Размову з Сяргеем Братковым мы пачынаем з успамінаў пра інсталяцыю «Да здраствует сегодняшнее плохо за то что завтра будет хорошо», якую я ўбачыла ў Мультымедыя Арт Музеі ў Маскве. Неонавы радок на фоне панарамнай фатаграфіі выглядаў тады радыкальна і вельмі лаканічна — нават па форме. Пасля Браткоў перайшоў да відэа-арту цалкам іншага характару.
Калі ў мінулыя гады салон, плюс некалькі шчырых выказванняў, плюс асобныя правакацыі ўжываліся ў нашай арт-супольнасці цалкам мірна і ўспрымаліся гледачом прыкладна гэтак жа, то сёння звыклую абыякавасць можа прабіць толькі абсурд, трэш, панк-культура. У вас гэта склалася значна раней, у 2000-я. Распавядзіце, як ад традыцыйнай дакументальнай фатаграфіі, праўда, харкаўскай школы, вы прыйшлі да сённяшняга відэа, інсталяцый і нават гарадскога фальклору?
— Калі б у мяне была акадэмічная мастацкая адукацыя... Так, мастацкая ў мяне ёсць, але сярэдняя. Мяркую, гэта нядрэнна, што ўсё так адбылося ў маім жыцці. Бо вельмі складана перавучвацца. Цяпер выкладаю ў школе Родчанкі і бачу вялікую цікавасць да сучаснага мастацтва. Але прыходзяць хлопцы са Строганаўскага інстытута, і ясна, што ніяк ім не перамагчы гэта, цяжка вельмі. А ў мяне не было такіх праблем.
Я ўмеў маляваць і маляваў. У той час у Харкаве ў кожнай сям’і быў фотаапарат, гэта быў традыцыйны занятак яўрэйскай харкаўскай інтэлігенцыі. Быў нават бізнэс: складанне сямейных альбомаў, кампіляцый. Мой старэйшы брат сябраваў з Барысам Міхайлавым. Я тады не мог і здагадвацца, што мы будзем разам працаваць.
Пачаліся 1990-я — фантастычны, энергічны час. Мастак быў для нас галоўнай фігурай. Настольнай кнігай была «Майстар і Маргарыта», дзе Маргарыта аддае сябе і сваю душу мастаку. Пасля пайшоў ужо іншы перыяд, калі дзяўчатам сталі падабаецца людзі з грашыма: банкіры, бандыты. Але вось тады... Складана нават уявіць, што можна было замкнуцца ў студыі і нешта там тварыць. Ад жывапісу я лёгка перайшоў да фатаграфіі, хутка на выставах стаў кампіляваць дакументальную і пастановачную фатаграфію, мяняў фарматы, рэзаў, фарбаваў, камбінаваў з відэа.
Часам хацелася маляваць, але біў сябе па руках!
У адным з інтэрв’ю вы сказалі, што ў традыцыйнай фатаграфіі наступіў крызіс. Чаму вы так думаеце?
— Па-першае, вычарпана колькасць фатаграфічных прыёмаў. Па-другое, скончыўся час герояў, а ў фатаграфіі, ва ўсякім выпадку, у дакументальнай яе частцы, важныя героі, падзеі. І ты разумееш, што трэба нешта з ёй рабіць — ірваць, ляпіць, ствараць аб’екты.
Відэа-арт здаецца вам дастаткова моцным інструментам для выказвання? У яго ёсць асаблівыя канцэптуальныя рамкі?
— Цяпер гэта норма — выкарыстоўваць розныя медыя. Але толькі жывыя! Гэта выдатны інструмент: часам фотакамеры не хапае, бачыш такое, што трэба рабіць хутка, тэлефонам, і незразумела, што лепш здымаць — відэа ці фота. Але гэта заўсёды рэакцыя на сацыяльныя падзеі і, думаю, усё гэта — пра розныя тыпы ўкраінскай ментальнасці.
Хоць здаецца, што здымаеш «для сваіх». Гэта ж нармальна для мастака — кожны дзень нешта рабіць. Калі я прыязджаў у Харкаў да бацькоў, у мяне не было часу бачыцца з сябрамі — я хацеў быць з роднымі. А зараз мы з братам Юрыем зрабілі цэлую праграму BRAT FILM FEST (2017).
Мне ўсё ж цікавыя вашы абсурдныя сітуацыі, сюжэты, гэтая мова. Дзе там кропка ўваходу?
— Пачнем з таго, як разглядаць місію мастака. Думаю, яна ў тым, каб максімальна адлюстраваць свой час і нават зрабіць так, каб гледачу захацелася змяніць гэты свет да лепшага. Вось вы кажаце, мой герой падглядвае за суседзямі, а гэта не падглядванне, гэта назіранне (відэа «Плот»).
Сёння ў гледача калажнае бачанне, і культура таксама калажная. Гэта вызначае адрозненне маладога мастацтва ад старога. Апошняе больш занята гісторыяй, спадчынай. Калаж — гэта калі ты штосьці ўбачыў, і яно не злучаецца ні з чым. Нічога не спалучаецца. І чым больш ты бачыш рэчаў, якія не могуць быць разам, тым больш цікава. Асабліва мастаку.
Абсурд не ствараецца, тым больш не ствараецца з пэўнай мэтай. Відэа з навагоднімі віншаваннямі нарадзілася як жарт, але вы ўбачылі пэўную гісторыю з выказванняў, кожны лідар знаходзіцца на сваім месцы, у кантэксце сваёй краіны.
І нарэшце, у нейкі момант вы вырашылі, што важныя рэчы лепш прамаўляць у лоб, наўпрост.
— Ну, яны не такія ўжо лабавыя. Тэксты ў мастацтве — не новая з’ява, яны існуюць каля 60 гадоў і прыйшлі да нас з амерыканскага канцэптуалізму. З іншага боку, гэта форма, якая сустракаецца ў паўсядзённым жыцці. У савецкі час «вучыцца, вучыцца» ці «розум, гонар і сумленне» былі мантрамі. Эрык Булатаў уваскрэсіў такую ў «слава КПСС». Але на сённяшні дзень гэта не так проста, гэта рэдка атрымоўваецца. Цяжка сфармуляваць такое. Я рыхтаваўся да футурыстычнай выставы, калі прыдумаў «Няхай жыве сённяшняе кепска за тое што заўтра будзе добра!». Яна трохі страшная, гэтая фраза, яна крытыкуе, і каму гэта спадабаецца — «няхай жыве кепска»? Гэта фраза з мазахізму. А «З рэстарана ў космас не лётаюць» вісела на набярэжнай два гады, гэта зварот да пакалення. Сяргей Капкоў (тады кіраўнік дэпартамента культуры Масквы) сам прыязджаў, калі фраза запалілася, было прыемна. Пасля змены міністра культуры яе прыбралі, яна выклікала негатыўнае стаўленне. Хоць насупраць, уздоўж ракі, дзе шмат рэстаранаў, вывесілі адказ: «А ў нас лётаюць!». Гэта была нармальная рэакцыя!
Наколькі важны для вас асабіста гэты адрэналінавы пафас: Венецыянскае біенале (2005 Расія, 2007 Украіна), біенале Сан-Паўлу (2002), Маніфеста (2004), Пінчук-цэнтр, прэмія «Інавацыя 2010» (інсталяцыя «Балаклаўскi кураж», 2009)? Гэта ж вышэйшае прызнанне мастака.
— Прыемна, калі гэта адбываецца. Асабліва цяпер, калі ўся ўвага сканцэнтраваная на маладых мастаках. У старэйшага пакалення не так шмат магчымасцяў паказаць свае працы. Але цяпер кожная новая выстава ўспрымаецца як «яшчэ адна».
Мой бацька праявіў цікавасць да мастацтва сына ў 1988 годзе, і гэта быў цалкам матэрыяльны інтарэс, калі я вярнуўся з выставы ў Аўстрыі багатым чалавекам. Але вось сітуацыя: на маю апошнюю выставу «Імперыя сноў» у Regina Gallery прыйшла японская куратарка Юка Хасегава (7-га Маскоўскага міжнароднага біенале сучаснага мастацтва 2017 года. — Л.Г.). Мне паведамілі, што яна хоча са мной паразмаўляць. Я папярэдзіў, што прыйду са сваімі студэнтамі і хачу паказаць не толькі свае, але і іх працы. І Юка Хасегава ўсе паглядзела. Але чыноўнікам гэта не спадабалася, пачалася нейкая валтузня, тыпу скончыўся прыём заявак і г.д. І зараз я думаю: не патрэбнае мне такое біенале. Я магу сабе гэта дазволіць, а ў моладзі яшчэ ўсё наперадзе.
Хоць, вядома, паспяховыя рэчы ўспамінаць прыемна.
Вы сёння жывяце на дзве культуры, і для вашага самаадчування гэта — раздваенне або сінтэз асобы?
— Як расійскі мастак я прадстаўляў на Венецыянскім арт-біенале Расію. А потым Украіну — запрасілі, значыць, вырашылі, што я дастаткова ўкраінскі мастак. Не, з гэтым праблемы няма.
…Што важна, Сяргей?
— Думаю, як пісаў Салжаніцын, не распаўсюджваць няпраўду, ператварыць сябе — мастака — у бар’ер перад няпраўдай. А сам мастак павінен кожны дзень, прачынаючыся, дзякаваць, што ў яго ёсць магчымасць займацца мастацтвам. Бо яно дазваляе чалавеку быць большым, чым тое, чым ён ёсць на самой справе.
Любоў Гаўрылюк