МЭТА ЭКСПАЗІЦЫІ — ДАНЕСЦІ ДА АЎДЫТОРЫІ ІДЭЮ АДКРЫТАСЦІ І ДАСТУПНАСЦІ Ў РОЗНЫХ СФЕРАХ, ВЫКАРЫСТОЎВАЮЧЫ СУЧАСНЫЯ АРТ-ПРАКТЫКІ. КОЖНЫ З УДЗЕЛЬНІКАЎ ВЫСТАВЫ СПРАБУЕ ПРААНАЛІЗАВАЦЬ ПРЫРОДУ ВЫКЛЮЧЭННЯЎ, ЯЕ ДВАІСТАСЦЬ У КАНТЭКСЦЕ СУСВЕТНАЙ І ЛАКАЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ. УНІКАЛЬНЫ КУРАТАРСКІ ПРАЕКТ ДАЕ НАМ МАГЧЫМАСЦЬ ПАДУМАЦЬ НАД ДОБРААХВОТНАЙ І ВЫМУШАНАЙ АДЧУЖАНАСЦЮ, ЯКАЯ ЧАСАМ СТАНОВІЦЦА ПРЫЧЫНАЙ ІЗАЛЯЦЫІ ЯК АСОБНАГА ІНДЫВІДА З ГРАМАДСТВА, ТАК І ЦЭЛАГА ПЛАСТА ТАЛЕНАВІТЫХ МАСТАКОЎ — З БЕЛАРУСКАГА І ГЛАБАЛЬНАГА МАСТАЦКАГА КАНТЭКСТУ. УДЗЕЛЬНІКІ ПРАЕКТА «БЕЗ ВЫКЛЮЧЭННЯЎ. У ПРАЦЭСЕ» ЭКСПЕРЫМЕНТУЮЦЬ З ФОРМАМІ ПАДАЧЫ ІДЭІ, ВЫКАРЫСТОЎВАЮЦЬ АЎДЫЯ- І ВІДЭАМАТЭРЫЯЛЫ, ВЫКЛІКАЮЦЬ ГЛЕДАЧА НА ДЫЯЛОГ, ПРЫМУШАЮЦЬ ЯГО З ГАЛАВОЙ ПАГРУЗІЦЦА Ў АНАЛІЗ, ЗАСТАЦЦА З АКТУАЛЬНЫМ БЕЛАРУСКІМ АРТАМ І ЯГО БОЛЕВЫМІ КРОПКАМІ САМ-НАСАМ.
Без выключэнняў гледача з мастацтва
Цэнтральны аб’ект экспазіцыі — «закрытая» інсталяцыя Алесі Жыткевіч «Чаму ў пустым памяшканні гук адбіваецца металічным рэхам?». Беларуская мастачка, выкарыстоўваючы канцэптуальную форму «белага куба», закранае тэму, якая да гэтага часу застаецца актуальнай у арт-супольнасці: ізаляванасць мастацтва, яго элітарнасць і адасобленасць ад ключавога аб’екта — гледача. Тут няма дыялогу, ёсць толькі ледзь улоўны гук. Інсталяцыя Алесі Жыткевіч — адасобленая прастора, дзе няма месца жывому назіральніку: тут дарэчныя толькі трэніраванае вока і інтэлект.
Без выключэнняў з беларускага арт-кантэксту
Праца, якая закранае пытанне асабістага адчужэння, — інсталяцыя-перформанс «Замест танцаў» Ірыны Ануфрыевай. Яна ўяўляе з сябе паўтаральны аўдыяматэрыял, дзе можна пачуць голас легендарнай беларускай мастачкі Людмілы Русавай, якая «засведчвае сваю прысутнасць з пустаты». Баючыся быць незразумелай у чарговы раз, Русава распавядае нам пра вечнае, дае ўмоўную інструкцыю, як здзейсніць скачок у пустэчу. Знаходзячыся ва ўсвядомленай ізаляцыі ад свету, мастачка дзеліцца з намі асабістым вопытам «танцаў з пустэчай». Магутную па сваёй энергетыцы інсталяцыю дапаўняе змешчаная побач зямля, абсыпаная роўным пластом на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы.
У рамках выставы «Без выключэнняў. У працэсе» Ірына Ануфрыева вярнулася ў Мінск, каб прадэманстраваць свой перформанс, у якім няма месца танцу — толькі пустата, цела адсутнасці.
Без выключэнняў з працэсу
Гісторыя некалькіх мастацкіх інтэрвенцый, перададзеных гледачу з дапамогай відэа-арту Антаніны Слабодчыкавай «Г О Л А С З Я М Л І. П Р А Х Д А П Р А Х У», апавядае нам пра тое, як і дзе ў сучасных рэаліях беларускі мастак выказвае свае ідэі, увасабляе ў жыццё ўласныя праекты. Правёўшы паралелі паміж Акцыяй # 1 і Акцыяй # 2, адна з якіх не была рэалізаваная своечасова, Антаніна ўздымае праблему існавання ўмоўных правіл, што абцяжарваюць існаванне іншых моў мастацтва.
На тэму клішаванай мовы разважае ў сваёй відэапраекцыі мастачка Вольга Сасноўская. Няскончаная лекцыя-перформанс адлюстроўвае складанасць «афіцыёзу», яго бессэнсоўнасць у аповедзе. Графічныя выявы ў відэа выклікаюць у гледача адчужэнне, гэтак жа сама, як і афіцыйная мова аддаляе твор ад аўдыторыі і сацыяльнай рэальнасці, робіць яго абстрактным і нейтральным.
Без выключэнняў з сусветнага мастацтва
Гульня з інтэрпрэтацыяй часу ў мастацтве — любімая тэма творцаў усіх часоў, якая дапамагае асэнсаваць сучаснасць праз прызму мінулага. На лінагравюры ўвасоблены будынак Новага музея сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку, пабудаваны ў 2007 годзе. Праца выканана ў стылістыцы
1970-х, таму з першага погляду цяжка вызначыць час стварэння лінагравюры, якая негалосна адсылае гледача ў мінулае. Гульня з часам дае магчымасць аўтарам працы — Генадзю Граку і Уладзіміру Грамовічу — правесці паралелі паміж беларускай арт-прасторай і глабальным кантэкстам мастацтва.
Без выключэнняў з гістарычнага і рэальнага кантэксту
Аляксандр Камароў у інсталяцыі «Вугал гледжання» выкарыстоўвае кінематаграфічны прыём для прэзентацыі сваіх метафарычных ідэй. Аналізуючы падзеі часоў Другой сусветнай вайны — разбурэнне Ратэрдама, «горада, пазбаўленага сэрца», — мастак спрабуе навослеп інтэрпрэтаваць сучасную гарадскую прастору, выключаючы фізічныя ўмовы і ўяўленне. Сваёй працай аўтар апаніруе рускаму авангарду, які сцвярджаў, што рэальнасць — механічны працэс, таму яна можа быць выпраўленая, перабудаваная і знішчаная.
Без выключэнняў з сацыяльнай супольнасці
Яшчэ адзін даследчык гарадской прасторы праз аб’ектыў — фатограф Аляксей Навумчык. Асаблівасць яго работ у тым, што ён адзін з нямногіх, хто паспрабаваў задзейнічаць у сучасным арт-кантэксце сацыяльныя «нізы», спрэс пазбаўленыя разумення мастацтва як такога. Галоўныя аб’екты даследаванняў Навумчыка — гарадскія жыхары, якія апынуліся «на краі грамадства», іх гісторыі, дзе гучаць адгалоскі каштоўнасцей, што існуюць у сучасных рэаліях. Дыялог двух невядомых у рамках праекта «Гамбургер» наглядна дэманструе гледачу, якія ўстаноўкі квітнеюць у патрыярхальным грамадстве, як у ім навязваюцца ўмоўнасці.
Стаць выключэннем з сацыяльнага можна не толькі апынуўшыся «на дне», але і маючы абмежаваныя магчымасці. Падумаць над гэтым прапануе інсталяцыя «Выключэнне і выключнасць» Міхаіла Гуліна і Элтажа Зейналава. Мастакі, заручыўшыся падтрымкай валанцёраў, адправіліся ў арт-інстытуцыі Мінска для таго, каб прааналізаваць іх адкрытасць для людзей з асаблівасцямі. Інтэрвенцыя ў сем музейных прастор дапамагла выявіць шэраг праблем, з якімі сутыкнуліся ўдзельнікі сацыяльнага даследавання.
***
Праект «Без выключэнняў. У працэсе», як і сама абноўленая пляцоўка галерэі «Ў», актыўна дапамагае гледачу ўключыцца ў працэс рэпрэзентацыі актуальнага мастацтва. З дапамогай сучасных арт-практык нас вучаць думаць і аналізаваць рэчаіснасць, узаемадзейнічаць з аб’ектамі творчасці.
Пакуль мы разглядаем выключэнне ў кантэксце адчужанасці, умоўна вылучаючы «сваіх і чужых», «зразумелых і незразумелых», «правільных і няправільных», «звычайных і асаблівых», мы забываемся пра самае важнае: саюз і адзінства, без якога цяжка ўявіць развіццё культуры — сацыяльнай і мастацкай.
Выключнасць без выключэння. Пакуль у працэсе.
Вікторыя Гулевіч