпертуар «Крэмераты». Летась музыканты запісалі яго ў Літве.
Творчасць Магіна не належыць да пэўнага стылю, яна мае вытокі ў польскай нацыянальнай музыцы і вылучаецца меладычнасцю і цікавым рытмічным малюнкам. У Фартэпіянным канцэрце №3, напісаным у нетрадыцыйнай пяцічасткавай форме, Дэбарг і артысты аркестра пераканаўча ўвасобілі кантрасную эмацыйна-дынамічную афарбоўку кожнай часткі — ад «вогненнага» дыялогу паміж сольным фартэпіяна і аркестрам у першай да напружаных і вострарытмічных Allegro і Presto ў другой і трэцяй частках. Далей яны змяніліся празрыстым і вытанчаным Adagio ў чацвёртай і нарэшце імпульсіўным, кульмінацыйным фіналам, які, здавалася, усё змятаў на сваім шляху.
У другім аддзяленні прагучаў Фартэпіянны квінтэт ор. 18 Маісея Вайнберга ў пералажэнні для фартэпіяна, струннага аркестра і ўдарных. Летась аркестр падрыхтаваў вялікую праграму, прысвечаную стогадоваму юбілею Вайнберга. Сумесна з гарадскім аркестрам Бірмінгема на Deutsche Grammophon быў зроблены запіс дзвюх ягоных сімфоній. Мінская публіка з вялікай цікавасцю, літаральна стаіўшы дыханне, праслухала вельмі складаны ў сэнсавых, тэхнічных і дынамічных адносінах квінтэт кампазітара.
Мілай п’есай — у духу «простых рэчаў» — аказалася «Настальгія» з «Дзіцячага цыклу» Магіна, вытанчана выкананая Дэбаргам на біс. А аркестр сыграў на біс пералажэнне вядомага твора Вайнберга да мультфільма «Канікулы Баніфацыя». Мабыць, гэта яго адзіная мелодыя, знаёмая шырокаму слухачу.
VI Міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае...» парадаваў беларускую публіку цікавай, разнастайнай па жанрах і стылях праграмай. Эмоцыі і ўражанні канцэртаў застануцца ў памяці на доўгі час. Слухачы будуць з нецярпеннем чакаць сустрэчы з артыстамі ў наступным, VII фестывалі. Яны ўдзячныя і Уладзіміру Співакову, і Максіму Берыну, прэзідэнту холдынга «Berin Iglesias Art», за шчаслівыя моманты дачынення з высокім мастацтвам.
Элеанора Скуратава