«МЕСЯЦ» БОЛЬШ ЗА МЕСЯЦ. «МІНСК» БОЛЬШ ЗА МІНСК. ВОСЬ «ФАТАГРАФІЯ», МАБЫЦЬ, НЕ ЎКЛАДАЕЦЦА Ў РАМКІ «БОЛЬШ — МЕНШ»: ТУТ І ІНСТАЛЯЦЫЯ НА ПЛОЦЕ БУДЗЕ ДАРЭЧЫ, І ХАТНІ АЛЬБОМ АТРЫМАЕ ВЫШЭЙШЫ БАЛ. РАНЖЫРАВАННЕ ПА ПРЭМІЯХ ТАКСАМА ЧАКАНА АБГРУНТАВАНАЕ: ЛЕПШЫЯ АЎТАРЫ, ПРАЕКТЫ, КУРАТАРЫ, КНІГІ. А ТЭМА КАЛЕКТЫВІЗАЦЫІ МЯРКУЕ ЦАЛКАМ СВАБОДНЫ АДРЫЎ — ПАКАЗАЦЬ/РАСКАЗАЦЬ/УСПОМНІЦЬ МОЖНА НЕ ТОЛЬКІ ВЯДОМУЮ АГУЛЬНАСЦЬ, АЛЕ І СУПРАЦЬСТАЯННЕ ГЭТАЙ НАВЯЗАНАЙ ДАКТРЫНЕ, СУПРАЦЬДЗЕЯННЕ ВЫМУШАНЫМ РЫТУАЛАМ.
ЗАВЯРШЫЎСЯ «МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ Ў МІНСКУ», ПАКІНУЎ ПОСМАК.
Абнаўленне
Асноўная экспазіцыя IV МФМ атрымалася мудрагелістай, відовішчнай і кампактнай адначасова. Па-першае, чаканні былі падагрэтыя інфармацыяй аб пераездзе фестывалю з «Цэха» ў «Cталоўку XYZ». Па-другое, у першых шасці выстаў аказалася складаная архітэктурная кампазіцыя, якая запатрабавала ад гледача актыўнага ўключэння ў прастору і навыкаў арыентацыі ў ёй. А па-трэцяе, у дадатак да выстаў была паказана светлавая інсталяцыя Клемана Брыена, што апярэджвала маштабны выхад на плошчу Свабоды ў Дзень горада. Гэты бонус, як і вітальныя словы амбасадараў Францыі і Ізраіля, кіраўніцтва Польскага інстытута ў Мінску, плюс жывыя аўтарскія экскурсіі без адкладання ў доўгую шуфляду стварылі патрэбны настрой.
У такія вечары здаецца рэальнай лічба ў 500 тысяч наведвальнікаў МФМ: гэты фэст дакладна не «для сваіх», ён прыцягвае новую публіку, выконваючы, як вядома, задачы «пашыраць разуменне фатаграфічнага медыуму, спрыяць развіццю культурнага поля і ўмацаванню статусу беларускай фатаграфіі ў рэгіёне і свеце».
І гэта толькі пачатак, першыя 6 з 16, 1 пляцоўка з 10 у 4 гарадах, а яшчэ майстар-класы, семінары і прэзентацыі.
«Калектывізацыя»
Такая тэма «Месяца» — знаходка, на першы погляд, дзіўная, але, безумоўна, дае спажыву для разважанняў. Магчыма, хтосьці з аўтараў прапанаваў бы адсылкі да 1920-х — каб так ужо ў лоб не аглушаць стагоддзем Кастрычніцкай рэвалюцыі, але і не выключаць звароту да гэтай праблематыкі. Магчымыя і самыя сучасныя канатацыі з паняццямі прымусу, грамадскіх і карпаратыўных дзеянняў, публічнасці ды інш.
Міжнародны кантэкст толькі дадае гэтай страве пікантнасці, але ў плане пашырэння інтэрпрэтацый трэба аддаць належнае і маладому гледачу: наўрад ці ў яго з калектывізацыяй звязаныя брутальныя гістарычныя асацыяцыі.
Увогуле канцэпцыя калі і не апраўдала сябе ва ўсёй паўнаце сённяшняга дня, то ўжо сапраўды прыцягнула ўвагу да аб’яднаных намаганняў — у групах «ВЕХА», Indie, Sputnik Photos, By Now, Albom.pl, Беларускім саюзе фатографаў, удзельнікаў выстаў «Месца», «Жаночы эмансiпацыйны праект: мiж утопiяй і рэчаiснасцю».
Каб скончыць з праграмай, адзначым, што толькі нямногія выступілі ў адзіночным разрадзе: Андрэй Лянкевіч з праектам «Бывай, Радзіма», Альберт Цехановіч — «Там», архіўны Леў Дашкевіч — «Беларусi прысвячаецца».
Сацыяльныя, доўгайграючыя
Два адрозныя праекты, што працуюць, аднак, на блізкіх палях, на мой погляд, стануць значнымі і рэзананснымі з пункту гледжання перспектывы.
Гэта «Найлепшы бок» групы «ВЕХА» (Леся Пчолка і Ганна Бундзелева), які проста нельга было не заўважыць, і свайго роду спроба пяра Беларускага саюза фатографаў — «Vortex preview».
«ВЕХА» нарадзілася на мяжы сацыяльнага і фатаграфічнага, дзе задачай было ўсё ж такi першае: захаванне гістарычнай памяці, у прыватнасці беларускай, у прыватнасці сямейнай. Фатаграфія стала інструментам, але матэрыял — старыя, бессістэмныя хатнія зборы — выявіўся такім шырокім, што ісці за ім можна было не азіраючыся. Аднаўленне сямейнага альбома з рэстаўрацыяй фотаздымкаў, а затым наданне яму якасці мастацкага стала той працай «ВЕХА», ад якой заставаўся толькі адзін крок да выставачнага праекта. Па словах Лесі Пчолкі, «у Беларусі захавалася вельмі мала дарэвалюцыйных і даваенных архіваў, а тое, што ёсць, падпала пад забыццё, рэпрэсіі, забароны. Многае пацярпела з-за палітычных падзей пачатку XX стагоддзя. Калі цяпер старыя здымкі знішчыць, рассыпаць гэтыя крохкія канверты, мы страцім іх назаўжды. Таму мы рабілі перш за ўсё карысную справу для беларускага грамадства: пачалі, наколькі магчыма, структураваць, аднаўляць, ствараць лічбавыя копіі старых адбіткаў, выбудоўваць новыя альбомы для новых пакаленняў сям’і. Бо людзі вельмі прыблізна ведаюць сваіх продкаў: чым далей ад бабулі з дзядулем, тым больш пытанняў, праблем... Пры гэтым усе разумеюць, што фатаграфіі распавядаюць вельмі шмат асабістых гісторый, і трэба з гэтай папяровай спадчынай нешта рабіць. Нашы прапановы апынуліся запатрабаваныя, і з часам стала магчымым абагульніць сабраны матэрыял як этнаграфічны, выявіць культурныя архетыпы. Так мы прыйшлі да выставачнага этапу: выявілі традыцыю, сабралі архіўныя кадры з ручнікамі, урачыстыя, падзейныя — для сем’яў. Паказ у рамках асноўнай праграмы дапамог прыцягнуць шырокую ўвагу да праблемы, за што мы вельмі ўдзячныя МФМ. Водгукі на "Найлепшы бок" натхняюць».
Да калектыўна-прафесійных я аднесла б і інтэрактыўны праект «Vortex preview» Саюза фатографаў, вынесены на агароджу галерэі «Ў». Пры куратарстве Сяргея Ждановіча творчы саюз сабраў па пяць знакавых кадраў сваіх чальцоў такім чынам, каб ад адной фатаграфіі па спасылцы перайсці на сеткавы рэсурс і пазнаёміцца, нарэшце, з аўтарам. Паколькі здымкі ананімныя, інтрыга ў праекце прысутнічае, але, на жаль, у кароткі тэрмін «вялікі мур» сабраць не ўдалося, а Сяргей Ждановіч планаваў усё ж папрацаваць з канцэптам калектыўнай прысутнасці, выяўленнем пэўнага зрэзу. Хай неаднароднага, нераўназначнага, але статуснага сегмента. Калі лічыць маштаб не самым моцным бокам «Vortex preview», то намер я б адзначыла як перспектыўны — пры жаданні праект можна зрабіць доўгатэрміновым, дапаўняць лік удзельнікаў; у яго відавочна ёсць патэнцыял.
Наўмысна не дадаю ў гэтую групу архіўны польскі праект ад Albom.pl «Што не памірае, тое і не жыло»: рарытэтныя пахавальныя фатаграфіі з паўночнага ўсходу Польшчы. Ян Сівіцкі і Багуслаў Аўгусцiс сабралі неапублікаваныя дакументы, пагрузілі сучаснага гледача ў пазачасавы кантэкст пахавання, і з жанравых сцэн цырымоніі паўстала метафізіка пераходу ў іншы свет. Уяўляецца, што гэта выказванне закончана, падоўжыць тут можна толькі сам прыём.
Полiфанiчныя, відовішчныя
Адна з праблем сучаснага мастацтва — камерцыялізацыя — для фатографа наўпрост звязана з відовішчнасцю. І ў гэтай частцы многія аўтары задачу глядацкай і галерэйнай прывабнасці вырашаюць удала. Напрыклад, Андрэй Лянкевіч у праекце «Бывай, Радзiма» неверагодна адчувае фармат, магчымасці розных фатаграфічных прыёмаў, баланс злучэння ў адзінай экспазіцыі некалькіх кірункаў даследавання вялікага наратыву. Гэта пры тым, што альбомная форма «Бывай, Радзiма» яшчэ наперадзе. Удакладнім: гаворка ідзе пра некалькі ўмоўных раздзелаў вялікай тэмы — калажы з архіўнай ваеннай здымкай (пераможцы «Восеньскага салона — 2015»), з элементамі тапаграфіі горада, рэканструкцыяй, рэпартажнымi кадрамі. Для кожнай тэмы падабраны свой жанр, свая падача матэрыялу: ад лініі Сталіна і псеўдавайсковых сувеніраў да партрэтаў-адлюстраванняў, у якіх герой паўстае ў двух абліччах, і толькі глядач можа вырашыць, хто перад ім.
У праграме МФМ гэта не адзіны полiфанiчны праект. Ізраільская група Indie давяла тэму калектывізацыі да прыватнага жыцця і адкрыла 12 аўтарам «Выкліку дахаты» свае кватэры. У прамым сэнсе слова. У адсутнасць гаспадароў фатографы маглi напоўніць чужыя прасторы ўласным жыццём ці проста прыняць іх як свет Іншага або застацца на ўзроўні назіранняў. Дзіўна, наколькі па-рознаму аўтары змаглі адрэфлексаваць сваё адчуванне ў староннюю, але блізкую абалонку — ад дакументацыі гардэроба да вяртання да ўласнай цялеснасці.
На скрыжаванні «экзотыка — паўсядзённае Іншае»
У такім складаным становішчы апынулася група Sputnik Photos з праектам «Is (not)». Ён — пра Ісландыю. Гледзячы ў вочы жыхарам далёкай краіны, з аднаго боку, разумееш, чаму фатографу трэба ездзіць і паказваць тое, што знаходзіцца за далёкімі межамі. З іншага боку, канцэпцыя абвяшчае: аўтары змагаюцца са стэрэатыпамі. Насамрэч праект, хутчэй, адукацыйны: ён сапраўды вучыць, як глядзець у вочы новаму, не прыстасоўвацца да Іншага, але і не адаптаваць яго да сваіх уяўленняў. Як заўсёды ў Sputnik, «Is (not)» павучальны: Агнешка Райс, Міхал Лучак, Рафал Мілях ужо не ў першы раз праводзяць у Беларусі майстар-класы, курыруюць праекты маладых фатографаў.
Нераскрытае
«Па і супраць плыні. Сучасныя фотаінтэрвенцыі: №1 Вікторыя Біншток, №2 Міхаэль Шэфер» — мабыць, самая загадкавая выстава МФМ. Яе можна ўспрымаць як прамую дакументальную фатаграфію і толькі пазней адчуць: «Нешта пайшло не так». Насамрэч аўтары робяць кампіляцыі з сеткавых вобразаў, у чарговы раз задаючы сабе і гледачу пытанне: што ёсць сапраўднае і што — маніпуляцыя? Ці можна адрозніць іх? Магчыма, калі б мы лепш ведалі сацыяльна-палітычны кантэкст, гульня з героямі, вобразамі і іх сімуляцыяй была б больш зразумелай. Сам па сабе прыём падмены не новы, але ў нашым выпадку глядач ідзе за аўтарамі інтуітыўна, адчуваючы нейкую недакладнасць, але не ведаючы, у чым менавіта адбываецца замяшчэнне. Самі аўтары кажуць, што даследуюць магчымасць фальсіфікацыі фатаграфіі. Падобныя ідэі тут былі: напрыклад, з нагоды Лі Харві Освальда, гісторыю жыцця якога ў Мінску Уладзімір Парфянок прапаноўваў «прайграць» як паслядоўнасць фэйкаў.
...Засталося ў мяне яшчэ жаданне: убачыць выставу «Месца» (Сяргей Ждановіч, Сяргей Кажамякін, Андрэй Лянкевіч, Вольга Прусак, Вольга Сазыкіна і Ігар Саўчанка) не толькі ў Лынтупах, але і ў Мінску.
Нераскрытае па віне самога гледача выяўляеш, калі ў дні МФМ афіша Мінска раптам напаўняецца спадарожнымі, паралельнымі праектамі. Не кажучы ўжо пра майстар-класы і семінары, падцягнуліся да «Месяца» госці з «Літоўскай прэс-фатаграфіi. 15 гадоў», фаварыт «Сямі» з праграмы МФМ-2015 Элан Лыскоў з праектам «Camino», «Marionetta» Марыі Банэ, «Так! Гэта Мiнск» ад фотаклуба-цёзкі і «Мой Мінск» Анатоля Дрыбаса. Спрацоўвае, мабыць, эфект фестывалю, калі «ўсе» хочуць быць побач з паспяховай справай, разумеючы, што на высокай хвалі цікавасць публікі і ўвага прэсы гарантаваныя.
Прэміі, амбіцыі
Бюро МФМ уручыла ўласныя прэміі — «Кандэнсату» Сяргея Гудзіліна (праект года), Аляксандру Васюковічу за праекты «Кожная трэцяя» і «Фота на памяць» (фатограф года), Антаніне Сераковай і камандзе выставы «Кандэнсат» (куратары), альбому Валерыя Лабко «Заўтрашняя фатаграфія» (публікацыя).
Прэмія вызначалася па выніках 28-ці экспертных ацэнак, але прынцыпова важна, каб не сыходзілі ў пясок падзеі года, каб фіксаваліся як удалыя, так і малапрыкметныя сёння, але перспектыўныя актыўнасці. Мой выбар схіляецца да «Фота на памяць» Аляксандра Васюковіча, які змог пранесці дакументальную фатаграфію праз усе фільтры непрымання і захаваць персанальную адказнасць за кожны партрэт. Шлейф чалавечай трагедыі відавочны ў кожным выпадку.
У шорт-лiсце, сярод іншых, — «Восем гісторый» Валерыя Кацубы і Дзіна Даніловіч з праектам «Аnatomia. Мужчынскае цела», дзве выдатныя разгорнутыя працы ў шырокіх рамках канцэпцый цялеснасці. Бясспрэчна, удача Бюро ў тым, што яно паспрабавала структураваць фатаграфічнае поле, хай умоўнае, але ў патэнцыяле цалкам матэрыяльнае, а значыць матываванае і канкурэнтаздольнае. Нават невялікія акцэнты — ужо барацьба самалюбства, ужо выклік.
Любоў Гаўрылюк