З ТАГО ЧАСУ МЫ ДАВОЛІ ЧАСТА СУСТРАКАЛІСЯ І Ў БЕЛАРУСІ, І Ў ПОЛЬШЧЫ, Я ТРЫМАЎ ПАЎЛА Ў КУРСЕ ДЖАЗАВЫХ І ІНШЫХ МУЗЫЧНЫХ ПАДЗЕЙ У БЕЛАРУСІ, ПІСАЎ ЯМУ ПРА ДОМ-МУЗЕЙ ЧЭСЛАВА НЕМЭНА Ў СТАРЫХ ВАСІЛІШКАХ, ШТО БЫЛО, ЯК ПАТЛУМАЧАНА НІЖЭЙ, ЗУСІМ НЕ ВЫПАДКОВА. ТАМУ І НАРАДЗІЛАСЯ ІДЭЯ ПАГУТАРЫЦЬ З ВЯДУЧЫМ ДЖАЗАВАЙ РАДЫЁПРАГРАМЫ, РЭДАКТАРАМ ВЫДАННЯ, ЯКОЕ МАЕ ЗА ПЛЯЧЫМА УЖО БОЛЬШ ЗА 50 ГАДОЎ ІСНАВАННЯ, ПРА ГІСТОРЫЮ ЧАСОПІСА, ДЖАЗАВУЮ МУЗЫКУ І НЕ ТОЛЬКІ.
Хто альбо што выклікала ўзнікненне часопіса Jazz Forum?
— Дастаткова даўняя гісторыя. У снежні 1965 года з’явіўся першы нумар нашага часопіса. Гэта быў такі сціплы бюлетэнь Польскай джазавай федэрацыі, старшынёй якой быў Ян Бырчак, джазавы кантрабасіст. Тады ён ужо пакінуў актыўную выканальніцкую дзейнасць і вырашыў зрабіцца проста джазавым дзеячам і прамоўтарам. Праўда, дагэтуль цягам дзесяці гадоў існаваў штомесячнік Jazz, але джазавая федэрацыя развівалася і пажадала мець уласнае перыядычнае выданне. А Бырчак — вельмі рашучы чалавек, з вялікай фантазіяй, і здолеў надаць новаму выданню рэгулярны выдавецкі графік. Спачатку гэта быў штоквартальнік, у 1967-м з’явілася першая англамоўная версія, а Бырчак тым часам зыніцыяваў заснаванне Еўрапейскай джазавай федэрацыі, надаўшы часопісу Jazz Forum функцыі яе афіцыйнага органа. Мы й цяпер, дарэчы, мянуемся як «Еўрапейскі джазавы часопіс». І калі ў лютым 1972-га я прыйшоў у рэдакцыю, Jazz Forum выдаваўся толькі ў адной англамоўнай версіі. На той час я не вельмі ўяўляў, чым мушу надалей займацца, але атрымаў ад аднаго са знаёмых тэлефанаванне, што той часопіс шукае рэдактара з веданнем англійскай мовы і з перспектывай замежных паездак. Я і пагадзіўся, сустрэў у рэдакцыі даўніх знаёмых, там панавала выдатная атмасфера. Так усё і закруцілася. Так што на цяперашні час я працую ў Jazz Forum ужо больш за 44 гады.
Чаму Jazz Forum мае такі вельмі нетыповы для беларускай прэсы графік? Чым гэта тлумачыцца?
— Цягам года мы выдаем восем нумароў. Адно што кожны другі нумар падвоены. Гэта прадыктавана пэўнымі практычнымі выгодамі, у тым ліку не ў апошнюю чаргу і працэсам пошуку рэкламы. У нас такая тэндэнцыя: выхад раз на паўтара месяца. Увогуле такога вызначэння, як «паўтарамесячнік», няма, таму мы называем Jazz Forum штомесячнікам. Калі ж казаць агулам, дык нашы самыя добрыя часы прыпадаюць на сярэдзіну 70-х. Ян Бырчак як сакратар Еўрапейскай джазавай федэрацыі знаходзіўся ў Вене, пазней перабраўся ў Нью-Ёрк, дзе ў яго ўжо быў офіс, і тады Jazz Forum выдаваўся ажно ў трох моўных версіях: польскай, англійскай і нямецкай. Пасля двух-трох гадоў працы ў рэдакцыі я зрабіў пэўную кар’еру, заняўшы пасаду намесніка галоўнага рэдактара. І ўласна Бырчак прапанаваў рабіць трэцюю, нямецкамоўную версію. Я кажу яму: «Нямецкая версія — гэта выдатна! Але хто яе будзе рыхтаваць?» Ён у адказ: «Ты». Але ж я наогул не ведаў нямецкай мовы! Бырчак паставіў ультыматум: альбо я раблю ўсе тры версіі, альбо аніводнай. І ў выніку аказалася, што нямецкамоўная версія часопіса была найбольш запатрабаваная, таму што яе чыталі ў ФРГ, Аўстрыі, Швейцарыі. Тады агульны наклад часопіса сягаў 16 тысяч. Да нас з дапамогай прыязджалі калегі з ГДР, перакладалі тэксты на нямецкую мову, і так усё развівалася. Што да англамоўнай версіі, дык яна была вельмі экспансіўная, у яе было ажно пад сотню карэспандэнтаў з усяго свету. Пры гэтым усё рыхтавалася ў Варшаве, адно што Ян Бырчак кіраваў працэсам з-за акіяна. Аднак пазней у яго паўсталі пэўныя праблемы з Міжнароднай джазавай федэрацыяй, ён не мог прыехаць у Польшчу, пэўна, з-за візавых пытанняў, і так склалася, што ў канцы 1979 года я зрабіўся галоўным рэдактарам часопіса. Тым не менш далей нас чакалі новыя выпрабаванні, бо, прыкладам, у снежні 1981-га ў Польшчы было абвешчана ваеннае становішча, і тады выданне Jazz Forum, як і ўсёй, зрэшты, польскай прэсы, было прыпыненае. Менавіта тады мы перасталі выдаваць нямецкамоўную версію. Але праз колькі месяцаў перапынку часопіс вярнуўся да жыцця, ды ўжо толькі ў дзвюх моўных версіях. Англамоўная выходзіла яшчэ да
1992-га, і тут новыя выпрабаванні. Якраз тады ў Польшчы рынак зрабіўся вольны, кошты на ўсё былі адпушчаны, у тым ліку на друкарскія паслугі і на паперу, і ўтрымліваць англамоўную версію ўжо не было фінансавых магчымасцяў. З таго часу выдаемся толькі па-польску, хоць старэйшыя нашы чытачы дагэтуль згадваюць тую міжнародную версію, Jazz Forum такога квадратнага фармату, падобны да невялікай кніжкі з цікавымі артыкуламі з усяго свету. Цяпер жа мы галоўным чынам канцэнтруемся найперш на польскай джазавай сцэне, якая ў апошні час развіваецца вельмі дынамічна, імкліва, з’явілася шмат новых цікавых калектываў і выканаўцаў, штогод у нас адбываецца больш за сто рознага маштабу джазавых фестываляў, дужа шмат запісваецца і выдаецца альбомаў.
А ці мае Jazz Forum як спецыялізаванае выданне нейкую падтрымку з боку дзяржавы? Калі так, пра які працэнт ад агульнага бюджэту можна весці гаворку?
— Канешне, дзяржава нас падтрымлівае, без яе дапамогі мы наўрад ці б выжылі. Мы атрымліваем датацыі ад Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, пры гэтым штогод павінны дбаць пра гэтую дапамогу, таму што няма поўнай упэўненасці, дадуць нам тыя датацыі ці не. Але, на нашае шчасце, цягам усіх гэтых гадоў міністэрства нас падтрымлівае, хоць летась дапамогу і абрэзалі ўдвая. Сітуацыя, канешне, няпростая, але падтрымка з боку дзяржавы вагаецца вакол 15% ад агульнай патрэбы. Так, калі б мы не плацілі ганарараў, не плацілі друкарні, мы таксама, пэўна, маглі б утрымацца, але тыя 15% таксама істотная дапамога. Міністэрства нас падтрымлівае, і дзякаваць богу!
Але вашы аўтары ўсё ж маюць ганарары?
— Так, але, зразумела, збольшага даволі сімвалічныя...
А колькі асоб працуе ў рэдакцыі на пастаяннай аснове і які сабекошт аднаго нумару разам з дададзеным да яго CD?
— Я не магу казаць пра сабекошт, таму што ў гэты момант не маю перад сабой адпаведных звестак (для падпісчыкаў асобнік Jazz Forum разам з далучаным кампакт-дыскам каштуе 10.90 злотых, у продажы часопіс з’яўляецца таннейшым і без CD. — Д.П.). Што да складу рэдакцыі, дык на зарплаце ў нас усяго тры чалавекі. Па-за рэдакцыяй працуе яшчэ некалькі чалавек на падставе аказання паслуг (па-беларуску, відаць, гэта азначае працу на аснове дамовы. — Д.П.). Але тых, хто мае пастаянныя кантакты з рэдакцыяй, рыхтуе артыкулы, піша рэпартажы, рэцэнзіі, — шмат. У наш час у сувязі з камп’ютарызацыяй, наогул тэхналагічнымі навінкамі сістэма працы ў рэдакцыі істотна змянілася ў параўнанні з яшчэ нядаўнімі часамі, калі трэба было сядзець у офісе ад ранка да вечара. Цяпер, як маеш дома камп’ютар ці ноўтбук, праз іх ты можаш кантактаваць з рэдакцыяй. Звярну ўвагу і на тое, што звычайных папяровых паштовых допісаў да нас цяпер прыходзіць няшмат: Інтэрнэт істотна змяніў кантакты паміж рэдакцыяй і аўтарамі.
Павел! Я заўважыў, што цягам ужо некалькіх гадоў Jazz Forum трымае практычна адзін і той жа друкаваны наклад — 8000 асобнікаў. Дзякуючы чаму атрымліваецца ўтрымліваць пры сабе традыцыйных чытачоў, нягледзячы на тое, што часопіс мае вельмі сучасны сайт?
— Для нас сайт — гэта найперш нешта накшталт дапаможнага сродку. Менавіта на сайце мы імкнемся распавядаць пра найбольш актуальныя, аператыўныя падзеі. Наш сайт звязаны з Фэйсбукам, і калі на сайце з’яўляецца нешта новае, дык тая інфармацыя імгненна выходзіць і на Фэйсбук, дзякуючы чаму прыцягваецца ды актывізуецца зацікаўленасць аўдыторыі. На сайце мы таксама размяшчаем рэкламу. Наогул вялікую частку ад агульнага часу працы мы аддаем Інтэрнэту. Пры гэтым папяровы варыянт — найпершы і асноўны клопат. Таму што сітуацыя не вельмі карысная не толькі для нашага часопіса. Хоць бы таму, што кропак, дзе можна набыць папяровыя выданні, робіцца ўсё менш. А таму чытачы задавальняюць свае патрэбы ў інфармацыі, шукаючы навіны ў Інтэрнэце, дзе яны з’яўляюцца імгненна. З іншага боку, рэдакцыя штодня атрымлівае з дзясятак, а часам і болей, новых альбомаў, і адрэцэнзаваць усё гэта на папяровых старонках проста немагчыма (аб’ём выдання — 80 старонак. — Д.П.). Вось тут і дапамагае Інтэрнэт. Наогул гэта вельмі няпростая задача: зрабіць так, каб часопіс задаволіў бы ўсіх (смяецца).
У 90-я адзін з нумароў Jazz Forum быў прысвечаны часткова джазу ў Беларусі. А якія ж асацыяцыі ў цябе выклікае панятак «беларускі джаз»?
— Няпростае пытанне... Я ведаю, што ў Беларусі джаз існуе і выконваецца. Нядаўна, дарэчы, была выдадзена кніга, прысвечаная гісторыі джаза ў Еўропе, і там маецца артыкул, які распавядае пра джаз у Беларусі. Хіба ж ты гэта і пісаў... Так што ў вас нешта ўсё ж адбываецца, паколькі Беларусь не адсечаная ад свету. Я быў у вас два ці тры разы з нагоды канцэртаў нашых джазмэнаў. У нас жа выступала група Apple Tea, на фестывалі Old Jazz Meeting слухаў ансамбль «Рэнесанс». Але ўсяго гэтага ўсё ж замала, неабходна нешта рабіць, каб культурны абмен, у тым ліку і ў джазавай галіне, быў куды больш актыўны.
Польскі інстытут у Мінску пастаянна прывозіць у Беларусь вашых джазавых артыстаў. Як ты расцэньваеш дзейнасць Інстытута ў гэтым напрамку?
— Вельмі станоўча. Калі я бываў у Мінску, дык падчас канцэртаў польскага джазу назіраў поўныя залы. Спявачка Бэата Пшыбытак распавядала, што выступала open-air недзе ў самым цэнтры горада, і там было вельмі шмат людзей. Думаю, цікавасць у беларускай публікі вялізная, для яе канцэрты польскага джазу напэўна з’яўляюцца значнай падзеяй і эмоцыяй.
Ты некаторы час удзельнічаў у складзе групы Akwarele Чэслава Немэна як бас-гітарыст і дагэтуль надзвычай яго шануеш. Калі плануеш наведаць Старыя Васілішкі і дом-музей Чэслава?
— Даўно ўжо хачу, але ўвесь час нешта перашкаджала. Узнікае адразу некалькі праблем, аднак спадзяюся, што паехаць атрымаецца недзе ў маі наступнага года. Дзякуючы Інтэрнэту я, дарэчы, у курсе тых падзей, што адбываюцца ў Старых Васілішках, бачу шмат цікавых фота з дома-музея, з хваляваннем чытаю пра гэты «домік без адраса», згадваючы назву адной з песень Чэслава. З Васілішкамі мяне лучыць яшчэ і той факт, што ў 30-я мой дзед там быў міравым суддзёй. Так што ў Беларусі мае радавыя карані, бо мой бацька нарадзіўся менавіта ў Мінску 3 лістапада 1918 года, меў хрост у Чырвоным касцёле (бацька Паўла, Леон Брадоўскі, цягам 1990—2007 гг. быў выдаўцом і рэдактарам квартальніка Lithuania. — Д.П.), мой дзед Вінцэнт меў маёнтак у Хацюкова, што непадалёк ад Барысава, але ў 1920-м продкі вымушаныя былі пакінуць Беларусь.
Цягам гадоў як галоўны рэдактар джазавага часопіса ты меў сотні сустрэч ды гутарак з вядучымі джазмэнамі свету. Хто з іх пакінуў па сабе найбольш яскравыя ўражанні?
— Так, запамінальных сустрэч было вельмі шмат. Аднак найбольшыя ўражанні я атрымаў хіба ад знаёмства ў Варшаве з Майлсам Дэвісам. Гэта было ў 1983 годзе, ён прыехаў на фестываль Jazz Jamboree. Тады гэта было падзеяй надзвычайнай, проста неверагоднай, хоць бы таму, што ягонае выступленне наогул не планавалася. Я і музыка Януш Шпрот атрымалі запрашэнне на гутарку з Майлсам, інтэрв’ю прагучала потым па радыё, было надрукавана ў Jazz Forum. І гэтыя паўгадзіны пакінулі неверагодныя ўспаміны! Хоць бы таму, што хадзіла пагалоска, быццам Майлс — гэта чалавек такі замкнёны, сам у сабе, недаступны, пагарджае людзьмі з белым колерам скуры. Тым не менш пазней ён напісаў аўтабіяграфію, у якой згадвае наведванне Польшчы і тое, што ў 1982 годзе часопіс Jazz Forum назваў яго «музыкам года».
У 2008-м я сустрэўся з Уінтанам Марсалісам у ягоным уласным доме, мы гутарылі некалькі гадзін, і гэта таксама пакінула надзвычайнае ўражанне.
На заканчэнне вельмі асабістае пытанне. Чым для цябе з’яўляецца джазавая музыка: прафесіяй, захапленнем, стылем жыцця, нечым іншым?
— (Смяецца.) Ды ўсім разам і нечым іншым — таксама! Стыль жыцця? Я не трымаюся нейкага такога цыганскага стылю ці, скажам, багемнага, не кантактую з сумнеўнымі асобамі. Мой стыль асацыюецца з джэм-сэйшн, з нейкім такім бестурботным музыкаваннем ажно да раніцы. Джазавая музыка настолькі захоплівае, што чалавек часам траціць адчуванне рэальнасці, пераходзіць у незвычайнае іншае вымярэнне, і калі той джэм заканчваецца, дык пачуваецца, быццам нейкае іншае існаванне наогул траціць усялякі сэнс. Гэта і ўтопія, і экстаз, і прыгода адначасова. Зразумела, джаз яшчэ і мая прафесія, бо ўсё ж я рэдагую Jazz Forum, аддаў гэтаму большую частку свайго жыцця. Хоць, прызнацца, найбольшай прыгодай у маім жыцці быў усё ж удзел у групе Akwarele Чэслава Немэна. Гэта быў 1967-ы, мы выступалі на вялікіх сцэнах у прысутнасці тысяч чалавек, я ўдзельнічаў у запісе ягонага першага альбома «Dziwny jest ten świat», загалоўная песня якога зрабілася ў пэўным сэнсе панадчасавым сімвалам, праз увесь час актуальным. Дастаткова згадаць радок з яе: «Калі чалавек забівае словам, як нажом». І гэтыя словы ў наш час нават больш надзённыя, чым тады, таму што ў Інтэрнэце можна прачытаць такое, ад чаго цябе ахоплівае роспач: у якія ж часы мы цяпер жывем?! Немэн такім чынам зрабіўся падобным да прарока. І таму я ўпэўнены, што гэтае ягонае пасланне аднолькава чытэльнае цяпер і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Беларусі. І ў Расіі таксама, дзе ён быў вельмі папулярны.