У шэрагу шматлікіх шэдэўраў сусветнага мастацтва ёсць тыя, што прыцягваюць загадкавасцю, таемнасцю, «асуджаныя» на бясконцае спасціжэнне і разгадванне, як, да прыкладу, партрэт Моны Лізы. У музычна-тэатральным мастацтве лідарам такіх спасціжэнняў і разгадванняў (у сэнсе навуковых і творчых даследаванняў) з’яўляецца менавіта «Пікавая дама». Напэўна, няма тэатра, у рэпертуары якога не прысутнічала б гэтая псіхалагічна глыбокая і абвостраная музычная трагедыя, дзе рэалістычнасць пачуццяў пераплецена з містыкай і фаталізмам, а вобразы кахання непераўзыдзеныя па лірычнай адухоўленасці, чысціні і пранікнёнасці.
У нашым тэатры «Пікавая дама» ставілася ажно сем разоў. Апошнюю пастаноўку оперы ў 2013-м здзейсніў балгарскі рэжысёр Пламен Карталаў. Галоўнай мэтай спектакля ён бачыў выяўленне мастацка-драматургічнай ідэі кампазітара. Дарэчы, да гэтага ж імкнуліся і адэскія пастаноўшчыкі — дырыжор Аляксандр Самаіле і рэжысёр Аляксандр Цітэль. І ўсё ж у ёй нямала прыкмет сучаснасці ды незвычайнасці.
Тое, што «Пікавую даму» ўвасобіў Адэскі тэатр, — гістарычна знакавы факт. У гэтым горадзе жыў Пушкін, і невыпадкова тамтэйшую Оперу называюць «пушкінскім тэатрам». А падчас прэм’еры «Пікавай дамы» ў 1893-м Адэсу наведаў Чайкоўскі, які актыўна ўплываў на пастановачны працэс і дырыжыраваў пастаноўкай.
Ёсць і іншыя знакавыя сувязі. Рэжысёр Аляксандр Цітэль — адэсіт. А выканаўца партыі Германа — саліст нашага тэатра Эдуард Мартынюк — некалькі гадоў працаваў у Адэскім акадэмічным музычным тэатры імя Міхаіла Вадзянога. Марыў пра выкананне «Пікавай» і доўгі час выношваў гэтую ідэю дырыжор Аляксандр Самаіле. Для яго галоўнымі ў оперы з’яўляюцца тры тэмы — рок, жарсць і каханне. Дырыжор лічыць, што Чайкоўскі ў сваім шэдэўральным творы ўбачыў нашу сучаснасць. Таксама і Аляксандр Цітэль паглядзеў на оперу вачыма сучаснага чалавека і вырашыў аб’яднаць тры стагоддзі Пецярбурга, змрочнага і таямнічага горада, пабудаванага фактычна на касцях.
Магчыма, таму ў адэскай пастаноўцы шмат дзіўных і сімвалічных вобразаў. Рыштаванні і рабочыя-будаўнікі ў касках, чорныя і белыя анёлы ў скульптурным і ажыўленым выглядзе. Кантраст чорнага і белага захоўваецца ў сцэне балю, дзе адны госці ў чорных плашчах і белых масках, іншыя наадварот — у белых плашчах і чорных масках. У інтэрмедыі-пастаралі «Шчырасць пастушкі», натхнёнай музыкай Моцарта, бела-чорны балет таксама выяўляе супрацьстаянне святла і цемры, жыцця і смерці. Зразумела, менавіта ў гэтай сцэне сутыкнуліся і ўступілі ў барацьбу дзве страсці Германа, акрэсленыя раней, — каханне да Лізы і жаданне зведаць тайну Графіні. І з гэтага моманту фатальная незваротнасць яго лёсу вядзе да пагібелі ўсіх трох галоўных герояў оперы. Так у спектаклі візуалізуецца сімфанізаваная музычна-драматургічная канцэпцыя твора.
Але найбольш плённа і арганічна ў пастановачным вырашэнні Цітэля распрацаваны тэмы і вобраз Пецярбурга. Дзіўны, загадкава-таямнічы і містычны, ён па-за часам, быццам горад-прывід. Здаецца, менавіта гэтая актуалізацыя найбольш атрымалася і ў сцэнаграфічным «скупым» афармленні з выхадам на Няву праз арку ў цэнтры нязменнай канструкцыі (сцэнограф Станіслаў Марозаў) і ў касцюмах (мастачка Алена Сцяпанава), да якіх дадаецца класічная строгасць мізансцэн. Таму пастаноўка прыкметная не толькі музычнай рэжысурай, але і рэжысёрскай задумай.
Нетрадыцыйны тут вобраз Графіні (Таццяна Спаская). Гэта зусім не страшная струхнелая старая, а статная жанчына ва ўзросце, з пагардлівай, ганарлівай постаццю. Толькі вось ложак, дзе яна засынае, а потым памірае, казарменны, не адпавядае яе сацыяльнаму статусу. Вельмі ўдала склаўся дуэт Юліі Церашчук (Ліза) і Эдуарда Мартынюка (Герман). Вобразы эмацыйна не перабольшаныя і пераканаўча даведзеныя да трагічнага фіналу. Цікава вырашана апошняя, 7-я карціна («Ігорны дом»): замест традыцыйнага стала на сцэне рассцілаецца зялёнае сукно, на ім і панціруюць ігракі. Высокі ўзровень прадэманстраваў хор (хормайстар Леанід Бутэнка), які скарыў завяршальнай найцішэйшай малітвай у выкананні мужчынскай групы («Господь, прости ему и упокой его мятежную измученную душу»). На жаль, іншым разам засмучала разыходжанне з аркестрам, хоць дырыжор адзначаў зладжаную працу з музыкантамі і рэдкае ўзаемаразуменне пасля толькі дзвюх рэпетыцый.
Нягледзячы на тое, што ў Адэскім тэатры не знайшлося гастрольнага артыста для партыі Германа (у той час як для прэм’еры ў 2013-м рыхтаваліся чатыры выканаўцы!) і пасля працяглай, 11-гадовай рэстаўрацыі тэатральнага будынка давялося наноў збіраць трупу, за апошнія пяць сезонаў тут пастаўлена 25 новых спектакляў, у тым ліку такіх, якія ніколі не ставіліся або ішлі вельмі даўно. І «Пікавая дама» Цітэля, безумоўна, унікальны здабытак, бо стваралася менавіта для адэскай трупы. Але, мяркую, не ўсё ў ёй будзе адэкватна ўспрынята і не ўсім зразумела.
Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН