Так выглядае асноўная частка выставы адной з найцікавейшых беларускіх мастачак сучаснасці — Галіны Гаравой. Яшчэ колькі твораў Галіны сабраныя побач, у малым выставачным зале музея, да іх прыкладаецца асобная шумавая партытура. Скульптарка прадстаўлена толькі драўлянымі паліхромнымі працамі, сярод якіх «Татэмы», «Здані» і «Маскі», зробленыя паміж 1990-мі і пачаткам двухтысячных. Абедзве часткі экспазіцыі лучыць гук, створаны спецыяльна для выставы саўнд-дызайнерам Яўгенам Рагозіным.
У параўнанні з апошняй мемарыяльнай экспазіцыяй Гаравой, што адбылася ў 2014 годзе як частка вялікага праекта «Беларуская скульптура: ХХІ» у Палацы мастацтва, бягучая выстава — узорна куратарская. Гэта сапраўдная крышталізацыя аўтарскага выказвання з пэўных месца, асяроддзя і асэнсавана абраных твораў. Ганне Бабіч, куратарцы, зноў удалося зрабіць пераканаўчы праект у прасторы, якую яна добра ведае — як супрацоўніца музея.
Сацрэалістычна-партрэтны «паноптыкум» аўтарства Азгура, сабраны на высачэзных стэлажах і побач з імі ўздоўж сценаў, далёка не фон для вытанчаных «афрыканізмаў» Гаравой. Уся галоўная зала музея — адзіная прастора, напоўненая скульптурнымі выявамі. Але на перыферыі, па краях, азгураўская скульптура мае пазнавальныя рысы: вось Маркс, вось Сталін, вось Якуб Колас. Па цэнтры ж адбываецца дыстыляцыя постаці да знаку. Галіна Гаравая адкідае дробнасці і індывідуальнасці, яе драўляныя татэмы — гэта фармалізаваныя сімвалы, «мыслеформы». Ад помніка і бюста застаюцца толькі канцэптуальныя схемы: вертыкаль — фігура, яйка на цыліндры — партрэт. Супастаўленне двух падыходаў да скульптурнага выяўлення постаці міжвольна выклікае іх супрацьпастаўленне. Але ці не пра адно і тое ж працы абодвух ваяцеляў — пра чалавека, значнасць, уладу? Ці не з’яўляюцца работы Гаравой пэўным выцісканнем названых сэнсаў — у сімвалічныя безасобасныя формы?
Кожны з творцаў — і Азгур, і Гаравая — бадай, найлепшы выразнік свайго пакалення ў беларускай скульптуры. Кожны выдатна ўвасабляе чалавека свайго часу: Азгур дэталізуе — Гаравая сімвалізуе. Абодвух скульптараў яднае сацыяльнасць — і постаць у якасці аб’екта мастацкага аналізу. І той, і другая заключаюць сацыяльныя міфы ў фігуратыўныя абалонкі. Але які кантраст падыходаў! Настолькі моцны, што падштурхоўвае да крыху шалёнай думкі: гук, што пульсуе ў вушах наведвальнікаў выставы, — наступная ступень абстрагавання міфалагічнага нават і ад выявы.
Вядомы майстар гуку Яўген Рагозін даўно працуе з мастацкімі экспазіцыямі і перформансамі. Але «Мыслеформы», напэўна, квінтэсенцыя яго творчасці ў гэтым кірунку. Гукавая інсталяцыя Яўгена — найважнейшы складнік выставы. Нізкачастотнае гудзенне як падспудны рух нябачных вялікіх масаў — незаўважны, няўцямны і няўмольны. Але чутны! Саўнд уключае два розныя трэкі ў дзвюх залах, дзе месціцца выстава, — амаль насупраць. Гук аб’ядноўвае абодва памяшканні і ў пэўных кропках прасторы зліваецца, ствараючы трэцюю — новую (умоўна музычную) тэму. І хоць сам Яўген канцэптуалізуе сваю працу як сімуляцыю «размовы татэмаў» паміж сабой, гук звяртаецца непасрэдна да нашага цела. Адчуваеш гул ва ўласнай галаве — як пасля цяжкай фізічнай працы. Сапраўды, перад намі нібыта дэманстрацыя паслядоўных узроўняў абстракцыі: ад імітацыйна-дэталізаванай ідэалізацыі Азгура — праз фармалістычнае агаленне сэнсаў Гаравой — да зусім безвыяўнага гукавога напружання Рагозіна. Парадаксальна, але ў той жа час гэтая паслядоўнасць зацыкленая, бо гук уплывае найперш на нас — рэальных жывых людзей, аглядальнікаў выставы.
Павел Вайніцкі