Што трэба ведаць пра Касэль?
Горад быў моцна разбураны ў ходзе бамбаванняў 1943 года, і цяпер у ім практычна не засталося забудовы, старэйшай за 1950-я.
Браты Грым — героі і брэнд Касэля, вельмі запатрабаваныя, але гэта ўвасабленне традыцыi, што, з аднаго боку, падтрымлівае схільнасць да гратэску, чорны гумар, утопіі ды іншыя гульні ўяўлення, а з другога — старую школу.
Замак Левенбург XVII стагоддзя трэба паглядзець абавязкова, безадносна да documenta.
Горад узнік як умацаванне каля ракі Фульда, і гэта дазваляе яму мець шмат кіламетраў прыбярэжнай, лесапаркавай, садовай ды іншай прыдатнай для public art плошчы.
У памяць аб «дэгенератыўных»
Documenta нарадзілася ў 1955 годзе ў Германіі, якая толькі-толькі пачала прыходзіць у сябе пасля жахлівай вайны. Венецыя была ўжо статуснай пляцоўкай, і вострае адчуванне таго, што абнаўленне неабходна ўсёй Еўропе, а пакаянне — нямецкаму народу, было перанесена ў фокус сучаснага мастацтва. Ініцыятарам трох першых documenta стаў мастак і выбітны куратар Арнольд Бодэ, які адразу паказаў у Касэлі Пікаса і Кандзінскага, пазначыўшы тым самым вяртанне ў Германію самых авангардных імёнаў. Яны былі падвергнуты астракізму нацыстамі ў 1937-м і з гонарам вярнуліся ў культурны ландшафт краіны і горада, зрабіўшы Касэль цэнтрам арт-падзей сусветнага маштабу.
Раз у пяцігоддзе гэтая місія пацвярджала свой узровень і прэстыж, і вось ужо 14-я documenta на чале з польскім куратарам Адамам Шымчыкам заклікае свет «Вучыцца ў Афін».
Усё расказанае вышэй было б фактам гісторыi, калі б не феерычны «Кніжны Парфенон» Марты Мiнухiн з Аргенціны.
Рок-н-рольныя бабулі
Марта Мінухін, Джэта Братэску (Румынія) — гэта сапраўдны рок-н-рол, які выклікаюць да жыцця сталыя мастакi ўзростам 70-80 гадоў. Прыкладна як Мік Джагер або Джо Кокер, толькі ў візуальным мастацтве. Або Марына Абрамавіч, Ёка Она, Віўен Вэствуд і Барыс Міхайлаў, Ілля Кабакоў — у арт-практыках цяпер вельмі вылучаюцца самыя моцныя індывідуальнасці таго пакалення.
Усе яны пачыналі на пратэснай хвалі, усе прайшлі стадыю абвінавачванняў і скандалаў. Па просьбе Адама Шымчыка Мiнухiн паўтарыла свой забаронены «Парфенон» (1983), але склала яго не толькі з выданняў, што падвергліся абструкцыі: тут ёсць нават апавяданні Агаты Крысці і «Маленькі прынц» — у знак таго, што тыя, хто толькі і шукаюць, чым бы абразіцца, могуць забараніць любы твор. І дакладна ў тым месцы, дзе ў 1933 годзе ў Касэлі гарэла вогнішча з кніг, ззяе цяперашні помнік усім «дэгенератыўным», абылганым і прыніжаным. Увесь горад збіраў гэтыя кнігі: іх 100 000. З беларусаў я знайшла толькі Святлану Алексіевіч.
Не будзем перабольшваць сімвалічнае значэнне, але ўцягнутасць грамадства і сацыяльны эфект працы над «Парфенонам» у наяўнасці. Прымножаны на 100 дзён экспанавання.
Мiнухiн дакладна паўтарыла формы і памеры Парфенона, усе 46 калон. Яны пабудаваныя на аснове металічнай рашоткі, што запаўняюцца кнігамі і запакоўваюцца зверху ў цэлафан. Пяць калон засталіся незапоўненымі, цяпер яны свабодныя.
А Джэта Братэску сёлета паказвае адначасова персанальную рэтраспектыву «Прывіды» ў Нацыянальным павільёне Румыніі (Венецыя) — і інсталяцыю ў Касэлі. І гэтай мастачцы 91 год!
Для Новай галерэі Джэта падрыхтавала графіку, відэа «Аўтаматызм» (студыя L Atelierul, 1974) і дакументальную фатаграфію. Відэасюжэт заслугоўвае ўвагі: раз за разам чалавек праходзіць па калідоры і разразае нажом перашкоды ў выглядзе высокiх чорных шчытоў. Можна лічыць гэтыя шчыты рэальным абмежаваннем або стэрэатыпамі свядомасці, але ў апошнім эпізодзе за шчытом стаіць жывы чалавек, якога па ходзе руху не відаць. Наш герой ужо навучаны дзейнічаць нажом (аўтаматызм!), і ён не спыняецца перад жывой мішэнню.
Далей ад рынку
У гэтым — адно з адрозненняў documenta ад Венецыянскага біенале: шмат невядомых імёнаў, менш «зорак» і статусаў, няма галерэй і гаворка не ідзе пра падвышэнне рынкавага кошту мастакоў. Рэпутацый — так, але да рэйтынгаў, кірмашоў, салонаў далёка. Хоць бюджэт самой documenta ўражвае: 37 млн еўра. Каля 160 творцаў і 18 куратараў з усяго свету ў камандзе. 30 лакацый і 4 вялікія пляцоўкі ў Касэлі каля 40 пляцовак у Афінах. Упершыню за ўсю гісторыю праект падзялілі на два гарады (8 красавіка — 16 ліпеня і 10 чэрвеня — 17 верасня 2017) і ўпершыню ў 14-м выданні documenta мастакі атрымалі ганарары.
У Касэлі бліжэй за ўсё да некамерцыйнай парадыгмы «Новая-новая галерэя» (так яна называецца) — лофт у былым паштовым ангары. Цікава, што аўтары ўсіх афіцыйных тэкстаў documenta 14 уключаюць у іх апісанне прастораў: гады будаўніцтва, імёны архітэктараў, функцыянальныя задачы, грамадскую значнасць. Пляцоўкі мала прыстасаваныя для мастацтва: старыя вагоны, перон чыгуначнай станцыі, платы, фасады будынкаў, пусткі і г.д. — такі сучасны трэнд, і пакуль ён не вычарпаны. Але і ў музейных залах Фрыдэрыцыянума выстаўлены, напрыклад, інсталяцыі — вузлы з рэчамі або валізкі: так, спехам, збіраюцца ў дарогу ўцекачы, практычна губляючы ўсю сваю маёмасць. Наўрад ці такое мастацтва купіць нейкі калекцыянер, хоць інстытуцыя — магчыма.
Перад тварам
Наколькі па-варварску нацызм знішчаў кнігі і свабоднае мастацтва, настолькі скрупулёзна і прынцыпова documenta яго збірае, культывуе, інтэрпрэтуе. І ўвесь шматгадовы мегапраект, і, у прыватнасці, documenta 14, якая працуе з вялікімі наратывамi: ад Афін, дэмакратыі і еўрапейскіх каштоўнасцяў да ваенных канфліктаў мінулага стагоддзя і міграцыйнага крызісу ў цяперашняга. І вядома, Адам Шымчык невыпадкова звяртаецца да пераасэнсавання вопыту Другой сусветнай вайны.
Адзін з самых моцных амажаў з падобнай канатацыяй — «Рэальныя нацысты» Пятра Укланскага (Польшча; першы варыянт — 1998 год) з акцёрскімі ўвасабленнямі антыгерояў. Усяго іх 164, гэта шматметровая інсталяцыя. Праект праславіўся яшчэ ў Польшчы акцыяй папулярнага акцёра Даніэля Альбрыхскага, які накінуўся на фатаграфіі з шабляй. Шымчык якраз і быў куратарам той выставы, але дырэктарка Нацыянальнай галерэі мастацтва «Захэнта», дзе адбыўся скандал, вымушана звольнілася. Сутнасць «нацыстаў» ад гэтага не змяняецца: нам прапануецца зірнуць ім у вочы, каб не забываць тыя пякельныя абліччы. Іх носьбіты ўтапілі паўсвету ў крыві, але сёння неяк трэба з гэтым жыць. Акцёры сыгралі свае ролі, грамадства ўсведамляе, абдумвае гісторыю. «Правакацыя Укланскага ў тым, каб звярнуць увагу на з’яву міфалагізацыі зла ў культуры і феномен эстэтызацыі і рамантызацыі злачыннага рэжыму, за якім стаіць сапраўдны вопыт трагедыі», — пісаў photographer.ru, калі праект дэманстраваўся ў Метраполітэн-музеі ў Нью-Ёрку. Ніхто каля гэтай працы не весяліцца і не робіць сэлфі.
Паглыбляючыся ў цялеснае
Нячаста людзі з субкультур трапляюць у поле зроку беларускіх мастакоў, тым больш цікава бачыць розныя падыходы да гэтых тэм. Хоць у Беларусі сярод іх, мабыць, няма табуяваных — досыць заклапаціцца маркерам 18+ і можна даследаваць праблему.
У documenta 14 падобная гісторыя была, цалкам карэктная і прынятая з павагай: гэта Ларэнца Бютнер, ад нараджэння чалавек без рук, затым мастак, затым персанаж, які змяніў мужчынскі пол на жаночы. Яркі, маштабны (на вышыню 2-х паверхаў) аўтапартрэт, выкананы нагамі, не мог вычарпаць тэму іншай цялеснасці, як і сцэна кармлення немаўля малаком з бутэлечкі: Ларэнца ўмудраецца ўключыць у працэс усё, што яму даступна, — падбароддзе, плечы, ногі. Візуальнае даследаванне дапоўнена дзіцячымі фатаграфіямі з маці, жанравымі сцэнамі — усё для таго, каб раскрыць таямніцу іншых адчуванняў, іншых абмежаванняў і магчымасцяў, з правам на годнасць, прафесію, свой лёс.
...ды іншыя ваенныя гісторыі
Пачуццёвыя вобразы Ларэнца суседнічаюць са змрочным светам французскай мастачкі Аліны Шапашнікаў, што ўвасабляе тэму цялеснай уразлівасці зусім інакш — абстрактнымі формамі, якія выклікаюць аддаленую асацыяцыю з чалавечым целам. Прычым зняважаным целам: у канцэпцыі сказана, што ў дзяцінстве Аліна была вязніцай канцлагера, пацярпела, але ўратавалася. Масіўныя і дзіўныя аб’екты нагадваюць нешта накшталт сплаву тлушчу, мыла, костак, нейкіх жудасных парэшткаў. Ёсць прыкметная пераклічка з залай Ёзафа Бойса ў пастаяннай экспазіцыі Новай галерэі.
У ім сабраныя аб’екты маламастацкiя, але ніхто ж і не чакае ад перакананага канцэптуаліста нічога такога. Санкі з лямцавымі кілімкамі і лямец, які звісае са столі, міні-бус, посуд з тлушчам — глядач documenta, ведаючы гісторыю збаўлення збітага лётчыка і наступныя падзеі, разглядае інсталяцыю з адкрытым піетэтам. Ну а тыя, хто яшчэ не ведае пра Бойса, могуць на суседняй вуліцы пазнаёміцца з дакументацыяй акцыі «7000 дубоў», якая падрабязна распавядае пра высадку тысяч саджанцаў у Касэлі, на documenta 7 у 1982 годзе. Пакаянне перад разбураным на вайне горадам (у форме вяртання дрэў), мастацтва як даступнае сацыяльнае дзеянне, прынцыпы Бойса-тэарэтыка постмадэрнізму — многае, калі не ўсё, аб геніяльным містыфікатары ўвасобілася ў гэтай зале і ў гарадской прасторы. Кажуць, пасля яго смерці ўсе цэнтры сучаснага мастацтва Еўропы марылі аб правакацыйных аб’ектах Бойса ў любым фармаце: ад шлангаў з мёдам да базальтавых пліт, вынятых з пакрыцця гарадской плошчы.
Так ці інакш, тэма ваеннай агрэсіі, фізічнага гвалту, пакут і спагады адносяцца да куратарскіх прыярытэтаў documenta 14. Плюс, вядома, ідэнтычнасць, зрушаныя мастацкія каштоўнасці, гістарычная памяць. Паколькі тэма вайны не сыходзіць з культурнага поля Беларусі, нам асабліва цікавыя прыклады пераасэнсавання гэтага дыскурсу, і важна, у якіх арт-практыках, не зусім звыклых вобразах і формах гэта робіцца.
Простыя і складаныя, ідэі і маштабы
Заўсёды мяне дзівяць аўтары, якія знаходзяць вельмі лаканічныя, але ёмістыя формы для самых складаных тэм. Просты не значыць прымітыўны, але вось бетонныя трубы дыяметрам каля метра, даўжынёй да 10-ці, яны рэальна ўзятыя з будоўлі. Іх 20, устаноўлены на плошчы Фрыдрыхплац. Напоўнены пасцельнымі прыналежнасцямі, посудам, трохі кнігамі, цацкамі і г.д. — усё бытавое і ўсяго па троху. Курдскi мастак Хіва К’с назваў інсталяцыю «Калі мы дыхалі вобразамі» (2017) у памяць пра гады страт, калі мігрантам з Ірака быў і ён, і тысячы іншых людзей. У трубах яны жылі.
Яшчэ адна магутная канструкцыя, накшталт сквоту з труб і нават Кніжнага Парфенона — «Сітуацыя» Кендэл Гірса з ПАР (2004) у Фрыдэрыцыянуме. Яны відавочна перагукаюцца: «Сітуацыя» — гэта такі суцэльны блок, ён скрозь складаецца з маткоў дроту. Самага рознага, але ў мірным жыцці мы нават не здагадваемся, наколькі розным ён бывае.
Музей Фрыдэрыцыянум — малая радзіма documenta — прынцыпова аддадзены мастакам з грэчаскай экспазіцыі EMST, і яна больш чым пераканальная. Хоць крытыкі з нагоды супрацоўніцтва, каланіяльнай палітыкі і г.д. на адрас куратараў прагучала нямала.
Адно з моцных глядацкіх уражанняў — гіганцкая відэаінсталяцыя Тэа Эшэту «Разбураны атлас». У яе складаны кантэкст з выкарыстаннем фону — шматметровы банер з фасада берлінскага этнаграфічнага музея. Музей пераязджае ў рэканструяваны палац, і каланіяльнае мастацтва зноў трапляе ў імперскае асяроддзе. Факт той, што на малюнкі (на банеры) старажытных масак Афрыкі, Акіяніі, Азіі накладзеныя асобы сучаснікаў. У выніку маскі раптам напаўняюцца жыццём, і вы ўжо не разумееце, што выклікае захапленне як твор мастацтва, а што падвяргаецца гвалту, і хто камунікуе з вамі.
***
Адзін раз у пяць гадоў documenta паказвае нам, як мы змяніліся — чалавек, грамадства, межы магчымага на яго межах, нашы ўяўленні пра мастацтва і само мастацтва. У чым яго праблемы: камерцыялізацыя, цэнзура арт-прасторы ці нешта яшчэ? У любым выпадку, гэта адно з самых дакладных люстэркаў, з усімі спрэчнымі пытаннямі нават у аскепках.
Любоў Гаўрылюк