Усё, пачынаючы з выбару залы, афармлення, развескі прац і заканчваючы самастойна падрыхтаваным каталогам ды вузкімі вертыкальнымі банерамі з павялічанымі фрагментамі акварэльных аркушаў, што задавалі маштаб і былі своеасаблівымі акцэнтамі, зроблена з вялікім мастацкім густам.
З самага дзяцінства Ірына не ўяўляла сябе ў іншай прафесіі, таму спачатку была вучоба ў знакамітай студыі Сяргея Каткова, у мастацкай школе, потым на факультэце мастацкага афармлення друкаванай прадукцыі Маскоўскага паліграфічнага інстытута, пасля — больш за 70 праілюстраваных кніг, праца ў выдавецтвах, у часопісе «Вясёлка», выкладанне жывапісу на кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ. І адначасова з гэтым — стварэнне буйнафарматных станковых аркушаў. Большасць з іх раней ніколі не паказвалася, некаторыя з’яўляліся на розных выставах, былі ўдалыя самі па сабе, але толькі сабраныя разам, у супастаўленні далі ўяўленне пра маштаб таленту аўтара.
Найбольш вольна Ірына Лобан адчувае сябе ў акварэлі, нягледзячы на тое, што як жывапісец калісьці пачынала з алею. Яе светаадчуванню вельмі адпавядаюць нязмушаныя і жывыя інтанацыі, якія нясе сама трапяткая рухомасць акварэлі з усім багаццем танальных пераходаў.
Некалі Ірына Лобан назвала свой стыль «знікаючым рэалізмам». Гэтае аўтарскае вызначэнне хутчэй вобразна-літаратурнае, чым мастацтвазнаўчае, але даволі літаральнае па сваёй сутнасці. Большасць яе твораў народжана мастацкім перажываннем наваколля як адзінага, эстэтычна цэласнага феномена. Ірына назірае, асэнсоўвае і адбірае ў рэальнасці прадметы і з’явы, ператвараючы іх у іканічныя знакі, як быццам выхапленыя з кантэксту часу. Яна часта натхняецца ледзь улоўнымі, на краі сну ідэямі і выявамі, часам спрабуе зафіксаваць іх у вербальнай форме. Успрыманне жывапісу як своеасаблівай мнематэхнікі шмат у чым вызначае паэтыку творчасці Лобан, адкрываючы дарогу ўмоўным мастацкім прыёмам. Яны з’явіліся цалкам заканамерна — час вучобы ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце, які тады яшчэ ўспрымаўся прамым спадчыннікам традыцый знакамітых Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў, супаў з канцом «адлігі», з прагнай цікавасцю маладых аўтараў не толькі да авангардных кірункаў, але і да ўнутраных рухаў душы як вобразна-стылістычных асноў работы. Творцаў хвалявалі парадыгмы рэлігіі, філасофіі, культуралогіі, містыкі, карнавалізацыі быцця; вышэй за ўсё шанаваліся шчырасць і асабісты аўтарскі погляд. Усё гэта адбілася на станаўленні Ірыны Лобан. Яе акварэлі ствараюць асаблівае эмацыйнае асяроддзе, таму аналізаваць іх нялёгка — аналіз утрымлівае ў сабе небяспеку разбурэння чароўнасці. У іх больш замоўчваецца, чым распавядаецца, сюжэтныя сувязі толькі пазначаны, іх трэба адшукваць самастойна. Напруга каляровых мас, насычанасць ці празрыстасць тону, суадносіны колераў і фактур набываюць уласнае значэнне, паралельнае і нават незалежнае ад сюжэта. У кожным аркушы прадстаўлена хутчэй сітуацыя, чым дзеянне, персанажы рэдка індывідуалізаваны. Пры гэтым Лобан падкрэслівае, што вельмі любіць працу з натуры і добра разумее яе спецыфіку, — пра гэта сведчаць створаныя ўпэўненым і вольным рухомым штрыхом, характэрным для маскоўскай школы малюнка, пейзажныя замалёўкі сепіяй, якія сталі своеасаблівым кантрапунктам экспазіцыі.
Творчы почырк аўтаркі фармаваўся на стыку прадметнага і абстрактнага лексіконаў, літаратурных і натурных уражанняў. Розныя бытавыя прадметы, што акружаюць мастака, від з акна — усё гэта будаўнічы матэрыял для фантазіі, заснаванай на «сімультанізме», то-бок сінтэзе ўбачанага і таго, што маецца на ўвазе. Пластычнае і колеравае ўзаемадзеянне адцягненых формаў, знакаў і постацей лёгка трансфармуецца ў сэнсавае. Тэма становіцца ўмоўнай рамай для семантычнага «мігцення» кожнай рэчы, істоты ці падзеі.
На першы погляд, Ірына Лобан — мастачка абсалютна інтуітыўная, якую мала цікавяць канцэпцыі, здаецца, што яна ўвасабляе свае імгненныя настроі і адчуванні, аднак гледача не павінна ўводзіць у зман уяўная лёгкасць і спантаннасць яе жывапісу. Многія творы нараджаюцца шляхам паважнага пераадолення сябе, у першую чаргу — ілюстрацыйнасці, прамых літаратурных адсылак і алюзій. У іх надзвычайна і арганічна зліты разам абсалютная нерэгламентаванасць і вывераная архітэктоніка аркуша, непазбежная ў вопытнага майстра кнігі. Кожная імправізацыя мае выразны і ясны структураваны каркас. Лобан нярэдка робіць асновай кампазіцыі вольную сіметрыю — як спалучэнне простага і складанага, разнастайных адхіленняў і нюансаў. У межах адной выяўленчай плоскасці італьянская перспектыва можа сутыкацца са зваротнай; як на поліэкране, усплываюць наўмысна злучаныя ці раз’яднаныя фрагменты. У яе аркушах цэлае з’яўляецца часткай і наадварот — сюжэты і персанажы інтэртэкстуальныя. Сума выдасканаленых прыёмаў стварае яснае адзінства, у якім паэтызуюцца забытыя прадметы і ўзнікаюць безназоўныя персанажы. Часцей за ўсё іх постаці і твары пазбаўлены персаніфікацыі — задуменныя, засяроджаныя, з прыкрытымі вачамі. Зграбныя, але не манерныя, яны вядуць нямыя дыялогі і маналогі; нейкая іх гратэскавасць здаецца натуральнай і ненавязлівай. Упадабаныя мастачкай рознавысокія пасудзіны, перапляценні нязвычных арганічных элементаў, што ўрываюцца ў прастакутныя плоскасці, вольныя геаметрычныя арнаменты, абмаляваныя лёгкім рухам пэндзля, і сакавітыя плямы залівак, як ноты рознай вышыні, ствараюць у кожным аркушы сваю мелодыю. На працягу ўсёй экспазіцыі ўвасобленая ў колерапластыцы меладычнасць вар’іруецца ў танальнасці і тэмпе, надаючы кампазіцыям дадатковую змястоўнасць і вызначаючы іх эмацыйны лейтматыў.
Ірына Лобан — мастачка рэдкага каларыстычнага высакародства. Яе жывапісная манера разнастайная і пабудавана на свабодна плывучых звонкіх ці прыглушаных кобальтавых, халаднавата-зялёных, кінаварна-чырвоных, вохрыстых тонах. Ірына вельмі тактоўна выкарыстоўвае самаактыўнасць тэхнікі акварэлі, не ператвараючы яе ў банальны набор прыёмаў. Вытанчаныя колеравыя плямы расцякаюцца па аркушы і часам не суадносяцца з межамі прадметаў. Адзін колер спрыяе нараджэнню іншага, яны мігцяць, раствараюцца, пранікаюць імглістымі воблакамі адзін у аднаго, увасабляючы багатую найтанчэйшымі адценнямі атмасферу сну ці міражу. Шкляныя пасудзіны, якія нясуць уласнае святло, з’яўляюцца амаль у кожнай кампазіцыі ды сведчаць аб цікавасці аўтаркі да перадачы адчування няўлоўнасці, далікатнасці. Малюнак толькі вызначае касцяк працы, нідзе не імкнецца да імітацыі прадметнасці. У межах умоўных формаў чуецца хуткі рух пэндзля, што наносіць фарбу то празрыстымі заліўкамі, зацёкамі і пырскамі, то тонкімі рыскамі і лініямі, якія ўтвараюць пераборлівы ўзор з узаемапранікальных зон святла і цені, паўзы і рэзанансы формаў. Адлюстроўваючы псіхафізічны стан аўтаркі, яны ўзнікаюць як сэнсы ўсярэдзіне сэнсаў, як іх рэха і вобразатворчае сугучча. Вельмі цікава ў мастацкай мове Ірыны Лобан тое, як матывы сімвалічнага характару ўплаўлены ў авангардны пластычны вобраз. Калі для сімвалістаў галоўнай была магія гуку, асабліва музычнага, перанесенага ў жывапіс, то для эстэтыкі рускага авангарду, найперш футурызму, гэта пісьмовы знак, набліжаны да піктаграмы — следу ўнутраных псіхічных працэсаў творцы. Так у аркушах Ірыны ўзнікае «псіхаграфіка» — літары, «словы» і нават фрагменты «тэкстаў», яны ўплятаюцца ў малюнкі, нататкі на палях хуткапісам, што аблямоўваюць кампазіцыю арнаментальным шлякам, нечытэльныя для гледача, але для аўтара яны маюць глыбокі сэнс — як захаванне формы бессвядомых творчых працэсаў. З аднаго боку, яны непасрэдна злучаны з працай мастака ў кнізе, з асаблівым адчуваннем ізамарфізму слова і лініі. Аднак гэта толькі вонкавы пласт, за якім можна ўбачыць і традыцыі рукапісных кніг авангарду, і ілюмінаваныя фаліянты Сярэднявечча, і, яшчэ глыбей, — своеасаблівую алфавітную магію больш старажытных вытокаў культуры, што надзяляла слова і літару магічнай актыўнасцю, міфалагемы вобраза свету як бясконцай кнігі і «ўвасобленага Слова».
Залучаны ў сілавое поле твораў Ірыны Лобан, глядач думае і фантазіруе разам з аўтаркай. Складаная форма ўспрымаецца ў гэтым кантэксце як нешта аб’ектыўна дадзенае, інтуітыўна зразумелае. Нягледзячы на авангардныя элементы, метафары і знакі, Ірына не становіцца «нялёгкім» для гледача мастаком. Многае ў гэтых аркушах пранізана выдумкамі, якія прыйшлі са зробленых ёю дзіцячых кніг. Казачнасць лёгка ўваходзіць у вобразную тканіну яе твораў, і фантастычны пачатак цікавіць Лобан не менш, чым уражанні штодзённасці. Такія працы, як «Сны каралёў», «У змярканні», «Тэрыторыя нябачнага», непасрэдна напоўнены казачным гучаннем. Нават у звыклы пейзаж за акном аўтарка ўмее ўнесці прачулую далікатнасць і таямнічасць («Аднойчы ўначы», «Зімовы нацюрморт»).
Менавіта дзякуючы шматгадовай працы ў дзіцячай кнізе, нават пасля поўнага пераходу да станкавізму, творчасць Ірыны Лобан застаецца незвычайна маладой па духу і форме. Яе ілюстрацыі заўсёды пазнавальныя і маляўнічыя, поўныя нечаканых і дасціпных вобразных знаходак, яны рамантычныя і пры гэтым злёгку іранічныя. У экспазіцыю ў асноўным увайшлі недрукаваныя працы, выкананыя выключна акварэллю ці з дадаткам гуашы і сепіі. Гэта адзначаныя ўзнагародамі на конкурсах «Мастацтва кнігі» «Таджыкскія казкі», «Пра гномаў і сіротку Марысю», «Маленькі прынц», а таксама станковыя аркушы на тэму класікі фэнтэзі «Уладар пярсцёнкаў», ілюстрацыі да «Чорнай курыцы» Пагарэльскага, «Мышынага мястэчка» Ціма Сабакіна, лірыкі Алішэра Навоі, некаторыя са ста аркушаў цыклу «Сіндбад-мараход». Апошнія запомніліся дзівоснымі фантастычнымі істотамі, багатым каларызмам, артыстычна вытанчанымі варыяцыямі на тэму традыцыйных усходніх матываў. Кожная з гэтых серый па-свойму прыгожая, зразумелая як дарослым, так і дзецям, але без падладжвання да дзіцячага ўспрымання.
Нягледзячы на цэласць створанага свету, ён знаходзіцца ў пастаянным развіцці. У серыях «Без пачатку і канца», «Стыхіі колеру», трыпціху «Панарама сонца», захоўваючы маляўнічасць, Ірына Лобан большую ўвагу надае адкрытым формам, не сюжэту, а эмацыйнай інтанацыі формаў як мастацкаму фактару. Там яна ўжо не здавольваецца камбінаваннем выяў і элементаў навакольнага асяроддзя, а спрабуе ператвараць іх ва ўсё больш абстрактныя элементы; сапраўднай рэальнасцю становяцца ўнутраныя сувязі і рытмы ліній, адухоўленых плям і плоскасцей. Стрыманая жывапіснасць ці наадварот — танальныя кантрасты некаторых аркушаў адлюстроўваюць драматычныя падзеі жыцця, захоўваючы тую напругу, з якой яны былі зроблены, у нечаканых затоена-трывожных спалучэннях смарагдавых і ліловых тонаў, у празрыстай рознакаляровай імзе, што згушчаецца чорнымі ценямі, падкрэслена пазбаўленымі выразных абрысаў.
Ірына Лобан ніколі не прагнула афіцыйнага прызнання. Яе станковыя творы не рабіліся на заказ і ўжо тым больш — на продаж, у іх не ўбачыш жадання ісці за модай і дагаджаць густам гледача. Яны эстэтычныя і прынцыпова пазбаўлены салоннасці — у гэтым іх адмысловая актуальнасць і каштоўнасць для сучаснай мастацкай свядомасці. Вельмі хочацца, каб пасля персанальнай выставы творчасць Ірыны заняла ў нашай культуры высокае месца, даўно ёю заслужанае — па праве майстра не толькі па-сапраўднаму таленавітага, але і адзначанага высокай ступенню чалавечай і мастацкай шчырасці.
Марына Эрэнбург