«МУЗЫКА ЎВА МНЕ З ДЗЯЦІНСТВА»
Вы не аднойчы казалі, што нават у дзяцінстве былі надзіва музыкальным.
— Колькі сябе памятаю, столькі спяваю. Яшчэ ў дзіцячым садку бацькам казалі: «Хлопчык у вас таленавіты! Абавязкова аддавайце яго ў музычную школу!» А сям’я ў мяне з музыкай не звязаная. Я першы артыст. Не ўпэўнены, што апошні. (Усміхаецца.) З дзяцінства ігра на любым інструменце не выклікала ў мяне складанасцяў. Дзядулеў гармонік, баян, фартэпіяна альбо гітара — якую заўгодна мелодыю мог падабраць на слых.
Эстрадным вакалам пачаў займацца... у пяць гадоў. Так! Бацькі яшчэ да школы запісалі мяне ў Цэнтр дзіцячай творчасці. Памятаю, сям’я вельмі радавалася, калі я ўпершыню з’явіўся на мясцовым тэлебачанні, у Кобрыне, з песняй «Облака, белогривые лошадки...». Мабыць, і цяпер нічога не змянілася. Дзядулі і бабулі да гэтага часу, калі ведаюць, што іх унук павінен з’явіцца ў той ці іншай перадачы, з нецярпеннем чакаюць яе выхаду. Ды і наогул родныя, безумоўна, ганарацца, што я — артыст Вялікага тэатра Беларусі!
У тыя залатыя школьныя гады ўсе дзіцячыя конкурсы, выступленні, гарадскія канцэрты былі вашы…
— Так, выступаў актыўна. (Смяецца.) Тэлевізійныя конкурсы «Сузор’е надзей», «Усе мы родам з дзяцінства» праходзілі і ў Брэсце, і ў Мінску. І я ўвесь час у іх удзельнічаў. Ну і, вядома, Дні горада, святы, школьныя канцэрты... Паралельна хадзіў у музычную школу — вучыўся іграць на баяне. Не сказаў бы, што гэта было маё рашэнне. Мама спытала: «Будзеш займацца?» — я пагадзіўся. Да таго ж мой дзядзька ў свой час вучыўся іграць на баяне, вось у спадчыну мне музычны інструмент і дастаўся. Цікава, аказалася, мы з Тэа, Юрам Вашчуком (цяпер — папулярны спявак, музыкант, тэлевядучы. — А.Б.), займаліся ў аднаго педагога. Ды і потым з Юрам мы не раз сустракаліся на гастролях. Я, натуральна, спяваў у хоры, спачатку ў школьным, потым ва ўзорным. У 12 гадоў адбыліся мае першыя гастролі ў Еўропу — мы паехалі ў Швейцарыю. Эмоцый было шмат! Уявіце: упершыню за мяжой, больш за тое — у такой дзівоснай краіне! Дзякуючы нашаму хормайстру сапраўды сур’ёзна займаліся, таму і прымалі нас заўсёды добра. І ўсё-такі больш уражанняў засталося не ад выступленняў, а менавіта ад гэтай горнай краіны, якая нібы сышла з карцін.
Ну а сольная ваша кар’ера, можна сказаць, пачалася ў 13 гадоў, калі вы заваявалі Гран-пры Х Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі ў Польшчы, у горадзе Бохня?
— Гэта быў першы ў маім жыцці конкурс такога маштабу. Я спяваў «Ave Maria» Шуберта і «Анёл» Варламава. А на ўручэнні ўзнагарод эмоцыі проста зашкальвалі. Бо віншаваў мяне сам бургамістр!.. Дзякуючы гэтай перамозе ў мяне з’явілася магчымасць стаць лаўрэатам Спецыяльнага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, чаму, вядома, я быў невыказна рады.
З БАРЫТОНА Ў ТЭНАРЫ
Музычную адукацыю вы працягвалі ўжо ў Брэсцкім каледжы.
— Безумоўна, паступаць хацеў на вакальнае аддзяленне, але ўзрост не дазваляў: туды бралі хлопцаў толькі пасля мутацыі голасу. А ў мяне ломка голасу толькі-толькі пачыналася. Але я з лёгкасцю вытрымаў выпрабаванні на спецыяльнасць «Інструментальнае выканальніцтва» — і працягнуў вучыцца мастацтву ігры на баяне. Баян у мяне да гэтага часу стаіць у грымёрцы тэатра — часцяком яго бяру і іграю. Асабліва падабаецца песня «Чарнабровая казачка» — менавіта з ёй выпускаўся з каледжа. Вясёлы твор! (Усміхаецца.)
І ўсё ж такі мары стаць салістам вас не пакідалі...
— Так, на 4-м курсе каледжа я пачаў займацца з педагогам па вакале. Спачатку вельмі беражліва, бо ўсё ж такі некалькі гадоў не спяваў. А калі пачаў распявацца, у голасе загучалі нізкія абертоны, магчыма, менавіта таму мяне запісалі «ў барытоны». Якраз з праграмай для барытона я і паехаў у Мінск — на праслухоўванне ў Акадэмію музыкі на падрыхтоўчае вакальнае аддзяленне.
Так атрымалася, што трапіў я да свайго будучага педагога — Эдуарда Пелагейчанкі (народны артыст РСФСР, уладальнік Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, у 1985—2006 гадах — саліст беларускага Вялікага тэатра, цяпер дацэнт кафедры спеваў Акадэміі музыкі. — А.Б.). Эдуард Іванавіч і сказаў: «У вас добры голас, прыязджайце — паступайце, толькі праграму прыйдзецца падрыхтаваць іншую. Вы ж чыстай вады тэнар!..»
Ужо тады думалі пра оперу?
— Абсалютна не! І ў думках не было. Хацелася проста працягваць вучыцца спяваць. А ўжо на першым курсе падрыхтоўчага аддзялення ў Акадэміі музыкі мне параілі прайсці праслухоўванне ў Музычным тэатры. 15 студзеня 2009-га я стаў артыстам хору гэтага калектыву. А праз тры гады — салістам. З гэтага, мабыць, і пачалася мая творчая кар’ера. Калі прыязджаў сюды школьнікам — з усім класам глядзець пастаноўкі, — і не меркаваў, што калісьці буду тут працаваць.
Музычны тэатр стаў для мяне цудоўнай стартавай пляцоўкай, я тут шмат чаму навучыўся як артыст. Калектыў быў на дзіва дружны — сапраўдная творчая сям’я. Мне заўсёды дапамагалі, давалі слушныя парады і рэкамендацыі, я заўжды адчуваў каласальную падтрымку калег. Чамусьці да спектакляў з рэпертуару Музычнага тэатра прынята дадаваць слова «лёгкі». Паверце, не такі гэта лёгкі жанр. Тут неабходны сімбіёз вакальных і сцэнічных дадзеных, а спяваць — у скачках, каскадах, рухах, танцах — не так ужо і проста.
Родныя, напэўна, прыязджалі ўбачыць вас на сцэне тэатра...
— Вядома! Якраз на ўлюбёную маю аперэту Штрауса «Лятучая мыш», у гэтым спектаклі я спяваў Альфрэда. Ім было, безумоўна, прыемна і радасна бачыць мяне на сцэне Музычнага, бо яны і падумаць не маглі, што так складзецца мой лёс — я буду артыстам. Так, з боку блізкіх і родных я заўсёды адчуваў неверагодную падтрымку. Хоць у Вялікім тэатры яшчэ не былі — ніяк не даедуць. Але ў гэтым сезоне іх чакаю!
МАРЫ ЗДЗЯЙСНЯЮЦЦА!
Як вы вырашылі прыйсці з Музычнага ў Вялікі?
— Велізарную ролю ў гэтым адыграў мой педагог Эдуард Іванавіч Пелагейчанка. Ён увесь час паўтараў, што я павінен паспрабаваць свае сілы на сцэне Вялікага тэатра — імкнуцца да большага. І я рашыўся — прайшоў праслухоўванне і трапіў у групу стажораў, а потым, калі ўжо скончыў Акадэмію музыкі, мяне прынялі салістам у Вялікі тэатр. Шчаслівы, што склалася менавіта так. Адчуваю: я на сваім месцы. Усё, за што ні бяруся, раблю з вялікім задавальненнем.
А з якой партыі пачалася праца ў тэатры?
— У пачатку трэцяй дзеі ў оперы Пучыні «Турандот» з’яўляюцца вяшчальнікі — вось адным з іх я і быў. З гэтага выхаду на пяць хвілін усё і пачалося. Хваляваўся? Ну вядома! І цяпер лёгкае хваляванне перад сцэнай не пакідае мяне — і гэта нармальна. Без яго, напэўна, і немагчыма ўявіць прафесію артыста.
Потым былі ролі Вадэмона ў «Іаланце» Чайкоўскага, Лыкава ў «Царскай нявесце» Рымскага-Корсакава, Малькальма ў «Макбэце» Вердзі. А пры канцы мінулага сезона вам пашчасціла папрацаваць з Аляксандрам Цітэлем — у оперы Пучыні «Багема» вы выканалі партыю паэта Рудольфа.
— Працаваць з рэжысёрам такога ўзроўню — гэта вялікі вопыт і вялікае шчасце! Аляксандр Барысавіч патрабаваў займацца вобразам вельмі дбайна — турбавацца пра кожную дэталь, кожную дробязь, кожны рух. У яго пастаноўцы трэба іграць тут і цяпер — іначай нельга! Здавалася б, што тут складанага: жыць на сцэне? І ўсё ж дасягнуць такога стану не заўсёды лёгка. Таму не спыняюся і працягваю працаваць над роллю, «выпілоўваю» яе. Адчуваю, Рудольф — мая партыя. Больш за тое: гэтая роля была маёй прафесійнай марай! Нават і не думаў, што яна ажыццявіцца так рана!
Часта на многіх канцэртных пляцоўках можна бачыць трыа тэнараў беларускага Вялікага — Аляксандра Гелаха, Аляксандра Міхнюка і Віктара Мендзелева. Вы і ў жыцці сябруеце?
— Так! Мы вучыліся на адным курсе ў Акадэміі музыкі, а ў тэатры наша дружба толькі ўмацавалася. Нават сказаў бы: цяпер у нас склаліся цёплыя братэрскія зносіны. А тое, што нас разам запрашаюць выступаць на мерапрыемствах самага рознага ўзроўню, толькі аб’ядноўвае яшчэ больш. Калі трэба з’ехаць, напрыклад, на конкурс, заўсёды можна падысці да хлопцаў і папрасіць замяніць у той ці іншай партыі.
Вы былі гатовыя да таго, што станеце ўладальнікам гранд-прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі?
— З аднаго боку, я сам збіраў усе неабходныя дакументы для гэтай прэміі. З іншага — не быў упэўнены на ўсе сто працэнтаў, што яе атрымаю. Але праз паўгода чакання раздаўся званок: «Аляксандр, віншуем!» Ці можна быць гатовым да такога павароту?..
Скажу шчыра: гэта радасна і прыемна, але ў першую чаргу ганарова і неверагодна адказна. Так, я імкнуся, як і раней, калі выходжу на сцэну, якасна выконваць сваю працу. А такая высокая ўзнагарода — выдатны стымул да далейшых творчых здзяйсненняў. Яна нібы падганяе цябе да ўдзелу ў новых праектах, пастаноўках і конкурсах.
Алена Балабановіч