Праграмны тэкст Яна Булгака, класіка беларускай, польскай і літоўскай фатаграфіі, быў выдадзены ў 1936 годзе ў Вільні, тады горад уваходзіў у склад Польшчы. Аўтар выставы «Паклон Гаўдзі» Валерый Вядрэнка з уласнай ініцыятывы пераклаў кнігу на рускую мову. Цяпер рыхтуецца пераклад на беларускую. Чаму сёлета, калі гэтаму знакаваму выданню спаўняецца 80 гадоў, у Беларусі, небагатай на ўласныя, арыгінальныя, аўтэнтычныя крыніцы па агульнай эстэтыцы і асабліва па эстэтыцы візуальнасці, не чуваць пра гэта ні слова, ні гуку? Пытанне рытарычнае, і тут цалкам дарэчны просты жыццёвы адказ «Каму трэба, той хай і робіць». Прыемна бачыць, што той, «каму трэба», усё ж знайшоўся. У разважаннях і тэарэтычных пасылах вялікага майстра мастацтва святлапісу Валерый Вядрэнка знайшоў адказы на вострыя, дыскусійныя, актуальныя пытанні. Карыстаючыся добрай нагодай — выставай па выніках пяцігадовай працы са спадчынай Гаўдзі, мы размаўляем з яе аўтарам пра пытанні, што датычаць не толькі яго асабіста, але і сферы фатаграфіі ў Беларусі.
Чаму ты стаў перакладаць Яна Булгака?
— У тых крыніцах, што тычацца гісторыі фатаграфіі Беларусі, імя Яна Булгака згадваецца пастаянна. Ён нарадзіўся пад Навагрудкам, жыў пад Мінскам, як фатограф адбыўся ў Вільні і стварыў першы Саюз польскіх фатографаў у Варшаве. Асоба ўнікальная і рознабакова адораная. Практык і тэарэтык. 12 персанальных выданняў, шмат артыкулаў. А што мы Яна Булгака ўвогуле чыталі? Ёсць некалькі добрых перакладаў нататак пра Нарачанскі край, ёсць сямейная хроніка «Край дзіцячых гадоў», мой пераклад эсэ «Замак у Міры», апублікаваны ў «Мастацтве», — і ўсё. Можа, мне нешта не вядома. Аднак ніводнай яго кнігі па фатаграфіі няма па-беларуску. Але ж «Эстэтыка святла» — рэч праграмная, вынік жыцця. Там і практыка, і тэорыя, і гісторыя, і публіцыстыка... У гэтым тэксце Булгак раскрываецца як асоба: погляды, адмаўленні, сцвярджэнні...
Што актуальна сёння ў тэкстах Яна Булгака?
— Усё. У «тэхнічнай» частцы кнігі — інфармацыя пра фотатэхніку і матэрыялы 1920—30-х. Інфармацыя, вядома, састарэлая для большасці сучасных фатографаў, якія працуюць з лічбавымі камерамі. Але не для ўсіх, улічваючы моду на вінтаж. Для гісторыкаў фатаграфіі кніга будзе карысная сведчаннем відавочцы і актыўнага ўдзельніка фатаграфічнага руху тых гадоў. Цікава, як ён старанна праводзіць грань паміж рамеснай і мастацкай фатаграфіяй! Увесь яго педагагічны і грамадскі пафас накіраваны на наданне фатаграфіі афіцыйнага статусу новага віду мастацтва — нароўні з графікай і жывапісам. І ў Польшчы ён гэтага дамогся! Там тэма была актуальнай у 1920—30-х, а для Беларусі, на жаль, засталася такой і ў пачатку ХХI стагоддзя. Але галоўная каштоўнасць «Эстэтыкі святла» — у этычным пасыле. Ян Булгак змяняе стаўленне да фатаграфіі і сваім жыццём, і сваёй творчасцю. Па складзе асобы я вызначаю яго як кансерватыўнага рамантыка. Так, сёння некаторыя яго сцверджанні могуць здацца наіўнымі... Вось толькі, аказваецца, такія «наіўныя» і пакідаюць след у культуры, яе і фармуюць. Асабліва — у нашых шыротах.
Якія адказы і на якія пытанні даў Булгак асабіста табе?
— Для мяне надзвычай важна, як Ян Булгак разважаў і як практычна развіваў пэўны сектар фатаграфіі — фотаграфіку. Менавіта ён увёў гэты тэрмін у міжнародную практыку. Фотаграфіка — гэта фатаграфія, змененая паводле задумы аўтара. Вось што піша Булгак: «Раней негатыў безапеляцыйна дыктаваў змест фатаграфічнай карцінкі. А змест быў яго механічным адваротным адлюстраваннем (паўторам). Сёння негатыў вярнуўся да сваёй першапачатковай ролі, больш сціплай і правільнай. Негатыў стаў матэрыялам, зыходным пунктам для далейшай аўтарскай інтэрпрэтацыі вобраза. Месца аўтаматызму заняла свядомая і асабістая праца чалавека, якая прыўносіць парасткі творчасці, што і складае сутнасць мастацтва, дазваляе судзіць аб яго якасці». Зразумела, Булгак і ўявіць не мог тыя магчымасці, якія прапануе лічбавая фатаграфія. Але тут важны прынцып: ён сцвярджае права мастака на працу з выявай, на яе змяненне і ўмяшальніцтва ў матэрыял. Я знайшоў у Булгаку аднадумца. Фотапластыка — гэта шматслойны лічбавы мантаж фатаграфічных малюнкаў. Гэта сучасная галіна фотаграфікі.
Зразумела, для цябе гэта важна, таму што ты вельмі моцна змяняеш першапачатковыя здымкі. Але я хачу зразумець: чаму твой герой — архітэктар Гаўдзі?
— Ну, я фатограф... А фатограф сілкуецца рэчаіснасцю. І чым мацней уражанне ад свету, падзеі, прадмета, чалавека, тым цікавей і выразней будзе праца. А творчасць Антоніа Гаўдзі, мабыць, самае моцнае ўражанне ўсяго майго жыцця... Яго архітэктура была мне знаёмая па альбомах, але тое, што я ўбачыў у Барселоне, усё перакрэсліла. І пра ягонае мастацтва можна пераканаўча гаварыць, толькі адчуўшы рэальнае ўздзеянне, напрыклад, храма Саграда Фамілія.
Кажаш пра Гаўдзі як пра хімічнае рэчыва. У чым уплыў?
— Я бачыў шмат добрай еўрапейскай архітэктуры, якая захапляе, але зразумелая. А тое, што рабіў і робіць Гаўдзі, за межамі разумення. Ты стаіш перад яго працамі і кажаш сабе: гэтага не можа быць. Дзівіць усё — і сама архітэктура, і інтэр’еры, і мазаіка, і роспіс, і мэбля, і коўка, і светлавыя эфекты... Але поўны ступар надыходзіць, калі спрабуеш усвядоміць: усё гэта прыдумаў і рэалізаваў адзін чалавек. І разумееш, што слова «геній», якое сёння стала ходкім, патрабуе новай формы, патрабуе прыметніка. Гаўдзі — абсалютны геній. Таму што ягонае мастацтва выклікае неверагодны духоўны ўздым, нейкае містычнае захапленне, дае магутную энергію.
На якой дарожцы ты сутыкнуўся з Антоніа Гаўдзі?
— Да маёй афіцыйнай вышэйшай адукацыі (архітэктар і рэжысёр) варта дадаць «Начную школу Віталя Чарнабрысава». Гэты мастак у значнай меры сфармаваў мае эстэтычныя прыхільнасці, наша сяброўства доўжыцца амаль 45 гадоў. У яго бібліятэцы была ўся сусветная культура — ад палеаліту да мадэрнізму з акцэнтамі на народным мастацтве свету і Старажытным Усходзе. У яго я ўпершыню ўбачыў Гаўдзі ў часопісе «Знание — сила» з матэрыялам пра біяархітэктуру. Зразумела, што ўражанне было без асаблівых эмоцый: ні тэкст, ні карцінкі не маглі перадаць уздзеянне яго архітэктуры. Але яна ўсё ж запомнілася сваёй арыгінальнасцю і нейкай няўлоўнай сувяззю са старажытнымі Егіптам і Індыяй.
Працуючы на стыку розных відаў мастацтва, з кім знаходзіш больш паразумення?
— Калі дзесяць гадоў таму я ўпершыню паказаў свае кампазіцыі на фотапартале «ZНЯТА», то атрымаў рэзка негатыўную ацэнку, агульны сэнс якой быў: «Лічба — забойца фатаграфіі!» А сёння многія абаронцы «чысціні» фатаграфіі самі выкарыстоўваюць лічбавую тэхніку. Кажучы пра разуменне, я не змагу вылучыць нейкую прафесійную групу. Хутчэй, можна казаць пра нейкі тып чалавека, катораму спачатку важныя сэнсы, а таксама эстэтычны і этычны пасылы працы, а ўжо потым — як, чым, з чаго...
Глыбіню гэтай праблемы не кожны цяміць. Затое практычна кожны хоча зразумець і спытаць: чаму скрозь камяні Гаўдзі на тваіх фотапластычных кампазіцыях праступаюць жаночыя целы?
— Гаўдзі — апостал прыроды. Ніводны мастак не надаў столькі ўвагі ўсім формам прыроды. Ён па духу быў пантэістам, які прыняў хрысціянства. Але ягоная цікавасць да прыроды не абмежавана любаваннем квітнеючых галінак. Гаўдзі — даследчык. У ракавінах, у сцяблінах, у плыні вады, у анатоміі жывёл і людзей мастак шукаў прынцыпы існавання матэрыі, канструкцыю быцця. Але калі б я стаў пералічваць у сваіх кампазіцыях усе крыніцы натхнення Гаўдзі, тое было б правільна і паныла. Гаўдзі — містык. І ў Парку Гуэль гэта адчувальна ў поўнай меры. Першабытныя пячоры, якія нагадваюць шкілеты дыназаўраў, нейкім неспасціжным чынам трансфармуюцца ў скляпенні і калоны будучых храмаў. Старажытныя рытуалы, што маюць у сваёй аснове культ урадлівасці, прарастаюць таямнічымі тунэлямі — нібы вандруеш па чэраве волаткі. Гэта адчувальна фізічна. Духам жаночага пачатку прасякнута ўся творчасць Гаўдзі, у тым ліку і яго Саграда Фаміліа. На адным каталонскім саборы высечаныя словы AVE EVA.
І было б дзіўна, калі б я не развіў свае адчуванні ў гэты бок, тым больш недаступная розуму пластыка жаночага цела — упадабаны матыў стылю мадэрн. Але ў мяне вобраз цела нясе не столькі эстэтычную нагрузку, колькі сэнсавую. Цела прадстаўлена як пераходная, часовая форма творчай энергіі. Яно існуе толькі для таго, каб выканаць нейкую неабходную для Быцця функцыю. У пэўнай ступені можна сказаць, што жанчына ў маёй серыі — гэта сам Гаўдзі. Цялесны фантом існуе, пакуль дзейсны. І яшчэ хацелася падкрэсліць ідэю мізэрнасці цела ў параўнанні з той энергіяй, якую прынята называць Духам.
Для цябе мае значэнне, што Гаўдзі — каталік?
— Гаўдзі не рэлігійны строга канфесійна, ён рэлігійны абсалютна. Ён выяўляе нябачную крыніцу веры ў жывой прыродзе, якая матэрыялізуецца ў вобразе Хрыста. Раннія выявы распяцця Ісуса паказваюць, што ён быў укрыжаваны не на крыжы, а на сусветным дрэве жыцця. Гэтую алегорыю Гаўдзі мог і не бачыць, але адчуваў. І мне здаецца, Гаўдзі разумеў, што цытрына або кветка — таксама іконы.
Паколькі твае кампазіцыі створаны ў лічбавых тэхналогіях, то яны могуць быць прайграныя ў розных памерах, на розных паверхнях. Дзе можа «жыць» такая фатаграфія?
— Я магу казаць толькі пра пажаданае. Музейныя працы. Любая выстава — гэта паказ, знаёмства. Далей яна альбо набываецца і застаецца ў фондах умоўнага музея, альбо адпраўляецца на «гастролі» ад таго ж музея.
Самому займацца прасоўваннем такога праекта няма ні сродкаў, ні магчымасцей. І ёсць самы эфектыўны і натуральны «дом» — альбом. Добрае выданне. Але і тут патрэбна зацікаўленая падтрымка.
Дзесьці ў свеце ведаеш месца — канкрэтны музей, галерэя, фестываль, біенале, дзе такога роду працы маглі б быць зразуметыя, ацэненыя, правільна праэкспанаваныя?
— Пакуль не ведаю. Гэта павінна быць нешта спецыфічнае ... Вядомыя мне галерэі і фестывалі цікавіць іншая фатаграфія. Якая не цікавіць мяне.
Прадукт, калі ён новы і не ўкладваецца ў рамкі, патрабуе цяпер і адпаведнага метаду падачы? Ці гатовы ты да гэтага?
— Я гатовы да ўсяго. Але мы зноў упіраемся ў праблему менеджменту. У Беларусі няма арт-рынку. Арт ёсць. А рынку — няма. Ёсць адзін плюс новага часу — пэўная свабода мастака: рабі што хочаш і выстаўляй дзе зможаш. А што далей? Грузі карцінкі дадому або, калі ёсць сувязі, спрабуй сам кудысьці прасоўвацца. Калі ўмееш сябе прасоўваць. А калі не ўмееш? Прасоўванне — гэта і адукацыя адпаведная, і проста — праца. Хто ў нас тым займаецца? Каму ў Мінску цікавыя мае работы ў новым фармаце? Каму ў Мінску цікавы Гаўдзі? Хто можа сам нешта прапанаваць мастаку, які сваю працу ўжо зрабіў?
Падорыш нешта музею з выстаўленых работ?
— У мяне неяк спыталі: «Якая работа самая любімая?» Я не змог адказаць. Яны ўсе звязаны паміж сабой, і адна-дзве карцінкі асобна будуць проста незразумелыя. Так што пакідаць трэба альбо ўсю серыю, альбо нічога.
Чым напрыканцы падбадзёрыш тых, якія сталі на шлях лічбавага мастацтва?
— Адкажу голасам любімага і паважанага Яна Булгака з той жа кнігі 1936 года.
«Звычайная сітуацыя. Пажылыя любяць чытаць маралі і бурчэць, а маладыя не любяць іх слухаць, упэўненыя, што свет пачынаецца з іх. Не засмучуся, калі сярод маладых праслыву занудай і буркуном. Але калі гэтая кніга схіліць хаця б некалькі чалавек да пошукаў і знаходак новых якасцяў фотаграфікі, заснаваных на вечных канонах прыгажосці, то мэта гэтай кнігі будзе дасягнута, а мая праца — дастаткова ўзнагароджана».
Вяртаючыся да выставы «Паклон Гаўдзі». Буду рады, калі людзі паглядзяць, запомняць яе і нешта адгукнецца ў іх душы.
Таццяна БЕМБЕЛЬ