У асноўным праекты сталі спробамі пераасэнсавання/актуалізацыі музейнай калекцыі ў кантэксце пастаяннай выставачнай экспазіцыі («Музей» Руслана Вашкевіча, Нацыянальны мастацкі музей; «Адзін і многія» Канстанціна Селіханава, Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура; «Адны — такія, іншыя — такія» Тамары Сакаловай, Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура). Праект Канстанціна Селіханава «Адзін і многія. Частка другая. Рэканструкцыя героя» (дзе я займалася куратарскім суправаджэннем) мяняе стратэгію класічнай музейнай інтэрвенцыі, выкарыстоўваючы аб’екты пастаяннай экспазіцыі ў якасці неад’емнай часткі выказвання, раствараючы іх у адзіным «выставачным тэксце». Яны ператвараюцца з асноўных экспанентаў у цытаты, якія ілюструюць мінулае ў дыялогу з сучаснасцю, і сцвярджаюць успрыманне музея як месца калектыўнай памяці, пазбаўляючы гледача пачуцця рэальнасці і правакуючы на разважанні.
Праект будуецца па прынцыпе архітэктурнай інсталяцыі, дзе яна змяшчаецца ў іншы кантэкст, які, у сваю чаргу, з’яўляецца часткай нечага большага — музея. Паводле Барыса Гройса, «інсталяцыя радыкальна мяняе ролю і функцыю выставачнай прасторы. Інсталяцыя функцыянуе за кошт сімвалічнай прыватызацыі публічнай прасторы выставы». Скульптуры Заіра Азгура ператвараюцца ў частку выставачнай зоны, і мастак пераносіць «межы сваіх суверэнных правоў» з аднаго індывідуальнага аб’екта на ўсю гэтую тэрыторыю.
Выстава-інтэрвенцыя Селіханава сканструявана з чатырох частак. Яны, паводле прынцыпу калідора, змяняюць адна адну і пластычна візуалізуюць чатыры магістральныя тэмы. «Тэкст» праекта складаецца з комплексных і шматмерных твораў. «Рэканструкцыя» з’яўляецца спробай стварэння іншай рэальнасці, адрознай ад штодзённай. Гэтая часовая трохмерная канструкцыя нібы паглынае гледача. Напоўненая гукам (Яўген Рагозін), абмежаваная вузкім калідорам, прастора імітуе перманентны стан пераходу, пераўтварэння і перапрацоўкі нашага светаадчування: вузел «мінулае-цяперашняе» рэалізуецца ў фармаце эмацыйнага перажывання — чагосьці больш адчувальнага, чым усведамляльнага. Гук у праекце выконвае ролю натхняльніка-правадніка.
Савецкае грамадства, нашчадкамі якога мы ўсе з’яўляемся, было грамадствам рамонту. І цяпер у нас папулярныя як патрыманыя рэчы, так і былыя ва ўжытку ідэі, мадэлі, сістэмы. Крыху падрамантаваныя, рэканструяваныя «цені на сцяне» — імітацыі, новыя ісціны.
Гэты бясконцы працэс, пастаяннае прайграванне пераасэнсавання, візуалізуецца інсталяцыяй, пазначаючы сімвалічную мяжу — лінію судакранання і супрацьстаяння рэальнага і ўяўнага.
Тэма будучага, узаемасувязі падзей гісторыі ў зменлівым часе раскрываецца ў інсталяцыі «Пасылка». Адразу згадваецца фраза С’юзан Зонтаг яшчэ 1970-х: «Сёння настальгічны час...» Мы працягваем цешыцца стэрэатыпізаванай «выявай ісціны». Канец ХХ стагоддзя з яго пагружэннем у цяперашняе змяніўся неабходнасцю вызначэння новых арыенціраў. Кароткая радасць імгненнага абярнулася непазбежным стварэннем іншых перспектыў, якія наўпрост залежаць ад урокаў гісторыі. Нараджэнне новага стала магчымым у дыялогу з мінулым. Што цяпер для нас гістарычная спадчына? Глабальны рэсурс сэнсаў, стымулаў, сімвалічны капітал, рэалізацыя праекта «прагрэсіўнай настальгіі» (Віктар Мізіяна) альбо вакуум, запоўнены ценямі таго ж мінулага? Гатовы набор для канструявання з засвоеных думак, пераканаўчых тэкстаў, збітых цытат? Пустая пасылка без імя адрасата і зваротнага адрасу.
Інсталяцыя «Цір» — шматсастаўная візуалізацыя наяўнага стану рэчаў, калі крах вялікіх ідэй, усеагульных ідэалогій прыводзіць да татальнага пераасэнсавання сацыяльных і культурных каштоўнасцяў і каналаў іх перадачы. Любое гераічнае або псеўдагераічнае дзеянне з’яўляецца ва ўсеагульнай сусветнай павуціне, на тэлебачанні і паглынаецца гэтай глабальнай машынай камунікацыі. Справядлівасць выказвання «Інфармацыя ёсць самая магутная сіла» як ніколі актуальная. І калі яшчэ 20 гадоў таму спосабы яе трансляцыі знаходзіліся пад сацыяльным кантролем і былі палітычна рэлевантныя, сёння адбылася «прыватызацыя медыяльнай прасторы» (Барыс Гройс). Гэты рэсурс цяпер даступны любому, кожны валодае інструментам маніпуляцыі вобразам. Дастаткова стварыць імітацыю ўчынку і распаўсюдзіць інфармацыю пра яго. Мільёны людзей, уступаючы ў зону прыватных інтарэсаў (web tools: my space, my face, second life), мультыплікуюць самапрэзентацыі прыватных груп і асоб. Усё вызначаюць хуткасць і інфармацыйнае бязладдзе. Калі ў мінулым гэтым рэсурсам стварэння вобраза валодалі нямногія, цяпер гэта магчымасць мільёнаў. На фоне рэальных герояў расце колькасць падманак, тыражуецца ілюзія. Героі змяняюць адзін аднаго, прыходзячы з ніадкуль і сыходзячы ў нікуды, уступаючы ў зону пільнай увагі, «пад прыцэлам» пераасэнсавання, крытыкі і інвентарызацыі. Мішэні ўчарашніх каштоўнасцяў, якія падвяргаюцца знішчэнню-сумневу.
«Герой» — кульмінацыя, лагічнае завяршэнне шматмернага выказвання аўтара. Тут рэалізуецца працэс канструявання героя, аднак пазначаецца не як супрацьстаянне і адкрытае проціпастаўленне мінулага і цяперашняга. Сама прастора пастаяннай экспазіцыі музея выбудоўвае разуменне цэнтральнага аб’екта — твора, які паглынае як вобразы зніклых разам з эпохай актараў, безыменных пераможцаў, так і вылучае рысы сённяшніх герояў. Гэта вобраз сучаснасці, што адначасова перамагла і была зрынута, аб’ект, на які накіраваны ўвесь глабальны ідэалагічны ўдар. Татальнасць і фатальнасць ідэй, тэкстаў вызначаюць становішча фігуры, але не стрымліваюць у спробе супраціву.
Праект мог быць рэалізаваны толькі ў кантэксце музея, ён упісаны ў яго асяроддзе. Бо менавіта тут існуе беспрэцэдэнтная магчымасць збудаваць наратыў, ніякія іншыя медыя на гэта не здольныя. Як сцвярджаў Эрык Берггрэн, шведскі сацыёлаг і культурны даследчык, куратар Музея забыцця: «СМІ проста ствараюць плыню нязначных фактаў, што немагчыма злучыць разам. Музей дае нам шанец паглядзець на карціну з усіх бакоў і ў той жа час выкарыстоўваць розныя магчымасці». У гэтым полі ўдаецца рэалізаваць важную функцыю мастацтва — «дэманстрацыя, візуалізацыя рэальнасцяў, якія звычайна выпускацца з-пад увагі» (Барыс Гройс). Таму праект «Рэканструкцыя героя» становіцца прасторай непатаемнасці.
Вольга РЫБЧЫНСКАЯ