У развіццё трэнду
У спробе высветліць свае адносіны з медыя павольная фатаграфiя займае нечаканую, змястоўную і сапраўдную арт-пазіцыю. З аднаго боку, мяркуецца паглыбленне ў асяроддзе, дачыненне, шчырасць ва ўмовах сузірання. З іншага і адначасова — фатографу неабходная дыстанцыя для гэтага сузірання і пэўнае напружанне даследчыка.
У апошнія гады ад аўтара-дакументаліста мы чакаем і асэнсавання, і фармулёвак, якія дазваляюць яму самому артыкуляваць свае інтэнцыі, а гледачу прыняць — як варыянт — ідэю фатографа, яго оптыку і меркаванне па ўсіх гэтых падставах.
Пры выбары кадраў для выніковага паказу павольная фатаграфія і зусім «тармозіць»: мякка кажучы, гэта ўзважаная палітыка, і яна непазбежная пасля доўгай, ледзь не ў рэальным часе, здымкі. Выбіраць там ёсць з чаго, а гэта заўсёды вельмі складана.
Увогуле максімальная засяроджанасць на працэсе спатрэбілася Марыi Сангаль, Сяргею Людкевiчу, Марыі Ральскiце, Аляксандру Каленіку, Таццяне Свiрэпа і Вікторыі Сiнчылiнай пры падрыхтоўцы сваіх серый. Практычна кожная з іх магла б вырасці ў самастойны праект пры ўмове іншай формы прэзентацыі: перш за ўсё маштабу, прыцягнення іншых медыя і г.д. Але і ў сціплай прасторы музея Петруся Броўкі відавочныя вынікі «пагружэння» і іх патэнцыйныя магчымасці.
Чаму пра гэта трэба сказаць цяпер? Калі б візуальныя дакументы не стваралі поўную прысутнасць, суправаджэнне ўсяго і агрэсію на арт-полі, ніякай праблемы не было б. Калі б дакументальная фіксацыя падзей, значна больш спантанная, чым традыцыйны рэпартаж, не стварала такiх яркіх вобразаў, сімвалаў, метафар, можна было б не хвалявацца. Ну так, мастацтва і павінна думаць, што тут такога асаблівага? Але час мяняецца на нашых вачах, медыя развіваюцца імкліва, і паспяваць думаць ва ўмовах татальнай канкурэнцыі ў татальным асяроддзі — ужо заслуга. Тое, што называецца вытворчасцю сэнсаў, становіцца ледзь не гераізмам, а неабходная сузіральнасць — раскошай. Анахранізмам. Паўтаруся, гаворка ідзе пра штодзённасць, якую захлістваюць сацыяльныя праблемы, а медыя іх і фіксуюць, і фармулююць, і спрабуюць асэнсаваць. Фотаздымак тут абмежаваны ўпартай цэласнасцю выявы, вернасцю факту, але аўтар вольны ў яго выбары. І ў выбары візуальнай мовы, у прыярытэтах падачы.
Дапамагчы разгарнуцца
Сяргей Балай і яго калега па куратарстве праекта Міхаіл Дамажылаў («ФотаДэпартамент», Санкт-Пецярбург) упэўнены, што многія фатографы сёння працуюць «у стол». Чаму?
«Мы хацелі дапамагчы маладым фатографам шукаць новыя выразныя формы, адступаць ад звыклай мовы, глядзець іншымі вачыма. Імкнуліся навучыць не толькі фіксаваць выдатныя гісторыі, але і прасоўваць сваю фатаграфію. Яны ж не ведаюць, куды і як прапаноўваць такія праекты. І зараз мы вельмі задаволеныя тым, што Вікторыі, Таццяне, Аляксандру ўдалося апублікаваць свае серыі на некалькіх рэсурсах. А з асобнымі праектамі можна думаць і пра кнігу.
За паўтара месяца цяжка навучыць людзей павольнай фатаграфіі, таму курс быў вельмі інтэнсіўным, усім давялося шмат працаваць.
На курс прыйшлі маладыя фатографы, але не пачаткоўцы, а людзі, якія хочуць ісці далей, развівацца. На «Месяцы фатаграфіі ў Мінску» яны пабачылі адзін з самых моцных даследчых праектаў «Сочы» Роба Хорнстры і Арнольда ван Бруге. Але ёсць і класіка, і Аляксандр Гронскi, Марцін Пар, Салі Ман — гэта ўсё розныя падыходы да здымкі, розная падача матэрыялу.
Калі людзі прыходзяць на курс, усім хочацца «ваў», суперiдэй, а я звяртаў іх увагу на тое, што трэба наблізіцца да сваіх герояў, трэба стаць сваім, увайсці ў сляпую зону. Стаць часткай пейзажу, каб на цябе перасталі рэагаваць, — тады ўбачыш сапраўдныя эмоцыі. У выніку Вікторыя Сiнчылiна, я лічу, знайшла свой стыль і лёгкасць, Таццяна Свiрэпа адчула патрэбны кантакт і ўбачыла тое, што адбываецца, ледзь не з этнаграфічнага пункту гледжання.
Вельмі важна было знайсці гэтыя кампрамісы, баланс формы і зместу».
«Мы не бачым, як яны жывуць, але трэба зайсці ўнутр»
У першую чаргу з усіх праектаў «Маладосці» я б выдзеліла працу «Маладосць усё даруе» Таццяны Свiрэпа — як два планы, дзве самадастатковыя прэзентацыі. Адна з іх — дзяўчаты, якія жывуць у мінскім інтэрнаце, гэта значыць уласна мадэлі. Іншая — інтэр’еры, план — абнуляе ўсё, што адбываецца. Пазіраванне гераінь адсылае гледача да стандартаў цалкам старамодных. Інтэр’еры яшчэ болей камуфлююць рэальнае жыццё, што б пад iм ні разумелася. Праблемы, разважанні, эмоцыі, самавыяўленне і творчасць, любая актыўнасць — нічога з таго, што займае каляжанак, не праяўлена ў іх «нарматыўным гарызонце».
Калі звычайна інтэр’ер — гэта ўсё ж форма агалення і самаацэнкі, хоць бы часткова, то ў нашым выпадку гэта — форма ўтойвання. Паводле Бадрыяра, «хаваць — значыць рабіць выгляд, што не маеш таго, што ёсць насамрэч. Сімуляваць — значыць рабіць выгляд, што маеш тое, чаго няма насамрэч. Адно адсылае да прысутнасці, іншае — да адсутнасці». Глядач застаецца з гэтымі разважаннямі — аб утоеным і прад’яўленым — і з візуальнымі вобразамі, якія запамінаюцца сваёй банальнасцю. Усе разам, як адзіны міф.
Прама процілеглыя па выніку, але не па падыходзе — Марыя Сангаль з праектам «Народжаны рана» і Марыя Ральскiце з «Выратаваннем душ». Абсалютна гуманітарныя (больш сентыментальныя) і дзейныя рэчы не заўсёды спалучаюцца, але ў аўтарак атрымалася знайсці гэтую раўнавагу ў жыцці сваіх герояў. Сацыяльная праблематыка без пафасу, але з падскурным пранікненнем у штодзённыя клопаты, калі рабі, што павінен, а будучыня няясная. Думаецца, гэта вельмі характэрны стан для вялікай часткі нашага соцыуму, безадносна да здароўя, выгоды, дагледжаных дзяцей і жывёл.
Аляксандр Каленiк паказаў праект іранічны і кранальны — «Клаўстрафобія». У чымсьці ён нават пераклікаецца з інтэрнатам Таццяны: немудрагелістымi ўпрыгожваннямi, жаданнем (нябачных гаспадароў) выглядаць неяк папрыстойней. Тое нямногае, што могуць дазволіць сабе жыхары звычайнага гарадскога дома, сапраўды прадыктаванае страхам безаблічных прастор, якія душаць волю, у непасрэднай блізкасці да прыватнага быцця, да сямейнага жыцця.
Лакальнае / глабальнае / чалавечае
Так супала, што я завяршаю гэты тэкст у Іспаніі. У Мадрыдзе, ва ўлюбёным CaixaForum гляджу «Land of Dreams». «Краіна мрой» — гэта пра Індыю, фатаграфічны праект Крысціны Гарсія Радэра. І вось цікава: наколькі аўтэнтычна паказаныя дзве краіны, што «прад’яўляем» мы ў якасці «Маладой Беларусі» і што — іспанскі фатограф? Тэмы, якія ім важныя, мова, якую яны знаходзяць для свайго мастацтва. Для Індыі значныя падзеі ў бальніцы, у прыватнай школе, на вяселлі, важная тэатральная рэабілітацыйная праграма. Для нас — жыццё студэнтаў у інтэрнаце, сабак у прытулку, неданошаных дзяцей у сям’і, будні гульняманаў, прасторы пад’ездаў жылых дамоў, падрыхтоўка да моднага дэфіле і фаер-шоу. У прынцыпе, усё супастаўна, і па-свойму паказвае краіны, іх рэаліі. У абодвух выпадках перад намі дыхтоўная павольная фатаграфія, і яна не толькі пра лакальнае, але і пра глабальнае — пра чалавека і тое, з чаго складаецца яго жыццё.
Любоў Гаўрылюк