Якім жа мне запомніўся Ігар Міхайлавіч? Запомніўся чалавекам неардынарным, надзеленым талентам, як кажуць, ад Бога. Ён мог быць і «яршыстым», мог рубануць праўду-матку. А мог быць лагодным і разважлівым. Аднак у любым выпадку ў маіх вачах ён заставаўся асобаю — чалавечнай і добразычлівай.
З усіх асаблівасцей характару Ігара Міхайлавіча найперш хачу адзначыць дзве рысы. Першая — гасціннасць. Дзверы іх з жонкай Сашай кватэры ў Мінску і дачы каля Ждановічаў заўсёды былі шырока адчыненыя для мяне і іншых ягоных сяброў. А іх было нямала. Згадваю 80-я, калі я, тады яшчэ халасты інструктар ЦК ЛКСМБ, умінаючы за абедзве шчакі боршч і смачныя катлеты ад Аляксандры Рыгораўны, адначасова слухаў у выкананні Ігара Міхайлавіча першыя накіды ягонага ўсенародна вядомага «Венскага вальса». Ды і знаёмства з маёй будучай жонкай на Першым усесаюзным фестывалі польскай песні ў Віцебску ў 1988-м адбылося пры завочным удзеле кампазітара.
А яшчэ добра памятаю 1987-ы. Крамлёўскі палац з’ездаў. Ідзе рэпетыцыя канцэрта да ХХ-га з’езду камсамола. У зале Пахмутава, Дабранраваў і Лучанок. І я з імі. «Пазнаёмцеся, мой сябра, камсамолец Грыша! — зычна гаворыць Лучанок. — Ён заўсёды галодны. І ёсць прапанова завезці яго ў рэстаран Саюза кампазітараў і трошкі падкарміць. А там і нашу гутарку працягнем. Згода?» «Трошкі падкарміць» значыла з’есці смажанага шчупака, пельмені ды іншыя самыя розныя стравы. Я насамрэч накінуўся на іх, а Аляксандра Мікалаеўна пяшчотна праводзіла рукой па маіх плячах і прыгаворвала: «Ешь, беларусик, ешь...»
А вось без гэтага проста немагчыма ўявiць Лучанка: любоў Iгара Мiхайлавiча да бацькоў, да роднай Беларусі, сваёй малой Радзiмы — Мар’iнай Горкі. Яна не мела межаў. Толькі такі, шчыра закаханы ў родны кут кампазітар і грамадзянін мог напісаць «Спадчыну», «Алесю», «Жураўлі на Палессе ляцяць». Мы неаднойчы наведвалі з iм хаты нашых бацькоў. Я не ведаў яго маці і бацьку, але ён добра ведаў маiх. I штораз пры новай сустрэчы са мной абавязкова цікавіўся: «Як маці, як бацька?» А калi iх не стала, турбаваўся: «А як там хата?» Дзякаваць богу, я маю шмат сяброў, але такiя пытанні мне нiхто нікoлі не задаваў... Апошні раз мы з iм наведалі маё роднае Шумiлiна летам мінулага года падчас чарговага фестывалю «Славянскі базар». «Паедзем адразу на сядзібу бацькоў?» — запытаў я Iгара Мiхайлавiча, калі мы пад’ехалі да пасёлка. «Не! Найперш на могілкі», — пачуў у адказ. I трэба было бачыць, які шчыры сум свяціўся ў ягоных вачах на могілках маіх бацькоў... I як гарэзлiва гарэлі тыя ж самыя вочы сябра ў закутках майго бацькоўскага дома.
Другая адметная рыса характару Iгара Мiхайлавiча — ягоныя сцiпласць і непераборлiвасць. 1988-ы. Знаходжycя ў камандзiроўцы ў Маскве. Ведаючы, што ў гэты час у гатэлі «Масква» жыве народны дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Ігар Лучанок, тэлефаную яму. «Грыша, сябра! Гэта ты?! Прыязджай да мяне!» Прыехаў, адчыняю дзверы... Ба! Ігар Мiхайлавіч сядзiць за фано, i не адзiн! З аркушыкам паперы над iм схiлiўся Анатоль Лук’янаў (ён жа — паэт Алег Осенеў). «Знаёмцеcя, Анатоль Iванавiч! Мая давераная асоба па выбарах у дэпутаты, таварыш Сураўнёў! Прысядзь, прыляж, адпачні!»
Я прылёг на адзiны ў нумары ложак. Закінуў ногі да гары i... заснуў. Прачнуўся ўначы, усхапiўcя... Дзе я? Здаецца, у Лучанка. А дзе ж сам гаспадар нумара? Не бачу... Уключыў святло і ажно скамянеў. На падлозе, проста на дыване, згарнуўшыся калачыкам і накрыўшыся коўдрай, цiхенька пасапваў народны артыст i дэпутат СССР. Ён так і не захацеў увечары будзіць свайго госця, соннага камсамольца Грышу...
«Прарывацца» цяпер давядзецца ўжо без Міхалыча... Але ж цешыць таемная надзея, што сустрэнемся мы з iм дзесь на нябёсах i пасля сяброўскiх абдымкаў душэўна заспяваем: «Мой родны кут, як ты мне мiлы...»