Іх прывозілі мясцовыя антыкварныя дылеры з беларускага Палесся, называючы народнымі, «народкамі», вуніяцкімі, беларускімі, украінскімі, палескімі, вясковымі. Абразы былі напісаны на тонкіх хваёвых дошках, змацаваных дзвюма невялікімі шпонкамі. Радзей аснова была выканана з дубу, але ўсе яны былі падобнага памеру — прыблізна 53 на 42 сантыметры. Са сваім «нагледжаным» на пачатак 1990-х вопытам я мог параўнаць гэтыя творы з наіўным жывапісам Пірасмані, з роспісамі агоўскіх «куфраў», з давыд-гарадоцкімі кветкамі. У іх увасобілася тое прыгожае, дзівоснае і нават казачнае, што атачала паўсядзённае жыццё палешука пару стагоддзяў таму: роспісы майстроў віленскага барока ў касцёлах і цэрквах, яркія кветкі насценных «дываноў» і фляндраваны арнамент мясцовых касонэ-куфраў на пасаг дзяўчыне да вяселля, гравюры ў сакральных кнігах з манастырскіх друкарняў Куцейны і Пачаева, залатыя кветкі стараверскіх абразоў Веткі і нават шматвяковыя народныя паданні пра міфічных істот палескіх лясоў і балот. У вобразах святых пазнавальныя прататыпы з твораў еўрапейскай культуры эпохі Адраджэння і барока. Святая Барбара нагадвала венецыянскіх прыгажунь пэндзля Тыцыяна, а экспрэсіўная пастава архістратыга Міхаіла, апранутага ў панцыр і з вогненным мячом у руцэ, на тле чорна-сініх навальнічных хмар нагадвала трансцэндэнтальны жывапіс эпохі маньерызму, Эль Грэка і Якаба Панторма. Святы Георгій, таксама з эпохі «maniera nuova», наскаку забіваў людажэрнага дракона, падобнага, хутчэй, да мясцовага палескага «цмока» — гадзюку з прыпяцкіх балот.
За чвэрць стагоддзя ў мяне назбіралася больш за сотню такіх абразоў. Час рабіць высновы пра паходжанне і пабытаванне народнай сакральнай спадчыны. Ды й заняцца яе класіфікацыяй. У маю калекцыю траплялі іконы з Украіны, асабліва з Чарнігаўскай вобласці. Дзякуючы маскоўскаму антыкварнаму рынку «Вернісаж», я пазнаёміўся з абразамі з Бранскай вобласці (Старадуб, Сураж, Навазыбкаў). Рэгіён распаўсюду самабытных абразоў можна акрэсліць межамі Усходняга і Паўднёвага Палесся. Гэта й ёсць мае ўлюбёныя палескія абразы.
Каб разабрацца ў іканаграфіі, найлепш выбудаваць своеасаблівы палескі народны іканастас. Можна ўявіць наступнае: год у прасторы «выглядае» як замкнёнае кола, пачатак якога адлічваецца ад зімовага сонцастаяння. Сакральны літургічны год палешука пачынаўся ў дзень зімовага сонцастаяння, з Раства Хрыстова, і заканчваўся падрыхтоўкай да гэтага светлага свята. Таму віртуальна палескі іканастас можна збудоўваць па коле, услед за народным календаром. Палескія іконы святых «выстройваюцца» ў гэтым кругавым іканастасе адпаведна з народным календаром. Цікава, што іканаграфія асноўных дванадзясятых свят у палескім іканастасе сустракаецца вельмі рэдка. Але затое намесны шэраг гэтага віртуальнага іканастаса быў багата ўпрыгожаны абразамі першых хрысціянскіх пакутнікаў, паўставалых нябеснымі абаронцамі і памочнікамі ў паўсядзённым зямным жыцці. Такім чынам, разгледзім, як народны каляндар суіснуе з сакральным мастацтвам у своеасаблівым палескім іканастасе.
Першая ікона, што ўпрыгожвае покуць палескай хаты, — гэта абраз Бога-Айца, Саваофа. І нават з тэалагічнага пункту гледжання гэта правільна. Іканаграфія Першай іпастасі Святой Тройцы адлюстроўвае важнае свята ў царкоўным і народным календары — Богаяўленне, або Вадохрышча (19 студзеня). У цэнтры іконы мы бачым сівога старца, Бога-Бацьку, які бласлаўляе Свайго Сына Святым Духам. Праз вобраз Саваофа паляшук «чуе» мудрае бацькоўскае стаўленне нябеснага Айца да сваіх зямных дзяцей. Па народным календары Богаяўленне — гэта пераход ад лютай зімы да вясны: «Трашчы, не трашчы — прайшлі ўжо Вадохрышчы». Важны абрад гэтага сакральнага свята — асвячэнне вады, што сімвалізуе святое хрышчэнне Ісуса Хрыста ў рацэ Іардан.
Далей, за абразом Бога-Айца, па календары (11 лютага) ідзе абраз Святога Уласія, біскупа Севасційскага, або Святы Улас. Святы Уласій лічыцца заступнікам хатняй скаціны, асабліва кароў. Таму гэты дзень у народзе празвалі «кароўім святам».
Наступная ікона ў палескім іканастасе — Святы Георгій, Святы Юр’я, Святы Ягор, вясновы (23 красавіка). Адзін са знакавых святых Палесся, ахоўнік ваяроў, заступнік жывёлы і ўсёй гаспадаркі, Святы Юр’я, як і Святы Мікола, мае ў годзе два святы. Абразоў з выявай святога ў палескім рэгіёне сустракаецца дастаткова шмат. Магчыма, гэта звязана з тым, што асноўныя іконы на покуць набываў гаспадар дому, які выбіраў перадусім апекуна і абаронцу хатняй гаспадаркі. З вясновага Юр’я па народным календары пачыналася сапраўдная, цёплая вясна, таму іншым разам святога называлі «Юр’я-ключнік» — ён адмыкаў дзверы ў лета. Вясновы Юр’я быў першым днём выпасу хатняй жывёлы, якую выганялі з хлява асвечанымі дубчыкамі-вербамі, захаванымі з Вербнай нядзелі. Вясновая раса на Святога Юр’я лічылася цудадзейнай — «ад сямі хвароб». Асабліва ж яна лекавала вочы. Святога шанавалі таксама як уладара ваўкоў — галоўных ворагаў хатняй скаціны на выпасе. Таму менавіта да яго маліліся, каб «замкнуў» пашчы ваўкам.
За Юр’ем вясновым ідзе Святы Мікола вясновы, Мікола вясенні, Мікольшчына (22 траўня). Святы Мікола — адзін з самых шанаваных святых на Палессі. Больш за ўсё палескіх абразоў захавалася з выявай святога арцыбіскупа Мірлікійскага Мікалая Цудатворцы. Верылі, што менавіта ён і ёсць абаронцам, заступнікам усіх простых людзей, «тутэйшых сялян».
Апостал Пётр таксама паўставаў вялікім нябесным памочнікам у летніх працах палешука. Ён — валадар сенакосу і заступнік касцоў.
Наступны важны памочнік палешуку ў гаспадарцы — Святы Ілля, Галляш. Улетку (2 жніўня) — святочны дзень распарадніка навальніц, маланак і грому. Да святога Іллі на Палессі звярталіся з малітвай, каб нябёсы паслалі дождж альбо сонца часам палявых работ: у засуху чакалі навальніц, а ў сенакос — сугрэву. Абаронца ад грому і маланкі, пераможца нячыстай сілы — таксама святы Ілля.
Ёсць на Палессі й «бабская святая» — Святая Параскева Пятніца, Параска, Пяцёнка. Яе месца ў народным календары — 28 кастрычніка. Яна — заступніца жанчын і сям’і, апякунка жанчын-майстрыц, жаночых рамёстваў. У гэты дзень дзяўчатам і жанчынам катэгарычна забаранялася прасці, ткаць, купацца. Існавала павер’е, быццам гэтым днём сама Параскева ў вобліку старой бабулі хадзіла па вёсках і цікавала: ці не прадзе хто кудзелю... Таго, хто парушаў забарону, святая сурова карала: насылала хваробу, блытала ніткі ў кудзелі, рвала палатно.
Палескі іканастас у лістападзе аздабляе абраз валадара ўсяго нябеснага войска. Калі ў сям’і хацелі, каб сын вырас моцным і здаровым, яму давалі імя Міхась. 21 лістапада па народным календары — дзень Святога Архістратыга Міхаіла, Міхайлы Архайлы, Страхадзёра. Архістратыг на палескіх абразах увасоблены як рымскі ваяр: з вогненным мячом у руцэ, на тле цёмных навальнічных хмар. Міхайла — уладар прыродных стыхій, грому, ветру і маланкі. На Міхайлаў дзень па народным календары зазвычай бывае вельмі моцны вецер і непагадзь. У гэты дзень палешукі шчыра моляць Архістратыга, каб лістападаўская бура не разнесла хату і не пабіла громам сваякоў. «На Міхайла не працуем, бо ён вельмі злы, аж дахі ірве». Адсюль пайшла назва — Страхадзёр. У гэты дзень, на Міхайлаўскія дзяды, палешукі таксама паміналі продкаў — хадзілі на могілкі. Унукі ў Міхайлаў дзень мусілі пагасцяваць у сваіх бабуль.
Поруч з Архістратыгам у апошнія дні восені ў народным календары стаіць яшчэ адна ікона ваяра — Святога Юр’я Восеньскага. 26 лістапада — дзень памяці пра асвячэнне храма Святога Георгія ў Кіеве ў 1051 годзе. Восеньскі Юр’я адмыкае пашчы ваўкам, і крыважэрныя драпежнікі ў гэты дзень збіваюцца ў зграі ды нападаюць на скаціну, часам нават на людзей. Таму пасля Юр’я хатнюю жывёлу больш не выганялі пасвіцца, а падарожнікі, выходзячы з хаты, маліліся Святому Юр’ю пра абарону шляху ад ваўкоў. У прыродзе з Юр’я пачынаюцца першыя моцныя маразы — «Юр’я мосціць, а Мікола гвоздзіць». Святы Юр’я рыхтуе ўсё навакол да зімовых халадоў, а Святы Мікалай скоўвае марозам зямлю і ваду.
Зімовыя абразы «пачынаюцца» са Святой Барбары, Варкі, Міколінай маткі. На Палессі ў адзіны цыкл звязаны тры святы, што ідуць адно за адным: Святой Барбары (4 снежня), Святога Савы Асвячонага (5 снежня), Святога Міколы Зімовага (6 снежня). Таму палешукі разважаюць так: «Сава бацька Міколы, а Варвара — яго матка. Мікола сказаў: «Не празднуйце мяне, празднуйце маці і бацьку». Гэта значыць, памятайце не толькі мой дзень (Святога Міколы), але іншых святых не забывайце. Святая Барбара — збавіцелька ад раптоўнай смерці. Гэта павер’е склалася паводле жыццяпісу святой, у якім азначана, што Барбара перад смерцю маліла Бога, каб Ён уратаваў тых, хто просіць збавення ад раптоўнай смерці без споведзі. У палескім доме абавязкова павінен быць вобраз Святой Барбары. «Каб дзеці і жывёла не тапіліся», — казалі палешукі, спрадвек жывучы сярод балот, азёр і рэк. Таму абразоў з выявай Міколінай маткі захавалася вельмі шмат.
Перад Калядамі палескі іканастас «пабагачае» найулюбёны абраз палешука — Святы Мікола Зімовы. Характэрнай з’яўляецца выява святога з каптуром біскупа — мітрай («у зімовай шапцы» — казалі ў народзе). Ікон з выявай Святога Міколы з мітрай на галаве захавалася больш за ўсё. Можна меркаваць, што такі абраз меў пачэснае месца на покуці кожнай палескай хаты. У беларускай народнай традыцыі Мікола Зімовы ўвогуле быў абавязковым госцем на Каляды — у адно з самых вясёлых урачыстых свят палескага народнага календара, з падарункамі, частункамі, з марозам і снегавымі гурбамі. «Калі падае снег, то гэта святы Мікалай барадой трасе». Асабліва шанавалі святога пастухі, якія ў ноч на 6 снежня, называную «вігіліяй», трымалі суровы пост і замаўлялі ў храмах адмысловае набажэнства за здароўе хатняй скаціны.
І апошні значны абраз палескага іканастаса. 9 снежня — дзень памінання Святога Стыліяна Пафлагонскага, Усціліяна, «дзіцячага абаронцы», нябеснага апекуна дзяцей і бясплодных жанчын. Абразоў з выявай святога абаронцы малечы захавалася ў палескім іканастасе вельмі шмат. Бо ў кожнай сям’і марылі пра дзяцей і звярталіся ў малітвах да нябеснага заступніка ў спадзеве на моцнае здароўе і паслухмянасць нашчадкаў.
Вось так выглядае своеасаблівы палескі іканастас, «сканструяваны» наўздагон руху «колавага» народнага календара. Як духоўная крэпасць, малітоўны бастыён палешука сярод бязмежных балот і лясоў. Прыгадаю словы шведскага караля Карла XII, які падчас Паўночнай вайны праходзіў з войскам праз Пінск. Узлезшы на высокую званіцу францысканскага касцёла, чужаземны кароль, уражаны бязмежнымі, ахапілымі ўсё наваколле, балотамі, патаналымі ў срабрыстай шэрані аж да самага небасхілу, роспачна прамовіў: «Я далей не пайду! Там смерць...».
Духоўная крэпасць палешука ў гэтакім небяспечным прыродным асяродку была ўзмоцнена непрыступнымі «вежамі» — галоўнымі праваслаўнымі абразамі Уседзяржыцеля і Багародзіцы. Вобраз палескага Хрыста ўзыходзіць да першакрыніцы — візантыйскай іканаграфіі Вялікі Архірэй, або Цар Царом, што склалася паводле «формулы» Евангелля: «Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі». Зазвычай па візантыйскім каноне такая іканаграфія, Цар Царом, сустракаецца побач з Багародзіцай і Янам Хрысціцелем і ўтварае агульную кампазіцыю — Дэісус. Але палескі Збаўца, як правіла, намаляваны адзін, у каралеўскім адзенні, з мітрай-каронай на галаве. У левай руцэ Хрыстос трымае Евангелле, а правай бласлаўляе вернікаў. Ён — Валадар над усім палескім светам.
Іканаграфія другога галоўнага абраза — Суцяшальніцы Палесся, Багародзіцы мае ў палескім іканастасе таксама непаўторную, асаблівую гісторыю: гэтыя абразы створаны пераважна тутэйшымі майстрамі паводле мясцовых шанаваных ікон Багародзіцы паходжаннем з Украіны і Расіі, да якіх почасту ўчынялі пілігрымкі з палескіх мястэчак.
З немалой колькасці захаваных Багародзічных абразоў можна меркаваць, што самы шанаваны абраз на Палессі — Маці Божая Траеручыца. Прычым, трэцяя рука на іконе намалявана не як срэбраная вота, а як часціна плоці. Аднойчы я запытаўся ў антыкварнага дылера з Гомеля, чаму так распаўсюджана сярод палешукоў гэткая дзіўная іканаграфія Божай Маці. І атрымаў такі ж самы дзіваваты адказ: «Абраз Траеручыцы быў вельмі папулярны ў злодзеяў! Гэта каб рукі былі больш спрытныя і хваткія! Вось і маліліся мясцовыя зладзюжкі Божай Маці, каб дапамагла пацягнуць у суседа парася ці мех бульбы».
Як бачым, часам у народным разуменні намеры не цалкам супадаюць з біблейскімі запаведзямі. Трохі пазней я напаткаў у літаратуры палескую прыкмету: «Як на Барбару ўкрадзеш і не пападзешся, то ўвесь год будзеш красці і не пападзешся!». Можа, на Палессі з часам забыліся пра сапраўдны цуд іконы Божай Маці Траеручыцы? Давялося ў гістарычных і краязнаўчых крыніцах шукаць мясцовы цудатворны абраз Траеручыцы. Гэта быў Белабярэжскі абраз Багародзіцы з манастырскай мясціны ў Белым Беразе пад Бранскам. А раскрыццю невялічкай «таямніцы» яго месцазнаходжання паспрыяла адна з палескіх ікон-Траеручыц, на якой па чорным тле ішоў ледзь чытэльны надпіс: «Бел ... ская Багародзіца». Гомельскі дылер, прывёзшы мне гэты абраз, патлумачыў такі казус: «Гэта ж Беларуская! Вельмі рэдкі сюжэт. Трэба браць!». Я, вядома, не паверыў у такую патрыятычную назву іконы, і спакваля першыя літары на абразе — «Бел ...» — прывялі мяне да Белабярэжскай пУстыні — аднаго з самых вядомых манастыроў на Браншчыне. Наогул, шанаванне абраза Маці Божай Траеручыцы ў Расіі звязана з імём патрыярха Нікана, які дзеля сцвярджэння Масквы як цэнтра праваслаўнага свету папрасіў архімандрыта Хіландарскага манастыра Феафана прывезці ў Маскву шмат якія грэчаскія святыні і рэліквіі, у тым ліку й спіс з цудатворнага абраза Траеручыцы. Але паданне пра цудатворнае ўратаванне Іаана Дамаскіна, які малітвамі да Багародзіцы загаіў сваю адсечаную руку, забылася, і трэцюю руку на іконе малявалі ўжо далей не як срэбраную воту, а як рэальную трэцюю руку Багародзіцы. Спіс з грэчаскай іконы, выкананы царскімі майстрамі Арцеміем Фёдаравым і Панасам Івановым у 1718 годзе, быў перанесены ў манастырскую мясціну Белы Бераг пад Бранскам. На працягу некалькіх стагоддзяў Белабярэжскі абраз праславіўся цудамі аздараўлення, і да яго сталі штогод прыходзіць тысячы пілігрымаў, асабліва ў святочны дзень — 28 чэрвеня.
Сярод ацалелых палескіх святынь вылучаецца абраз з выявай Ахтырскай Божай Маці. Яго лёгка пазнаць па журботнай постаці Багародзіцы, з непакрытай галавой і складзенымі ў малітве рукамі, перад невялікім Распяццем на Галгофе. Незвычайную іканаграфію і прамую перспектыву, не характэрную візантыйскаму канону, можна патлумачыць першаўзорам Ахтырскай Багародзіцы з італа-крыцкай школы іканапіса Яўленне цудатворнага абраза адбылося 2 ліпеня 1739 года ля сцен Пакроўскай царквы горада Ахтырка (цяпер Сумская вобласць Украіны). Дарэчы, колькасць насельнікаў Ахтыркі на той час пераўзыходзіла колькасць жыхароў такіх гарадоў, як Харкаў і Сумы. Згодна з загадам імператрыцы Лізаветы Пятроўны, на месцы яўлення цудадзейнай іконы па праекце архітэктара Ухтомскага быў узведзены велічны каменны сабор, асвечаны ў 1768 годзе, і гэта паспрыяла пашырэнню культу святыні. Кожны год 2 ліпеня, спадзеючыся на дапамогу Ахтырскай Багародзіцы, да іконы ідуць тысячы пілігрымаў. На Палессі склаўся такі звычай: ваду, якой абмывалі абраз у святочны дзень, ужывалі, як лек ад шматлікіх хвароб, асабліва ліхаманкі (а такая хвароба часта «гуляла» сярод палескіх балот). Павер’е ж пра цуд бярэ пачатак у легендзе яўлення абраза. Ахтырскі святар, знайшоўшы абраз на сенажаці, абмыў яго і сабраўся выліць ваду ў раку, але ў дарозе яму сустрэлася Багародзіца і сказала: «Вярніся дадому і захавай гэтую ваду: яна дапаможа ад ліхаманкі».
Пачаеўская Багародзіца — таксама Збавіцелька, уганараваная на покуці палескай хаты. Гэта пацвярджаюць цуды, што адбываюцца нават ад спісаў выявы Божай Маці з Пачаева. Больш за чатыры стагоддзі знаходзіцца цудатворны абраз у Пачаеўскай Свята-Успенскай Лаўры (Украіна). Іканаграфія Багародзіцы ўзыходзіць да старажытнай візантыйскай кампазіцыі Елеуса, дзе тварам Багародзіца з бязмежнай любоўю пахілена да Сына. Тры разы на год — 31 сакавіка, 23 ліпеня і 8 верасня — адзначаюцца святы на яе гонар. У гэтыя дні асабліва шмат пілігрымаў прыходзіць у Лаўру з усяго Палесся. У кнігах Лаўры запісаны шматлікія сведчанні цудаў. І вернікі моляцца іконе пра збавенне ад невылечных хвароб, каб засцерагчы дом ад злодзеяў і ачысціць розум грэшнікаў ад нячыстых намераў. Але наймоцная надзея палешука была на дар Пачаеўскай святыні ў захаванні спакою і любові ў сям’і. Таму гэтым цудадзейным абразом бласлаўлялі маладых на вянчанне.
Асаблівай, «некананічнай» іканаграфіяй здзіўляе палескі абраз Укаранаванне Багародзіцы. Ён часта сустракаецца сярод уратаваных народных ікон Палесся. Прататып «некананічнай» іканаграфіі вядомы ў заходнім сакральным жывапісе з XIII стагоддзя. У цэнтры абраза намалявана Панна Марыя. У малітве Яна склала далоні на грудзях. Злева і справа ад Багародзіцы ў аблоках намаляваны Бог-Сын і Бог-Айцец, якія разам падтрымліваюць вялікакняжую карону над галавой Багародзіцы. Сакральную дзею бласлаўляе звыш Дух Святы, пададзены на іконе ў вобразе белага голуба. Магчыма, гэта іканаграфія была ўзята з малітоўных кніг сярэдзіны XVII стагоддзя, выдаваных у манастырскіх друкарнях на тэрыторыі Украіны. Ужо ў канцы XVII стагоддзя абраз Укаранаванне Багародзіцы атрымаў распаўсюджанне і ў расійскім іканапісе, асабліва ў майстроў Збройнай Палаты Крамля. Самы вядомы з іх — Укаранаванне, напісанае крамлёўскім майстрам Кірылам Уланавым у срэдніку іконы Успенне Багародзіцы 1694 года. Такое сумяшчэнне іканаграфій наводзіць на думку, што палескі абраз Укаранаванне Багародзіцы ёсць напамінам пра іншы цудатворны абраз блізу Палесся — Кіева-Пячэрскае Успенне Багародзіцы. Галоўная святыня Кіева-Пячэрскай Лаўры вядомая з 1073 года, калі абраз Успення ў Кіеў прынеслі грэчаскія дойліды і ўзвялі, з загаду Багародзіцы, велічны Успенскі Сабор, названы ў народзе Вялікай Царквой. За стагоддзі абраз праславіўся мноствам цудаў. Таму 15 жніўня, у свята Успення Найсвяцейшай Багародзіцы, у Кіева-Пячэрскую Лаўру ідзе з малітвамі безліч пілігрымаў — з надзеяй збавення ад цяжкай хваробы ці абароны дому ад ворагаў і паклёпу. Таксама цудатворны абраз дапамагаў пазбягаць цёмных думак пра смерць і рыхтаваў верніка да пераходу ў іншы свет, дзе кожнаму «будзе дадзена па справах ягоных».
Сярод ацалелых палескіх Багародзічных абразоў вельмі рэдка сустракаюцца мясцовыя ўшанаваныя іконы. Напрыклад, толькі аднойчы ў маю калекцыю трапіў абраз Мішкоўскай Адзігітрыі. Ён атрымаў назву ад месца пакланення — вёскі Мішкоўка (цяпер Старадубскі раён Бранскай вобласці). Іканаграфія, а менавіта ўбор Панны Марыі і непрыхаваныя валасы, указвае на заходнееўрапейскае паходжанне кампазіцыі, які на Русі меў назву «Першародства Панны». Адметнай асаблівасцю кампазіцыі ёсць выява Дзіцяткі Езуса — не толькі з дзяржавай і скіпетрам у руках, але й з кветкай у правай руцэ. Зазвычай гэта кветка гваздзікі як сімвал маючых адбыцца вусцішных пакут Хрыста. Час услаўлення абраза пачынаецца з канца XVII стагоддзя. Паданне пра ўслаўленне Мішкоўскай Багародзіцы сведчыць пра дачыненне да гэтай справы Свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага, пабывалага ў памянёных мясцінах. Менавіта з яго загаду цудатворны абраз быў змешчаны ў алтар мясцовага храма. Пра падзею нагадвала срэбраная вота да мішкоўскай Багародзіцы з выявай Свяціцеля.
Сярод палескіх Багародзічных абразоў у другой палове ХІХ стагоддзя сталі з’яўляцца й спісы з цудатворных абразоў, даўно ўслаўленых у Рускай праваслаўнай царкве: Знаменне, Казанская, Іверская, Ціхвінская, Уладзімірская...
На жаль, час не літасцівы да палескага іканастаса, але хрысціянская вера за гэтым духоўным бастыёнам выжыла сярод лясоў і балот, нават у страшныя гады багаборніцтва. З часам на палескіх іконах праступаюць, нібы адмеціны ад слёз, светлыя палосы. Гэта крупінкамі абсыпаецца маляўнічы жывапісны слой, агаляючы тэкстуру драўлянай асновы са стогадовых смалістых хвояў, увабралых у сябе залатыя сонечныя прамяні бязмежных палескіх нябёсаў. Ціха сцякаючы ў нябыт, гэтыя слёзы часу змываюць і памяць пра вялікія райскія кветкі, сярод якіх белы конь Святога Юр’я дапамагаў свайму гаспадару адужаць цмока. І нават цёмная бясконцасць Сусвету, паноўная парою Святога Міколы, ператвараецца ў шызы пыл мінуласці. Вядома, хочацца адсланіць забыццё ад гэтага непаўторнага іканастаса, каб наступныя пакаленні таксама мелі мажлівасць убачыць шыкоўныя райскія кветкі ў бязмежнасці чорных нябёсаў, расхінёнай за постацямі святых.
Захаваны палескі іканастас уяўляецца мне яркім сакральным дываном з соцень абразоў, ад падлогі да столі. Гэткую карціну ў адной з размоў намаляваў перада мной вядомы мастак-манументаліст Валеры Даўгала, узрослы ў вёсцы старавераў на Гомельшчыне, дзе якраз не ў навіну былі вялікія хатнія іканастасы ад падлогі да столі. Напярэдадні Вялікадня іконы звыкла праціралі ад пылу, затым шчыльна, адну да адной, выкладалі на агромністым стале прасыхаць. А ледзь устрапянуцца першыя ранішнія прамяні, хлопец-паляшук, што нецярпліва чакаў свята, падхапіўшыся, адчыняў цяжкія дзверы ў святліцу — і... Адкрывалася яго пагляду невыказнае дзіва: густыя валокны вясновага сонца, толькі-толькі прабіўшыся праз белыя фіранкі-прошвы, напоўна высвецілі сусальнае золата і яркія фарбы мноства ікон, урачыста сцішаных насустрач Уваскрошанню Хрыста суцэльным маляўнічым дываном. Зіхоткасць золата, водбліскі ад кветак і постацяў святых трымцелі на столі, на сценах — паўсюдна. Здавалася, усё гэта хараство лётае ў паветры, ім поўніцца ўвесь свет. Ззяў і бліскацеў сам казачны Рай. І гэты Рай цёпла засяліўся ў душу маленькага палешука, застаўся ў ёй на ўсё жыццё...
Ігар Сурмачэўскі