Неяк так сталася, што наш славуты зямляк зусім невядомы беларусам: ніводнай выставы не было на радзіме — ні ў Гомелі, ні ў Мінску, ніводнага твора пры яго жыцці не закупілі ні легендарная дырэктарка Алена Аладава ў 1960-я, ні Юрый Карачун у 1980-я, хоць работы іншых майстроў, напрыклад, народнага мастака СССР з Гомельшчыны Рыгора Ніскага, у музеі ёсць. Сёння працы Майсеенкі каштуюць дзясяткі тысяч долараў і не так проста іх набыць... Гэтая акалічнасць дае пэўныя падставы дапусціць, што мастак чамусьці быў persona non grata ў Беларусі, ці наадварот: сам забыўся пра радзіму. Апошняе цалкам неверагодна: многія знакавыя карціны — «Чырвоныя прыйшлі», «Маці, сёстры», «Зямля», «З дзяцінства» і іншыя — напісаны ва Уваравічах, дзе ён бываў амаль кожнае лета ў родных. У 1974 годзе мастак атрымаў Ленінскую прэмію, аб яго творчасці быў запланаваны дакументальны фільм рэжысёра Сямёна Арановіча «Маналог мастака». Майсеенка сам захацеў, каб стужка здымалася не ў Ленінградзе, дзе ён жыў, а на радзіме ва Уваравічах. Фільм зняты ў форме дыялогу мастака са сваёй маці — разважанні аб жыцці двух розных пакаленняў.
Падтрымліваў ён і сувязь з беларускай інтэлігенцыяй — вёў перапіску з пісьменнікам Васілём Быкавым, на сесіях Акадэміі мастацтваў у Маскве сустракаўся са старшынямі Беларускага Саюза мастакоў Віктарам Грамыкам і Уладзімірам Стальмашонкам, даваў інтэрв’ю маладому тады мастацтвазнаўцу Барысу Крэпаку.
Пісаў пра радзіму з пяшчотай і павагай, але не падараваў беларускім музеям ніводнай карціны... На жаль, сведкаў тых часоў, якія б змаглі пракаментаваць гэтую парадаксальную сітуацыю, ужо няма, усе версіі так і застануцца толькі чуткамі. Тым не менш праз амаль дваццаць гадоў пасля смерці мастака на яго радзіме ў Буда-Кашалёве ў 2007-м была пабудавана і адкрылася карцінная галерэя імя Яўсея Майсеенкі. Праект зрабіў гомельскі архітэктар — пляменнік мастака Сяргей Майсеенка, а ягоныя родныя падаравалі галерэі сямейныя фотаздымкі.
У Буда-Кашалёве захоўваецца адзіны на ўсю краіну твор Майсеенкі — эцюд 1946 года, перададзены галерэі вучнем Алегам Марушкіным, якому яго падаравала ўдава майстра. Пры галерэі яшчэ не так даўно праводзіліся Міжнародныя славянскія пленэры па жывапісе імя Яўсея Майсеенкі, што збіралі разам беларускіх, расійскіх, украінскіх мастакоў. Іх творы засталіся ў фондах.
Тым не менш пра творцу на Беларусі вядома мала: няма карцін — няма і падставы для размовы.
Яўсей Яўсеевіч Майсеенка нарадзіўся 15 жніўня 1916 года ў невялікім (крыху больш за 2 тысячы жыхароў) мястэчку Уваравічы Рудзенецкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні (Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. Ён пакінуў успаміны пра сваё дзяцінства. «Бацька мой, бедны беларускі селянін, памёр незадоўга да майго з’яўлення на свет. І, так як сям’я наша не мела ні кавалачка зямлі, лёс рыхтаваў мне жабрацкае існаванне, катаржную працу альбо ў парабках, альбо на рудніках і шахтах, дзе працавалі мае дзядзькі. Але адбылася Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, і ўсё ў маім жыцці, гэтак жа як і ў жыцці многіх мільёнаў іншых людзей, крута змянілася. Вось самы яркі ўспамін дзяцінства: дзед мой, Пракофій Навумавіч, прымацоўвае ў чырвоным куце хаты — там жа, дзе іконы ды лампада, — партрэт Леніна», — згадваў мастак. Маці, Матрона Сяргееўна, выйшла замуж за роднага брата свайго нябожчыка-мужа, Ізота, старшыню сельскага савета. Выхаваннем хлопчыка найбольш займаўся дзед Пракофій Навумавіч, які прывучыў яго любіць прыроду, браў у начное, у поле на сялянскія работы. Дзед з унукам заўсёды былі разам. Дзяцінства мастака ўвасобілася ў некалькіх яго карцінах, а таксама ў цыкле, прысвечаным Сяргею Ясеніну: «Сяргей Ясенін з дзедам» (1964), «З дзяцінства» (1977), «На рэчцы».
Гісторыя стварэння гэтых прац — рэфлексія на дзяцінства самога Майсеенкі, падобнага да ранніх гадоў выдатнага рускага паэта, яго таксама гадаваў дзед. Прырода, што адкрылася тады ягонаму погляду, пакінула глыбокі след у душы будучага жывапісца. «Успамінаю дзяцінства як самую шчаслівую пару жыцця, калі адчуваеш бясцэннае пачуццё абароненасці. Чалавек вызначаецца ў дзяцінстве. Вашы карані — у сям’і, у яе маральнай глебе, адносінах з навакольным светам. Ад першых уражанняў зыходзіць і пачуццё Радзімы, якое неба над табой, якія дажджы цябе абмывалі, на якую зямлю ты ступіў з парога. Ад гэтых спрадвечных пластоў жыцця і пачынаецца творчасць».
Любоў да малявання ў Яўсея выявілася рана, пад уражаннем карцін і рэпрадукцый у старых часопісах «Ніва» і «Вакол свету», што захоўваў ягоны дзядзька і айчым Ізот Пракопавіч. Цягу да творчасці падтрымліваў і развіваў школьны настаўнік малявання Уладзімір Ларыёнаў, які лічыў, што сельскі хлапчук павінен стаць мастаком. У 1931-м Майсеенка, пасля заканчэння сямігодкі, адаслаў дакументы і работы ў Кіеўскае мастацкае вучылішча, якое было бліжэй да Уваравіч. Аднак адтуль прыйшла адмова. Тады ўпарты 15-гадовы Майсеенка паступіў ў Маскоўскі мастацка-прамысловы тэхнікум імя М. Калініна, што рыхтаваў майстроў прыкладнога мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Атрымаў дыплом мастака па метале і пап’е-машэ. Але быць мастаком народных промыслаў яму не хацелася — ягоны талент быў больш маштабны, у ім адчуваўся будучы мастак-баталіст.
Дар быў настолькі індывідуальны і яркі, што пры падтрымцы настаўніка, вядомага маскоўскага жывапісца Васіля Якаўлева, і Ісаака Бродскага яго прынялі ва Усерасійскую акадэмію мастацтваў у Ленінградзе — у 1935 годзе, за тры месяцы да сканчэння вучэбнага года, без уступных экзаменаў, хутка вылучылі на атрыманне Сталінскай стыпендыі.
У той час там выкладалі таленавітыя мастакі — Ісаак Бродскі, Яўген Лансерэ, Роберт Фрэнц, Барыс Іагансон, Аляксей Савінаў, Яўген Чапцоў, зямляк-беларус Сямён Абугаў з Беразіно. Асаблівы ўплыў на юнака аказаў Аляксандр Асмёркін, у майстэрню якога трапіў малады студэнт пасля трэцяга курса. «Пачаў я вучыцца ў вялікага майстра — Ісаака Бродскага, але штосьці не пайшло, штосьці ў ягонай майстэрні здалося халодным, не закранала душы. Прыйшлося шукаць іншага настаўніка — так я апынуўся ў майстэрні Асмёркіна, які за гады вучобы здолеў абудзіць дар і цягу да прыгожага ва ўсіх праявах...» У тыя ж гады ў яго вучыліся і іншыя беларускія мастакі — Яўген Зайцаў і Натан Воранаў. «У майстэрні, дзе працавалі студэнты, віселі рэпрадукцыі Пікаса і Пятрова-Водкіна, Вермеера і Урубеля. Ён вучыў разумець усю разнастайнасць рэалістычнага мастацтва, увесь гэты паўнакроўны свет, які складаецца з розных, часам непрымірымых велічынь, а не прытрымлівацца нечага аднаго. Толькі вывучыўшы ўсіх, перахварэўшы ўсімі і адышоўшы ад іх, можна выйсці на сваю дарогу», — успамінаў мастак пра свайго настаўніка. «Каб стаць мастакамі, вы павінны мне здрадзіць»,— казаў Асмёркін. Кожны з мастакоў-беларусаў — вучняў Асмёркіна — мае свой твар, свой адметны голас.
5 ліпеня 1941 года, не скончыўшы дыпломнай карціны «Шчорс», Майсеенка добраахвотнікам пайшоў на фронт, дзе трапіў у нямецкі палон у канцэнтрацыйны лагер Альтэнграбаў, затым на цяжкія працы, адкуль яго ў красавіку 1945 года вызвалілі саюзнікі. Ён дамогся, каб яго пераправілі ў савецкую ваенную зону, дзе быў рэабілітаваны. Вайну скончыў у Германіі.
Вярнуўся ў Ленінград, дзе ўзяў шлюб са скульптаркай Валянцінай Рыбалкай, якая стала ягонай улюбёнай мадэллю, сябрам і аднадумцам. Тэму новай дыпломнай карціны, «Выгнанне савецкіх грамадзян у фашысцкую няволю», давялося змяніць на больш гераічную, прысвечаную генералу Льву Даватару. Аб гэтай карціне гаварылася паміж студэнтамі яшчэ задоўга да яе абароны, яе прызналі адметнай з’явай у мастацтве, а не вучнёўскай працай. Манеру Майсеенкі — артыстычную, імправізацыйную, лёгкую — пачалі імітаваць яшчэ з маладосці. Пазней, у 1970-я, па памяці Майсеенка зробіць цудоўныя партрэты Асмёркіна, які ў 1947-м, у часы барацьбы з касмапалітызмам, быў звольнены з Акадэміі за фармалізм і, не вытрымаўшы цкаванняў, заўчасна памёр.
У ліпені 1947 года Майсеенку прынялі ў Ленінградскае аддзяленне Саюза савецкіх мастакоў, але карцін амаль не выстаўлялі: застаўся недавер да яго як да былога ваеннапалоннага.
У 1953—1954 гадах ён вандруе па рускай поўначы, Крыме, Грузіі, надоўга застаецца ў Беларусі.
Вынікам гэтых паездак стала карціна «Беларусь» (1956), у якой зліваюцца жанравы і пейзажны пачаткі. З вялікай любоўю да вёскі і родных мясцін піша Майсеенка сялян, што запрагаюць у сані касматых і нізкарослых коней, заснежаную вуліцу, пагорак з ветраком пад праменямі сакавіцкага сонца.
У 1956 годзе Майсеенку выбралі ў члены праўлення Ленінградскага аддзялення Саюза мастакоў. З гэтага моманту пачынаецца ягонае прызнанне як творцы з выразнай грамадзянскай пазіцыяй. З 1958-га ён выкладае ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР, амаль 30 гадоў з’яўляецца кіраўніком персанальнай «батальнай» майстэрні. У той час адчуваўся недахоп новых падыходаў да гэтага жанру, і ў майстэрні з прыходам Майсеенкі склалася асаблівая творчая атмасфера жывапісных эксперыментаў. «У маладых павінен быць пратэст супраціў банальнасці, стэрэатыпнасці, сцёртасці. Ну а калі ў маладога мастака няма дару даследчыка, сэрца першапачынальніка — мастака не будзе!»
Зразумела, што ў першыя пасляваенныя гады ў грамадстве адчувалася патрэба ў мастацкім асэнсаванні тэмы Вялікай Айчыннай вайны. У аўтабіяграфічнай працы «Апалчэнне» (1959) майстар імкнуўся напісаць псіхалагічную карціну, у якой можна было паглыбіцца ў характары звычайных людзей, што пайшлі на фронт добраахвотнікамі. Правобразамі твора сталі добра знаёмыя мастаку асобы. Гэтая карціна з’явілася этапам у фармаванні жывапіснай манеры: прыйшлі нешматслоўнасць выяўленчых сродкаў, цэласнасць і індывідуальнасць стылю. Праз два гады з’явілася серыя з 9 карцін «Гэтага забыць нельга» (1962), прысвечаных трагічнаму лёсу вязняў фашысцкага лагера смерці. Сведка і відавочца, мастак толькі праз 17 гадоў рашыўся ўскалыхнуць успаміны і паказаць страшныя факты злачынстваў фашызму. Мастак прымяніў прынцып сімволікі, якая дапамагае дамагчыся шырокага гістарычнага абагульнення ў нямым строі зняволеных у карціне «Праверка», ва ўнутраным супраціўленні вязняў у карцінах «Барак», «Песня», «Ён перамог», «Свабода». Майсеенка сцвярджае, што людзі нават у гэтых нечалавечых умовах не страцілі духоўнай прыгажосці і пачуцця чалавечай годнасці. Гэтую тэму ўжо ў 1970-х падхопіць другі выдатны беларускі мастак Міхаіл Савіцкі, які зробіць цыкл «Лічбы на сэрцы».
Як баталіст Майсеенка пачаў з рамантычных традыцый савецкага батальнага жывапісу студыі Мітрафана Грэкава. У 1961 годзе ён стварыў карціну «Чырвоныя прыйшлі», дзе ўражанні пяцігадовага хлапчука аб праходзе праз вёску кавалерыйскага палка зліліся з дзіцячымі мроямі аб героях вайны. Галоўная тэма работы — няспынны рух чырвоных коннікаў — перададзены дынамікай і экспрэсіяй жорсткага жывапісу. Тут у поўнай меры абазначылася вядомая, як яе называе сам майстар, «колеравая задума»: фрэскавы стыль Майсеенкі — напружаная гама, эмацыйнае гучанне чырвонага колеру, імпэтныя мазкі, успышкі цёмнага і светлага, россып паўтонаў, фрагмент незапісанага палатна. Грамадзянская вайна ў адрозненне ад Айчыннай успрымаецца ім праз рамантычную паэзію. Нават назвы для сваіх карцін мастак бярэ з паэтычных радкоў, напрыклад «Нас вадзіла маладосць». Песенны пачатак стаў знакам карцін Майсеенкі той эпохі. У 1966 годзе за працу «Чырвоныя прыйшлі» ён быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй РСФСР імя Іллі Рэпіна.
Мексіканскі манументаліст Рэната Гутуза наведаў майстэрню Майсеенкі ў Ленінградзе і адзначыў ягоную ўпэўненасць у сваіх сілах: «Гэта майстар, які заўсёды ведае, як зрабіць тое, чаго ён хоча». «Не араць па ўжо зааратаму» — вось дэвіз Майсеенкі з 1960-х. Майстар шмат разважае пра сутнасць жывапіснае работы. «Карціна — гэта не адлюстраванне жыцця як у люстэрку... Карціна — гэта пазіцыя мастака, сцверджанне ягонага разумення жыцця. Гэта пасведчанне ягоных перакананняў, узроўню разумення свету, нарэшце, узроўню разумення мастацтва... Сапраўдны твор мастацтва мае сваю выяўленчую канцэпцыю, свой уласны ўнутраны строй», — пісаў ён у часопісе «Искусство» ў 1978 годзе.
Невядома, ці бачыў Майсеенка карціну Фердынанда Рушчыца «Зямля» (1898), але ягоная аднайменная праца генетычна працягвае тую ж вечную, амаль біблейскую тэму: чалавек — араты сваёй зямлі, вечны працаўнік, які потам і цяжкай працай здабывае хлеб. У «Зямлі» Майсеенкі праўдзівы аповед пра будзённую працу трактарыстаў — сучасных аратых — перарастае ў рамантычны эпас, пераклікаецца з прозай «пісьменнікаў вёскі», што расквітнела ў 1960-я.
Карціны на тэму грамадзянскай вайны прынеслі Майсеенку званне народнага мастака СССР (1970), акадэміка Акадэміі мастацтваў СССР (1973), а у 1974 годзе за цыкл «Гады баявыя» найвышэйшую ўзнагароду — Ленінскую прэмію.
У другой палове 1960—1970-х з’яўляюцца некалькі шэдэўраў Майсеенкі на тэму вайны — «Перамога», «Маці, сёстры», «Ветэраны».
Для напісання работы «Маці, сёстры» (1967) мастак зноў вярнуўся на радзіму, ва Уваравічы. Правобразамі і мадэлямі сталі звычайныя вясковыя жанчыны. «Я памятаю, і як мяне маці правяла на вайну, і як, у якасці салдата, праходзіў вёскі і сыходзіў з іх. Мне не забудуцца вочы жанчын... Планамі, спачатку буйна, потым усё менш — і зусім жанчыны знікаюць за гарызонтам. Як памяць пра іх, застаюцца ў душы салдата і гора, і смутак, і надзея», — успамінаў пазней мастак.
«Аўтар валодае выключным дарам і “закрычаць шэптам”, і ў ціхія, звычайныя словы ўкласці велізарны зарад энергіі, драматызму, агучыць цішыню, напоўніць яе памяццю пра мінулае і ні разу не сфальшывіць», — пісаў аб другой яго працы «Ветэраны» (1978) мастацтвазнаўца Уладзімір Ляняшын.
«Крутога замесу чалавек, — сказаў пра Майсеенку і ягоныя карціны пісьменнік Фёдар Абрамаў, — вывараны ў самых крутых кіслотах эпохі».
Для майстра вельмі важная інтанацыя карціны. Інтанацыю Майсеенкі адчувалі адразу: яна вылучалася і ў вясковых пейзажах (горад, нават цудоўны Ленінград, мастак пісаў толькі з вакон сваёй майстэрні, з вышыні шматпавярховага дому), і ў вытанчаных рафінаваных нацюрмортах з кветкамі і кнігамі, і ў малюнках алоўкам, кожны з якіх быў маленькім шэдэўрам графікі. У 1974 годзе творца ўпершыню наведаў Парыж і прысвяціў яму шэраг лірычных жывапісных эцюдаў. Знаёмства з музеямі Парыжа ўнесла ў ягоны наробак іншыя матывы. Рамантычныя 1960-я з героікай грамадзянскай вайны паступова змяняюцца больш камернымі тэмамі, на першы план выходзяць партрэты і нацюрморты.
Майсеенка заўсёды шукаў нешта новае: вывучаў творчасць і фармальныя прыёмы свайго сучасніка Пабла Пікаса — і разумеў яго так, як мала хто ў тыя часы. Ён быў адным з нямногіх «выязных» савецкіх мастакоў, шмат бываў з дэлегацыямі ў краінах Еўропы. Пасля гэтых паездак засталіся цудоўныя пейзажы Іспаніі, якую мастак асабліва палюбіў. Ён даследаваў жывапіс Веласкеса і Эль Грэка і шкадаваў, што сустрэча з мастацкімі шэдэўрамі адбылася так позна...
Адзіным багаццем ягонае кватэры на Сувораўскім праспекце былі кнігі — манаграфіі і альбомы заходнееўрапейскага жывапісу, прывезеныя з-за мяжы. Вядома, такія веды, недаступныя большасці, уплывалі на многія матывы карцін і нацюрмортаў. Так у 1973 годзе Майсеенка набыў тры музычныя інструменты: скрыпку, гітару і мандаліну, якія бачыў у нацюрмортах французскіх і італьянскіх мастакоў. З тых часоў яны сталі ягонай улюбёнай натурай, зачаравалі сваімі вытанчанымі формамі і незвычайнымі магчымасцямі для жывапісу. У партрэтах пэндзля Майсеенкі ўвага сканцэнтравана на перадачы ўнутранага свету мадэлі, але пры гэтым мастак вельмі тонка выкарыстоўвае жывапіснае асяроддзе, дэкаратыўныя дэталі. Творы 1970-х носяць больш камерны, лірычны характар: мноства пейзажаў, партрэтаў і нацюрмортаў паказвае, што для Майсеенкі характэрная вострая графічнасць, якая даходзіць часам да экспрэсіі ў спалучэнні са свабоднай працай пэндзлем, што дае яркія, чыстыя колеры.
Большасць партрэтаў Майсеенка часцей за ўсё прысвячаў сваёй каханай жонцы, якой ён не стамляўся любавацца ў розных абліччах — то іспанкі ў яркай шалі, то рускай бабы ў валёнках, то маладой жанчыны на садовай лаўцы, то творцы з цыгарэтай ці кветкамі, то аголенай мадэлі з нацюрмортам. Нешматлікія аўтапартрэты выкананы бескампрамісна-іранічна. Майсеенка быў апантаны мастацтвам, ён працаваў кожны дзень, і працэс пошуку сэнсу карціны быў для яго важнейшым, чым вынік. Мастацтва прыносіла яму шчасце творчасці. Ён мала каго дапускаў у сваю майстэрню — прасторнае, залітае святлом памяшканне, у якім усе палотны былі павернуты да сцен для большай канцэнтрацыі увагі. Пра ягоныя мастацкія схільнасці і сімпатыі красамоўна гаварылі шматлікія рэпрадукцыі, змешчаныя над працоўным сталом, — Урубеля, Сярова, Пятрова-Водкіна, Джота, Эль Грэка, Мадзільяні.
У 1982 годзе прайшла вялікая персанальная выстаўка ў Дзяржаўным Рускім музеі ў Ленінградзе, якая паказала маштаб ягонага таленту і неверагодную працаздольнасць. У 19 залах корпуса Бенуа размясцілася больш за 700 карцін і малюнкаў. Гэта была справаздача 65-гадовага майстра за ўсё творчае жыццё.
Пасля яе Майсеенка пражыў яшчэ 6 гадоў і не страціў творчай энергіі да апошніх дзён. Чалавек шчыры, рашучы, сабраны, цікавы апавядальнік, глыбокі знаўца мастацтва, у вольны ад выкладчыцкай і грамадскай дзейнасці час майстар з захапленнем пісаў нарысы, нататкі па розных пытаннях мастацтва. Ён не мог прыняць «перабудовачную» камерцыялізацыю мастацтва, і хоць быў беспартыйным, хваравіта адносіўся да інфляцыі савецкіх каштоўнасцяў.
У апошнія гады жыцця 70-гадовы творца працаваў цяжка, пакутліва, шукаў новых тэм у творах рускай класікі — Пушкіна і Булгакава, раман якога «Майстар і Маргарыта» быў «адкрыты» ў канцы 1970-х. Пушкінская тэма — асаблівая старонка ягонага позняга наробку. Мастак сябраваў са скульптарам Міхаілам Анікушыным, які працаваў над помнікам Пушкіну на Чорнай рэчцы ў Ленінградзе. Творцы праводзілі шмат часу ў абмеркаваннях вобраза паэта. І ў гэтай тэме Майсеенка сказаў сваё слова: Пушкін у яго жывы, блізкі яму па духу чалавек, рамантычны герой свайго часу («Пушкін у Болдзіне», 1974; «Пушкін», «Нацюрморт з малюнкам
А.С. Пушкіна», абедзве — 1976; «Вечар. Пушкін», 1978). Адной з апошніх стала невялікая карціна, прысвечаная паміраючаму Пушкіну, як прадчуванне завяршэння свайго ўласнага лёсу.
У апошні год жыцця Майсеенка нечакана для многіх звяртаецца да евангельскай тэмы. Традыцыйная класічная кампазіцыя ягонага «Распяцця» вырашана з бездакорнасцю вопытнага майстра.
Майсеенка — чалавек савецкай эпохі, і памёр амаль разам з ёй — 29 лістапада 1988 года. Ён умеў сумнявацца і быў шчырым у жывапісе ў рамках свайго разумення гісторыі. Майстра атрымаў усе важныя ўзнагароды савецкай эпохі — Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967), Ленінскую прэмію СССР (1974), Ордэн Дружбы народаў (1976), званне Героя Сацыялістычнай працы (1986). Пахаваны ў Ленінградзе на Літаратарскіх мастках, на Волкаўскіх могілках, побач з іншымі дзеячамі савецкай культуры. На простым абеліску з крыжам, увенчаным скульптурай смуткуючай жанчыны аўтарства Валянціны Рыбалкі, напісана проста — «Живописец Евсей Евсеевич Моисеенко», без шматлікіх тытулаў і званняў. Ён і сапраўды быў Жывапісец.
Савецкі жывапіс другой паловы ХХ стагоддзя, які стаў ужо гістарычным феноменам, улучыў у сябе рамантыку і трагедыі свайго часу, ягоныя сэнсы і каштоўнасці, героіку і пафас дзякуючы ў тым ліку таленту і шчырасці карцін нашага земляка Яўсея Майсеенкі.
Надзея УСАВА