Для Віктара Нямцова жыццё і творчасць — адно і тое ж: настрой і душэўны стан аўтара заўсёды адпавядаюць ягоным палотнам. Ён з той пароды мастакоў, для якога на першым месцы — дыялог з гледачом, што пасля такой «размовы» можа змяніць сваё стаўленне да навакольнага свету і той зямлі, дзе жыве. А гэта дарагога каштуе.
Я гляджу на жывапісныя млыны Нямцова, якія ў экспазіцыі былі галоўным акцэнтам, і думаю вось пра што. Сёння гэтыя ўнікальныя млыны ў Беларусі ацалелі часткова, некаторыя з іх вядомыя далёка за межамі сваіх рэгіёнаў. Як правіла, яны былі звязаны з дзіўнымі, часам містычнымі, легендарнымі гісторыямі з жыцця мясцовых жыхароў, з сацыяльнымі і ваеннымі катаклізмамі. Вось, напрыклад, карціна Нямцова «1812 год. Вёска Заніўкі», якая мне асабліва падабаецца. Тая самая вёсачка ў двух кіламетрах ад Беразіны, дзе 27—29 лістапада 1812 года знаходзілася Галоўная штаб-кватэра Напалеона і дзе, па ўспамінах блізкіх да імператара людзей — барона Агатона Фэна, штабнога інспектара Поля Дэнье, генералаў Жоржа Шамбрэ і Філіпа Поля дэ Сегюра, — быццам бы пры адступленні былі схаваны маскоўскія трафеі Банапарта. Мастак паказаў стары вятрак у агні і тую самую зімовую дарогу Барысаў-Зембін, па якой цягнуцца вазкі і рэшткі кавалерыі барона Марселена дэ Марбо. А справа, на ўзгорку, пад французскім сцягам, на кані — ледзь прыкметны, стомлены імператар са сваімі паплечнікамі. Дык вось, гэты ахоплены агнём беларускі млын — сімвал канца вялікай арміі вялікага Напалеона...
Ёсць яшчэ адна своеасаблівая функцыя млыноў, што непасрэдна тычыцца культурнай памяці беларускага народа. Як сведчанне таленту і вынаходлівасці мясцовых майстроў, як прыклад умелага выкарыстання сіл прыроды ў практычных мэтах, адрэстаўраваныя млыны, на думку мастака, павінны заняць пачэснае месца і ў жыцці сучаснага грамадства. Духоўная і матэрыяльная каштоўнасць такіх збудаванняў будзе толькі павышацца. Як і храмы, яны вырашалі праблему арганізацыі прасторы, галоўных кампазіцыйных акцэнтаў вясковага асяроддзя. Іх размяшчэнне не выпадковае. Паглядзіце, як у шэрагу палотнаў Нямцова вертыкальныя кампазіцыі ўрываюцца ў паветраныя нябесныя прасторы, каб іх сузіралі людзі-працаўнікі, — такім чынам яны выконваюць яднальныя функцыі.
У творчасці Нямцова можна знайсці многае: і фігуратыўныя карціны, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне («Партызанскі аэрадром», «Хроніка Перамогі», «На Вялікую зямлю»), і партрэты дзеячаў нацыянальнай культуры, і натурныя эцюды, выкананыя алеем і акрылам на розных рэспубліканскіх і міжнародных пленэрах, і чароўныя малюнкі. Я ўжо не кажу пра яго выдатныя працы ў галіне манументальнага мастацтва (вітражы, мазаікі і габелены), якія сёння ўпрыгожваюць шэраг буйных дзяржаўных і грамадскіх будынкаў. Але ўласна «млынавы» пейзаж у наробку майстра сёння займае галоўнае месца, хоць і ў гэты незвычайны жанр ён часам арганічна ўводзіць розныя атрыбуты сялянскага побыту. Ды менавіта ў такім пейзажы творца дасягае злучэння пранізлівай спавядальнасці з раскрыццём сутнасці тых мясцін прыроды, дзе млын прадстаўляе абагулены вобраз мінулага часу.
Нямцоў ставіцца да натуры, як скульптар да неапрацаванай камлыгі мармуру: ён скарыстоўвае яе ў якасці першаснага матэрыялу кампазіцый. Кожны элемент яго пейзажаў мае свой рэальны прататып: скажам, млыны ў вёсках Гальшаны, Маркава, Тропшы, Даматканавічы, Пабрэззе, Тур’я, Волма, — альбо зборныя вобразы млыноў (дыпціхі «Нараджэнне легенды» і «Апошні прамень», трыпціх «Фантастыка млыноў»). Але, па-першае, усім дэталям творца надае завершаную форму, якая вызвалена ад выпадковага і атрымлівае ў кожным выпадку сваё ўвасабленне, сваё набліжэнне да мастакоўскай задумкі. Па-другое, усе дэталі аб’яднаны і складаюць арганічнае цэлае — не толькі ў сэнсе пластычнай выверанасці аб’ёмных і прасторавых узаемаадносін, але і як уласны свет майстра, як закончанае стылёвае адзінства. Мастак умее весці гутарку з той прыродай, сэрцам якой з’яўляюцца менавіта млыны, умее спасцігаць яе мудрагелістыя таямніцы, улоўліваць найтанчэйшы стан. Адсюль — унутранае багацце і значнасць не толькі лепшых кампазіцыйных палотнаў, але і натурных аднасеансных эцюдаў, разнастайных па настроі ды эмацыйнай выразнасці.
У мяне такое ўражанне, што Нямцоў ведае ўсё пра беларускія млыны: і пра драўляныя ветраныя, знаныя ў Беларусі з XVI стагоддзя, і пра млыны так званага «казловага тыпу» (увесь корпус на паветры паварочваўся разам з крыламі); пра млыны шатровыя, дзе круцілася ад ветру толькі верхняя частка, і пра драўляныя вадзяныя млыны, якія ставіліся на баржах ці плытах, — сапраўдныя помнікі народнай архітэктуры, і нават адзінкавыя мураваныя ветракі. Гляджу на палотны мастака і таксама думаю, як і аўтар: вось бы захаваць і аднавіць гэтыя млыны, пакуль яны яшчэ зусім не зніклі, не загінулі на нашай зямлі. Хіба яны не маглі б стаць адной з нашых цудоўных візітовак? Хіба не радуюць вока ўжо адрэстаўраваныя ці хоць бы часткова захаваныя млыны, скажам, у вёсках Рось, Іўе, Дварышчы, Пяскі, Зельва, Агароднікі, Наваполле, Паланечка, Альшаны... Не выпадкова ж млыны як архітэктурныя шэдэўры так натхнялі творцаў самых розных эпох і краін.
Пра «гістарычны» паядынак Дон Кіхота з ветракамі я нічога казаць не буду, бо ён — няўдалы для Рыцара Самотнага вобраза — і так сусветна вядомы. Аднак у сувязі з нашай сённяшняй гаворкай прыгадаю менш распаўсюджаную казку Андэрсена «Ветравы млын». Вось яе маленькі фрагмент з маналогам ветрака: «Я — істота, якая мысліць і так добра ўпарадкавана, што проста люба. У грудзях у мяне выдатны жарон, а на галаве, пад капелюшом, чатыры крылы. У птушак жа ўсяго па два крылы, і яны цягаюць іх на спіне! Вакол жывата ў мяне цэлая галерэя, а ў ніжняй частцы — жылое памяшканне. Там жывуць мае думкі...» Таксама і ў Нямцова: у яго краявідах па-сапраўднаму жывуць і трапятлівыя, усхваляваныя мыслі, і шчырая любоў да той зямлі, якая зрабіла яго мастаком, і ў той жа час адчуваецца шчымлівае шкадаванне, што гэтая духоўна-гістарычная і эстэтычная прыгажосць можа быць назаўсёды страчана...
Канешне, Нямцоў шмат працуе і над чыста лірычнымі палотнамі, у якіх гучыць то спакойная, раздумлівая інтанацыя («Восеньскі матыў», «Млечны шлях», «Сонца купаецца ў кроплях расы», «Вярба прытамілася»), то раптам з’яўляецца бурная экспрэсія, дынамічная колерамузыка, як у «Алегорыі трывогі». Рамантык па натуры, Віктар Нямцоў не прыхільнік абстрактных мастацкіх сімвалаў, разумовых алегорый і складаных постмадэрновых метафар. Яго рамантызм, рамантызм духу і душы, убірае ў сябе светлую настальгію і «цеплатворнасць» успрымання той каранёвай прыроднай рэальнасці, якая, на жаль, у нашы тэхнагенныя часы адыходзіць у нябыт.
«Калі я пішу пейзаж, — кажа мастак, — нярэдка дадаю, павялічваю або памяншаю асобныя яго дэталі, але тое не выпраўленне “памылак прыроды” — гэта проста патрэбна мне для ўмацавання майго творчага ўспрымання. Таго патрабуе мая думка, маё — не свавольнае! — успрыманне свету... А што тычыцца маіх млыноў, то мне хацелася не столькі зрабіць гістарычную рэканструкцыю, колькі перадаць эмацыйна-каларыстычны, вобразны бок характэрнага рэгіянальнага пейзажу з млынам».
У пачатку верасня заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Віктар Віктаравіч Нямцоў адсвяткаваў свае 75-годдзе. Што ж, пажадаем яму новых творчых ажыццяўленняў і поспехаў у педагагічнай дзейнасці!
Барыс КРЭПАК