«У Мінск прыехалі 25 работ Сілвы Лінартэ, якая прадстаўляе латышскую школу жывапісу і выкладала ў Латвійскай дзяржаўнай мастацкай акадэміі. Гармонія, радасць і аскетызм характэрныя для мастацтва Сілвы», — напісана ў афіцыйным прэс-рэлізе. Выстава прадстаўлена Арт-цэнтрам імя Марка Роткі ў Даўгаўпілсе пры падтрымцы Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Латвійскага агенцтва інвестыцый і развіцця.
Шчыра, калі я ішла ў галерэю, найперш думала пра несувымернасць дзвюх падзей. Для прэзентацыі краіны выбралі невялікія жывапісныя працы, лірычныя, нардычныя, нечым падобныя да нашай школы графікі 1980-х — менавіта так гэта ўсё выглядала на экране манітора. Выстава ледзь знайшлася: трэба было падняцца на другі паверх галерэі, прайсці паўз экспазіцыю сацрэаліста Савіцкага і трапіць у маленькі закуток... І адчуць поўную адпаведнасць дзвюх падзей. Маленькая экспазіцыя ў паўтара дзясятка твораў змагла прадставіць цэлую краіну.
Па-першае, з-за характэрнага лёсу аўтаркі — паслядоўнасць трагічных абставін, якія не зламалі яе, а, наадварот, выкшталтавалі творчае крэда: «Колер — гэта мая гульня; каб жыццё не было сумным, я бесперапынна гуляю». Сілва Лінартэ нарадзілася 26 лютага 1939 года ў Даўгаўпілскім краі ў сям’і настаўніка. У 1941-м бацька быў арыштаваны і адпраўлены ў лагер, дзе памёр у 1942 годзе, а дзяўчынка з маці і сёстрамі была сасланая ў Краснаярскую вобласць. Праз нейкі час сёстрам Лінартэ было дазволена вярнуцца ў Латвію, яны апынуліся ў дзіцячым доме ў Рызе, а потым былі перададзеныя на выхаванне ў сялянскую сям’ю. Маці Сілвы ўдалося збегчы са спецпасёлка і ўпотай прыехаць да дочак у Латвію. У 1950 годзе падчас другой хвалі масавых дэпартацый маці з дочкамі зноў адпраўляюць у Сібір. Матэрыяльныя ўмовы жыцця паступова паляпшаюцца, але маці памірае ад раку. У 1956 годзе Сілва канчаткова вяртаецца ў Латвію, дзе ёй удаецца працягнуць вучобу і стаць мастачкай.
Па-другое, з-за жывапісу. Выстава называецца «Адлюстраванне», што можна прачытаць як адлюстраванне свету ў работах мастачкі. Ходкі штамп у дачыненні да творчасці, але адлюстраванне тут аказваецца ледзь не літаральным прыёмам. Дакладней, адным са шматлікіх прыёмаў стварэння карціны. І памыляюцца прэс-рэлізы: працы Лінартэ — не жывапіс, часта гэта калаж, што не пазначана ў подпісах, бо, пэўна, і сапраўды няважна, ці тоненькі графічны аркушык, прыклеены да плоскасці карціны, ці кавалачак якой-небудзь фактуры, бо тое, што яна робіць з дапамогай пэндзля ці штампу, стварае абсалютна ўнікальную тэкстуру палатна. Тут і адлюстраванне, і поўнае паглынанне святла, празрыстыя і глухія плоскасці, паўтоны і лакальны колер, паветра, дэкор і глыбіня, алюзіі на рэальнасць і абсалютнае адмаўленне гравітацыі, фрагменты нейкіх іншых выяў, атмасферныя фактуры — усе гэтыя неспалучальныя рэчы яднаюцца ў рамках аднаго твора. Назвы настолькі лішнія, што адчуваеш прыкрасць пасля іх прачытання, бо зусім не хочацца, каб на гэтым свяце цябе вялі. Яе жывапіс настолькі тактыльны, настолькі «рэч у сабе», што можа выконваць мемарыяльныя функцыі: напрыклад, пазначаць момант шчаслівага супадзення, калі адбітак сонечнага святла наслаіўся на нараджэнне светлай думкі, калі глядзіш на зялёнае поле, а на памяць прыходзіць далёкі ўспамін. Так, гэта калаж, дзе паведамленне настолькі шматпластовае, што патрэбна было вывучыць некалькі моў, каб скарыстоўваць багацце выяўленчых сістэм — перспектыва, абстракцыя; багацце фармальных прыёмаў — кантраст, нюанс; багацце тэхнік — прамалёўка, наўмысная неакуратнасць, размыўка, і выразны контур, рваны сілуэт і тонкая лінія. Візуальныя алфавіты дасканала засвоены — у гэтым не толькі па-сапраўднаму вялікае майстэрства, не толькі інтуіцыя, а нейкае глыбокае разуменне і талерантнасць, прыняцце — сябе, свету, абставін, жыцця. «Я бесперапынна гуляю», — кажа Сілва. Яна такая складаная, гэтая гульня, такая напружаная, у ёй столькі майстэрства, увагі. У герметычным свеце адбіткаў і самаадлюстраванняў адчуваецца ўласная гравітацыя, іншыя законы пераламлення і паглынання святла. Нават паўпразрыстыя плоскасці прыадкрываюць не тое, што імкнуцца схаваць. Фізічная рэальнасць гэтых твораў настолькі самабытная, што хочацца зафіксаваць і панесці фрагменты з сабой — як пах далёкага мора, як шум экзатычнай ракавінкі, як дотык салёнага ветру, як сыпкі пясок іншай планеты.
Я не вялікая спецыялістка ў мастацтве суседняй краіны і не ведаю крытэрыяў, паводле якіх мастачку залічылі да характэрных прадстаўнікоў латышскай школы жывапісу. Яна не зусім належыць гэтай Зямлі, правілы якой так лёгка парушае, але нейкім чынам містычны дух Латвіі адчувае напоўніцу.