Ён даў жыццё велізарнай колькасці нацыянальных твораў — пачынаючы з «Дзікага палявання караля Стаха» Уладзіміра Солтана, за пастаноўку якой Анісамаў — першы і адзіны з нашых дырыжораў — быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй, і заканчваючы аркестравымі творамі Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Мдывані, Вячаслава Кузняцова, Галіны Гарэлавай, Віктара Капыцько.
8 кастрычніка маэстра адзначае 70-гадовы юбілей, ён супадае з 90-годдзем Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, калектыву, які Аляксандр Міхайлавіч узначальвае паўтара дзесяцігоддзя. На пачатку сезона мы сустрэліся для размовы, што ў выніку атрымалася зусім не юбілейнай. Бо галоўны дырыжор, калі ён сапраўды галоўны, перш за ўсё думае і клапоціцца пра свой калектыў, публіку, стан музычнай справы ў краіне. І думае пра гэта і ў будні, і ў святы.
Аляксандр Міхайлавіч, дазвольце вас павіншаваць з трыумфам вашых канцэртаў у Ратушы і пачаткам юбілейнага сезона. Такая падзея дае магчымасць азірнуцца, успомніць, падвесці пэўныя вынікі. Тым больш што юбілеяў сабралася шмат. Гледзячы на вас, немагчыма паверыць у ваш узрост. Аркестр адзначае 90-годдзе. Вы яго ўзначальваеце 15 гадоў... Здаецца, ніхто, акрамя Юрыя Яфімава, не стаяў так доўга за пультам гэтага калектыву. Яфімаў — 19 гадоў, Марк Шнейдэрман — 10 гадоў, астатнія нашмат менш.
— Так, гэты аркестр — мой дом, мая сям’я, мая радзіма...
Не будзем апераваць вялікімі лічбамі. Што галоўнае для вас здарылася за гэтыя паўтара дзесяцігоддзя?
— Галоўнае — я дамогся, каб канцэрты беларускай музыкі ў нас праходзілі з аншлагамі. На «Шчыгрынавую скуру» Андрэя Мдывані сабралася поўная зала, на «Клеапатры» Вячаслава Кузняцова быў аншлаг, на прэм’еры оперы «Мядзведзь» Сяргея Картэса не было дзе яблыку ўпасці.
Самая надзвычайная сітуацыя адбылася ў Віцебску. Раней з тамтэйшай філармоніяй у нас быў шчыльны кантакт, цяпер чамусьці ўсё аціхла. Акрамя фестывалю Салярцінскага, аркестр штогод запрашалі на канцэрт. Бо ведалі: калі прыедзе наш калектыў, то аншлаг забяспечаны і будзе цікава. Некалькі разоў мы з’ездзілі туды з адметнымі праграмамі. А ў чарговы раз яны тэлефануюць і пытаюцца: «Мы хочам вас запрасіць. Што вы прапануеце?» А я ім у адказ: «А вы пагодзіцеся, калі я скажу, якая праграма?» — «Кажыце!» — «У першым аддзяленні будзе музыка балета «Інка» Картэса, а ў другім — «Клеапатра» Кузняцова». Уяўляеце — цэлы вечар беларускай музыкі! І ведаеце, што мне адказалі? «Калі будзеце дырыжыраваць вы і будзе іграць ваш аркестр — згодныя!» Сапраўды, мы прыехалі, а там поўная зала. Авацыі... Уяўляеце, як нам паверылі? Гэта трэба было заслужыць. Дамагчыся, каб імідж аркестра ўзняўся вельмі высока.
Як вы здолелі дасягнуць такога выніку?
— Выкарыстоўвалі розныя прыёмы. Не тое каб мы падлашчваліся да публікі... Але я разумеў: трэба шукаць нейкія формы, каб дарога ў філармонію аказалася шырока адкрытай.
Памятаю, вас крытыкавалі, маўляў, не выконваеце беларускую музыку...
— Так, некалькі сезонаў мы ігралі толькі папулярную класіку — творы, якія маглі б канкурыраваць з тэлебачаннем і філарманічнай эстрадай. У тыя гады мне даводзілася аднаму вытрымліваць напор Саюза кампазітараў. Як бедства можна было ўспрымаць і пленумы, на якіх выконвалася шмат даўно напісаных і незапатрабаваных опусаў. А з публікі былі толькі сваякі кампазітара і некалькі апантаных студэнтаў. Але ў выніку шматгадовых намаганняў выступаем з аншлагамі.
Напэўна, вам давялося шмат змяніць і ў самім аркестры?
— Калі я прыйшоў у калектыў, ён нагадваў, прабачце, асінае кубло. Мяняліся канцэртмайстры ў розных групах інструментаў. Мяне папярэджвалі: «Не згаджайцеся быць галоўным дырыжорам. Літаральна праз некалькі месяцаў вас з’ядуць!»
З чаго вы пачалі?
— Як кожны нармальны дырыжор, я абвясціў конкурс. Перш за ўсё на вакантную пасаду канцэртмайстра першых скрыпак. Там канцэртмайстра ўвогуле не было, яго месца па чарзе займалі тыя, хто сядзеў за першымі пультамі. Дамовіўся з цудоўным музыкантам, Юліяй Стэфановіч. Да гэтага яна з’яўлялася намесніцай канцэртмайстра першых скрыпак у аркестры Опернага тэатра. Здолеў яе пераканаць, яна ўзрушальна сыграла конкурс і фактычна перамагла канкурэнтаў. А яны аказаліся моцныя. Я вельмі спадзяваўся і нават быў упэўнены, што менавіта так і здарыцца. Як толькі Стэфановіч заняла месца канцэртмайстра, атмасфера ў калектыве пачала мяняцца. Палепшылася якасць ігры. Усе адчулі: у аркестры цяпер ёсць гаспадар, акрамя галоўнага дырыжора.
Потым паступова пачалі запрашаць высокапрафесійных выканаўцаў і ў іншыя групы. Вярнуўся на радзіму выдатны габаіст Раман Фірстаў. Яго бацька Леанід Фірстаў калісьці спяваў у хоры Опернага тэатра, а маці, Наталля Кастэнка, была прымадоннай. Яны працягваюць жыць у Нямеччыне, а Леанід з жонкай вярнуўся ў Беларусь і ўпрыгожвае наш аркестр. У валторнавай групе за гэты час выгадавалі трох ці чатырох добрых салістаў. Усе яны перабраліся — хто за мяжу, хто ў Прэзідэнцкі аркестр. Але аснова калектыву — нашы аксакалы. Старэйшае пакаленне, на якое раўняецца моладзь. Адзін Мікалай Крывашэеў чаго варты! Кантрабасіст, прафесар, заслужаны артыст. Цяпер ён у нас не на поўную стаўку працуе, а сумяшчае з працай у Акадэміі музыкі. Таму яго з’яўленне ў аркестры — заўсёды падзея. І ў іншых аркестравых групах ёсць людзі, якія за гэтыя гады зрабіліся сапраўднымі «зубрамі». Гэта і канцэртмайстар трамбонаў Віктар Каўрэцкі, і канцэртмайстар кларнетаў Пётр Навуменка, і канцэртмайстар фаготаў Аляксей Аўраменка. З імі мы разам некалі пачыналі ў студэнцкім аркестры кансерваторыі.
Такія музыканты, як заслужаны артыст Валянцін Ціхевіч, працягваюць традыцыю тых гадоў, калі ў аркестры працавалі іншыя галоўныя дырыжоры. Ёсць словы, з якімі рэгулярна звяртаюся да артыстаў калектыву: «Вы — эліта Беларусі. Калі працуеце ў гэтым аркестры, значыць, вы самыя таленавітыя і выдатныя музыканты. І павінны гэта дэманстраваць не толькі ўласным майстэрствам, але і знешнім выглядам. Вы — "белыя каўнерыкі" нашай музыкі. Вы мусіце быць прыгожымі, дагледжанымі, элегантнымі. Стройнымі і спартыўнымі».
Кажу так мужчынам. Але дамы чуюць! І паступова дзяўчаты і жанчыны сталі набываць сабе прыгожыя канцэртныя сукенкі. У Юліі Стэфановіч падобных строяў цэлы гардэроб. Іншыя дзяўчаты таксама імкнуцца не адставаць. Куды б мы ні прыязджалі, мне кажуць: «Які ў вас прыгожы аркестр!» А на Новы год прашу іх апранаць бальныя сукенкі любога колеру, акрамя звычайнага чорнага.
І такія сукенкі яны маюць?
— Так, і гэта вынік таго, што мы маем магчымасць выязджаць з канцэртамі за мяжу. Бо, нягледзячы на элітны статус, заробкі ў іх зусім не элітныя. Людзі па дваццаць гадоў вучацца, а потым працуюць у аркестры, і вучоба працягваецца. Бо ігра ў студэнцкім калектыве і блізка не стаіць з тым, што патрабуецца ад музыканта ў прафесійным.
Артысты цяпер шмат ездзяць, чытаюць, кантактуюць у інтэрнэце і ведаюць: іх калегі ў Польшчы ці ў Прыбалтыцы атрымліваюць зарплату на парадак (у дзесяць разоў) вышэйшую.
Тым не менш ніхто не ные і не скардзіцца. Больш за тое, я адкрыта і жорстка кажу: «Сябры мае! Размовы — не вашы, а вашых калег, маўляў, дайце нам спачатку грошай, тады мы добра будзем іграць, — няправільная пастаноўка пытання. Мы спачатку павінны добра іграць, спачатку павінны даказаць, што вартыя таго ці іншага, а затым ужо дбаць пра тое, што з гэтага атрымаецца».
Бо дзяржава робіць што можа. Усе разумеюць: трэба паляпшаць матэрыяльнае становішча выканаўцаў. Будаваць сучасную якасную канцэртную залу, купляць новыя інструменты. Але пакуль такой магчымасці няма.
Мы разумеем, існуе фінансаванне на культуру і, акрамя нас, існуюць музеі, тэатры, музычныя навучальныя ўстановы, кансерваторыі, акадэміі, музычныя школы. І не толькі ў Мінску, бо наша краіна, дзякуй богу, вялікая! Усё гэта зразумела. Але мне незразумела іншае, і я з гэтым ніколі, пакуль жывы, не пагаджуся. Калектыву споўнілася 90 гадоў, і ён да гэтага часу не атрымаў звання Нацыянальнага! Гэта нонсэнс.
Абсалютна з вамі згодная...
— Гэта несправядлівасць у дачыненні да лепшага музычнага калектыву краіны. Так, ёсць сімфанічныя аркестры ў Оперным і Музычным тэатрах, Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Але Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь — адзіны.
Гэта нацыянальны здабытак!
— Больш за тое, нас усюды, на кожным кроку называюць нацыянальным. Я не папраўляю. Але ў рэальнасці што адбываецца? Аркестранты Нацыянальнага тэатра оперы і балета атрымліваюць заробак у паўтара, а часам і ў два разы большы, чым мы. Гэта не надта справядліва. Не толькі таму, што маладыя людзі, якія скончылі кансерваторыю і прыйшлі па размеркаванні ў наш аркестр, пазіраюць у бок Опернага, як бы туды перайсці. Гэта аб’ектыўна несправядліва, бо мы калі не лепш, то ўжо дакладна не горш.
Кажуць, у оперным аркестры нагрузка больш высокая…
— Ведаю яе, таму што ў тэатры працаваў амаль 20 гадоў. Па-першае, той аркестр мае два з паловай склады...
І гэта ваша заслуга! Раней там ледзь набіраўся адзін склад.
— Склад — гэта прыкладна 60 чалавек, якія змяшчаюцца ў яме. А ў іх цяпер каля 200 аркестрантаў. У нас паводле штатнага раскладу 98 і плюс адміністрацыя. І яны таксама не ўсе абавязкова ўдзельнічаюць у той ці іншай праграме. Так, мы не іграем канцэрты штодня. Але, тым не менш, мы кожную праграму іграем як прэм’еру — у адрозненне ад Опернага, дзе максімум пяць прэм’ер у год. Усё астатняе — гэта паўтарэнні. А мы абавязаны выканаць 50 праграм у год без усялякіх паўтораў.
Няўжо нічога не «дублюеце»?
— Такое зўдараецца, напрыклад, на гастролях. Апошнім разам у Японіі адбылося 16 канцэртаў, дзве праграмы мы выконвалі па 8 разоў. Або на гастролях у Эстоніі адну праграму ігралі двойчы. Ці выканалі праграму ў Мінску, а потым павезлі яе, прыкладам, у Віцебск ці ў Гродна. Такіх паўтораў бывае максімум 5 за сезон. А астатнія 45 выступленняў мы кожны раз прэзентуем прэм’еры.
Гэта да таго, што нагрузкі музыкаў у оперным і філарманічным аркестрах супастаўляльныя. У пэўны перыяд у адным калектыве большая нагрузка, у другім меншая, але лічыць, што мы занятыя менш, — гэта абсурд. Іншая справа, выйсці на сцэну і сыграць — адказнасць не меншая, — не хачу сказаць «большая», каб не пакрыўдзіць калег, — чым увасабляць партытуру, седзячы ў аркестравай яміне.
На Захадзе існуюць рэйтынгі коштаў на квіткі. На першым месцы — сімфанічны канцэрт. У Парыжы я прысутнічаў на канцэрце Берлінскага філарманічнага аркестра пад кіраўніцтвам Клаўдыа Абада. Выконвалі Другую сімфонію Малера, квіток каштаваў 250 еўра. На другім месцы — оперны спектакль, кошт квітка 200 еўра. На трэцім — сольны канцэрт, напрыклад, знакамітага піяніста — Ланг Ланга, Плятнёва або Паліні. Кошт квітка — 150 еўра. На чацвёртым балет — 100 еўра. Далей ідзе мюзікл — возьмем «Прывід оперы» або «Коткі». Вельмі папулярны, які патрабуе вялікіх выдаткаў, мае ўзрушальнае афармленне, — 80 еўра. І на апошнім месцы эстрадны канцэрт — 50 еўра. У нас жа ўсё перакулена дагары нагамі! Квіток на эстрадны канцэрт — 250 долараў, балет — 200, мюзікл — 100, опера — 50 і сімфанічны канцэрт — максімум 40.
І так усюды на постсавецкай прасторы?
— Не ўсюды. У Маскве сітуацыя прыкладна такая, як у Еўропе. Калі канцэрт аркестра Плятнёва з удзелам вядомага саліста, кошт квітка ў інтэрнэце — 500 долараў. У Курэнтзіса квіткі ледзь не па 1000 у.а. І раскупляюцца! Адзінае адрозненне ад Еўропы: білет на балет даражэй, чым на оперу. Гэта савецкая традыцыя, нідзе ў свеце падобнага няма.
Дык вось, наконт адказнасці. Калі наш аркестр выступаў у Токіа ў Suntori Hall, квіткі каштавалі па 150 долараў. І правільна! Бо ніякі CD-дыск, няхай нават Берлінскага філарманічнага аркестра, няхай нават на фантастычнай апаратуры, не заменіць жывых кантактаў з выканаўцамі на сцэне і музыкі, якая жыве цяпер, у гэты міг, а потым яе не паўторыш ніколі ў жыцці.
І яшчэ адна рэч, якую не магу зразумець ужо гадоў дзесяць. Чаму «Славянскі базар...», беларускі фестываль міжнароднага ўзроўню, не мае ў сваёй праграме класічнай музыкі? Для параўнання: фестываль «Белыя ночы» нараджаўся як эстрадны, але цяпер ён — цалкам класічны форум, якім кіруе Гергіеў. Там няма ніводнай эстраднай праграмы, толькі оперы, сімфанічныя канцэрты, сольныя выступленні скрыпачоў, піяністаў. Вядома, я ніколі не буду сцвярджаць: «Давайце зробім у Віцебску фестываль толькі класічнай музыкі». Брэнд «Славянскага базару...» існуе, ён такі ж папулярны, як, напрыклад, фестываль у Юрмале. Але ў Латвіі вялікая колькасць фэстаў класічнай музыкі — у Рызе, у Дзінтары. А ў нас у Мінску няма нават летняга фестывалю класічнай музыкі.
А як жа «Класіка ля Ратушы»?
— Так, у нас з’явілася Ратуша, дзякуй богу! Але гэта не фестываль, а цыкл канцэртаў. Важна, каб праект існаваў, і дай бог яму жыцця... Але чаму б не прыдумаць нешта яшчэ...
Напрыклад?
— Уяўляеце, у лонданскім Каралеўскім Альберт-холе на працягу двух летніх месяцаў кожны дзень ладзяцца сімфанічныя канцэрты. Аркестры з’язджаюцца з усяго свету. Умяшчальнасць залы амаль 6 тысяч чалавек, яна забітая бітком, і яшчэ чалавек 500 стаяць.
Я не пра тое, каб у Мінску ў філармоніі на працягу двух месяцаў гучалі сімфанічныя сачыненні. Але каб хоць 10 дзён яны гучалі ў закрытым памяшканні. Або на адкрытым паветры, але каб можна было сесці і слухаць. І каб афіша складалася не проста з папулярных класічных опусаў, а існавала нейкая адмысловая праграма.
Я прапаноўваў арганізаваць фестываль — хоць бы шэсць канцэртных праграм на бульвары Мулявіна. Паставіць 700 крэслаў, зрабіць VIP-зону і прадаваць квіткі, каб атрымаць хоць нейкія грошы. Бо ў нас няма спонсараў, якія б аплацілі ўсе выдаткі. У Еўропе цяпер так прынята. У адной толькі Францыі існуе 50 фестываляў на адкрытым паветры з продажам квіткоў. Аншлаг падчас канцэртаў ля Ратушы не павінен замяніць сур’ёзны, цікавы фэст, што мог бы стаць тварам класічнай музыкі ў Мінску.
Упэўнена: з вашай лёгкай рукі такі форум абавязкова з’явіцца. Бо ўсё, да чаго вы дакранаецеся, напаўняецца жыццём і шчасцем. Падчас канцэртаў ля Ратушы глядзела на твары слухачоў і аркестрантаў. Заўсёды, колькі сябе памятаю, твары аркестрантаў былі суровымі і засяроджанымі, а часам панурымі. Як быццам яны знаходзіліся ў шматгадовай дэпрэсіі. А цяпер прачнуліся і расквітнелі ўсмешкамі…
— Вядома! Яны ж запатрабаваныя і бачаць аншлагі на канцэртах. Няхай цяпер так будзе заўсёды! І слухачы, і музыканты — мы ўсе гэта заслужылі.
Юлія Андрэева