Прычым мастак знаходзіцца ў добрым фізічным і творчым стане і па-ранейшаму шмат часу праводзіць за мальбертам. А тое, што сёння выходзіць з-пад ягонага пэндзля, можна смела экспанаваць на маладзёжнай выставе — настолькі моцна ягоны жывапіс выпраменьвае юны імпэт і жыццялюбства. У творах Шчамялёва ёсць мудры аптымізм чалавека, які шмат чаго пабачыў на сваім веку, але не расчараваўся, не азлобіўся, не развучыўся глядзець на свет незамутнёнымі вачыма і знаходзіць прыгажосць у самых звычайных з’явах і рэчах.
Народнаму мастаку Беларусі Леаніду Дзмітрыевічу Шчамялёву вынікі падводзіць рана. Але зробленае ім за жыццё вартае сур’ёзнай аналітыкі, бо сам творца — постаць для нацыянальнай культуры знакавая, а на ягоным досведзе сфармавалася сапраўдная мастацкая школа. Хоць паслядоўнікі Леаніда Шчамялёва ўспрымаюць той досвед часта не наўпрост, але праз пэўны асяродак, і таму могуць не здагадвацца, хто вымасціў дарогу, па якой яны крочаць.
Біяграфія Леаніда Шчамялёва нічым прынцыпова не вылучаецца з біяграфій іншых творцаў ягонага пакалення — ні ў сэнсе мастакоўскай кар’еры, ні акалічнасцямі жыцця. Ён увасабляе характэрны тып паспяховага беларускага мастака другой паловы ХХ стагоддзя, у жыцці якога былі станаўленне новага ладу, камсамол, сацыялістычны рэалізм, вайна, вяртанне на папялішчы, непасрэдны ўдзел у паваеннай адбудове роднага краю, вучоба, творчасць. Сябры, калегі, сям’я, дзеці, унукі.
Але па сутнасці двух аднолькавых лёсаў не бывае. Тым больш калі гаворка ідзе пра мастака...
Маё знаёмства з творцам — гэта некалькі наведванняў майстэрні і інтэрв’ю, узятае яшчэ за савецкім часам. Але ж сапраўдны жыццяпіс мастака — гэта не тое, што пачуеш ад яго ў размове ці прачытаеш у энцыклапедыі. Самы праўдзівы адбітак жыцця майстра — ягоныя творы. І вось паводле жыццяпісу, які сам жывапісец штодня стварае сваімі карцінамі, перад грамадою паўстае асоба, чый наробак не ўпісваецца ў звыклы шэраг, не ўплішчваецца ў эстэтычны канон.
Леанід Шчамялёў пачаў удзельнічаць у выставах у 1958 годзе, яшчэ студэнтам. Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут ён скончыў годам пазней. А ўжо на пачатку 1970-х Шчамялёў быў іконай для творчай моладзі і жывым класікам. Я якраз у той час вучыўся ў «Глебаўцы» і добра памятаю, хто з беларускіх мастакоў меў у нас найбольшы аўтарытэт. Упэўнены, што гэтае меркаванне падзялялі і дарослыя майстры, у тым ліку і творцы з блізкага кола Леаніда Дзмітрыевіча. Хіба думкі тыя не агучвалі, бо не прынята ў багемных асяродках пра канкурэнта гаварыць станоўча.
Дык чым жа Шчамялёў яшчэ тады зацікавіў мастакоўскае і калямастакоўскае колы, чым прывабіў фанатаў? Найперш эфектнай стылістыкай, майстэрскім выкарыстаннем мастыхіна, які ён ужывае нароўні з пэндзлем, а часта і надаючы яму перавагу. Выбуховым колерам на тле стрыманай палітры тагачаснага беларускага жывапісу. На першы погляд ён адкрыты, прыгледзішся — складана пабудаваны. Але гэта вонкавае, а ёсць яшчэ сутнаснае. Прытым што форма і змест узаемазвязаныя.
У 1970-я грамада прызвычаілася да брутальнага афіцыёзу, пабудаванага на гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Я і сёння ганаруся Вялікай перамогай, да якой прычыніліся мае бацькі, і спадзяюся, што гэтае пачуццё гонару захаваюць і мае дзеці. Але ў той час ваенная тэма наўпрост зашкальвала ў літаратуры і ва ўсіх візуальных мастацтвах з выяўленчым уключна. Тэма Вялікай Айчыннай была паўсюдна стрыжнявой, а ў жывапісе яе ўвасабляў вялікі мастак і змрочны рэаліст Міхаіл Андрэевіч Савіцкі. Сёння я мо і сумую па тым грунтоўным мастацтве, у якім чулася рэлігійнае водгулле абсалюту, але чалавечая натура патрабуе станоўчых эмоцый. Іх культурніцкая грамада і знаходзіла ў карцінах Леаніда Шчамялёва.
Мне могуць запярэчыць, што Леанід Дзмітрыевіч таксама спрычыніўся да ваеннай тэмы, і не толькі на пачатку творчасці. Так. Ён аўтар культавай для тае пары карціны «Маё нараджэнне» брутальнага зместу і формы. Тэма аўтара хвалявала, таму і палатно атрымалася моцным. Але Шчамялёву было наканавана стаць мастаком, што ўвасобіць радасць быцця.
Леанід Шчамялёў настроены бачыць паўсядзённае жыццё як свята, падоранае лёсам. Ён увасабляе сваіх сяброў і сям’ю, краявіды і рэчы, з якімі ў яго звязаныя станоўчыя пачуцці, інакш кажучы — свой уласны свет. Самае дзіўнае, што гэткі здаровы мастакоўскі індывідуалізм прыжыўся на глебе «сацыялістычнага рэалізму», найважнейшым чыннікам якога з’яўляецца калектывісцкае мысленне — падпарадкаванне сваёй прыватнай натуры грамадскім патрэбам. Леанід Шчамялёў нібы расчысціў шлях іншым творцам індывідуалісцкага складу. Сёння малады мастак прадстаўляе на суд грамады свае псіхалагічныя рэфлексіі, мяркуючы, што робіць адкрыццё. А між тым Леанід Дзмітрыевіч рабіў тое ж самае яшчэ ў 1970-я... Толькі цяпер гэта звычайная справа, а тады было ментальнай рэвалюцыяй.
Пётра Васілеўскі