Хоць Барыс Аракчэеў (1926—2013) вядомы і як партрэтыст, і як аўтар нацюрмортаў і тэматычных карцін, відарысы Мінска — ці не самае цікавае ў спадчыне творцы. Тым больш што від на Саборную плошчу адкрываўся непасрэдна з акна яго майстэрні на рагу вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай.
Сказаць, што Аракчэеў — мастак незвычайнага лёсу, — не сказаць нічога. Ураджэнец вёскі Турбанава Яраслаўскай вобласці, па вайне, у якой удзельнічаў, апынуўся ў Мінску. У 1950-м Барыс паступіў і за 3 гады скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, з 1953 па 1959 навучаўся ў першым патоку мастакоў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Разам з такімі прызнанымі творцамі, як Анатоль Анікейчык, Віктар Грамыка, Арлен Кашкурэвіч i Леанід Шчамялёў. Пашанцавала Барысу Уладзіміравічу і з настаўнікам — выключным майстрам краявідаў Віталём Цвіркам, бо за плячыма гэтага жывапісца былі віцебская і маскоўская школы — апошняя ў асобах Ігара Грабара, Сяргея Герасімава, Аляксандра Дайнэкі, Барыса Іягансона. Залаты запас іх творчасці прыдаўся і быў скарыстаны Барысам Аракчэевым, якому перад пачаткам мастакоўскай кар’еры не ставала менавіта адукацыі. Сваім імпэтам і настойлівасцю ён усё кампенсаваў.
Яго малодшая дачка, мастачка і графік Аксана Аракчэева, расказвала: «Тата не тое што ў такім узросце (амаль да 87) маляваў, ён толькі гэта і рабіў: жыў выключна мастацтвам. Маляваў на ўсім... кавалачках паперы, дошчачках... Як тлумачыў: паверхня такіх рэчаў па колеры пасуе выяве: тон або колер неба ці зямлі ўжо гатовыя. Ён бачыў гэта, я так не магу бачыць колер». Выстава ў галерэі Савіцкага — чарговы крок праекта «Дынастыя. Аракчэевы», які разам з удзячнаю дачкой Аксанай робіць куратарка Ксенія Сяліцкая-Ткачова, — вызначаецца, па справядлівых словах апошняй, выдатнай разнастайнасцю жанравых і стылістычных нюансаў. Ёсць невялікія эцюды і эскізы, графічныя замалёўкі і разгорнутыя тэматычныя карціны. Ёсць выдатны колер, амаль імпрэсіянісцкія работы, і ёсць творы «суровага стылю», усмактанага на хвалі мастацкай вясны шасцідзясятнікаў. А ёсць раптоўна экспрэсіянісцкія працы, нечаканыя для тых часоў, як «Мінскі трамвай» (1963).
Зробім некалькі акцэнтаў. Вось інтымны краявід «Ужо не патрэбныя. Парк Горкага» (1960-я) — з закінутымі пад снегам у далёкім паркавым кутку дэкаратыўнымі скульптурамі. «Трымае» сцяну ў цудоўнай па экспазіцыйных магчымасцях галерэі манументальны пейзаж «Мінск вечаровы. Палац спорту» (1967) — суровая па стылі праца, блізкая творам Мая Данцыга. З доляй іроніі выканана работа «Плошча свабоды. Першамай — свята для ўсіх» (1980-я). Які плакат нясуць дэманстранты на першым плане? «Свабода, роўнасць, братэрства»! Любімы пляц, зноў з акна майстэрні: «Саборная плошча» (1974) і «Сіні зімовы вечар» (1967). На адкрыцці выставы кіраўнік аддзела адукацыі мінскай епархіі Аляксандр Шымбалёў заўважыў: «Аракчэеву з акна адкрывалася плошча з шасцю велічнымі саборамі. Веліч, якую людзі спачатку стваралі, а пры савецкай уладзе нішчылі. Галоўнае, што дае творчасць маэстра, — магчымасць парадавацца прыгожаму ў нашым горадзе, каб болей не дапускаць разбурэнняў. Вялікія мастакі, як Аракчэеў, дапамагаюць адчуць красу і зразумець богападобнасць чалавека».
Пашанота, з якой Аксана Аракчэева захоўвае бацькаву спадчыну, вартая высокай павагі. Але дачка не спыняецца толькі на гэтым. Ужо праз тыдзень пасля вернісажу ў вёсцы Мілашова Міёрскага раёна на Віцебшчыне, у адноўленай і прыстасаванай пад выставачную залу пуні яны разам з вучаніцай, Крысцінай Баранавай, і дзіцячай пісьменніцай Аленай Масла (яе кнігі Аракчэева ілюструе) адкрылі музей — «Пуня».
Аляксей ХАДЫКА