Праз кароткія фразы праяўляюцца трагічныя лініі лёсаў тых, хто трапіў у жахлівы гістарычны вір вынішчэння. Мільёны загінулых і адчайны выклік тых, хто выжыў. «Гэта “наша” памяць», — здаецца, гэтае выслоўе выпалена на старонках сшыткаў вязня канцлагераў Сымоны Вейль, якая да апошніх дзён свайго жыцця (памерла ў чэрвені 2017) выконвала вялікую місію супраціву гвалту. Міжнародныя фонды і Альянсы памяці Халакосту аб’ядноўваюць і падтрымліваюць ўсіх ахвяр і ўшаноўваюць памяць тых, хто ратаваў і дапамагаў выжыць. Няўмольнае безупыннае кола Часу — з кожнай хвілінай усё менш застаецца жывых сведак таго вогненнага «ахвярапрынашэння». Але Памяць, абвостраная падзеямі ўжо нашага часу, пра загінулых, зніклых, панішчаных, спаленых, задушаных патрабуе: «Больш ніколі!».
Разважанні на тэму Халакосту, успаміны пра ахвяр тэрору, антысемітызму, нецярпімасці з’ядналі напрыканцы студзеня творчых людзей вакол двух яркіх праектаў — «Жоўтыя зоркі» ў Вялікай зале філармоніі і «Кадзіш» Музычнай капэлы «Санорус» у Верхнім горадзе. Абедзве падзеі выклікалі шырокі грамадскі рэзананс, у іх прымалі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычных місій, рэлігійных суполак, дабрачынных арганізацый, валанцёрскіх рухаў. У ліку самых шаноўных гледачоў былі вязні канцлагераў і мінскага гета. Канцэртныя праграмы паказалі моц і трываласць музычна-гістарычнай вертыкалі, укарэненай у глыбіні нацыянальнай яўрэйскай традыцыі. Ці не кожны з прагучалых музычных твораў адлюстроўваў драматызм і трагічны пафас эпохі і вечныя каштоўнасці — святло і надзею. Сімвалічным сталася й тое, што ў кантэксце агульнай ідэі двойчы прагучалі яўрэйская песня «Кадзіш» Марыса Равеля і Арыя для скрыпкі Льва Абеліёвіча, сям’я якога загінула ў Віленскім гета.
Сапраўды, тэма Халакосту для айчыннага і сусветнага мастацтва не простая і патрабуе дасканалага вывучэння, аналізу — дзеля раскрыцця адметных рыс музычнага зместу опусаў, дзеля праўдзівага мастацкага асэнсавання гістарычных дакументаў, сведчанняў, хронік ваенных гадоў. На жаль, яшчэ многія старонкі творчасці беларускіх кампазітараў, лёсы якіх звязаны з Халакостам і Другой сусветнай вайной, застаюцца вядомыя толькі вузкім спецыялістам. Большая частка рукапісаў партытур знаходзіцца ў прыватных архівах і пакуль не выдадзена. Але найперш здзіўляе вельмі рэдкае іх выкананне — «з нагоды». І гэта нягледзячы на найвышэйшую мастацкую якасць. Справядліва ўсё-такі пісаў Валянцін Распуцін: «Праўда ў памяці. У каго няма памяці, у таго няма жыцця».
«Кадзіш»
Цягам некалькіх гадоў дырыжор Аляксандр Хумала выношваў ідэю мінскага канцэрта памяці ахвяр Халакосту. У 2010 годзе, падчас вучобы ў Ратэрдамскай кансерваторыі, ён ажыццявіў праект, прысвечаны гэтай тэме, і выканаў Трэцюю сімфонію польскага кампазітара Хенрыка Мікалая Гурэцкага. Пакрысе, паступова і ўзважана, збіраліся музычныя фрагменты праграмы «Кадзіш», у якой на агульным драматургічным крэшчэнда ўпершыню ў Беларусі прагучалі творы Шонберга і Гурэцкага, а таксама музыка айчынных кампазітараў Льва Абеліёвіча і Вольгі Падгайскай, былі выкананы шэдэўры сусветных класікаў Макса Бруха, Марыса Равеля і Франсіса Пуленка. Гэта рознанацыянальнае музычнае палатно спалучыла ў арганічнай еднасці узляцелыя на фартысіма мелодыі веры і літасці, і слухачы перажылі неверагодны эмацыйна-духоўны катарсіс.
Яўрэйская песня «Кадзіш» Равеля была перастворана ў арыгінальнай версіі для саліста сапрана. Ірына Кучынская, уладальніца выразнага голасу і праніклівага тэмбру, у збалансаваным ансамблі з аркестрам падала партытуру экспрэсіўную, багатую на арнаментыку і мелізмы. У малітве пакаяння іўдзейскай літургіі «Кол Нідрэй» (нямецкі кампазітар Макс Брух яшчэ ў канцы XIX стагоддзя ўзяў яе за аснову свайго камернага опуса) саліравала альтыстка Аляксандра Іванова, з нейкай асаблівай глыбінёй, цеплынёй і пранізлівым трагізмам. Знакаміты саўндтрэк Джона Уільямса «Спіс Шындлера» ўспрымаецца як адзін з музычных сімвалаў памяці Халакосту. У найтонкім і, між тым, экстатычным дыялогу скрыпкі (Эдуард Петрашкевіч) і аркестра ўзнікала бясконцая лінія пачуццёвай кантылены.
Мемарыяльная кантата Франсіса Пуленка на вершы Поля Элюара «Аблічча чалавечае» (Un soir de neige) упершыню прагучала ў Парыжы, вызваленым ад нямецкай акупацыі, як гімн Свабодзе. Кампазітар быў сведкам нацысцкіх зверстваў, і твор ягоны — знак салідарнасці з вызваліцелямі і памяці пра загінулых сяброў. Хор капэлы «Санорус» экспрэсіўна ўвасобіў 1-ю частку твора («З пражытых мною вёсен гэтая за ўсе страшней была») — збалелы крык адчаю, і фантасмагарычную 6-ю («Страшная мне ноч»), прасякнутую найглыбокімі алюзіямі.
У назве твора Вольгі Падгайскай «Не той горад» для аркестра і скрыпкі (Аксана Герасімёнак) ажывае трагічная гісторыя, як падчас вайны жыхароў гета заштурхвалі ў цягнікі, везучы, нібы для змены месца жыхарства, а насамрэч выпраўлялі ў лагеры смерці. Ледзь чутная ў мелодыцы надзея на ратунак перарываецца знішчальнымі астынатнымі рытмамі, быццам у абдоймах нябыту мільгаюць абліччы і лёсы мільёнаў людзей, патрапілых «не ў тое месца».
Сапраўднае музычнае адкрыццё праграмы — трыа «Дабранач» Хенрыка Мікалая Гурэцкага. Салісты Ірына Кучынская (сапрана), Лера Шчупак (фартэпіяна) і Дзмітрый Яшукоўскі (альтовая флейта) паглыбілі слухача ў складаную санарыстычную прастору. У творы адчуваліся і гуманістычная ідэя абароны чалавечага ў чалавеку, і малітва з шэкспіраўскага «Гамлета» пра спакой душы. Гэтая ж думка адбілася і ў Арыі для скрыпкі і аркестра Льва Абеліёвіча (салістка Аксана Герасімёнак).
Вяршыняй драматургічнага крэшчэнда ў праекце «Кадзіш» стаў сяміхвілінны твор Арнольда Шонберга «Ацалелы з Варшавы» (1947). Гэта аповед, заснаваны на дакументальных фактах, сведчанне і адначасна папярэджанне, увасобленыя ў музыцы. Выдатнае выкананне барытонам Уладзімірам Пятровым партыі Апавядальніка (у перакладзе на рускую мову) і партыі Фельдфебеля (на нямецкай) узрушылі жахлівай рэалістычнасцю, бязлітаснай праўдзівасцю. Пасля кульмінацыйнага акорда фінальнай малітвы «Шма Ісраэль» на старажытнаяўрэйскай мове, якую мужна спяваюць вязні канцлагера, з верай у сэрцах ідучы на пакаранне, у зале запанавала поўная цішыня. І абертонамі працягваў гучаць заклік «Будзем памятаць...»
З нагоды канцэрта нельга не азначыць высокапрафесійную працу дырыжора Аляксандра Хумалы, яго выразную мануальную тэхніку, разнастайнасць прыёмаў, дзякуючы якім дасягаецца цэласнасць прачытання кампазітарскай задумы. Дырыжор выдатна адчувае фактуру голасавядзення, падкрэслівае найбагацейшыя дынамічныя нюансы. Ён надзвычай дакладны дачынна тэмпаў.
Але галоўнае, што, ствараючы канцэптуальныя праграмы, не баючыся адкрываць слухачу новыя далягляды, для свайго калектыву ён з’яўляецца мастацкім стратэгам і «музычным палкаводцам».
«Жоўтыя зоркі»
Аўтар ідэі і арганізатар гэтага праекта Ганна Лянькова пачала канцэрт са сваёй асабістай гісторыі: «Тэма Халакосту закранула й маю радзіну. Мая прабабуля з’яўляецца праведніцай народаў свету. Яна выратавала яўрэйскую сям’ю падчас вайны. Камень з імём Ірыны Масюкевіч змешчаны на алеі Праведнікаў у Бабруйску. Акрамя таго, імя ейнае пазначана на Сцяне Пашаны ў садзе Праведнікаў народаў свету ў Яд ва-Шэм у Ерусаліме».
З падобнымі гісторыямі пра жыццё ў гета, пра ўратаванне з канцлагераў, пра нягоды і збавенне змаглі пазнаёміцца ўсе наведнікі канцэрта. А самае галоўнае — зірнуць у вочы і твары тых, хто выжыў, дзякуючы фотавыставе «Дзесяць чалавек. Дзесяць лёсаў. Адна вайна» (аўтар Дзмітрый Шамяткоў). Мэта гэтага вялікага праекта «Асобы абшчыны» (цэнтр «Гілель»), што быў уганараваны прэміяй імя Чарльза Хофмана, — даследаванне і захаванне беларускай яўрэйскай спадчыны.
Яшчэ адным важным візуальным акцэнтам вечара стала інсталяцыя Валерыі Гайшун, вядомай стваральніцы яўрэйскіх лялек. У яе сімвалічнай атрыбутыцы — вяшак-трыножка, пінжак з жоўтай зоркай, характэрныя капялюш, шалік і чаравікі — увасабленне гістарычнага этапу жыцця нацыі, смутку па загінулых і надзеі на будучыню. Пасля канцэрта інсталяцыя была перададзена ў музей.
Важнымі ў канцэпцыі праекта паўсталі словы, сказаныя вязнямі гета — Фрыдай Рэйзман, Уладзімірам Трахтэнбергам, Уладзімірам Талстапятавым, а таксама прадстаўнікамі міжнародных дабрачынных арганізацый «The Together Plan» і «Дыялог». Хвіліна маўчання ў памяць пра ахвяр Халакоста асабліва ўзмацніла эмацыйнае напружанне ад усяго, што адбывалася на філарманічнай сцэне.
Музычная частка вечарыны -- выступленне Канцэртнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Юрыя Караваева. Глыбокі і трагічны тэмбр віяланчэлі (саліст Іван Рэнанскі) вакалізаваў яўрэйскую мелодыю «Кадзіш» Марыса Равеля ў суправаджэнні камернага складу аркестра.
Выразнасць, патэтыка і драматызм, глыбокае разуменне музычнай задумы і віртуознае валоданне скрыпкай саліста Сяргея Белазерцава-малодшага не пакінулі абыякавым нікога са слухачоў. Балюча запомніліся надрыўныя секундныя інтанацыі ў маналогу самотнага героя «Яўрэйскай мелодыі» (1911) Ёзэфа Ахрона і неверагоднай прыгажосці, чуйнага нерва Арыя Льва Абеліёвіча. Своеасаблівым жанравым інтэрмецца сталася Уверцюра на яўрэйскія тэмы Сяргея Пракоф’ева, а сімвалічнай вяршыняй — харальная хада Адажыа для струнных Сэмюэля Барбера.
Кульмінацыяй і сэнсавым ядром ўсёй вечарыны стаўся Канцэрт для аркестра ў сямі частках «Жоўтыя зоркі» («Пурым-шпіль у гета») Ісаака Шварца (опус 2000-га года). Вялікі майстар яркіх, моцных, выразных і запамінальных мелодый, Ісаак Шварц сваім часам быў узрушаны дакументальнымі нататкамі адной з вязняў Каўнаскага гета і прысвяціў канцэрт памяці шведскага дыпламата Рауля Валенберга, які ўратаваў ад смерці ў гады Другой сусветнай вайны дзясяткі тысяч яўрэяў.
Дзякуючы энтузіязму піяністкі Таццяны Старчанка, мастацкага кіраўніка «Музычнай гасцёўні», мінская прэм’ера твора адбылася амаль 10 гадоў таму (дырыжор Павел Гарштэйн). У дырыжорскай інтэрпрэтацыі Юрыя Караваева ў выразным аркестравым спалучэнні асабліва былі чутныя шматлікія меладычныя лініі віяланчэлі і нацыянальна каларытныя танальнасці скрыпкі, кларнета, а таксама рытмы танцаў клезмерскай традыцыі. У паступовым крэшчэнда фінала канцэрта трагічна ўспрымаліся тэматычныя рэмінісцэнцыі 1-й часткі Пятай сімфоніі Густава Малера, а ўся музычная дзея завяршылася магутным аркестравым forte. Канцэрт Шварца — шчыры, кранальны лірычны гімн мужнасці, мудрасці і адзінству асуджаных на смерць людзей, якія пераадольваюць страх пагібелі менавіта праз Веру.