* * *
Канада, жнівень 2016 года. Прыватная вакальная школа «Bel canto» ў Паўночным Ёрку і яе заснавальнік маэстра Вагіф Керымаў. У свой час ягоная практыка ў «Ла Скала» пад кіраўніцтвам маэстра Джузэпэ дзі Стэфана займела надзвычайны вынік: адметнага тэмбру, багаты на абертоны голас даў вакалісту магчымасць на працягу многіх гадоў увасабляць самыя розныя партыі. Творца мае велізарны канцэртны педагагічны вопыт. Нядаўна заслужанаму артысту Азербайджана Керымаву споўнілася 70, але ён, як і раней, спявае з вучнямі некалькі гадзін у дзень. «Так робяць усе італьянцы, — усміхаецца Вагіф. — А што тут дзіўнага?..»
* * *
— Ды што ж гэта такое — вакал? Яго немагчыма растлумачыць, ім трэба... хварэць! — мой суразмоўца сядае за фартэпіяна і зноў пачынае спяваць арыю. — У Італіі ўсё пяюць з дзяцінства. Так што прыйсці артыстам у міланскі тэатр — гэта цалкам натуральна! Калі хто-небудзь сваім жыццём абірае спевы, ён абавязкова прыйдзе на сцэну. Так робяць многія. Як і «натоўпам» ходзяць на ўрокі і майстар-класы ў кансерваторыю і разам паўтараюць практыкаванні, слухаючы адно аднаго і настаўніка. Так напрацоўваецца вакальны слых, або адчуванне правільнага гучання, яно такое неабходнае для вакаліста!
Калі мяне запрасілі на стажыроўку ў «Ла Скала», я і ўявіць не мог, што мне давядзецца забыцца на тое, чаму мяне вучылі ў кансерваторыі, і ўсё пачаць з нуля. Італьянская оперная школа — гэта цэлы сусвет, яна абсалютна перабудоўвае голас, успрыманне музыкі, свету і ў выніку — асобу! Праз некаторы час пеўчай практыкі разумееш, голас — гэта ты, а спевы — тваё жыццё! І нічога іншага не існуе. Голас, што наскрозь «прабівае» скляпенні оперных тэатраў, паветраную прастору адкрытых сцэн, што іграе фарбамі, якіх раней не было, — гэта падарунак! А дар павінен служыць Богу, людзям, светабудове.
Мастацкі вынік шмат у чым залежыць ад вакальных практыкаванняў і пастаноўкі голасу. Аднак многія спевакі «садзяць» голас, і ён з вакальнага становіцца «гутарковым». Адсюль і недаўгавечнасць у прафесіі. А італьянская вакальная школа практыкуе і размовы толькі нараспеў або ў высокай спеўнай пазіцыі. Вельмі дапамагае гэтаму люстраная «малпавая практыка». Такому метаду мяне ўпершыню навучыла Алена Абразцова, і я быў здзіўлены і нават смяяўся, калі яна расказвала: «Раніца. Я саджуся перад люстэркам і раблю “аўтагенную трэніроўку”. Гляджу на сябе і кажу нараспеў або спяваю: “До-обра-ай рані-іцы-ы, Ле-е-на-а. Яка-айа-а-а ты пры-ы-ыгожа-а-ая!”» — і гэтак далей.
Гэткія практыкаванні настройваюць пазітыўна, але галоўнае, што голас наладжваецца на правільную спеўную пазіцыю. Такім чынам, голас з раніцы знаходзіцца ў патрэбным стане, застаецца задаць яму пэўны рытм працы — напрыклад, падчас распевак са студэнтамі, развучвання партый ці сённяшняй прэм’еры. Безумоўна, настройка голасу — гэта сумесная праца мозга і цела. Мозг дае патрэбную ўстаноўку, цела выконвае. Вось чаму вакалісту патрэбная фізкультура і адпачынак, ежа для душы і сэрца. Бо голас павінен радавацца разам з гаспадаром і несці гэтую радасць у свет.
* * *
Што яшчэ важна для вакаліста і чаму «італьянскі» голас «жыве» да глыбокай сталасці? Несумненна, важныя пазітыўны эмацыйны настрой і вера ва ўласны голас, таму што ўсё атрымаецца! Як атрымліваецца ва ўсіх, хто ходзіць са мной на заняткі або практыкуецца спяваць у тэатрах ці з барочнымі аркестрамі. Але перш за ўсё важны настаўнік. Настаўнік, які, дзякуючы слыхавому досведу і італьянскай школе пастаноўкі голасу «Bel canto», абсалютна дакладна вызначыць тэмбравыя і тэхнічныя характарыстыкі голасу і акрэсліць студэнту патрэбныя аб’ём і характар працы. Пры ўмове, вядома, што студэнт «хварэе» на вакал або «закаханы» ў спевы. Але гэта адно і тое ж!
* * *
— Я ўдзячны абсалютна ўсім маім настаўнікам. Калі пачынаў спяваць яшчэ маладым, у пачатку майго вакальнага шляху, голас быў тэмбральна няўстойлівым, і гэта натуральна. Бо ён спее гадоў да 30, калі ўсталёўваецца пэўны гарманальны фон, назапашваецца пеўчая практыка. У Італіі, калі я прыехаў на стажыроўку ў ліку некалькіх маладых спевакоў з СССР, мой настаўнік Эторэ Кампагаліяні абсалютна дакладна адкарэктаваў тэмбр, патлумачыўшы, як трэба ўтрымліваць голас у высокай пазіцыі, каб ён заставаўся здаровым рабочым інструментам. Потым прыйшло ўсё астатняе — рэпертуар і манера спеваў, адпрацаваліся тэхнічныя моманты, уласцівыя менавіта bel canto. Інакш кажучы, давялося практычна цалкам перабудаваць сябе і ўжо далей «жыць bel canto». Існуе, на мой погляд, пэўная сістэма выхавання галасоў у Італіі. Яна мае чатыры складнікі — распеўкі, напрыклад па метадзе Нікола Вакаі для розных галасоў, cтаражытная музыка, опера і сучасная музыка. Вось чатыры гэтыя этапы прафесійны спявак, лічу, павінен прайсці. Так напрацоўваецца абсалютна ўся вакальная практыка, фармуецца ўніверсальны голас, здольны выконваць усю музыку, да якой ляжыць душа і якая патрабуецца паводле прафесійнай працы ды становіцца даступнай такому голасу і выйгрышна гучыць!
* * *
Тут, у Паўночным Ёрку, у Вагіфа Керымава шмат вучняў. Узрост іх розны — ад 10-12 гадоў да 80. Магчыма, гэта выклікае ўсмешку. У нашых шыротах. Калі задаць сабе пытанне, што прыводзіць іх спяваць, разумееш: праз голас людзі «знаходзяць сябе». Іншымі словамі, пачынаюць «гучаць у свеце». Шматлікія вучні кажуць: «Нарэшце мая мара пачала спраўджвацца! Я спяваю!» Навучэнцы студыі выконваюць розную музыку — адпаведна магчымасцям развіваюцца галасы.
Керымаў не робіць абмежаванняў. Ён чуе голас! І робіць стаўку на жаданне вучня, дадаючы ўласны прафесіяналізм і простую чалавечую любоў. Часам Вагіф строгі і нават злуецца, бо ў пэўны момант у вучня немінуча ўзнікае ступар і супраціў — сабе ж. Дзіўна бывае чуць уласны голас у паўнакроўныя дзве актавы, калі ўсё жыццё размаўляў на паўтонах у дыяпазоне двух-трох нот.
Што робіць Керымаў? Ён дае магчымасць палюбіць сябе, адкрыць свой голас — бадай, самае патаемнае, што закладзена Богам і што заўсёды хацела прагучаць, але чамусьці не магло. Гэта свайго роду псіхатэрапія, калі людзі дзіўным чынам «нараджаюцца нанова» — праз спробы і памылкі, нявер’е і сумневы, неўрозы і залежнасці. Аднак нараджаюцца!
Керымаў не дае парад. Ён практык. Калі чалавек хоча спяваць, ён заспявае. Але пры тым настаўнік адшукае ў ім тое, што перашкаджае — а гэта часцяком псіхалагічныя ўстаноўкі, якія «блакуюць» голас, — і створыць умовы для гучання, так званае «плато жаданняў», калі ты хочаш выпрабаваць сябе ў разнапланавай музыцы. Прыкладна так, як спартсмены імкнуцца заваяваць новыя вышыні, даводзячы сабе: «Я магу». І гэта выдатна!
* * *
Напрыканцы некаторыя гумарыстычныя моманты выхавання вакальнага голасу, каб ён гучаў доўгія гады. Адзіная ўмова — палюбіць свой дыяментавы голас! «Голас — гэта дыямент, які трэба шліфануць як след, каб заблішчаў!» — любіць казаць Вагіф.
Першы пункт. Пастаянная выпрацоўка высокай пеўчай пазіцыі. Прыходзіць з уменнем размаўляць з сабой у люстэрку як з неразумным дзіцем — знарочыста і нараспеў.
Другі. Здольнасць пераключацца з высокай пазіцыі на гугнявасць. Несумненна, прыходзіць з уменнем жартаваць над сабой у любых, нават самых непрыемных сітуацыях.
Трэці. Устаноўка «вакальных вушэй» у пазіцыю слухачоў. Такія вушкі набываюць дзіўны дар — разумець, як павінен гучаць голас.
Чацвёрты. Выпрацоўка тэмбральных фарбаў голасу. Звычайна прыходзіць з усведамленнем, хто ты для свету і як свет працуе для цябе. Тэмбр надае голасу ўнікальнасць, а спеваку — харызму. Пачатак прыняцця сябе як непаўторнай адзінкі... ці Божай іскры.
Пяты. Вучыць і вучыцца. «Тое, што маю, з задавальненнем аддаю людзям, але заўсёды ад іх можна нечаму навучыцца. Бо сапраўдны прафесіянал — гэта настаўнік і вучань у адной асобе», — кажа майстар.
— Вучня заўсёды відаць па вачах, — мяркуе Керымаў. — Ведаю, што ён будзе сумнявацца, і заклікаю яго верыць у сябе і свой голас, упарта ісці да мэты. Бо калі ён прыйшоў да мяне, значыць, я адказваю за яго імкненне спяваць, прафесійны развіты галасавы апарат і нават поспех. Не так істотна, колькі яму гадоў — 10 ці 80. Са сталымі людзьмі нават прасцей працаваць. Бо ў іх ёсць выразная мэта або мара, да якой яны ішлі, магчыма, доўгія гады — спяваць. У сэнсе жыць. І калі яны адкрываюць сябе, іх захапленню няма межаў — мара ажыццяўляецца, і я спяваю, значыць — я жыву! Але забяры ў чалавека мэту, і ён загіне. Дзіўна, менавіта сталыя людзі ўсім сваім прыкладам даказваюць, што мары спраўджваюцца. Калі сам чалавек пачынае гучаць у гэтым свеце. Голас мацнее, значыць, умацоўваецца значнасць, імкненне данесці да іншых эмоцыі і пачуцці, асабістае майстэрства. Прызнанне, несумненна, прыходзіць разам з майстэрствам. А майстэрства — з любоўю да ўсяго існага. Так узнікае пеўчае даўгалецце!
* * *
Мы б яшчэ доўга размаўлялі з Вагіфам, ды пачынаецца ўрок. Я разглядаю сцены студыі «Bel canto». Тут фотаздымкі, што адлюстроўваюць багатае прафесійнае жыццё спевака, — кансерваторыя, Бакінская опера, Teattro alla Scala. Побач аўтограф на памятнай фатаграфіі — пажаданне «на добрую памяць» ад настаўніка Джузэпэ дзі Стэфана, вось фота з нязменнай канцэртмайстаркай і паплечніцай — жонкай Афай. На гэтых здымках нібы адбілася эпоха — ноты, гукі, словы, людзі, канцэрты, дасягненні. А мне думаецца, што наш шлях скрозь церні да зорак пракладзены простым чалавечым пачуццём. Імя яму — любоў...
Марыя МДЫВАНІ